Круг
Шрифт:
– Туды.
– У нас якраз адно месца вольнае. Можам падвезьці…
Па дарозе Булат распытваў пра службу, бацькоў, чым думае займацца пасьля войска. Расказаў, што год назад сам узначальваў рэдакцыю «Савецкай Беларусі». А пры разьвітаньні паабяцаў, моцна ціснучы руку, паспрыяць у далейшай вучобе, абнечаканіў:
– Табе ў інстытут трэба, а не ў казарму. Прыйдзі заўтра, я тут яшчэ затрымаюся, то зраблю хадайніцтва, – і прыязна ўсьміхнуўся.
– Дзякуй…
Пасьля той сустрэчы Дубоўка праслужыў толькі да паловы лета – і дэмабілізаваўся. З лістом ад Булата без перашкодаў уладкаваўся інсьпектарам беларускіх школ Народнага камісарыята асьветы РСФСР і – праз некалькі тыдняў – паступіў у Вышэйшы літаратурна-мастацкі
6.
Па навуку зьявіўся ў сталіцу
чырвонаармеец-салдат.
Гэта быў для яго новы сьвет: таямнічы, вабны, чаканы яшчэ з маленства – ад ласкавых матчыных песьняў і хмельных дзедавых легендаў. І сьвет той, здавалася, паўставаў бязьмежным, багата-чароўным – аж да немарасьці…
У літаратурна-мастацкім інстытуце пад старшынствам Брусава адкрыўся «кабінет паэтыкі», і ягоным навуковым сакратаром абралі Дубоўку, пра якога ўжо ведалі як пра паэта-пачаткоўца.
Яны імкнуліся ператварыць «кабінет паэтыкі», па сутнасьці – паэтычны семінар, у навукова-дасьледчы асяродак. Кожны са студэнтаў распрацоўваў сваю тэму, рабіў паведамленьні ці даклады, вяліся абмеркаваньні-спрэчкі, якія дыпламатычна і аўтарытэтна падрахоўваў сам Валерый Якаўлевіч.
Вялікую адказнасьць адчуваў і ён, навуковы сакратар. І яшчэ большай была прага выведаць, вывучыць і адкрыць усе таямніцы гэтага новага сьвету, паэтычнага сьвету. За ноч ён праштудыяваў працу Брусава «Наука о стихе», зачытваўся яго таленавітымі стылёвымі перайманьнямі паэзій старажытнага Егіпту:
Я был, как лев, рождённый в пустыне, около оаза Хибиса, в зарослях, Я стоял на колеснице позлащённой, как статуя бога на подножии своём…; персідскіх газэляў: В ту ночь нам птицы пели, как серебром звеня, С тобой мы были рядом, и ты любил меня…; японскіх танка: В синеве пруда Белый аист отражён; Миг – и нет следа. Твой же образ заключён В бедном сердце навсегда;італьянскіх санэтаў, французскіх віланэляў, англійскіх балад, латвійскіх народных песьняў…
Зачытваўся – і адчуваў, што павінен увекавечыць сваё: беларускае, вазёрнае. Спрабаваў – і рваў пачынаньні, супакойваўся, пісаў наноў – і зноў пакуты.
Зьмены настрояў у ім адразу ж заўважыў Брусаў. Разгаварыўшы, супакоіў:
– Гэта правільна. Горш было б, калі цябе б скарыў спакой. Не адчайвайся. Яно прыйдзе, калі і сам не чакацьмеш… – і пачаў распытваць пра бацькоў, пра далёкую беларускую вёску, вазёры… І пацэліў у самае жывое, балючае, і расчуліў, і ўзбухторыў…
– Ведаеце, якая там зараз прыгажосьць?! Бярозы сокам наліліся, а вазёры блакітам фарбуюцца, пад лета – як неба стануць. Хочацца зноў статак да рэчкі падагнаць, сьцішыцца і слухаць хвалі… Ці як перашэптваюцца з ветрам нашы васількі… – залетуценіў Дубоўка, а затым нечакана падагульніў: – Цяпер усе алілую сьпяваюць бальшавікам. А што сьпяваць мне, у каго тыя бальшавікі адабралі Бацькаўшчыну – і вазёры яшчэ прадзедавы, і васількі, і вецер над імі. Адрэзалі нашу поўнач Літве, у саміх беларусаў не спытаўшыся, а захад Беларусі падарылі Польшчы… Дык што мне застаецца – Радзіма-сусьвет?! Дык дзе ж яна?
– Ну… Гэта часова, пакуль рэвалюцыя ў сілу ўбярэцца, –
парыраваў Брусаў.– Як жа… Калі ўбярэцца… Заўтра, 25 сакавіка, будзе чатыры гады, як беларусы на зьезьдзе абвесьцілі сваю Народную рэспубліку, а бальшавікі той зьезд разагналі, арыштавалі нацыянальных дзеячоў. А вы кажаце, калі ў сілу… Вось тут я напісаў, пра што мне балела, – і перадаў Брусаву ўжо аддрукаваны на машынцы верш «Малітва ўцекача» – балючае апісаньне сваёй панішчанай Радзімы, дзе ладзяць «зьлёт груганы», гімн-сірвенту, замову-літанію.
Нічога тады, прачытаўшы верш, не адказаў яму Брусаў, папрасіў толькі патлумачыць сэнс слова «груганы», кіўнуў галавой, прыгладзіў і без таго акуратна-сьнежную бародку – і маўчаў. А праз хвілю хтось яго паклікаў з кабінету…
Пра тое, што думалася тады Брусаву, Дубоўка даведаецца пазьней, – прачытаўшы яго верш «Над картой Европы», напісаны праз два дні пасьля іхняй сустрэчы:
Встарь исчерченная карта Блещет в красках новизны… Где мечты? Везде пределы, Каждый с каждым снова враг; Голубь мира поседелый Брошен был весной в овраг… І – як прычына тога нечаканага маўчаньня: Это – Крон седобородый Говорит веками нам: Суждено спаять народы Только красным знаменам.Прыкладна ў той жа час, пасьля іхняй гутаркі, Брусаў згадаў у сваім вершы і ягоныя васількі, як, пэўна ж, і яго самога!
Любы глазу родные привычки, – Он просторы вдыхал не всегда ль! И так хочется взять в ковычки «Нивы», «небо» и «даль». У реки замлелое стадо, Василёк на крутой борозде… Какая пустая бутада, Говорить, что отчизна везде! Пой, семья мировая, Победительный гимн труда! Но каждый, незабудку срывая, Не забудет родного пруда!..…А ў яго аніяк не атрымліваліся насьледаваньні з далёкіх персідскіх ці японскіх песьнясьпеваў: складалася тужлівае, журботнае сваё, ад чаго не было адхланьня, паратунку, забыцьця…
Хоць і пачыналася вясна, але вясна чужая, далёкая – выказаная ім у вершы «Вясна на чужыне»; а да ўсяго трызьнілася-летуценілася штось містычнае, акрытае павалокай злоснай казачнасьці і ў змрочных подумках урэальненае – як у вершы «Здані» («Вецер косы ночы расплёў…»), як у вершы «Ноч наплакалі бярозы…», як у «Імжы»:
Імжа, і склізота, і прыкрая золь За скрогатам ветру – навалай. У чмарнасьць убралася сьветлая столь, Блакіт ад зямлі адарвала…Радавалі толькі сустрэчы з сябрамі-землякамі. У Маскве склалася цэлае згуртаваньне студэнтаў-беларусаў. Яны адкрылі свой «Беларускі Клуб», дзе чыталі лекцыі, ладзілі вечарыны.
2 красавіка 1922 года ўрачыста адзначылі ўгодкі з дня сьмерці Алеся Гаруна, апантанага змагара за незалежную будучыню Беларусі і таленавітага паэта. Адмыслова да той сустрэчы Дубоўка напісаў верш, у якім – зноў жа – абудзіліся згадкі пра родныя гоні, і прачытаў яго з прысьвячэньнем: «На сьвята Алеся Гаруна – у Маскве…»: