Клавуня, гэта я, твой Вася

ЖАНРЫ

Поделиться с друзьями:

Клавуня, гэта я, твой Вася

Клавуня, гэта я, твой Вася
5.00 + -

рейтинг книги

Шрифт:
Васіль Петручук
Клавуня, гэта я, твой Вася

ВУЧОНЫ АРНІТОЛАГ

Ведаюць усе на свеце ды яшчэ і паў Амерыкі, што восенню мінулага года я быў у санаторыі ў горадзе Калабжэг. Кажучы праўду, дык я туды паехаў не з мэтай навуковых даследаў, а лячыць нервы і рэўматызм. Аднак давялося забаўляцца і ў вучонага. Людзей з'ядае прага ведаў і яны шукаюць кагосьці, хто ў данай галіне быў бы вучоны, ды засыпаюць беднага рознымі пытаннямі. Так давялося і мне. Толькі адкуль людзі адразу пазнаюць, хто кім з'яўляецца?... Ішоў я аднойчы па пляжу і нагнуўся, каб паглядзець на марскія хвалі, якія, нібы пакорныя

сабакі, паўзлі да маіх ног. Думаў: якая прыгожая наша прырода... З гэтай думкі вырваў мяне нейкі мужчынскі голас. Я аглянуўся. Стаяў за мною чалавек і па-шлёнску пытаў: "Скажыце, як яны гнёзды ўюць?" Пры тым тыкаў ён пальцам у небе, паказваючы на кружыўшыя над нашымі галавамі чайкі. "А — кажу, — чайкі, ды яны ўюць гнёзды на вадзе". "Як гэта на вадзе, — пытае шлёнзак — гэта ж немагчыма, бо яйцо згіне або разаб'ецца аб лодку". "Не, — адказваю яму, прыняўшы позу знаўцы, — не зусім на вадзе, а пад вадою". "Пад вадою? Што вы гаворыце?" "А от так, — кажу, — пад вадою. Самка нясе яйкі, а самец плавае разам з тым яйкам па моры і сцеражэ яго, каб ніхто не ўкраў. Робіць гэта чатыры дні, пакуль самка не нанясе чатыры штукі. Потым абое, значыць, ён і яна, бяруць вяровачкі, сплеценыя з травы, вяжуць тыя яйкі разам і апускаюць на прыбярэжнае дно проста ў мора, там чайка сядае і выседжвае новае пакаленне". "А доўга яна сядзіць?"

"Пакуль не высядзіць, гэта значыць, чатыры тыдні". "Галодная?" "А ці мала ў моры яды?" " А хто ёй прыносіць яду?" "Сама зловіць, калі тая будзе праплываць каля самага клюва", — сказаў я і падумаў: " Усё дарам хоча ведаць". "Цуды прыроды", — заявіў мой цікаўны сусед і, махнуўшы галавой, пайшоў сваёй дарогай, гледзячы в марскую даль. Не ведаю, можа гэта дзякуючы маёй "вучонасці" ўсе курортнікі адгэтуль пры сустрэчы са мной знімалі шапкі, а на заканчэнне турнуса аб'явілі мяне самым сімпатычным курортнікам і ўзнагародзілі кніжкай.

Ох, як добра быць вучоным!

1976 г.

РЭБУС

Вось ён: 4/5 слова "склеп", плюс 3/4 слова "ружа" на рускай мове.

Выдумаў я гэты рэбус са злосці, калі ішоў па лесвіцы на сёмы паверх і трымаў у руках пяць кілаграмаў бульбы. А было так.

У адзін прыгожы дзень нам з жонкаю — па няшчаснай прывычцы — захацелася зварыць свежы абед. Усё ўжо да яго жонка падрыхтавала, значыць: лаўровы лісток, англійскае зелле, ваду, соль, ячменную кашу і нават скваркі. Не мела толькі ў хаце бульбы. І быў бы гэты суп без бульбы, каб я не павярнуўся пад рукі. Бо мая жонка надта не любіць паказвацца з пакупкамі суседзям, а асабліва аднаму бландзіну, якому хоча паказаць, што можа дзейнічаць смела, бо я ў яе пад пантофлем. Толькі ўбег я ў хату, а жонка кажа: "Дзе ты цэлымі днямі валочышся і нават бульбы на абед не купіў? То ж рана мы пастанавілі, ты стоўбе, што сёння будзем варыць абед! Бяры сетку і пры да пані Яцэвічовай па бульбу!" Я рады, што дастаў толькі выгавар, схапіў сетку, ды уніз па лесвіцы в падскоках да пані Яцэвічовай. Забег і купіў: кілаграм буракоў, кілаграм цыбулі, кілаграм морквы і, абвёўшы позіркам паліцы кіёска, сказаў прадаўшчыцы, што бадай ужо ўсё. Пані Яцэвічова ведае мяне добра і параіла: "Падумайце лепш, можа жонка прасіла яшчэ што? У мяне вельмі смачная бульба".

"Не, дзякую" — сказаў я і папёр дамоў. У нас часта ліфт сапсованы і трэба выручацца нагамі. Пакуль улез я на свой паверх, сэрца было ў горле, ногі пад пузем, а, увайшоўшы ў хату, пачуў жонку на галаве. "За што ж ты мяне лупцуеш? — гавару. — Я ж ужо на працягу паўгадзіны другі раз пнуся на сёмы паверх... Мне ж не дваццаць".

Жонку яшчэ горшая злосць агарнула, бо пачала мяне акладаць сеткаю з гароднінаю, якую на сваю бяду прынёс, ды пытацца, дзе падзеў бульбу.

Выгнала ў магазін яшчэ раз, і тады я выдумаў рэбус, які даю вам, даражэнькія, разгадаць.

Толькі ніяк уцяміць не магу, што так падзейнічала на мой, так сказаць інтэлект: цыбуля з буракамі і моркваю ці сапсаваны ліфт? І яшчэ аднаго не ведаю, што сёння жонка зробіць са мною за малако. Казала мне зварыць макарон, бо малако яна сама закіпяціла перад выхадам на працу.

Па яе загаду я макарон зварыў у белым гаршку і паставіў ля сіняга гаршка, у якім было гатовае малако. Пакуль дастаў з вешалкі ручнічок, які вісіць над плітою, забыў, у якім малако, а ў якім макарон. На дадатак забыў, што забыў. Дык замест макарону адцадзіў малако. Нават глянуўшы ў злеў, падумаў, што вось нейкая белая вада цячэ з макаронаў, але думаю, гэтаж з белае мукі. "Адцадзіў" і так пад крышкай пакінуў.

Пабрыўся, памыўся і дачакаўся жончынага сваяка, якому меў даць снеданне.

"А здароў! Добра, што прышоў, бо ўжо мне есць захацелася, але ведаў, што прыдзеш, чакаў". Выняў талеркі і зняў пакрыўку з гаршка, у якім варыўся макарон. Гляджу, а ў макароне стаіць вада. Што за чорт, думаю, я ж памятаю, што адцадзіў. У той момант здагадаўся, у чым справа і хутчэй падняў пакрыўку другога гаршка. Там на дне ўбачыў плеўку.

Ну, і што гэта за рэбус, ведаеце? Склероз!

1977 г.

ОЙ, ЯК ЖА ЧАС ПАМЯНЯЕЦЦА

Быў я на Ганну ў Старым Корніне і наглядзеўся ды наслухаўся. Калісьці на свята прыязджалі на драўляных вазах, пазней грукалі жалезнякамі. Моладзь ішла пешкі, толькі багацейшыя ганарыліся веласіпедамі. Сяляне з зайздрасцю гаварылі: "О, бачыш, якога Грыша "лісопеда" купыў". Цяпер самыя бедныя прыязджаюць на одпуст матацыкламі, а за фіятамі, шкодамі і іншымі маркамі самаходаў цяжка вуліцу перайсці. Я са сваёй сірэнкай саромеўся паказвацца, але пераканалі мяне сваякі, што пастаўлю недзе на скраі вёскі пад плотам, у цені шырокай ліпы, то ніхто на яе ўвагі не звярне. Так я і зрабіў.

А які то дурны злодзей цяпер пойдзе пешкі, як даўней, перад вайной або пасля яе? Даражэнькія, прыйшоў час, што зладзеі на сірэнкі і глядзець не хочуць. Часам толькі нейкі валакіта каўпакі пазрывае з колаў, але ж гэта не злодзей, навічок. Або той, што в Карыцісках "Іжа" ўкраў, гэта злодзей? Гэта проста самазванец! О, няхай грабавецкія людзі раскажуць, якія да іх зладзеі прыязджаюць, аж хочацца паслухаць. Дагэтуль, значыць, у Грабавец на горшым, чым "Фіят-125", ніхто і не паявіцца. Не верыце? Ей-богу, праўда!

Паміж залацістым збожжам сцелецца стужка асфальтавай шашы, па якой урачыста рухаецца "Фіят-125" яснага колеру. З боку Гайнаўкі ў напрамку Кляшчэляў. Затрымаўся ў пачатку вёскі. Выйшлі з яго дзве маладыя жанчыны і пайшлі ў вёску "калядаваць" па хатах з "загранічнымі" блузкамі. Мелі іх, праўда, па адной, але ж гэта ўжо пропуск у хату. Уваходзілі на панадворак і пыталі, ці ёсць хто ў хаце. Калі заставалі кагосьці, прапанавалі прадаць блузку, але цану вызначалі такую, што ніхто блузак і ў рукі не браў. А калі нікога не заставалі, уваходзілі таксама, але з мэтай праверкі, ці не забагаты гаспадар. Правяралі шафы і іншы шафачкі. Знайшоўшы каштоўнасці і грошы, канфіскавалі.

У той час мае сваякі Іван з Гандзяю і Полік з Ганнаю касілі жыта. Іван з Гандзяю над шашою, а Полік з Ганнаю ля гасцінца, які вядзе да шашы, значыць у сябе за стадолаю. Усе яны глядзелі, як на шашы памаленьку шпацыраваў ясны фіят. Іван надта любіць жарты і да жонкі кажа: "Дывысь, Гандзя, комусь надоело сыдыеты за столом у бюрові, то прыехаў побачыты господарскім оком, як мы тут справляемся". У той самы час Полік да Ганны: "Бач, халера, чоловіек працуе, аж пуот очы залівае, а якійсь гультаіско собіе по шосые спацэруе і то шчэ самоходом, коб ногі нэ заболіелі".

"А шчо такому пановы, — прадаўжала Ганна, — вуон мае самоход, то собіе йездыт. У ёго ужэ нэ туолькі скошанэ, але і спэчанэ. Вуон мае ўсё готовэ, нэ так, як мы, мужыкі".

Пагаварылі сабе і далей спяшалі, каб як найбольш выкасіць і звязаць, пакуль добрае надвор'е. А аўтамашына далей сабе шпацыравала.

Праз нейкі час у канцы вёскі, дзе жыве Полік з Ганнаю, вышлі на гасцінец дзве жанчыны, якія ў руках "пруцалі" цяжкія клункі. Ішлі яны ў напрамку шашы. Полік да жонкі кажа: "Бачыш, ты нарыкаеш, шчо тяжко працуеш, а ім заробляты на хлеб, думаеш, лёгко? Воны мусят таксамо намордоватысь, коб меты за шчо купыты йесты. То нэ той лодар, шчо самоходом йездыт і прыглядаецца, як другі трудяцца".

Комментарии: