Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Адно ня ведаў ён тады, што вайна ня толькі выгнала з вёскі вірлавокага ўрадніка, але і разагнала па сьвеце некаторых супрацоўнікаў «Нашай Нівы». Як ня ведаў, што вайна, якая так хутка дакацілася і да гэтых вазёрных мясьцін і нахабна выпхнула яго сям’ю са сваёй хаты ў гэту зямлянку, забярэ жыцьцё глухога Укашчыка-Нямакалі (снарад адшчэпіць палову ягонай хаты, праб’е печ і пахавае ў друзе нябогу), – і яшчэ з тыдзень пратрымае іх у тым схове-падзем’і, і ім абрыдне страшная боўтанка з вады і мукі – страва апошніх дзён, і хата пасьля доўгага тыдня ўявіцца ім ня горай княскага палаца. Як ня ведаў і аб тым, што ажно да самай Масквы давядзе тая вайна і ягоных бацькоў, і яго

самога.

А як не хацецьмецца яму ехаць у незнаёмы Невель, куды – з Новай Вілейкі – перабярэцца ягоная настаўніцкая семінарыя! Ды настоіць бацька:

– Нельга, сыне, перарываць навуку… Ды і спакайней так будзе.

І ён, калі бацька пачне запрагаць каня, каб адвезьці сына на далёкую станцыю Парафіянава (усе бліжэйшыя занялі немцы), ледзь ня пусьціць сьлязу, а калі, разьвітаўшыся, яны рушаць, – як жывую стане шкада і хату, якая, убачыць, нашмат пастарэла за апошнія гады – як і маці.

Штось незваротна-болеснае не пакідала яго і тады, калі ён – з горам папалам улаштаваўшыся на платформу спаленага цягніка – ехаў да Полацка (каб не зваліўся, ня трапіў пад колы, бацька прывязаў сына вяроўкай да жалезнай стойкі – паказаўшы, як можна лёгка расшморгнуць вузел), – і ў завываньнях ветру, які – як на тое – пачаў даносіць блізкія подыхі сьнежнай халепы, і ў цяжкім ляскатаньні-скрыпе рэек яму адкрывалася непапраўна-наканаванае: расстаньне гэтае – надоўга…

4.

Цягнік спыніўся і, пыхкаючы парай, ціха прасіпеў – нібы папярэджваючы горад аб сваім прыезьдзе. Вясна аддальвалася, нечакана падскочыў мароз, і большасьць пасажыраў торапка ўзьдзявалі на сябе хто стары кажух, хто – шыкоўнае футра. Ён жа сядзеў каля вакна, ад якога дзьмула злосным сіверам, а таму й ня скідваў свайго семінарскага шыняля-палітончыка з навязаным на каўнер башлыком – і цяпер, сьцягнуўшы з паліцы свой баульчык, дайшоў да выхада першым. Саскочыў з вагоннай падножкі на яшчэ пусты перон – а тут і бацька. Абняў, «Ну, нарэшце!» – выдыхнуў (цягнік спазьніўся на некалькі гадзін).

Яны перацыбалі рэйкі, праціснуліся паміж двума таварнякамі і апынуліся на «панадворках» Курскага вакзала. Так і пачалося ягонае знаёмства з Масквой.

Вунь там маё дэпо, Аляксандраўскі пост, – паказаў бацька на аграмадную, як стадола, цэментную будыніну і пачаў распытваць пра здароўе, вучобу. Правільней, пра яе заканчэньне, бо сын ужо меў у сваім баульчыку атэстат вясковага настаўніка, а семінарскія гады (ён, сын, адчуў гэта яскрава вось зараз) заставаліся ў мінулым, хоць і блізкім, але незваротным… І, па-праўдзе, у гэты лютаўскі дзень 1918 года хацеў апынуцца не на гэтым халодным маскоўскім вакзале, а ў сваёй хаце ў Агародніках, і каб там яго сустракаў і бацька, і маці з меншымі братамі.

– Узмужнеў, але й пахудзеў… – падрахаваў бацька, а ён зьдзівіўся: наадварот жа, здавалася, раздабрэў, асабліва пасьля таго, як у Невелі пачаў кватараваць у бязьдзетнай жонкі пазалотніка – гаспадыня ахвотна згадзі­лася гатаваць і абед, і вячэру…

– Вылюднеў, кавалерам стаў… – гэта зноў бацька.

А ён на тое адно ўсьміхнуўся. «Як жа, кавалер, – падумаў, – памялом нават частаваны…»

Гэта было ўжо з паўгода таму, пасьля семінарскага вечара. Чыталі вершы, сьпявалі, танцавалі. Дырэктар запрасіў і гімназістак, а па заканчэньні – цёмным восеньскім вечарам – наказаў вучням правесьці дзяўчат дамоў.

Ягоную спадабанку звалі Ленай. Хударлявы, але з румянцам твар, тонкі носік… А прозьвішча якое мела! Багдановіч! Пазнаёміўся яшчэ на пачатку вечара, разам і таньчылі, а пазьней дапамог ёй апрануць паліто – і па дарозе (васьміхвілінны шлях адолелі

толькі праз паўгадзіны) гаварылі пра ўсё: пра настаўнікаў і сяброў, вучобу, нават пра каханьне. Узышоўшы на ганак, ён ужо высьпеў быў да пацалунка… як на яго, «кавалера», і апусьцілася тое памяло…

– Ах вы саплівікі, абдымацца?!

Гэта была Леніна маці, якую ня ўлітасьцівілі нават ягоныя тлумачэньні пра дырэктараў наказ.

– Дам і твайму дырэктару, – сказала гнеўна, але, як ён пасьпеў заўважыць, усьміхнулася.

З Ленай ён сустракаўся і потым, пасябраваў і з ейнай маці. Учора зранку нават бегаў да іх разьвітацца – у невялікую хату непадалёк ад вакзала, з якога ён у Маскву і прыехаў.

…– Ну як вы тут? – спытаў Уладзімер. Бацька як не весяліўся, выглядаў хмурым.

– Ды нічога… Месяц брыгадай стараліся, а ледзь на трыста рублёў зрабілі. Месяц назад чатырыста атрымалі. На майстра штось найшло: дае рамантаваць горшыя вагоны, лепшыя, пэўна, знаёмым падводзіць… Аднак не паскардзішся: табе работу абяцаў. А сёньня адгул папрасіў… – бацька ўздыхнуў і ўсё ж ня вытрымаў: – Вось так. Улада, як запэўніваюць, працоўных, ды рабочым ані на каліва не лягчэй. Былі батракамі і засталіся, як раней рабавалі, так і цяпер дзяруць… Ды што ж рабіць: немец, кажуць, Менск заняў.

І вось – іхняя маскоўская кватэра. На адзін вялікі пакой, трыма вокнамі – у ціхі дворык. Няроўнымі вагоннымі дошкамі бацька адгарадзіў «кухню». Самаробную сьценку абклеілі газетамі. Каля вакна – «буржуйка» (бацька зрабіў яе з жалезнай бочкі). Цяпер такая печка грэла жытло. На яе паставілі разаграваць кашу.

– Вось так, Уладка, і жывём. Адно, дзякаваць Богу, не хварэем. І далей не паехаць: вайна за вайною… – наболены голас маці.

– А дорага кватэру наймаць? – пацікавіўся сын.

Адказаў бацька:

– Ды не, наша ў сорак рублёў абыходзіцца, адно сорамна гаспадыні ў вочы глядзець… Раней жа ёй плацілі, а цяпер – у гэтае казначэйства…

Дэкрэтам народных камісараў яшчэ ў сьнежні 1917-га была «адменена» прыватная ўласнасьць. Уся маёмасьць, якая пераўзыходзіла 25 000 рублёў, абвяшчалася народнай, і кватэранаймальнікі мусілі плаціць не гаспадарам, а дзяржаве. За невыкананьне ж дэкрэта пагражалі тры месяцы турмы ці штраф ажно на 3 000 рублёў.

– Даражэй крыху, чым некаторыя плоцяць, затое ж прасторная, без клапоў.

Пакуль гаварылі, маці выставіла на стол кансервы, хлеб, масла – прызапасіла, каб пачаставаць сына.

Прачнуўся ён яшчэ перад раньнем – ад холаду. Распаліў «буржуйку», адагрэўся. З кватэры выйшаў разам з бацькам: бацька – на працу, ён – пазнаёміцца з горадам. Пехам – да Сухаравай вежы. Агледзеў невялікі кірмаш. Затым сеў на трамвай і вывучаў Маскву праз намерзлае шкло: Тэатральная плошча, гарадская Дума, гатэль «Метраполь», каменныя дамы, шэрыя сьцены з паадбіванай атынкоўкай: месцы ад куль, сьведкі пра барацьбу з чорнай сотняй і контррэвалюцыяй. Дахі дамоў, тратуары – у маладым сьнезе…

Так і праехаў за восемдзесят капеек усю Маскву – у два бакі.

Некалькі месяцаў ён працаваў з бацькам. Разам абсталёўвалі звычайныя цягнікі пад вайсковыя. Работа доўжылася з васьмі раніцы да чатырох дня. Абедалі ў дэпоўскай сталоўцы. За рубель трыццаць капеек – капуста і грэчневая каша бяз хлеба.

Адвячоркам жа сядаў за кнігі – рыхтаваўся паступаць у Маскоўскі універсітэт. Ажно правучыцца там ня лёсіла: праз два месяцы ад матэрыяльнай нястачы (страшэнна ўсё падарожала: за пуд мукі трэба было плаціць дзьвесьце пяцьдзесят рублёў) мусіў кінуць свой гісторыка-філалагічны факультэт і па прапанове тульскага школьнага інсьпектара паехаў настаўнічаць у Навасільскі павет.

Поделиться с друзьями: