Клавуня, гэта я, твой Вася
Шрифт:
Мяне нават крыху дапякла іхняя зайздрасць, але я падумаў: буду дэманстраваць іхнюю рацыю, хай лічыць, што я яшчэ сапраўдны мужчына.
Развесіў я вопратку, пабрыўся з дарогі, памыўся і пабег на мора. Хоць і восень, а ўсё ж на пляжы цьма народу. Ходзяць групамі, парамі і ў адзіночку. Гавораць гучна, смяюцца і шэпчуцца, крадком мнучы сабе рукі і з прагнасцю спазіраючы ў вочы. Божа, які тут шчаслівы народ! А якія ўсе добрыя!
На другі дзень санаторны лекар прыпісаў мне лячэбны працэдур. І пачаў я хадзіць па санаторных пунктах. Тут мелі мяне купаць, там масаваць, трасці электронамі, біць бічамі.Усюды сустракаў жанчыны і ўсе ахвотна дзяліліся са мной сваімі заўвагамі наконт санаторнага лячэння. Адны гаварылі, што працэдуры працэдурамі, а нельга выракацца вячэрніх гульняў.
Вось я гэтых трэціх і паслухаў. Апрача ўсіх працэдур, тры разы ў дзень хадзіў да крыніцы. Турнусы прыяжджалі і ад'язджалі, а я не разбіраўся, хто і што, заўсёды імкнуўся да поспеху. Спачатку прапанаваў сродкі, якія прывёз з сабою, але першая пятая, дзесятая толькі вочы слупам ставіла (здзіўляючыся маёй адсталасці). Урэшце скончыў я з прапановамі, забыў нават аб сродках, ажыццяўляў праграму згодна з планам лячэння. І ніколі не забыў напіцца крынічнай вады.
Трохтыднёвая курацыя зрабіла сваё. Ногі ледзь цягаў, але затое жывата і следу не засталося. Ну, думаю усё выйшла так, што лепш не прыдумаеш. Шкада толькі, што так хутка ўсё праляцела. Сёння выязджаю. Пасля абеду пайду да крынічкі і ў апошні раз нап'юся цудоўнай вады.
Хлябчу яе, стоячы на каленях, і сапу (бо прагнасць падказвае напіцца ў запас), а людзі рагочуць нада мною. Паднімаю вочы на іх, бачу, стаіць знаёмая прадаўшчыца спажывецкай крамы, мясцовая. Пры ёй фатограф, які ходзіць па пляжы і шукае аматараў для здымкаў, таксама тутэйшы. Ведалі мяне. Устаю і крыху саромеюся за прагнасць. Яны пытаюць:
Смачная вада?
— О, так, — адказваю, — саланаватая, пахне аманіякам, ды яшчэ чымсьці, адным словам, адно здароўе!
— Напэўна, — гаворыць жанчына пад рогат фатографа, — гэта ж вада з гарадскога калектара.
Развітаўся я хуценька і, рады, што больш іх не стрэну, пабег пакаваць чамаданы.
У цягніку абмяркоўваю, што скажу жонцы, калі здзівіцца, чаму так пахудзеў.
Прыехаў дамоў раніцай, жонка на рабоце. Выкупаўся я, наеўся і лёг спаць (трэба ж годна прывітаць выпашчаную жанчыну). Прыйшла тэрмінова. Я ўцешыўся, абнімаю яе, хвалю, што пахарашэла, а яна скептычна:
— Ці ты не замнога схуд? Мусіць жанчыны цябе голадам марылі?
— А каб ты ведала, кормяць там дрэнна і вада ўсё выцягвае.
— Заўтра пойдзем да дэрматолага.
— Што ты, чаго мне да яго?
— Я ведаю чаго.
Што рабіць, пайшоў. Дэрматалогам аказалася жанчына ды прыгожая. Паглядзела на мяне, падатыкалася і сказала:
— Нешта тут неясна. Вось адрас і яшчэ сёння ў васемнаццаць нуль-нуль абавязкова пакажыцеся.
"Што будзе?" — прадрыжэў я ўвесь дзень і ў вызначаную гадзіну з'явіўся. Давялося прайсці і праз доўгае даследаванне, але было ўсё добра.
Толькі кватаранты здзіўляліся, што такі малады, а лягае спаць у дзесяць нуль-нуль, як яны.
І ўсё гэта дзякуй лячэбнай вадзе.
1981 г.
ФАРАОНКА
Нарадзілася ў сметніку, дзе няма ніякага толку, маленькая мурашка. Абсохла, падужала, ды палезла па пакоі шукаць сябровак і ежы.
Прайшло пару дзён, і наша малютка ўскарабкалася на стол. Ужо ведае, чаго шукае. Шукае, каб добра наесціся, а мне ежу згідзіць.
Падпёр я кулаком бараду, сяджу, прыглядаюся і разважаю: "Што такая малютка можа каму зрабіць? Яна толькі поўзае, шукае корму. Забіць — шкада, негуманна. Давай, прыкрыю яе цёплай накрыўкай ад гаршка.
Прыкрыў і забыў пра яе, пайшоўшы ў горад. Вярнуўшыся, успомніў, заглянуў пад накрыўку (ці не задушылася?). Што ўбачыў? Мурашка вырасла велічынёй у муху. Здзівіўся, але працягваў эксперымент. Нешкоднае ж насякомае.
Мурашка вырасла ў велічыню мышы і стала непадобнай да свайго роду. Цяпер я спужаўся: вырасце гэтае насякомае
ў сабаку? Але чакаў, што з гэтага будзе: пакусае мяне ці не пакусае?А мурашка расла і ўсё часцей зубы на мяне вышчарала. Я ўжо добра злякаўся, але нішчыць яе не хацеў, чакаў пагаднення (ты мяне не чапай і я не крану цябе). Што будзе, то будзе, зачыніў мурашку ў шафе.
Відаць, умовы там спрыялі мурашцы, вырасла, патаўсцела, разваліла шафу, выйшла на пакой, трахнула мяне па мордзе і давай наладжваць свае парадкі. Патрапала посуд, вышчарбіла сцены, урэшце села з другога боку стала і спытала, дзе хачу вісець: на дрэве ці на стаўбе? Я пык-мык; вісець нідзе не хачу, хачу жыць. А мурашка-звер кажа: — Калі хочаш жыць, то яшчэ крыху пажывеш, але мусіш мне ва ўсім падпарадкавацца.
— О, гэтага не будзе!
— Пабачым, — сказала мурашка-звер і пачала верашчаць, што я душу яе. Збегліся іншыя мурашкі і пачалі на мяне наступаць ды прыгаварваць: "Хопіць твайго панавання. Цяпер мы зробім з табой, што захочам!?
Раскрычаліся, разверашчаліся і ўзяліся за справу.
І сяджу я цяпер на паламаным столку, кулаком падпіраю бараду і з горыччу дакараю сябе, што пашкадаваў фараонку.
1981 г.
ПІРАЖКІ З МЯСАМ
Прыходзіць жонка дамоў і ад парога крычыць: — Есці!
— А чаго ж ты хацела б пад'есці, даражэнькая, каб насыціць жывоцік і даць задавальненне паднябенню?
Я гэта сказаў, бы тая ліса, што хацела варону ашукаць і сыр з'есці, значыць, з мілаю ўсмешкаю на вуснах і са злосцю ў сэрцы: маўляў, ведала, што нічога дома няма акрамя хлеба штодзённага (дай Божа, каб хоць не выйшаў) і вадзянога малака, якога нельга піць не перавараным: яно на малака-падобнай вадзе, у якой купаюцца качкі. Ведае, а крычыць "есці", бо думае, што калі яна сядзела восем гадзін на працы, то ў мяне здарылася нейкае цуда. Яна думае, што заўсёды людзі будуць несці шынкі ды каўбаскі, яйкі ды слоікі за выйграную справу ў судзе, за вадзіцельскія правы, за школу, лекара білет на ПКС і гэтак далей. Не, даражэнькая, думаю, калісьці так было, але на нашу бяду скончылася. Людзі прыходзяць з просьбай аб дапамозе ў розных справах, але ў замен прыносяць толькі абяцанкі. Вядома, абяцанкамі яшчэ ніхто не наеўся. Трэба мяса, а гэтага мужыкі шкадуюць, бо і скуп добра плаціць. Паабяцаюць цялянціны, справу дурань залатвіць, бо хоча жонцы дагадзіць, а ім сваю важнасць паказаць. Дастане дулю пад нос, аж закарэчыцца і зноў сядзіць ціха, пакуль нехта не прыедзе з новай абяцанкай. Так дні і бягуць, а тая: "есці".
Ну, дык вось гавару: — Што табе, каханая, даць на абед? А жонка: — Добры муж заўсёды падбаў бы, каб мець чым жонку пакарміць, а ты толькі пра "Ніву" думаеш, якая цябе патрабуе так як і я.
У мяне міна перамянілася з вясёлай у дурную ад таго ўдару, бо толькі цяпер даведаўся, як яна мяне "патрабуе". Мужчынскі гонар балюча закранула, але вось іменна мужчынскі гонар прымусіў мяне даказаць жонцы, што памыляецца ў маёй абыякавасці да яе. Змоўк я, апрануўся і пайшоў у магазін шукаць смачнае ежы на спознены абед. Бачу, у вялікай скрыні паміж марожанай гароднінай ляжаць нейкія піражкі ў фальёвых торбачках. Бяру ў рукі і чытаю: "Пірагі з мясам". Уцешыўся, нібы на сто каней сеў, прынёс дамоў аж дзве пачкі і гляджу на спосаб прыстаўлення, а там напісана: "Піражкі кідаць у кіпень так, каб не спыняць кіпення". Думаю: "Гэта ж прасцей простага". Укінуў у гаршчок пірагі, зварыў, вылажыў на талеркі, паліў не шкадуючы скваркамі і цыбуляй і з хітрай усмешкай да жонкі: — Калі ласка, дарагая, да стала.
Жонка глянула на мяне прыгожа і з мілай, ледзь прыкметнай усмешкай удзячнасці (а хто ведае, ці не сімпатыі). Узяла вілку ў правую ручку і націснула на найбольшы піражок (яна заўсёды з'ядае насам-перш тое, што найсмачнейшае).
З піражка прыснуў трускалкавы сок і абліў яе белую блузку.
1981 г.
ГАНДЛЯРКА
Нехта ласы на малако склаў песню: Добранька таму жывецца, Хто з малочніцай жыве. Малачко ён папівае І малочніцу кахае.