Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Ад крывіцкіх балотаў да тундраў Сыбіру,

Ад аковаў душы да цяжкіх ланцугоў, –

Ты пяяў няупынна, званіў сваёй лірай,

Заклікаў нас на родныя гоні, дамоў…

7.

Вясну зьмяніла восень. Прамежкавага – лета, здалося, і не было. На першай верасьнёўскай лекцыі 1922 года ў Пятроўска-Разумоўскай акадэміі арыштавалі ягонага сябра Гаўрылу Гарэцкага. Па фальшывым даносе маскоўскае ГПУ абвінаваціла яго ў пяцігадовай контррэвалюцыйнай дзейнасьці. Як толькі Дубоўка дачуўся пра гэта, паспрабаваў адведаць Гаўрылу, аднак начальства Бутыркі дазволу на тое не дало.

Прайшоў доўгі тыдзень. Думалася, што спакваля ва ўсім разьбяруцца, вызваляць сябра. Ажно – новая жахлівая навіна: трагічна загінула родная

сястра Гаўрылы Ганна, студэнтка Заатэхнічнага інстытута. 15 верасьня, ужо каторы раз не дамогшыся сустрэчы з братам, расчуленая і зьніякавелая, чакала трамвая – і якісь нягоднік выпхнуў яе пад колы вагона. Ганна моцна паранілася і праз тры дні, не пражыўшы на сьвеце і дваццаці гадоў, памерла ў маскоўскім шпіталі.

Яе пахавалі ў Галавінскім манастыры пры царкве (вывезьці цела на Радзіму бальшавіцкія ўлады не дазволілі). За труной ішлі дзясяткі землякоў-студэнтаў, таварышаў, а яму, наструнена-нацятаму – памятаў – тады ўпершыню захацелася ўзарвацца страшнымі праклёнамі тым, хто зьвёў іх у гэтым чужым горадзе, хто зрабіў вязьнем ягонага сябра і на кім крывавіла віна ў сьмерці гэтае беларускае дзяўчыны…

Калі напрыканцы верасьня ў Беларускім прадстаўніцтве на Малой Мікіцкай ён сустрэў Гаўрылу, адразу зьдзівіўся, а ўжо толькі як выйшлі разам на вуліцу, засталіся адны – абрадаваўся напоўніцу: значыць, і насамрэч вызвалілі…

Ён запрасіў Гаўрылу да сябе, пазнаёміў з бацькамі, – думаў, скруха ў сябравых вачах растане. А той адмовіўся нават паабедаць, крыху пасядзеў і пачаў разьвітвацца.

– Хачу яшчэ на Ганульчыну магілку зьезьдзіць, – патлумачыў.

– То і я з табой, – вызваўся Уладзімер, – пачакай… – дастаў з шафы ўкладзеныя ў газету аркушы. – Пачытай вось дарогай…

За чырвонымі манастырскімі сьценамі, пад голымі ліпамі яны доўга моўчкі ўзіраліся на жоўты грудок пад драўляным крыжам.

– Гэта я вінаваты ў яе сьмерці… – прашаптаў Гаўрыла.

– Не кажы так, ты ж добра ведаеш, праз каго так сталася.

Зноў маўчалі, пакуль Гаўрыла не разгарнуў укладзеныя ў газету аркушы. «СТРОМА. Сьветлае памяці Ганулі Гарэцкай, як вяночак на магілу ў чужыне, прысьвячаю. Аўтар», – было надрукавана на першай старонцы.

– Гэта твой зборнік? – расчуліўся Гаўрыла, і ў ягоных вачах бліснулі сьлёзы.

– Так.

– Дзякуй. Дзякуй і за яе… – абняў Дубоўку, горычна прызнаўся: – Ведаеш, я ўжо і не спадзяваўся назад вярнуцца. Мяне да высылкі рыхтавалі. А затым на допыт да Мянжынскага павялі – і вызвалілі. Пэўна, прачулі пра няшчасьце. Сваёй сьмерцю яна мяне выратавала…

Чакаючы рамізьніка, ён прачытаў увесь машынапіс Дубоўкавага зборніка – сямнаццаць вершаў, падзеленых на тры нізкі: “На чужыне”, “Летуценьні” і “Адраджэнцам” – і ўздыхнуў:

– Толькі ж як такое зараз выдаць?.. Бальшавікі ж гэтую для нас чужыну хочуць нам бацькаўшчынай зрабіць, а адраджэнцы нашы ім як костка ў горле…

– Выдадзім. Я ўжо ведаю, як, – запэўніў сябра Дубоўка.

Зімовы дзень у горадзе прачынаецца позна – і рана адыходзіць на спачын. Увесь сьветлы час Дубоўка праседжваў над кнігамі. Трашчаў за вокнамі інстытуцкай бібліятэкі мароз, а ён, накінуўшы на плечы паліто, грэючы рукі кубкам непадсалоджанай гарбаты, штудыяваў працы Берка, Канта, леціўся паэзіяй французскіх парнасцаў: Гацье, Бадлера, Банвіля, Ліля. Большасьць кніг прыносіў яму Брусаў – і на кожную даваў сваю арыгінальную анатацыю.

Уладзімера палохала беднасьць і ўласных вершаў, і ўсёй маладой беларускай паэзіі: і ў тэмах, і ў вобразна-фармальным насычэньні. Не было і сваіх крытычных прац агульнаэстэтычнага плану: большасьць зводзілася да звычайных пераказаў, расшыфроўваньня мастацкіх тэкстаў ці расповедаў пра жыцьцёвы і творчы шлях пісьменьніка.

Паланяла, прызнацца, ідэя, якая не стасавалася з думкамі аб «пралетарскай» культуры і па сутнасьці сваёй утылітарнымі ў адносінах да мастацтва высновамі бальшавіцкіх правадыроў – Троцкага і Леніна. Аднаго разу ён нават арганізаваў наконт усяго гэтага дыскусію, цытаваў і рамантыкаў Шлегеля («Паэзію можна крытыкаваць толькі з дапамогай паэзіі»), Арніма («Усё, што адбываецца ў сьвеце, адбываецца

дзеля паэзіі»), Шэлі («Паэты – непрызнаныя заканадаўцы сьвету»), – імкнучыся вывесьці ўсёчасную формулу паэзіі, знайсьці яе «aqua vitu» – «жывую ваду». Сапраўдны паэт – вышэй аднадзённых часавых зрухаў, – па-максімалісцку спрабаваў даводзіць ён, – а таму і паэзія, якая хоча перажыць сёньняшні дзень, мусіць узвысіцца над ілюстрацыйнасьцю, мусіць перастаць быць адно агітатаркай палітыкі і дзяржавы.

Большасьць сяброў «кабінета паэтыкі» яго і не зразумела, і не падтрымала. І тады ён агучыў свой апошні козыр – верш самога Брусава з цыкла «Мы»:

В мире широком, в море шумящем, Мы – гребень встающей волны, Странно и сладко жить настоящим, Предчувствием песни полны. Радуйтесь, братья, верным победам! Смотрите на даль с вышины! Нам чуждо сомненье, нам трепет неведом, – Мы – гребень встающей волны.

«Спасьцігаць далячынь можна толькі з узвышша, сімвалічную далячынь – з сімвалічнага узвышша», – гаварыў ён, аднак у той вечар адзінадушша так і не было выяўлена, без агаворак не падтрымаў яго і сам Брусаў. Брусаў, які з дваццаць гадоў таму, яшчэ гімназістам, зачытваўся тымі ж французскімі парнасцамі, перакладаў Верлена, Бадлера, Малармэ, Рэмбо, складаў і выдаваў іхнія вершаваныя нізкі як «хрэстаматыі паэтычных узораў».

Назаўтра Брусаў прынёс яму кнігу Пляханава і параіў прачытаць артыкул «Мастацтва і грамадскае жыцьцё» – якраз на тэму іхняй дыскусіі.

Эстэтычныя рознагалосьсі ў мастацтве Пляханаў тлумачыў класавай барацьбой, што – на Дубоўкаў неўтаймоўны розум – аніяк не магло раскрыць уласна-мастацкіх таямніцаў. Ён бачыў, вывучаючы працу рэвалюцыйнага марксіста, пэўную аднабаковасьць, зацыкленасьць. Неадназначна ўспрымаў высновы – кшталту: «Склонность художников … к искусству для искусства возникает на почве безнадёжного разлада их с окружающей их общественной средой». Цалкам падтрымаў толькі адно: «…всякая данная политическая власть всегда предпочитает утилитарный взгляд на искусство… Да оно и понятно: в её интересах направить все идеологии на служение тому делу, которому она сама служит».

Пляханаву ён быў удзячны за іншае – за мноства цытатаў, недасяжных яму (бо ня мог свабодна чытаць па-французску ці па-нямецку). А тут, у цытатах, амаль рэзюмэ тога недасяжнага. З Тэафіля Гацье, які аспрэчваў абаронцаў утылітарных поглядаў на мастацтва: «Нет, глупцы, нет, зобастые кретины, из книги нельзя приготовить желатиновый суп, из романа – пару сапог без швов… Нет и двести тысяч раз нет…», з Лекона дэ Ліля, Тэадора дэ Банвіля, Лапрада…

Ня мог ён зразумець і логікі марксістаў ад мастацтва, якія крытыкавалі «буржуа», узвышалі пралетарыяў – а самі, як той жа Пляханаў, ці Горкі, жылі ў сонечных сан-Рэмо ці Капры і былі, па сутнасьці, тымі ж «буржуа». А таму высновы бацькі-чыгуначніка былі яму больш блізкімі, карыснымі. Да ўсяго з цяжкасьцю ўспрымаў ён і стыль пляханаўскай працы – стыль хутчэй эканаміста, фінансіста, а ня знаўцы мастацтва. Куды больш арганічным бачыўся Дубоўку стыль артыкулаў Бялінскага – эсэістычны, узьвеўны: «…терпи гонения злых, ешь хлеб, смоченный слезами, и не своди задумчивого взора с прекрасного, родного тебе неба»…

…А лекавалі ўсьнежаныя вулкі старой Масквы, абклеены сьлюдзяніста-цукровым ільдом парк за інстытуцкім будынкам, згадкі пра сонныя цяпер родныя вазёры – і прадчуваньні новай вясны, пра якую яму першымі паведамяць маладыя салаўі ў пухматых бэзавых прысадах на Малой Грузінскай.

Вясна прынесла, да ўсяго, і новыя знаёмствы, новыя сустрэчы. У сакавіку ён атрымаў з ужо далёкай Вільні дзесяць экзэмпляраў свайго першага зборніка «Строма» (дапамаглі ў выданьні супрацоўнікі тамтэйшай газеты «Наша Будучыня»; машынапіс «Стромы» праз савецка-польскую мяжу быў перавезены нелегальна). Падпісаў некалькі кніг сябрам, Брусаву, асобнік падараваў інстытуцкай бібліятэцы.

Поделиться с друзьями: