Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

У Маскве ж на пачатку лета (яшчэ пасьпеў пабачыць) распачыналіся мітынгі і хваляваньні. Рабочыя выказвалі незадаволенасьць савецкай уладай – з нагоды дарагоўлі. Некалькі цэхаў Аляксандраўскага паста нават не працавалі.

– На вёсцы прасьцей, – падахвочваў бацька. – А там, можа, і мы б да цябе перабраліся…

Уладкаваўся ён у вясковую школку, вызначыўся з планамі і задачамі – і да пачатку вучобы зноў прыехаў да бацькоў. Прывёз бульбы, мукі.

11 жніўня па ўсёй Маскве быў абвешчаны «ваенна-навучальны дзень». Усім рабочым горада належала зьявіцца на чырвоную плошчу а чацьвёртай дня. І ён напрасіўся з бацькам.

Пасьля

маршу вайскоўцаў быў мітынг. Выступалі Ленін і Троцкі. Пра што – расчуць здалёк было цяжка. А да ўсяго ўшчаўся дождж…

Леніна давялося яму пабачыць двойчы. Пасьля Чырвонай плошчы – у Аляксандраўскім народным доме а сёмай вечара 23 жніўня таго ж, 1918-га, года. Нагаварыў схадзіць туды сусед па маскоўскай кватэры, крыху старэйшы за яго рабочы Конак, шчыры, сяброўскі, вельмі набожны.

Не зважаючы на картавасьць, Ленін аказаўся выдатным аратарам: адчуваў аўдыторыю, гаварыў экспрэсіўна, апантана, і ўадначас – проста, зразумела: пра складанае ваеннае становішча – унутранае і зьнешняе. Пераконваў у перамозе. некалькі разоў прамоўцу перапынялі апладысменты...

Па дарозе дадому Конак усхвалявана тараторыў пра бальшавікоў, пра Леніна.

– Слухай, ты ж верыш у Бога? – нечакана спыніў знаёмцу Дубоўка.

– Веру… А што? – зьніякавеў той.

– А тое, што бальшавікі – злосныя бязбожнікі, яны ж не прызнаюць Хрыста.

Конак нічога не адказаў, а на другі дзень і зусім перастаў нават вітацца…

Па-праўдзе, як ставіцца да бальшавікоў і іхняга правадыра Дубоўка пакуль яшчэ і сам ня вызначыўся. Тады, слухаючы Леніна, і яму здавалася ўсё правільным і слушным. Але… Але ці правільна Леніну з Троцкім было купляць мір за кошт ягонай Беларусі?! І ці апраўдваліся паманлівай сьветлай будучыняй учарашнія, сёньняшнія сьмерці і сялян, і рабочых, і, урэшце, інтэлігентаў – у распаленых грамадзянскіх войнах?

Беглі месяцы, і на пачатку 1920 года прыйшла позва ў Чырвонае войска…

Ад Дубоўкі ў Маскву сьпяшаліся лісты.

Мама, тата, браты й Тася!

Добрага дня і здароўя зычу вам, мае дарагія. Вось ужо скончыліся шэсьць месяцаў маёй службы… Часта ўзгадваю ўсіх вас, узгадваю нашы Агароднікі. Там ужо, пэўна, высьпела жыта. І ня верыцца, што жыта ўжо тое – ня наша, не беларускае1 …

А надоечы прысьніўся мне Іван.

– Здароў, братка! – кажу яму, а ён сумна неяк зірнуў – і як не сваім голасам:

– Вось і ты сувязістам стаў…

Ён жа падчас вайны, як і я зараз, сувязістам быў, у Коўне. А потым я як на свае вочы бачыў: яго, хворага халерай… і як паляць у 1918-м ягонае цела ў тым Гур’еве… Перакажы, тата, маме2 , каб схадзіла паставіць у яго памяць сьвечку.

Мая служба нічым асаблівым не вызначаецца. Дзе цягаю катушку з дротам, дзе стаўляем слупы і нацягваем той дрот на ізалятары. Гэта ўсё падалёк ад першай лініі фронту. А то тыдзень адбудоўвалі драўляны мост.

Вось і ўсе мае клопаты. То не хвалюйцеся па мне.

Ваш Уладзімер, салдат Асобай тэлеграфна-будаўнічай роты [назва тлус­та закрэсьленая палкавым цэнзарам] Рэўваенсавета Рэспублікі.

Жнівень 1920 г.

5.

Як дабрацца да Ліхабораў, яму падказалі сябры-студэнты: цягніком да станцыі Пятроўска-Разумоўскае, а там – хвілінаў з дзесяць пешшу. А як выйшаў з цягніка, зразумеў, што ўсяго ня выпытаў: ад платформы ва

ўсе бакі разьбягаліся сьцежкі, а якая з іх да тых Ліхабораў? Заўважыў юнака ў простым, крыху камечаным пінжаку, з добрым тварам.

– Ці не падкажаш, кудой на Ліхаборы выйсьці?

Той усьміхнуўся:

– Я якраз туды. Разам пойдам, – узьняў бровы, уважліва агледзеў яго – як падалося, крыху насьцярожыўся вайсковай формы. – Выпадкам не на маёўку?

– На маёўку…

Яны спусьціліся з дарожнага насыпу ў сьвежасакавітую зяленіву прысадаў. Сонца прадапошняга дня вясны яшчэ не дабралася туды праз густыя шапкі арэшніку, і іх абдало настоенай на дзікай траве прахалодай, хмельным водарам вільготнай кары, “конскага шчаўя”, крапівы і маліньніку.

– Мяне Ўладзімерам завуць, Дубоўкам…

– Гарэцкі Гаўрыла, – падаў руку і спадарожнік.

– Ня родзіч Максіму?

– Брат.

– Ого, значыць, з Магілёўшчыны, беларус?..

– А ты дэмабілізаваўся ці яшчэ служыш?

– Крыху яшчэ засталося. У адпачынку. Бацькі мае ў Маскве цяпер…

Вёска, здалося, патанала ў сонцы – мяккім, бадзёрым. На ўскрайку, дзе невялікі ўзвышак прыціскаў да хатаў яшчэ засьнежаны пахкімі пялёсткамі сад (вясна прыпазьнілася), ужо віднеліся некалькі дзясяткаў постацяў – большасьцю студэнты Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі. У ёй вучыўся і сёньняшні Дубоўкаў спадарожнік. У Маскве ж адведваў сястру, таксама студэнтку (вёска ж Ліхаборы была непадалёк ад акадэміі).

Маёўка прымяркоўвалася чацьвёртым угодкам з дня сьмерці Максіма Багдановіча. Разам з маскоўскім студэнцтвам (беларусамі, украінцамі) запрашаліся супрацоўнікі прадстаўніцтва Беларусі ў РСФСР. З двума маскоўскімі службоўцамі на легкавіку прыехаў Сьцяпан Булат, сакратар ЦК КП(б)Б.

Гаўрыла Гарэцкі прачытаў на сустрэчы даклад аб жыцьці і творчасьці Багдановіча – хваляваўся, гаварыў больш пра журботнае, сумнае. Дубоўку ж Максімава паэзія бачылася радаснай, жыццесьцьвярджальнай, узьнёслай, а таму і не стрымаўся, папрасіў слова.

– Беларусь яшчэ доўга будзе вывучаць свайго паэта, паэта жалобнага лёсу, але аптымістычнай, сьветлай песьні… Ён быў пэвен у вялікай будучыні беларускага народа, у росквіце ягонай гаспадаркі і культуры. Як прыклад – гучыць яго верш «Летапісец», – і пачаў чытаць верш на памяць – голасна, кранальна. Затым зрабіў паўзу, перахапіў уважлівы позірк Булата, крыху зьбянтэжыўся, дастаў з кішэні гімнасьцёркі акуратна складзеную газету – і зноў абудзіўся: – Так, Максім Багдановіч верыў у сонечны лёс сваёй Бацькаўшчыны, як верыць павінны ўсе яе сыны і дочкі… Напрыканцы дазвольце прачытаць свой верш, напісаны з тымі ж настроямі, – «Сонца Беларусі», – і дэкламаваў ужо цішэй… Гэта быў ягоны паэтычны дэбют: верш за два дні да маёўкі – 28 траўня 1921 года – надрукавала газета «Савецкая Беларусь».

За Дубоўкам прамаўляў Сьцяпан Булат – пра перамогу рэвалюцыі і пачатак велічнай адбудовы краіны, пра ўдзел у гэтым будаўніцтве беларускай інтэлігенцыі і пра тое, што яе шэрагі павінны папоўніць і беларусы – выпускнікі Пятроўскай акадэміі.

Калі пачалі разыходзіцца і Дубоўка, абмяняўшыся адрасамі з Гаўрылам Гарэцкім, сабраўся назад – на станцыю, яго нечакана спыніў Сьцяпан Булат.

– То, значыць, такі ты, Бладысь Дубоўка?! (Так у «Савецкай Беларусі» быў падпісаны ягоны верш.) Бачу, да чыгункі йдзеш… Ці не ў сталіцу?

Поделиться с друзьями: