Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Клавуня, гэта я, твой Вася

Петручук Васіль

Шрифт:

— Я не па мяса, я хачу дастаць сала.

— Сала? Дык яно ж без чаргі.

Пачаў я прабірацца да прылаўка. Абедзве чаргі, звычайныя і "інвалідская", заварушылася. Пачуліся галасы крытыкі. Я аднак пхаўся. Вось і першая лінія змагарнага фронту. Ціхім голасам (бо сорамна пад свята купляць адно сала) пытаю кіраўнічку, ці прадасць мне паўкілаграма. Кіраўнічка моўчкі важыць камусьці лапатку. Пасля звяртаецца да наступнага. А я, сканфужаны, стаю ля прылаўка і баюся глянуць у бок: бо чую, як на мяне глядзяць пастаянныя аматары свініны. Паўтараю пытанне, але ўжо зусім няўдачна: прахрыпеў мой голас, бы пачаткуючы жабрак. Гэта магло кіраўнічку толькі рассмяшыць. Я выразна поўзаў перад гэтай жанчынай, якая магла прымяніць супраць мяне сваё права і аставіць на свята без сала. Аднак нехта з "інвалідкай" чаргі пашкадаваў мяне і кажа:

Крыкні галасней, бо твайго мармытання ніхто не чуе.

Я паўтарыў пытанне яшчэ раз. Кіраўнічка ўзняла на мяне вочы і кажа (але так кажа, каб усе чулі):

— Чаго вы крычыце; я чатырнаццаць гадзін на нагах і не магу вас усіх абслужыць!

Божа ж ты мой, Божа! Як яна гэтак сказала, абедзве чаргі зараўлі.

Па-заячы драпануў я з магазіна, схапіўшы сала, як чорт грэшную душу.

1980 г.

* * *

Не паверыце, выходжу з дому, бачу ля сметніка падручны возік, а на ім скрынка, у якой ляжыць сала вялікімі кавалкамі і каўбаса пруткамі. Пытаю гаспадара возіка, куды ён гэтае дабро дастаўляе. А той рагоча:

— Пане, я кожны год выбіраю са сметніка столькі гэтага дабра, што вам і не сніцца. І сам не ведаю, чаму людзі гэта ўсё выкідаюць: у халадзільніку магло б паляжаць. О, гэта каўбаса нават колеру не змяніла. А сала выкідаюць нават салёнае. Ім давай усё свежанькае, сённяшняе...

ДЗІВАКІ — ГА, ГА, ГА!

Людзі гавораць, што смяецца той, хто смяецца апошнім. Добра ім так казаць, няхай бы апынуліся на маім месцы сярод дасканалых крытыкаў, тады б пабачылі, ці было б ім да смеху.

Напісаў я некалі для "Зоркі" вершык "Казка пра Крата". Дык вось там гаварылася, што Кроцік той быў надта лянівы, і асцярожны. Баяўся мыцця, каб капелька вады выпадкова не прыснула яму ў вочы. Калі я гэты вершык прачытаў узрослым людзям, адзін прысутны адразу са знаўствам заявіў: "Якія ты глупота дзецям выпісваеш. Ад калі, па-твойму, у крата ёсць вочы?

"Вось іменна, — падтрымаў яго чалавек з вышэйшай адукацыяй, — цікавая вынаходлівасць. Я колькі разоў бачыў крата, а ніколі не ўдалося мне заўважыць яго вачэй." "Бо ён іх не мае, — з насмешкай нада мной адазваўся першы. — Я, брат ты мой з гаспадароў і цяпер маю дзялку, па якой кратоў хоць адбаўляй, а вачэй ані ў аднаго няма і ўсё!"

"Хлопцы, — адзываюся сканфужаны.

— Гэта ж у пераносным сэнсе. А ці ж міска, лыжка і ложак у нары крата ёсць?"

"Каша можа там быць, бо маці Краціха магла недзе ўкрасці і нанасіць". "Ну, але краты не ядуць лыжкай з місак, — баранюся я". "Мы не ведаем, што там у іх у норах ёсць. Але ты перастань дзецям марочыць галаву, што ў кратоў ёсць вочы!"

Гаспадар спрачаўся са мною, чалавек з вышэйшай адукацыяй хадзіў па пакоі, засунуўшы рукі ў кішэні, і паглядаў на мяне з іроніяй. А я замест смяяцца з іх, злаваў, што не ўдаецца мне іх пераканаць. Чаму яны, тлумачыў я сабе, не могуць зразумець, што я напісаў пра Кроціка, меўшы на думцы дзяцей гомасап'енса (чалавека разумнага), да якога належаць мае ўпартыя сябры і я сам, на жаль. Чаму, на жаль? А проста таму, што чым больш пазнаю людзей, тым больш люблю звяроў.

1980 г.

ТОЛЬКІ ГРЫВУ ВІДАЦЬ

Цяпер усюды аднолькава, ці ў горадзе, ці ў вёсцы. Святло ў горадзе — святло ў вёсцы, трактар у горадзе — трактар у вёсцы, самаход тут і там. Самагонка ў горадзе — самагонка ў вёсцы (вясковыя лепшыя, бо з жыта, а не з цукру), авечкі там і там, сабак поўна ўсюды, свіней хоць адбаўляй, а свініны малавата (у горадзе і ў сяле) Адукацыя зраўнялася, бо ж зборныя школы; вопратка зраўнялася, бо ўся купная. Дываны, мэбля, тэлевізары ідэнтычныя. Ну, можа адно толькі адрознівае горад ад вёскі. У вёсцы няма трамваяў, а ў горадзе вясковага малака. Але хто на такія дробязі звяртае ўвагу? Галоўнае — умовы жыцця зраўняліся і культура. Напрыклад, рук не мыюць перад ядой у горадзе і на вёсцы. Ой, ой, зараз шум. Не гавару пра ўсіх. Рэстараны, забягалаўкі таксама аднолькавыя, не маюць чаго зайздросціць адны другім. А вось мястэчкі перараслі гарады ў галіне навуковага сексуалізму!

Калі я крыху гэтым заняўся, то ўбачыў, што жанчыны мястэчак куды лепш умеюць заспакоіць нашу цікавасць і ахвоту раскошнага перажывання

трывожнай ночы. У горадзе намеру Беластока няма аніякіх атракцый. У вялікай агламерацыі ўсё, што робіцца, адбываецца паціху, і нічога ніхто аб нікім не ведае. Усе задаволены і нават няма з каго крыху пасмяяцца. На вёсцы любяць больш атракцый. Наогул вясковы народ весялейшы.

Нядаўна адзін мой знаёмы паехаў у мястэчка на кірмаш прадаваць кабылу і вала. Прадаў. Толькі за кабылу ўзяў трыццаць пяць тысяч злотых. А колькі завала — ніхто не ведае. Ну, калі прадаў, то зайшоў у "рыгалаўку" выпіць барыш. А гэта чалавек, які аж дрыжыць, калі ўбачыць чужую жонку. Тады ён п'е гарэлку, а сліна цячэ з рота, як у сабакі, ды вочы вылазяць з ілба. Так было і цяпер, калі лакомы на секс хітрун прадаў кабылу і бычка. Ён уявіў сабе Дон Жуанам, калі прыкмеціў, што жанчына (год пад шэсцьдзесят) за суседнім столікам сочыць за ім. З'ядаў яе позіркам. І трапіў на кручок. Пайшлі разам да яе на кватэру з мэтай перажыць прыгоду. Распрануўся, а тут уваходзяць два вярзілы. Вопратку з кашальком забралі, аматара чужога ложка адлупцавалі і ў кальсонах выкінулі з хаты. Добрымі былі людзьмі, бо чаравікі выкінулі за ім, каб бегучы дадому, не пакалечыў ног.

Над раніцай дабрыў дахаты.

— Бандыты пераступілі, — тлумачыцца перад жонкай, — разам з вопраткай забралі і грошы.

Яна аднак у банду не паверыла. Калі прыціснула яго добра, "прызнаўся": пасля выпіўкі нейкія мужчыны зацягнулі яго сілай у "чужую хату і ўсё забралі. Адрас падаў, думаў, жонка грошы адбярэ.

І жонка паехала ў мястэчка. Застаўшы пад указаным адрасам жанчыну, пачала прасіць, каб тая пашкадавала яе і вярнула хаця б за кабылу (ужо чорт з валом, няхай прападае). А тая бессаромна задзерла спадніцу і, ляпнуўшы рукой па голым пузе, сказала: "Кабыла тут, толькі грыва відаць".

І паслала цётку к чорту.

Вось гэта атракцыя! Хто ведаў бы аб гэткім у горадзе?

1980 г.

ГНОМЫ

(Карэспандэнцыя з Чэхаславакіі)

Усе мамы, бабулі і цёткі ведаюць казкі аб гномах. Расказваюць гэтыя казкі, сваім дзецям і ўнукам. А я хачу расказаць вам праўду пра гэтых мілых і сімпатычных карлікаў, якія ананімна і бескарысна памагаюць людзям.

Усе пра іх ведаюць, але дзе яны жывуць — хто адкажа? А вось я ведаю. Гномы пасяліліся ў Чэхаславакіі. Не ведаю, што ім тут так спадабалася: людзі, горы ці паветра? Людзей тут малавата — кожныя рукі на вагу золата, гор многа, але яны ў поўным сэнсе слова хлеба не даюць, а паветра... Паветра тут не найлепшае, навакол фабрыкі і электрастанцыі, усюды дым і сера. Ну, не лічыце курортаў, як Карлавы Вары, Францішкавы Лазні і іншыя. Там паветра сярэбранае — чыстае і здаровае. Але ў гэтых курортных мясцінах якраз найменш гномаў. Яны ўпадабалі сабе вёску. Тую вёску, якая забяспечвае ўсю краіну хлебам, малаком, мясам.

Усе ведаем, у Чэхаславакіі зямля дзяржаўная і кааператыўная. Няма тут аднаасобнікаў. У вёсках не відаць курэй, гусей, свіней і качак. Усім гэтым неабходным забяспечваюць насельніцтва вялікія гадаўляныя фермы. І ніколі не здарылася, каб нават у такім гарадку, як Кадань, не хапала чагосьці.

Ці гэта ўсё такое дзіўнае, што я тут сказаў? Па-мойму, не. Усюды людзі павінны так працаваць і гаспадараваць, каб усё мець. Дзіўнае тое, што ніхто з нас ніколі не бачыў тут людзей на палях. Калі яны сеюць — невядома (а засеяна), калі яны жнуць — невядома (а ўсюды выжата), калі яны аруць — таксама невядома (а ўсюды заарана). Людзі абрабляючыя зямлю, відаць толькі ў суботу і нядзелю, калі яны корпаюцца ў сваіх гародчыках. Усю рэшту зямлі абрабляюць гномы. Збегліся яны сюды, мабыць з усяе Еўропы. А вось да нас чамусьці не горнуцца. Мусіць баяцца нас.

Будзьце здаровыя!

1981 г.

ЛЯЧЭБНАЯ ВАДА

Пайшоў я да лекара са скаргай: ломіць у касцях, выпірае гузы на нагах, рэбрах і галаве. Той выслухаў, абмацаў і прапанаваў Калабжэг.

Паехаў я ў гэты Калбжэг па здароўе. Набраў адзежы, абутку і іншых, курортных прычындалаў. Нават купіў парачку процізачаткавых сродкаў (а вось нешта трапіцца). Прыехаў вясёлы, атрымаў ложак у чатырох-асабовым пакоі. Мае сужыхары аказаліся ветэранамі, зайздросцілі мне выгляду (О, пан дык яшчэ можа, не тое, што мы).

Поделиться с друзьями: