Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

– - Добры ў нас каваль,-- хвалілі мы.-- Толькі і ён не можа зрабіць жалеза мяккім.

– - Навошта вам мяккае жалеза?
– - дзівіўся каваль…

Не хутка, не адразу, аднак вырабіў ён кавалак жалеза, мякчэйшага за воск.

– - А цяпер выкуй з яго долата,-- прыдумалі мы.--І каб было вострае, як джала.

Каваль абурыўся з нашых вымудраў, але ён быў не абы якім майстрам. І аднойчы ў нядзелю мы сабраліся усім народам і рушылі да каменя. Каваль вынуў з кайстры долата і я мяккім жалеззем вылашчыў на камені два словы:

Уладзімір Караткевіч.

Тут ізноў наляцелі авадні, толькі джалы

ў іх ужо былі даўно паабламаныя. .

Далей нам заставалася адно дачакацца, калі вызваліцца вецер і аслоніць аблокамі шалёнае сонца.

Каб у пару забуяла бульба

Былі мы і быў ён. Мы ведалі чаго хацелі, а ён хацеў проста жыць. Садзіць бульбу і слухаць цёплым адвячоркам, як у ліпах гудуць хрушчы…

Але не мы першыя прыдумалі, што ніхто не мусіць заставацца сам-насам. Да таго ж нас было многа, а ён быў адзін. І мы паабрывалі хрушчам крылы.

Зараз ён прыйдзе і стане слухаць наш рэй.

Ён, як мела быць, засумаваў, толькі зноў не пайшоў да нас. Цяпер ён слухаў свой сум і мы не ведалі, што нам рабіць далей?

Так, нас было шмат і мы былі разумныя, а ён быў адзін і дурны, як варона, але ўпотайкі кожны з нас здагадваўся, што ўсе мы разам толькі рэха ягонага суму.

– - Трэба пайсці да яго і запытацца, што яму ад нас патрэбна?—аднойчы сказаў нехта.

І мы пайшлі і запыталіся, а ён адказаў:

– - Каб у пару забуяла бульба.

– - Хіба ад нас залежыць, у які час радзіць бульбе?

– - Тады навошта вы?

– - Каб нас было шмат.

– - Дзён таксама шмат, але што з таго?

– - З дзён і людзей складаецца жыццё. Хіба та гэтага не ведаў?

– - Я ведаю адно. Зранку трэба ісці на поле, а вечарам да хаты, дзе ў ліпах гудзе сум.

І мы не знайшліся, як тут яшчэ запярэчыць чалавеку, у якога

ёсць свой сум і непазбыўны клопат, каб у пару забуяла бульба.

Першае каханне

Мы і жагнуцца не паспелі, а Богусь ужо сядзеў на чырвоным даху касцёла. Аднак гэтага яму падалося мала і ён усцягнуўся на самы крыж.

Першы анёл, які вяртаўся (мяркуючы па стомленых рухах) аднекуль здалёк, толькі прабуркатаў незадаволена: “Што, іншага месца не знайшлося?”, а другі, яшчэ зусім маладзенькі, аж аслупянеў, убачыўшы Богуся. Анёлак стаяў слупам у паветры і лыпаў вачыма.

– - Гэй, ты, лупавокі, -- закамандаваў Богусь,-- злётай ў вёску па Маню.

Маня хутка прыбегла і, нічога не пытаючыся, засакатала, як сячкарня:

– - Дурны ты, Богусь! Каб меней піў гарэлкі, а болей чытаў кніжак, дык ведаў бы, што першае каханне існуе не дзеля таго, каб закаханыя бралі шлюб, а каб потым усё жыццё з замілаваннем успамінаць тыя шчаслівыя хвіліны…

– - Хай сабе,-- толькі й адказаў Богусь.

– - Ну, калі ты гэткі дурны, дык і сядзі сабе тут, як варона,-- раззлавалася Маня і пашыбавала да хаты, адкуль хутка з’ехала вучыцца ў горад. Але замуж яна так ніколі і не выйшла, бо ў яе, як потым выявілася, былі надта валасатыя ногі, а на той час якраз прыспела мода на голыя лыткі. Калі тая мода скончылася, Маня была ўжо старой дзеўкай і ёй больш нічога не заставалася, як усё жыццё з замілаваннем успамінаць сваё першае

каханне. А Богусь дасюль не злез з даху. Тырчыць там ці як укрыжаваны, ці як варона і мы ўсе (і анёлы, і людзі) даўно ўжо з гэтым звыкліся. Бо калі тое было – мода на голыя лыткі.

Джамалунгма

А цяпер я распавяду пра чалавека, які марыў стаць Джамалунгмай. Вось каб я быў Джамалунгмай,-- разважаў гэты чалавек,-- дык пра мяне чулі б нават пінгвіны на Алясцы.

Вядома, калі чалавек чаго захоча і будзе хацець доўга, то ягонае жаданне некалі спраўдзіцца. Аб гэтым кажуць яшчэ ў школе, а ў школе абы чаго плявузгаць не будуць…

Урэшце так яно і атрымалася. Аднойчы раніцай адразу за мястэчкам мы ўбачылі нешта такое, ад чаго капелюшы паляцелі з галоў.

Як потым засведчылі вучоныя, наша гара была нават на некалькі санцыметраў вышэйшая за Джамалунгму і пра Джамалунгму хутка ўсе забыліся, бо яна ўжо не лічылася паперадзе ўсіх.

З тае пары самыя дужыя мужчыны свету (і нават сёй-той з пінгвінаў) едуць да нас, каб адсюль ускарастацца на нябёсы. Не многім з іх шанцуе дапнуцца да зораў, аднак здараюцца і шчасліўчыкі. Пра іх назаўтра пішуць ў газетах і той чалавек, што апынуўся гарой, тады злуецца на газеты і зайздросціць ужо не толькі абранцам нябёсаў, але і нягеглым пінгвінам…

* * *

Няма чаго і казаць, як нам да гонару, што сёння нашае мястэчка ведаюць ва ўсім свеце! Адно што кепска – цень ад гары надта ж цяжкі і доўгі. Таму мы ходзім сагнутыя крукам і сонца лічы не бачым, акрамя як самым падвячоркам акрайчык.

Недарэкі

На той бок рэчкі жылі адныя людзі, а на гэты – зусім іншыя. Праўда, мы ніяк не маглі ўцяміць, чым яны розніліся паміж сабой.

Часцей ўсяго адныя з другімі спрачаліся наконт рэчкі.

– - Куды вашай смярдзючцы да нашай чысцюлі,-- пахваляліся адныя.

– - Брахуны вы,-- крычалі з другога боку. Нідзе болей няма такой рэчкі, як наша. Спытайцеся людзей.

– - Што праўда, то праўда. Цудоўная рэчка,-- сведчылі мы і вяславалі як мага хутчэй.

– - Ну вось, чулі, -- цешаліся адныя.

– - А мы вам што казалі,-- крычалі другія і шпурлялі на той бок камяні…

Бачыць Бог, мы не хлусілі. Рэчка сапраўды была вельмі прыгожай.

Не навуковая субстанцыя

Лепей за нас ніхто не ўмее нахіляцца. Я гэта не сам выдумаў, аб гэтым ва ўсіх падарожных кніжыцах напісана, і таму да нас шмат хто едзе.

Жыве, скажам, чалавек на Барнэа, працуе, а потым пагартае падарожную кніжыцу і падумае сам сабе: нешта я даўно ні ў каго на карку не сядзеў. Трэба з’ездзіць туды, дзе самі нахіляюцца.

І прыедзе да нас, і пасядзіць, а потым вернецца ў сваё Барнэа і зноў працуе.

Праўда, апошнім часам штосьці стала з намі рабіцца. Сёй-той пачаў саромецца свой карак пад чужую сраку падстаўляць. Столькі часу ганарыліся, а тут чамусьці трэба саромецца. Я гэтага аніяк не разумею. Тым болей, што інакш мы і не можам. Калі ў каго карак вызваліцца надоўга, дык ён нудзіцца, не ведае, навошта жыць і нават, здараецца, вар’яцее.

Поделиться с друзьями: