Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Вайскоўца падтрымала колькі ветэранаў.

– - Як трэба сябе не паважаць, -- казалі яны,--каб хоць на хвіліну паверыць, быццам ёсць нехта вышэйшы за Маскву. Таму мы прапануем на месцы адно складваць спісы і адпаведныя рэкамендацыі, а пасля Масква хай сама вырашае: каго куды.

Нарэшце! Я ўжо цыгарэты ў кішэні намацаў, а той дзядок у кажуху нават паспеў за дзверы выскачыць, але тут…

Ёсць у нас тут адзін такі, надта разумны.

– - Вы што,-- кажа,-- зусім з глузду з’ехалі. Масква нас усіх у апраметную сплануе, а на тыя утульныя месцы, што нам у спадчыну належаць, сваіх

пасадзіць.

Аклізаў… Зноў улегліся ў спрэчку, аднак нічога лепшага не змаглі прыдумаць, як звярнуцца да ўсго паспалітства за парадай. І добра зрабілі. Бо недзе праз тыдзень прыйшоў да нас чалавек аж з-пад Мазыра і кажа:

– - Парады ў мяне няма, але я пігулкі прыдумаў. Танна каштуюць.

– - Навошта нам твае пігулкі,-- адказваем.

– - У мяне не ад жывата пігулкі,-- тлумачыць.—Хто маю пігулку глыне, той паміраць не будзе…

Нарэшце! Схапілі мы гэтага адмыслоўца з-пад Мазыра і давай на руках падкідваць. Кідалі--кідалі, а потым пачалі думаць, што будзе, як мы адно нараджацца будзем. Калісьці нам сваёй зямлі не хопіць і апалоняць беларусы ўсю зямную кулю.

– - І тады ўсюды па-нашаму размаўляць будуць!-- усцешыўся я.

– - І ў Маскве па-нашаму?—здзівіўся нехта.

Мы азірнуліся па баках і пачалі адзін аднаго пераконваць, што гэткае нашэсце беларусаў на сусвет да дабра не давядзе. Рана ці позна пагоняць нас усіх назад у балоты, дзе мы і патопчам адзін аднаго.

Тады падкінулі мы таго чалавека з-пад Мазыра апошні раз, а лавіць ужо не сталі…

Між тым з розных месцаў пачалі чуткі даходзіць, што нябожчыкаў цяпер нават не хаваюць, бо як ты ні пільнуй, а нейкая сіла ўсё роўна труну на грудок выпіхвае і крыжы на трэскі ламае.

Натуральна, у народзе разгубленасць. Па ўсіх прыкметах набліжаўся канец свету, прынамсі, гэтага, а што ў такім выпадку рабіць – ніхто не ведаў, бо раней канца свету яшчэ не здаралася. Таму нам нічога не засталося, як на ўсялякі выпадак вымыць сподняе і чакаць.

Невядома, колькі трэба было б нудзіцца ў чаканні, але раптам усхапіўся той, надта разумны:

– - Загіне свет ад нашай нерашучасці і што потым пра беларусаў скажуць?

– - Сораму ад людзей не абярэшся,-- дадаў нехта з боку.

І, напэўна ад сораму, мы неяк у адзін момант вырашылі: калі няма ў нас згоды каго куды выпраўляць, то пойдзем без перабору ўсе разам у апраметную, абы толькі белы свет цалкам не ляснуў.

Праўда, вайсковец з ветэранамі нас не падтрымалі.

– - Вы нам не закон,-- кажуць.-- Як Масква палічыць патрэбным, гэтак і станецца.

Але іх ужо ніхто не слухаў, бо тут зноўку вылузнулі з нябёсаў тыя самыя анёлкі. Яны памарудзілі хвілінку, а затым паведамілі, што за нашу ласку да ўсяго белага свету мы ў пекле будзем мець выгоду. На святы нас будуць у раі прывячаць.

– - І вайскоўца з ветэранамі?-- пацікавіўся я.

Ды запозна. Бо яны адразу як вераб’і пырхнулі. Толькі мы тых анёлкаў і бачылі.

Споведзь апошняга інквізітара

Бог даў чалавеку ўсё, што яму трэба. Звера ў лесе, рыбу ў вадзе, зерне ў полі, агонь, жонку і дзіця ў хаце. І калі б Бог лічыў, што чалавеку патрэбныя крылы – Ён даў

бы яму крылы.

Вось чаму як толькі нехта хацеў перарабіць на лепшы заведзены Богам парадак, мы раскладвалі вялізнае вогнішча на выгане за вёскай і з дымам выпраўлялі авантурніка ў нябёсы…

Гэты хлапчук яшчэ бегаў у кашулі, а я ўжо прыглядаўся да самых спелых бярозаў, якія мы некалі падсячэм, каб яго спаліць. І аднойчы сэрца маё залямантавала: гэта страшней за буру, страшней за перуна і боскую кару.

Я укленчыў перад людзьмі і пасыпаў галаву попелам – аднак мяне не паслухаліся.

– - Чаму цябе бянтэжыць пляскаты кругляк, які падлетак выштукаваў з кавалка галамня? Кажы!—патрабавалі адусюль.

Але як я не намагаўся перакласці лямант сэрца на відушчыя словы, у мяне нічога не атрымалася. Бо я ж таксама не ведаў, якая бяда хаваецца ў пляскатым кругляку, што так шпарка коціцца ўніз па сцежцы, смешна падскокваючы на рытвінах.

Людзі паволі разышліся, а кола падхапілі дзеці і доўга бавіліся, пакуль яно не выкацілася за селішча.

Першы раз кола вярнулася да нас фурманкай, з якога гандляр прадаў нам колькі сякераў і адну кніжку.

Другі – карэтай з панам, які сказаў, што будзе намі апякавацца, бо цяпер мы ягоныя халопы.

Трэці – цягніком, куды неўзабаве паселі лепшыя з нашых хлопцаў.

Чацьвёрты…

Чацьвёртага разу не было.

Толькі самалёты праляцелі над намі -- і кіравалі тымі самалётамі нашыя хлопцы. Мы яшчэ махалі ім рукамі, а ў небе далёка на захадзе і далёка на ўсходзе, далёка на поўначы і далёка на поўдні ўжо выраслі да самых аблокаў паганыя грыбы.

І мы ўсе памерлі.

І калі мы ўсе паміралі на ахутанай гарачым попелам зямлі, дзе яшчэ зусім нядаўна было столькі людзей і вёснаў, я ўспомніў, што гэты пякельны агонь пачаўся з аднаго нераскладзенага вогнішча на выгане за нашай вёскай.

2. Сум на тэму вяртання

Прыпавесць

Чалавек доўга блукаў па свеце, а як прыстаў да берага айчыны, дык адразу спатыкнуўся аб свой цень.

– - Хіба цябе не было са мной!
– - здзівіўся чалавек.

– - Я тут чакаў.

– - Можа таму я і вярнуўся?

– - Пайшлі,-- адказаў цень.

Яны паволі падняліся на пясчаную выспу, адкуль пабачылі мястэчка, дзе гэты чалавек нарадзіўся і асталеў.

Чалавек балюча пасміхнуўся і шморгнуў носам. Потым прамармытаў нешта з агідай да самога сябе і яны рушылі далей. Цень бёг паперадзе, як сабака.

– - А мо ўжо позна? – засумняваўся чалавек. – Можа ня трэба было вяртацца? Колькі тут засталося жыць!

– - Жыць ніколі не позна,-- запэўніў цень.

Там, дзе сцежка напрасткі скіравала да мястэчка, цень аббёг чалавека і стаў ззаду.

– - Цяпер ідзі сам,-- сказаў.

І чалавек пайшоў.

Ён не запальваў святла. Сядзеў на зэдліку ля печы, марнаваў тытунь, цвіркаў слінай на вуголле і, падахвочваючы агонь трэскамі, думаў, што гады ў дарозе, як трэскі, зырка гараць, але хутка згараюць.

– - Ты шкадуеш аб гэтым?
– - спытаў агонь

– - Чаго там шкадаваць,-- сказаў чалавек і кавалкам сталёвага прэнта паварушыў прысак.

Поделиться с друзьями: