Крыніцы
Шрифт:
— Вы мяне крыўдзіце, Даніла Платонавіч, — сказаў ён, абражаны.
— Што ж мы стаім? Сядзем, — гасцінна запрасіў раптам гаспадар i першы накіраваўся да Лаўкі, што стаяла з ценевага боку будынка. Сеўшы, Шаблюк сказаў, відаць, адказваючы Арэшкіну: — Я крыху старэйшы за вас.
Перад тварамі закружылася, зазвінела пчала. Арэшкін спалохана замахаў рукамі.
А стары павольна правёў рукой у паветры, ласкава сказаў:
— Пайшла, дурніца. — І пчала, нібы пачуўшы голас гаспадара, паслухмяна адляцела.
Даніла Платонавіч спытаў, ці жанаты Лемяшэвіч, і, калі той адказаў: «не!», нездаволена паківаў галавой.
— Позна жэніцца наша моладзь. Дрэнна. Майму старэйшаму сыну пяцьдзесят
— А я з рэкамендацыйным пісьмом ад Жураўскіх. Дарэчы, вам прывітанне ад ix.
— Дзякую, дзякую. Даша — мая вучаніца. Дзе толькі няма маіх вучняў! — У голасе яго прагучала гордасць.
Пагаварылі яшчэ пра сёе-тое, але сапраўды шчырай размовы не атрымлівалася, адчувалі сябе як пасажыры, што пазнаёміліся ў чаканні поезда. Арэшкін нецярпліва круціўся на лаве, чакаючы зручнага моманту, каб развітадда. Ды, мусіць, i гаспадар таксама быў не супроць таго, каб хутчэй выправадзіць нязваных гасцей: ён не тушыў дымар, а нават разы два націснуў на мех, выпусціўшы на Арэшкіна клубы белага пахучага дыму. Але Лемяшэвіч i не думаў ісці, не сказаўшы галоўнага.
Скарыстаўшы паўзу, ён ціха папрасіў:
— Дазвольце мне, Даніла Платонавіч, расказаць адзін эпізод з маёй кароткай біяграфіі. Ведаеце, сядзеў, прыгадаў i вельмі захацелася расказаць…
Арэшкін зморшчыўся, нібы яму ціснуў чаравік.
Шаблюк крыху здзіўлена, аднак зацікаўлена паглядзеў на маладога дырэктара.
— У маі сорак трэцяга года адна партызанская брыгада была блакіравана каля Дняпра. Другая ішла ёй на дапамогу. Але недалёка ад вашых мясцін, у раёне Глінішча, немцы навязалі нам бой. Сілы карнікаў былі моцныя, i бой зацягнуўся. Тады камандаванне зрабіла манеўр: пакінуўшы заслон, нечакана павярнула галоўныя сілы брыгады ў другім кірунку. Але, змяніўшы маршрут, атрады трапілі ў незнаёмыя балоты. Трэба было разведаць дарогу, знайсці правадніка. Паслалі разведку, невялікі конны атрад, у якім, дарэчы, знаходзіўся i ваш пакорны слуга. ПІ карце i па расказах жыхароў нам належала прайсці непраходнае балота, якое цягнулася на некалькі кіламетраў. Але з двухгадовага вопыту мы ведалі, што непраходных балот няма. Добры мясцовы праваднік — i любое балота будзе пройдзена. Пачалі шукаць такога правадніка… Веска, як я помню, называлася Замосце… — Лемяшэвіч расказваў роўна, ні на кога не гледзячы, але ў гэтым месцы не стрымаўся — зірнуў на Шаблюка.
Стары сядзеў моўчкі i глядзеў у глыб саду. Арэшкін пазяхнуў.
— Мы выбілі з вёскі атрад паліцэйскіх… Гэта, як ведаеце, найлепшы сродак даказаць сялянам, запалоханым правакацыямі, што мы сапраўдныя савецкія партызаны. Пасля такой аперацыі няцяжка знайсці сувязных мясцовых атрадаў. Сувязныя ж у Замосці аказаліся ўсе людзьмі камсамольскага ўзросту i балота не ведалі, але ўсе яны, у адзін голас, заявілі нам: правесці цераз балота можа толькі адзін чалавек — ix стары настаўнік. Мы пайшлі да яго. Настаўнік быў не адзін — у яго гасцяваў стары сябра, з якім яны год сорак назад пачыналі свой жыццёвы шлях. Адным словам, настаўнікі правялі нас да самага Дняпра, кіламетраў пяцьдзесят… І як правялі! Абвёўшы ўсе варожыя заслоны, усе апорныя пункты. Адлегласць гэтую мы прайшлі за суткі, i нашы праваднікі былі ўвесь час наперадзе.
Даніла Платонавіч раптам палажыў сваю далонь на руку Лемяшэвіча, усміхнуўся ласкава, збянтэжана.
— Хопіць. Далей нецікава.
Міхась Кірылавіч у сваю чаргу з удзячнасцю сціснуў руку старога.
— Так, далей нецікава. Я толькі дадам адну дэталь… Пасля мы даведаліся, што абодва настаўнікі —
сувязныя брыгады, якой мы памаглі разарваць блакаду i разграміць карнікаў.Падхапіўся Арэшкін, ажно перакуліў дымар.
— Даніла Платонавіч! Ды вы герой, аказваецца! А маўчалі… Ай-яй, як нядобра! А? Жылі разам, працавалі. А вы маўчалі… Ды пра вас паэмы трэба пісаць.
Шаблюк падняў дымар і, старанна расціраючы нагой вугальчыкі, нездаволена бурчаў:
— Якія там паэмы! Ды i не вам ix пісаць! — І весела звярнуўся да Лемяшэвіча: — Хадзем, я вас мядовай брагай пачастую. Пітво, я вам скажу, царскае, па даўняму рускаму рэдэпту.
Цераз дзень Шаблюк прыйшоў у школу i адзін на адзін папрасіў:
— Не магу, Міхась Кірылавіч, быць у адстаўцы. Кінуў працу, бо абурыўся супроць непарадку. А цяпер не магу — цягне ў школу, у калектыў. Вам павінна быць зразумела…
Лемяшэвіч узрадаваўся: аб такім педагогу, які выхоўваў бы не толькі дзяцей, але i яго, маладога дырэктара, i служыў бы прыкладам для ўсяго настаўніцкага калектыву, ён марыў яшчэ тады, калі ўпершыню пачуў ад Жураўскіх пра старога. Прыехаўшы, ён шчыра цжадаваў, што Шаблюк пакінуў школу. Ён хацеў нават было сам папрасіць Данілу Платонавіча', каб той вярнуўся ў школу, але ўсё не адважваўся. І вось стары прыйшоў сам!
З таго дня яны працавалі разам. І Лемяшэвіч усведамляў, што без дапамогі Данілы Платонавіча, без яго парад i ягонага аўтарытэту яму, навічку, прыйшлося б вельмі цяжка. І так было нялёгка. Пры ўсёй шчырасці i жаданні памагчы грошы старшыня райвыканкома здолеў выкраіць толькі на самае неабходнае. Усё іншае параіў зрабіць «метадам народнай будоўлі». Але ў калгасе была гарачая пара ўборкі, а людзей не хапала. Калгас адставаў. Махнача слухалі на бюро райкома i нешта запісалі, пасля чаго ён хадзіў хмурны, злосны, не глядзеў ні на кога. Гу. тарыць з ім пра ўсё іншае, акрамя ўборкі, стала проста немагчыма. A Лемяшэвічу асабліва цяжка было дамаўляцца з ім: першае знаёмства ix адбылося ў непрыемных абставінах.
Аднойчы ў спякотны дзень ён ішоў на рэчку пакупацца. Ішоў паўз Крыніцу — ручай, што працякаў каля школы i цягнуўся цераз луг да рэчкі.
Лемяшэвіч спыніўся ў кустах, не дайшоўшы да рэчкі: у гэты момант рэчку пераходзілі ўброд тры жанчыны з вялікімі ношкамі сена за плячамі. Жанчыны адпачывалі на беразе, i адна з ix, маладзейшая, скінуўшы спадніцу, выкупалася проста ў сарочцы. Лемяшэвіч уяўляў, як цяжка ў такую спякоту несці гэткі цяжар. І таму нават тады, калі жанчыны, ускінуўшы ношкі на плечы, рушылі далей, ён не выйшаў з кустоў: пасаромеўся з ручніком на плячы сустракацца з рабочымі людзьмі.
Маладуха ішла ўперадзе, дзве другія жанчыны крокаў на трыццаць адсталі ад яе. Дайшоўшы да кустоў, яна спалохана крыкнула:
— Бабачкі! Патап!
Адна з жанчын павярнула i хутка пайшла цераз луг наўпрасткі. Самая старэйшая спакойна падышла да кустоў, дзе ўжо чуўся сіплы мужчынскі бас:
— А-а, галубкі, вось калі я вас злавіў. Скідайце сена!
— Патап Міронавіч, у лесе сярпом нажалі! Ляснік дазволіў,— разважліва i сурова адказала старэйшая жанчына.
— Ведаю я вашага лесніка! Ён за пляшку ўвесь лес прадасць. Працоўную дысцыпліну зрывае! На работу не выходзіце!
— Усю раніцу працавалі, Патап Міронавіч. На абед ідучы, зайшлі.
— Ну, я размаўляць не люблю. Скідайце! А не — дык самі ведаеце…
— Дык чым жа карову карміць, Патап Міронавіч?
— Я не кармілец вашых кароў, у мяне сваіх пяцьсот штук.
Па гэтых словах, уражаны i здзіўлены, Лемяшэвіч здагадаўся, хто такі Патап Міронавіч, i яго абурыла гэтае прысваенне калгаснага статка — «у мяне сваіх пяцьсот галоў». Выходзіць, адзін толькі ты i дбаеш пра калгаснае дабро, a ўсе іншыя — зладзеі!