Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Гэта адно дурні лічыць, быццам там лепей, дзе іх няма. А мы не дурні і добра ведаем, што нічога лепшага за нашае балота ніхто яшчэ не прыдумаў. І калі гнявім Бога, дык адно за тое, што Ён неба зрабіў лішне вялікім. Каб яно паменела, дык буслам не ставала б дзе крыламі махаць. От жа шкоднае стварэнне!

Кожную вясну мы спадзяемся, што можа ўжо на гэты раз буслы з выраю не вернуцца. Толькі яны ўсё вяртаюцца!

Хіба папрасіць Бога, каб неба трохі абскуб? Усё роўна яно пустое…

Прыблуда

Гэта

было даўно, яшчэ за каралём. На выгане за нашай вёскай вячыўся дуб і ў ягоным дупле жыў зусім голы і невядома адкуль прыблуда.

Каралі, як вядома, любяць паляванне, а ў нас ад выгана адразу пачыналася пушча. Ну дык вось…

Едзе неяк кароль на паляванне і ля дуба бачыць прыблуду.

– - Як табе не сорамна,-- абураецца кароль.

– - А табе?—пытаецца прыблуда.

– - Чаго мне саромецца?—дзівіцца кароль.—На мне і нагавіцы, і ўсё астатняе, што чалавеку мець належыць.

– - Я -- голы, а ў цябе і нагавіцы, і ўсё астатняе.

Узважыў кароль словы прыблуды і павінаваціўся:

– - Сорамна,-- кажа.

Паскідаў з сябе ўсё ад капелюша да ботаў (адно стрэльбу пакінуў) і паехаў далей голым.

– - Як гэтак можна?!-- накінуліся мы на прыблуду.

А ён не адказвае. Хапае каралеўскія строі і подбегам у карчму да Шмуля.

– - Толькі той выставіў напоі, мы:

– - Дзень добры ў хату.

І прычапіліся зноў:

– - Хіба табе не сорамна?

– - Сорамна,-- кажа прыблуда,-- аднаму піць.

Падселі мы да яго і маракуем: напэўна, гэты кароль апошні, бо не шануюць цяпер каралі свайго гонару. Які ж з яго кароль, калі ён голы?

Гэтак тры дні маракавалі, а на чацвёрты Шмуль кажа:

– - Кароль, ён і голы – кароль.

Разумны чалавек Шмуль. Дай Бог яму здароўя. І мы выпілі за Шмуля.

Бадай, і дарэмна… Бо Шмуль абярнуўся сюды-туды і пытаецца:

– - Ці не сорамна вам, хлопцы? Жонкі каторы дзень плачуць, дзеці ад рук паадбіваліся, жыта на зямлю палегла…

Узважлі мы словы Шмуля і не адразу, але пагадзіліся:

– - Сорамна,-- кажам.

Выпілі яшчэ па кроплі і пайшлі брацца за справу. А прыблуда павалокся ў сваё дупло. Зноў голы…

* * *

Дарэчы, кароль без апранахі на тым паляванні застудзіўся і неўзабаве памёр. Мы моцна плакалі, бо ў караля не было дзяцей. А ў Шмуля дзяцей было як гароху і ён таксама моцна плакаў, калі карчма згарэла…

Шмуль добра зарабіў на каралеўскіх строях і прывёз з горада адразу тры бочкі: дзьве былі дубовымі, а трэцяя жалезная. У дубовых плюхалі гарэлка і селядцы, а ў жалезнай -- керасін. Вядома, калі керасін выбухне, то ратаваць ужо няма чаго.

– - Бог не цяля, бачыць круцеля, -- сказаў на папялішчы прыблуда.

А што добрага ён мог сказаць, калі сам голы.

Гаротны лёс

Усяму свету вядома, што лепей за нас ніхто не ўмее наракаць ды скардзіцца. Мы і грамаце навучыліся раней за іншых, каб скаргі начальству пісаць.

Пакуль быў Бог, мы болей яму жаліліся і тады неяк без начальнікаў абыходзіліся. А як Бога адмянілі, дык іх адразу спатрэбілася

процьма, бо нехта ж павінен быў чытаць нашыя крэмзы.

Але гаворка тут не пра скаргі, а пра нашае ўмельства перамагаць бяду скаргамі. Іншыя, як загарыцца хата, бягуць па ваду, а мы збярэмся ля вагню і наракаем на лёс. Не паспеюць галавешкі астыць, як у нас ужо і слёзы павысыхалі.

Нашае майстэрства трываць ды жаліцца здавён цікавіла вучоных. Дзе мяжа і ці ёсць мяжа іхняй трывушчы?—нарэшце паставілі яны пытанне рубам. І падпалілі ўсе нашыя хаты

– - Тут ужо напэўна яны кінуцца тушыць,-- было іх меркаванне.

Дудкі! Дачакаліся мы галавешак і пабеглі ў лес абдзіраць бярозы. А як абадралі, дык такую скаргу на берасце напісалі, што і сёння без слёз чытаць немагчыма.

Моцна зажурыліся вучоныя, бо далей не ведаюць, што яшчэ можна з намі зрабіць?

Але потым адзін акадэмік згадаў:

– - За мяжой людзі разумнейшыя, -- кажа.

Тады вучоныя паклікалі адмыслоўцу з далёкай стараны і той не адразу, але прыдумаў. Трэба, тлумачыць, каб уся зямля ў іх пад нагамі спачатку гарэла, а потым чарнобылем зарастала.

Гэта вам не жартачкі падпаліць столькі зямлі. Каб такую справу аблічыць і ўсё як мае быць падрыхтаваць, не адзін дзень змарнуеш.

Пакуль вучоныя лічылі-пералічвалі, мы і хаты адбудавалі і скаргаў можа на сто вёрст напісалі.

Раптам – гарыць. І там, і тут – усюды гарыць. Няма куды бегчы.

Паўскідалі мы начальнікаў на плечы і таўчэмся з нагі на нагу. А як абедзьве добра апячэ, дык падскокваем.

Вучоныя ў роспачы, замежны адмыслоўца плача, як бабёр, а мы нічога сабе. Скачам патрошкі і на свой гаротны лёс наракаем…

Апошнім часам пайшлі сярод нас чуткі, быццам неўзабаве нам зноў Бога вернуць. Сёй-той захваляваўся, што тады з начальнікамі будзе?

І ўсё да мяне ходзяць пытацца.

А скуль я ведаю?

– -Адчапіцеся,-- кажу.
– - Так ці гэтак, але ж неяк будзе.

– - І то праўда,-- пагаджаюцца.-- Бо ніколі яшчэ не было, каб неяк не было.

Эпітафія

Калі вецер забаранілі, а сонца ашалела -- процьма кусачых аваднёў абсела яго з усіх бакоў. Урэшце ён не вытрываў здзеку і скамянеў.

Авадні зноў ускінулі свае джалы – толькі цяпер абламаліся іх джалы…

Магутны, ён ляжаў абок раллі, як прыступка ў нябёсы. І не варушыўся нават тады, калі яго апякалі маланкі.

Вялікімі святамі мы ішлі да каменя і маліліся там, а ў нядобрыя дні спяшылі да яго вастрыць косы і сякеры. Мы не ведалі, што ён думаў пра нас, але побач з ягонай трывушчай і нам было лягчэй адольваць жыццё.

Потым мы вярталіся да хаты, а ён заставаўся. І тады да яго туліліся буры ды завеі. А ціхімі зорнымі начамі побач збіраліся вякі і стагоддзі. Яны прыходзілі сюды з усімі зданямі і прывідамі былога. Тады ля каменя было не пратаўчыся…

Аднойчы падвячоркам тут запыніўся чалавек з далёкай стараны і пасля ўжо не схацеў вяртацца дадому. Ён збудаваў кузню ускрай вёскі і з тае пары мы мелі цвярдзейшыя за крэмень сярпы ды падковы.

Поделиться с друзьями: