Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

– Гэта нічога, зарасьце. А магла б, ня дай Бог, сякера па ілбе ці воку секануць…

Рана загаілася хутка, нават рубца не засталося, вось толькі фельчаравы хлопцы пачалі зваць яго Прышываны Нос. Ды тое нічога: ад мянушкі шкоды было менш, чым ад сякеры.

А яшчэ ён помніць іншы сполах – люты, сьмяротны, па ўсёй вёсцы які разыходзіўся.

Завітаў неяк у вёску падарожны: стары, худы, у страшным рызьзі. Абступілі яго дзядзькі: «Што ў сьвеце чуваць?», – пытаюць.

– Кепскае чуваць, – адказвае той. – Скора зьявіцца на небе Боскі анёл і будзе трубіць у трубу, каб паклікаць на суд

усіх жывых і нябожчыкаў. Магілы паадкрываюцца, і будзе канец сьвету…

Прачулі пра гэта, канечне ж, і дзеці. І, як на тое, праз некалькі дзён над Агароднікамі – аграмадны шар, пад ім – драўляны кош, а з каша тоўстая вяроўка ажно да зямлі, як хвост, цягнецца, нейкая постаць з каша вызірвае і ў трубу трубіць…

Кінуліся ўсе па хатах, павыносілі абразы. Страхата, крыкі жудасныя. І яму тады здалося, што зямля задрыжэла пад нагамі – вось-вось хату праглыне, а сонца нават сьвяціць слабей пачало…

Памаліліся адчайна вяскоўцы – і нябесная здань адплыла, – за поле, пад Манькавічы, да Гарэлага балота. Там было ўрочышча. Пасьвячы колісь коней, малыя ўпалілі ў тым балоце торф, і зімой і летам дыміла яно, а затым у выгарыну абвалілася і зямля, і дрэвы. Толькі чорныя макаўкі тырчэлі цяпер над Гарэлым балотам.

За адну з іх і зачапілася вяроўчына з паветранага шара. Па ёй зьлезьлі двое «анёлаў» і пашыбавалі назад да Агароднікаў. А там – багамольле.

Адзін з «анёлаў» пачаў так лаяцца, як у вёсцы аніводзін мужчына ня чуў.

Аказалася, што з Ковенскай крэпасьці вайскоўцы пусьцілі паветраны шар – аэрастат. А ў ім нешта папсавалася, і «аэранаўты» – каб уратавацца – пачалі зваць на дапамогу вяскоўцаў. А каб лепей чутно было – у трубу дудзелі. Толькі ж адкуль тым вяскоўцам ведаць было пра тыя аэрастаты…

Біблейскі Маісей пачынаў сваю працу пастухом авечак. Авечак бацькі Уладзі не трымалі, аднак і ён паспытаў пастухоўскага хлеба: пасьля дзедавых пчол пачаў пільнаваць на выгане гусей, а як споўнілася шэсьць гадоў, яму – росламу і не па часе дужаму – даверылі пасьвіць і статак кароў.

Вясковы выган стаў кепскім, заместа травы ўскоквалі калючкі, і бацька арэндаваў пасеку ля Доўжы. Гаспадары пасекі жылі далекавата ад возера, і «пашу» – траву паміж шыхтамі вульляў – не скарыстоўвалі. Вось і пусьцілі туды іхніх кароў, і плату невялікую запрасілі: калі-нікалі масла ды сыроў.

Ад хаты да пасекі – тры вярсты лесам. Уладзя браў яды на цэлы дзень і вяртаўся з каровамі толькі вечарам. У абед падганяў іх да возера, туды прыходзіла маці з даёнкамі. Адносіць малако дапамагалі старэйшыя браты.

За вёскай шапацела ў чаратах Мядзелка. Яна апаясвала два палеткі. Паплавы па абодва берагі належалі вяскоўцам. За тыя паплавы колісь вялася сапраўдная бойка. Гэта былі добрыя сенажаці, а –да ўсяго – з іх лацьвей дабіраліся вяскоўцы да панскага лесу.

І аднаго разу адміністратар абвесьціў пра тое, што паплавы яшчэ здаўна належалі князю, а таму наўзамен іх адводзіцца зямля Залатухі – багністы дзірван у лесе.

Сабраўшы грошай, вяскоўцы выправілі пасланца да віленскага адваката. Аднак той не пакінуў аніякай надзеі: «Ваш жа князь – у былым царскі міністр…»

Не зважаючы на грозьбы, вяскоўцы зноў пачалі касіць паплавы, сушыць сена. Вазіць жа яго давялося ў гумны княскія –

пад прымусам салдатаў.

А як ноччу салдаты паўпіваліся (у князя быў свой бровар), ускочыў на княскія гумны, стайні і пуні чырвоны певень…

Панаехала нараніцу жандараў, але вяскоўцы ў адзін голас аднекваліся-апраўдваліся:

– То ж п’яныя салдаты да пажару давялі…

Панскі лес, дзе і спала балота Залатуха, пачынаўся за рэчкай ад левага поплава. У лес той Уладзя бегаў толькі аднойчы, ды й то з братамі. Лес багаты, гонкі, і маніў ён ня менш, чым рэчка, асабліва калі ўзлазіў на дзедаў клён з бусьлянкай – з вышыні рэчка паказвалася адным сваім бокам, ды і то закрытым трысьцём, а вось лес… Лес уражваў веліччу, прасторам. Нібыта зялёнае лісьцёвае мора зьбіралася вось-вось сьцячы нізкім поплавам у рэчку, заліць і затапіць усё наў­кол…

Яму тады здавалася, што лепш, чым з дзедавага клёна, разглядзець ваколіцу немагчыма. Аднак, як выявілася (праўда, толькі праз пяць гадоў), можна было – і нашмат лепш!

Здарылася тое ў вайну. У Агароднікі заехаў конны нямецкі дазор: з доўгімі пікамі, у зіхоткіх шлемах са сьмешнымі дзюбкамі-пікамі зьверху. Сьпешыліся, пайшлі ў Лідчыкаву хату – стаяла скрай вёскі, на ўзвышку. А адзін, маладзейшы, сьцярожка палез на страху і пачаў у бінокль азіраць манькаўскую дарогу, Калееўскае поле, лес. І якраз Уладзя з малодшым братам Язэпам сунуліся чагось паўз тую хату – і заглядзеліся на немца.

– Лезьце сюды, – запрасіў той па-нямецку.

– Нямецкую Уладзя тады пачаў ужо вывучаць і крыху разумеў, ды і скласьці тое-сёе мог.

– А што вам трэба? – насьцярожыўся.

– О, вундэркінд! – усьміхнуўся немец. – Лезь, ня бойся!

Пэўна ж, Уладзю карцела ўзьлезьці на страху, але і немца пабойваўся, ды і самога Лідчыка – можа і вушы за тое нацягаць… Аднак цікавасьць перамагла, ды і не па сваёй жа волі… Заве вунь…

Адвёў ён Язэпа за плот, а сам паволі па вянках бярвёнаў і ўзьлез на страху.

Немец бліжэй падзывае – і бінокль, не зьнімаючы раменьчыка з шыі, прапаноўвае…

Душа Уладзева так і зайграла, калі зірнуў у зіхоткія лінзы… Адразу перад вачыма – як рукой працягнуць – выскачылі арэшыны, якімі пачынаўся лес. Кожны лісьцік відзён!

«Так і з печы грыбы зьбіраць можна», – падумалася. Адвёў бінокль – рэчка і млын на ёй, пад узгоркам – таямніча-страшнае, але й прыгожа-дзіўнае Рудакоўскае возера, за млынам – Доўжа люструецца, а за ім іншыя вазёры выблісквалі: Глодава, якое злучалася з Доўжай пратокай, Задзеўскае (гэта ж ужо амаль пад Паставы), а недзе там, далей па Мядзелцы, губляліся Кавалькі, Думбля, Ксяндзоўскае, Мажэйскае, – цэлая вязанка вазёраў…

«А чаму ў нас столькі вазёраў, а недзе, пішуць, іх зусім няма?», – спытаў ён неяк у бацькі. Той зірнуў сур’ёзна, пачухаў патыліцу:

«Пэўна, Бог больш нашу зямлю любіць. Бо возера – гэта ж ня толькі прыгажосьць, але і багацьце».

«А вазёры і да нас былі?»

«Былі… Яшчэ і тады, калі на гэтай зямлі і людзі не жылі».

«То навошта ж іх Бог так рана даваў? А раптам людзі не знайшлі б іх у нашых лясах?»

І тады дапамагала маці:

«Бачыш, якое неба над намі чыстае? Вазёры яшчэ і дзеля таго, каб неба ў іх ранкам магло памыцца…»

Поделиться с друзьями: