Крыніцы
Шрифт:
— Я была ў яе. Мне ў райздраве сказалі.
— Была? Дзякую табе, Наташачка. Ну, як яна?
— Лепш.
— Дзіцятка будзе жыць?
— Будзе.
— Дай Божа, а то яна не перанясе такога гора. Ты скажы, які цяжкі выпадак, ай-яй. Я так перахвалявалася. Гэта ж шчасце, што Арцём Захаравіч такі залаты чалавек… Толькі я пазваніла — i ён адразу, сярод ночы, сваю «Пабеду» прыслаў. А то невядома, што магло б быць.
Размова ішла аб пляменніцы Аксінні Хвядосаўны, у якой былі вельмі цяжкія роды i якую давялося адвезці ў раённую бальніцу.
— Пабягу ў сельсавет, пазваню яшчэ раз, як яна там, бедная.
Але бегчы Аксіння Хвядосаўна не спяшалася
— Рана сёння, — глянула на насценны гадзіннік Наталля Пятроўна.
— Трэба на сходзе пастанавіць, каб механікі нашы не дурэлі. А то адзін дзень да трох ночы круцяць, a другі — у дзесяць вечара выключаюць, — сказала Аксіння Хвядосаўна.
Наталля Пятроўна пажадала добрай ночы.
— А я да цябе, Платонавіч, — уздыхнуўшы, прамовіла суседка, калі ўрач закрыла за сабой дзверы. — Куды гэта ты маю Райку заутра запрашаеш?
— У школу!
— Навошта? — быццам i не ведаючы нічога, прытворна наіўна перапытала яна.
— Папрацаваць дзянёк. Печы перарабляем. Трэба гліну замясіць, пясочак прасеяць, паднесці.
Аксіння Хвядосаўна хутка ўстала, па-салдацку выпрасталася, гнеўна раздзьмуліся яе ноздры.
— Мне думаецца, канікулы на тое i даюцца, каб дзіця адпачыла…
— Ад чаго? Іншыя дзеці ўсе канікулы ў калгасе працуюць.
— Ну, Платонавіч! За сваю дачку я працую ў калгасе, з цямна да цямна спіну не разгінаю…
Як ні намагаўся стары настаўнік захоўваць спакой i раўнавагу, аднак не здолеў — узлаваўся.
— Вось гэта i здзіўляе мяне, што сама ты сапраўды спіны не разгінаеш, а з дачкі выхоўваеш немаведама каго… паненку, беларучку… Сорам!
— Яна адна ў мяне. Бацька яе жыццё аддаў, каб яе лес быў іншым.
— Ды хіба ад таго, што яна папрацуе, пагоршае яе лес? Аксіння Хвядосаўна!
— А я не хачу, каб людзі бачылі, як мая дачка гліну месіць! — крыкнула яна.
Бабуля Наста дакорліва паківала галавой: цяпер яна асуджала суседку.
Даніла Платонавіч развёў рукамі.
— Ну, прабач… Не пазнаю я цябе, Аксіныя… І дзіўна мне!.. Упершыню чую, каб наш народ траціў павагу да чалавека, які працуе… Дзіўна! Ды хіба пашкодзіла аўтарытэту вось Наталлі Пятроўны, — ён кіўнуў на дзверы, — што яна разам з калгаснікамі i жыта жала, i сена грабла? Ты паглядзі, якую павагу да яе людзі маюць…
— І мяне людзі паважаюць! І ў Мінску ведаюць!
— А за што? За што цябе ведаюць? Хіба не за працу?
— Кожнаму свая дарожка, Даніла Платонавіч! Можа, яшчэ i пра Райку пачуеце… Яна — талент…
Шаблюк узлаваўся не на жарт, безнадзейна махнуў рукой.
— Ды які яна к чорту талент?! Глупства гэта! Псуеце вы дзяўчыну, ды i ўсё… Кружыце галаву i ёй i сабе.
Аксіння Хвядосаўна ажно зардзелася ўся, сціснула кулакі i, здавалася, вось-вось рушыць на старога, каб адпомсціць яму за такую знявагу дачкі.
— г Таму вы, акрамя яе, i не знайшлі больш нікога гліну нагамі мясіць? Цяпер разумею! Дык не пойдзе яна! Не пойдзе! — крыкнула жанчына.
У гэты міг згасла святло, i цемра неяк адразу супакоша Данілу Нлатонавіча: ён ведаў, што спрачацца з гэтай упартай i самаўпэўненай жанчынай безнадзейна, i зноў спакойна сказаў:
— Я гаварыў з Раяй… яна згадзілася. А яна не маленькая, дазволь ёй самой за сябе думаць…
— А я сказала: не пойдзе! — зноў крыкнула
Аксіння Хвядосаўна.У прыцемку мільганула белая хустка. Грукнулі дзверы.
8
Лемяшэвічу ніяк не ўдавалася блізка пазнаёміцца з чалавекам, з якім яму асабліва хацелася зблізіцца i пасябраваць з першага ж дня свайго прыезду ў Крыніцы — з урачом Марозавай-Груздовіч. Ён на кожным кроку чуў яе імя. Калгасніцы проста называлі яе Наташай, мясцовая інтэлігенцыя — Наталляй Пятроўнай, а для тых, хто меў звычку называць людзей па прозвішчу, яна была або Груздовіч, або — Марозава. Але ўсе адзываліся аб ёй з аднолькавай павагай. Выключэннем быў хіба Сяргей Касцянок: ён ні разу не загаварыў пра Наталлю Пятроўну.
Лемяшэвіч ведаў, чаму ён маўчыць. Пра трохгадовае каханне Сяргея расказвалі ўсе; адны — з іроніяй, другія — шкадуючы яго i любоўна асуджаючы Наталлю Пятроўну.
Усё гэта i раснальвала цікаўнасць Міхася Кірылавіча, прагнага да знаёмсгваў i да сустрэч з новымі людзьмі. Але пазнаёміцца з урачом усё не выпадала. Першы раз яны сустрэліся на ганку сельсавета, i яна ў адказ на яго прывітанне моўчкі кіўнула галавой. На другі дзень, выдумаўшы, што яму баліць галава, ён пайшоў у бальніцу, але ў прыёмнай была чарга, i яму стала няёмка, што ён, здаровы чалавек, з-за сваёй прыхамаці прымусіць нейкага хворага чакаць, пакуль ён не пазнаёміцца. А потым яна паехала на нейкую нараду. Другая сустрэча была незвычайная i зноў-такі не прывяла да знаёмства. Лемяшэвіч узяў звычку штораніцы хадзіць на рэчку купацца, не зважаючы на надвор'е. Раніца выдалася хмурная, ветраная, i вада была ўжо даволі халодная. Ён ведаў, што на гэтым шырокім плёсе звычайна купаюцца жанчыны, але быў упэўнены, што _ў такі ранні час ні адна жывая душа сюды не з'явіцца. Ён праплыў да другога берага, павярнуўся і… убачыў яе, Наталлю Пятроўну, з дачкой. Яны стаялі побач, з аднолькавымі ручнікамі на плячах, у аднолькавых стракатых халатах, толькі ў дзяўчынкі паверх была надзета яшчэ цёплая кофтачка, a маці трымала ў руках невялікі чамаданчык.
— Вы захапілі чужую тэрыторыю, малады чалавек! — сказала яна сур'ёзна, без усмешкі.
Лемяшэвіч збянтэжыўся i, не маючы, што адказаць, паабяцаў:
— Я мігам ачышчу яе. Прабачце.
Яны адышлі ўбок, за кусты. Лемяшэвіч. чуў, як дачка сказала:
— Гэта новы дырэктар, мама.
Маці чамусьці засмяялася, нешта адказваючы.
Ён хутка выскачыў з вады, схапіў сваю вопратку i шпарка пабег па беразе да «мужчынскага пляжа», што быў метраў за трыста-чатырыста далей, уверх па цячэнню.
Апранаючыся там, ён бачыў, як яны рабілі гімнастыку. Сама Наталля Пятроўна зрабіла некалькі вольных рухаў, але дзяўчынка выканала ўвесь складаны комплекс, знаёмы Лемяшэвічу.
Маці кіравала яе гімнастыкай: глядзела на гадзіннік, калі тая бегала, лічыла «раз-два!», падтрымлівала, калі дачка рабіла найбольш складаныя практыкаванні.
Потым яны купаліся.
A Лемяшэвіч сядзеў на беразе, курыў i, ужо не бачачы ix, не пакідаў думаць пра Наталлю Пятроўну. Праўда, ён як мае быць яшчэ i не разгледзеў яе, i асабліва нічым яна не захапіла яго: звычайная жанчына сярэдняга росту, з танклявым тварам, з простымі русымі валасамі, гладка прычэсанымі i скручанымі на патыліцы ў куксу. Калі i было ў яе што-небудзь знешне прывабнае — дык гэта постаць, па-дзявочаму стройная i па-дзявочаму маладая, без усялякай адзнакі пражытых трыццаці трох год. Але пра жыццё яе Міхась Кірылавіч уведаў амаль усё.