Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Крыніцы

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Рая пачула ўсплёск, павярнулася i ўбачыла ў рэчцы хвалі-кругі, тлустыя плямы ды Алёшаву запэцканую ў мазуце кепку. Крык спалоху i жудасці вырваўся з яе грудзей.

Арэшкін i настаўніца, якія адышлі ўжо даволі далёка, спыніліся i крычалі:

— Ра-а-я! Што-о там?

Але яна не магла вымавіць слова, яна не зводзіла вачэй з ракі, дзе кружылася кепка. Ды раптам ля другога берага плеснула вада i вынырнула галава Алёшы. Ён фыркнуў i схапіўся рукамі за галлё ракіты, што нахілілася над самай рэчкай, падцягнуўся; з яго майкі i штаноў сцякала вада.

Тады Раіса зарагатала i кінулася бегчы да тых, хто яе чакаў.

Алёша пачуў гэты рогат i, вылезшы на бераг, зноў бязлітасна

лаяў сябе. Дурань, дурань! Хлапчук! Ён уяўляў, як Рая расказвае, што ён кінуўся ў рэчку, Арэшкіну i незнаёмай настаўніцы, i згараў ад сораму.

З такімі пачуццямі ён увайшоў у лес, скінуў вопратку, каб прасушыць, і, лежачы ў адных трусах, каяўся, што пачаў размову з Раяй.

Аднак усе гэтыя перажыванні не перашкодзілі яму заснуць, i ён гадзіны дзве смачна паспаў на санцапёку. Прачнуўся з палёгкай на душы, быдцам у сне ўсё забылася. Сонца зрушыла з паўдня, паляну закрывалі цені ад магутных дубоў, пад якімі ён ляжаў. Дубы стаялі маўклівыя, паважныя, ні адзін лісток не трапятаўся на ix. Было душна, парыла зямля, шчодра напоеная ўчарашнім дажджом. Стукаў дзяцел. Не давалі спакою мухі.

Раптам Алёша пачуў стракатанне камбайна. У яго закалацілася сэрца. Усё скончана, нехта іншы працуе на яго машыне, а яго больш i блізка не падпусцяць. «Што я нарабіў?»

Ён адзеўся, выйшаў на ўзлесак, да рэчкі, але далей не пайшоў: саромеўся сустрэцда з людзьмі.

Камбайн сціх — i неўзабаве Алёша пачуў каля рэчкі голас брата. Сяргей клікаў яго. У хлопца адлягло ад сэрца: значыцца, працаваў не хто іншы, як Сяргей, і, безумоўна, адрамантаваў камбайн, інакш не шукаў бы яго, Алёшу. Яму хацелася кінуцца насустрач брату. Але ён стрымаўся, толькі выйшаў з лесу i, прайшоўшы па лузе так, каб Сяргей убачыў яго, лёг пад кустом.

Брат падышоў з нейкім незнаемым. Невысокі, з хударлявым тварам, з выразнымі рысамі i гэткімі ж выразнымі чорнымі вачамі, якія на першы погляд здаваліся суровымі i калючымі, чалавек гэты пранікліва i пільна прыглядаўся да ўсяго навакольнага. Алёшу падумалася, што гэта яшчэ адзін карэспандэнт, ужо з якой-небудзь сталічнай газеты.

— Калі ласка, я так i ведаў, што ён дзе-небудзь вылежваецца i ў вус не дзьме! А я ляцеў з Крыўцоў, ледзь галаву не скруціў,— з абурэннем сказаў Сяргей, паказваючы свайму спадарожніку на Аляксея. — Работнічкі! На пяць хвілін рамонту, а яны ўвесь раён на ногі ўзнялі… палітыку развялі…

Алёша маўчаў. Яны селі на траву побач з ім. Незнаемы, хораша ўсміхаючыся, разглядаў братоў, як бы параўноўваючы ix, i вочы яго пацяплелі i не здаваліся такімі калючымі. Сяргей хоць i абураўся, але таксама з цікавасцю глядзеў на Алёшу, быццам не бачыў яго год. Дагэтуль ён лічыў Алёшу хлапчуком, ціхім, сціплым, які нават на малодшых за сябе рэдка павышаў голас. І раптам хлагічук гэты паказаў такія зубы. «Мацюком, сукін сын», — успомніў ён, як абураўся галоўны механік. Сяргей у душы быў здаволены, што Баранаў праглынуў такую пілюлю — так яму i трэба, расцяпе! Але як гэты хлапчук, яго брат, адважыўся так паводзіць сябе з дарослымі? Дараваць яму нельга!

— Ты, брат, аказваецца, афрыканец. Ого! Я i не прыкмеціў, калі ты вырас такі… Ты хутка ўсіх пашлеш… Пасаромеўся б! Вучань!.. Малако на губах не абсохла!.. Вось папрашу бацьку, каб ён паказаў табе, дзе ракі зімуюць.

Алёшу не хацелася апраўдвацца, але i слухаць было непрыемна, сорамна пры чужым чалавеку. Як бы перавесці размову на іншае? Пра што б гэта ў Сяргея спытаць? І раптам успомніліся карэспандэнты. Алёша лёг на спіну, смачна пацягнуўся i, усміхаючыся, нечакана сказаў:

— Ты, Сярожа, лепш скажы, калі ты ажэнішся з Наталляй Пятроўнай.

Сяргей папярхнуўся словам, збянтэжыўся

да смешнага, пачаў заікацца:

— Ты-ы л-лайдак… балб-батун!

І раптам ці знарок, ці, можа, для таго, каб схаваць сваю збянтэжанасць, Сяргей павярнуўся i сказаў:

— Пазнаёмся вось лепш… Новы дырэктар нашай школы — Міхась Кірылавіч…

Алёша падхапіўся, быццам яго ўкалолі ці прыпяклі, стаў на калені i заліўся чырванню, не ведаючы, што рабіць, як знаёміцца, як пасля ўсяго, што дырэктар ведае, што пачуў тут, глядзець яму ў вочы. Якая суровая кара за ўсе яго сённяшнія ўчынкі!

Лемяшэвіч хітра ўсміхнуўся, відаць, усё зразумеўшы.

— Нічога, Аляксей. Але ад камбайна ты збег дарэмна. Тут уласнаму прынцыпу не месца, справа грамадская.

— Я… наганю, — ціха, па-вучнёўску апусціўшы вочы, паабяцаў Алёша.

— Міхась Кірылавіч будзе сталавацца ў нас, — сказаў Сяргей, каб дапоўніць знаёмства.

6

Лемяшэвіч ніколі не думаў, што так многа розных спраў у дырэктара школы.

Праўда, Арэшкін неяк сказаў, што новы дырэктар сам выдумляе сабе работу. Напрыклад, з рамонтам. Школа адрамантавана. Што трэба яшчэ? Але Лемяшэвіч забракаваў увесь папярэдні рамонт i даў звесткі ў райана i аблана, што школа не адрамантавана. Звесткі гэтыя ўсіх перапалохалі: сярэдзіна жніўня, а адна з буйнейшых школ раёна не адрамантавана! Правал! Прыязджала камісія. Доўга хадзілі, круцілі насамі i былі схільны заключыць, што школа адрамантавана. Лемяшэвіч злаваўся.

— Які ж гэта рамонт? Да якога часу мы будзем трымаць у такім стане нашы школы i клубы? Не першыя ж гэта пасляваенныя гады! Таварышы! Хопіць прыбядняцца! Школа — культурны цэнтр на сяле, i яна павінна быць узорам для ўсіх іншых устаноў… А ад таго, што яна вось гэткі «ўзор», паглядзіце, у якім стане калгасны клуб! Ганьба i сорам! І гэта ў вёсцы, дзе ёсць электрычнасць, радыё!.. Або я зламаю ўласную галаву, або зламаю такія адносіны…

Ён выказаўся знарок гэтак злосна, рашуча: пры аглядзе прысутнічаў старшыня райвыканкома Валатовіч, ціхі, непрыкметны чалавек. Ён i тут трымаўся непрыкметна: хадзіў ззаду, разглядваў усё ўважліва i доўга. І раптам, на здзіўленне аднаго Лемяшэвіча, старшыня райвыканкома падтрымаў новага дырэктара. Ён пачаў гаварыць, адкалупваючы ў калідоры ад сцяны зацвярдзелыя нацёкі нейкай едкай карычневай фарбы:

— У Чэхава недзе сказана… Не помню, у якой рэчы, — ціха сказаў Валатовіч, i ўсс спыніліся i павярнуліся да яго, бо ўсіх зацікавіла, пра што сказана ў Чэхава: няўжо пра гэтыя сцены? — Даслоўна не помню, але прыкладна… Пра настрой студэнтаў… Настрой гэты залежыць ад навакольных абсгавін, i таму студэнт на кожным кроку, дзе ён вучыцца, павінен бачыць толькі высокае, прыгожае, моцнае… Не дай Божа бачыць яму разбітыя шыбы, паламаныя дзверы i вось гэткія сцены. — Ён тыркнуў пальцам у сцяну. — Гэта аб студэнтах, a калі перанесці на вучняў, на дзяцей… Як i настрой будзе ў ix? Таварышы педагогі!..

У Лемяшэвіча з'явілася жаданне адказаць на гэта: а дзе вы былі раней, гаспадар раёна? Чаму вы дагэтуль не бачылі? Але Валатовіч глядзеў такімі добрымі вачамі, як бы чакаў падтрымкі, што ў Лемяшэвіча не хапіла рашучасці адказаць дзёрзка; ёсць людзі, з якімі нельга быць дзёрзкім ці грубым.

Прадстаўнік аблана, старшыня камісіі, развёў рукамі:

— Калі гаспадар раёна такой думкі, то — калі ласка — рамантуйце, воля ваша, грошы вашы… Абы ўсё было гатова да навучальнага года.

— Ох, грошы, грошы! — уздыхнуў Валатовіч. — Грошай няма. Але нічога, таварыш Лемяшэвіч, ламайце i рабіце як трэба. Падгрымаем!

Поделиться с друзьями: