Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Крыніцы

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

З таго дня Лемяшэвіч круціўся, як тая вавёрка ў коле. Многа разоў давялося з'ездзіць у райцэнтр, за дваццаць пяць кіламетраў, каб атрымаць грошы. Ніколі ён не думау, што нават такая простая рэч запатрабуе гэтулькі часу i намаганняў. То ён не заставаў Валатовіча, то не было загадчыка райфа, то банк не прыняу подпісаў. Не лягчэй было i на месцы. Арэшкін пакрыўдзіўся, што зганілі працу яго рук, расцаніў гэта як падкоп пад яго аўтарытэт i на шчырую просьбу Лемяшэвіча памагчы падрыхтаваць школу як мае быць адказаў:

— Дарагі Міхась Кірылавіч, я тры гады не адпачываў… Я працаваў, як вол… Канстытуцыя дае мне права на адпачынак. Дазвольце выкарыстаць гэтае права.

«Адпачывай, абібок! — падумаў Лемяшэвіч. — 1 Ператаміўся

ты, гультай гэтакі! Зробім i без цябе».

Арэшкін, мабыць, знарок штодзень праходзіў міма школы чысценькі, прылізаны, абпыреканы моцнымі духамі, пах якіх адчуваўся за дваццаць крокаў. Хадзіў не адзін — з Раісай i маладой настаўніцай Ядзяй Шачкоўскай, рагатухай, бестурботнай істотай, якая ўсюды ўмела паводзіць сябе як дома. Што датычыць Шачкоўскай, то Лемяшэвіч нічога не меў: няхай ходзіць, з кім хоча. Але розум i сэрца яго пачалі пратэставаць супраць узаемаадносін завуча з Раісай. Гэта быў інтуітыўны пратэст, не падмацаваны ніякімі педагагічнымі формуламі. А Лемяшэвічу хацелася знайсці гэтыя формулы, пісаныя ці няпісаныя, якія б маглі даць яму права патрабаваць ад Арэшкіна іншых адносін з вучаніцай. Праўда, яму зусім не хацелася на самым пачатку псаваць свае адносіны з завучам.

Больш энергічна пратэставаў супроць пагулянак Арэшкіна Бушыла. Ён кожны раз надзяляў завуча такімі эпітэтамі, што Лемяшэвічу прыходзілася спыняць красамоўства маладога настаўніка.

Бушыла добраахвотна стаў найбольш актыўным памочнікам у падрыхтоўцы школы да навучальнага года, хоць афіцыйна таксама лічыўся ў адпачынку. Другім такім памочнікам, спакойным, мудрым i вопытным, аказаўся Даніла Платонавіч.

* * *

Па-рознаму Лемяшэвіч, прыехаўшы ў Крыніцы, знаёміўся з людзьмі — з настаўнікамі, калгаснікамі, работнікамі МТС. Але, бадай, самае цікавае было знаёмства з Шаблюком. Разам з Арэшкіным, па яго прапанове, яны зайшлі да Данілы Платонавіча.

— Пабачыце, да чаго даходзіць настаўнік, калі ён доўга сядзіць на адным месцы, — з іроніяй заўважыў Арэшкін.

— Пабачым, сказаў Лемяшэвіч: за тры дні ён пачуў пра старога настаўніка столькі добрага, што цяпер не верыў завучу.

Хата ў Шаблюка старая i амаль што самая вялікая ў вёсцы — з трыма шырокімі вокнамі на вуліцу, без аканіц, без разьбы на карнізах, але добра дагледжаная: ва ўсім адчувалася гаспадарскае вока i руплівыя рукі. Перад хатай не было кветніка, a раслі два маладыя, як браты, падобныя адзін на аднаго, клёны з выглянцаванымі камлямі.

Кветнік быў у двары, але не пад вокнамі, як звычайна, а воддаль; па ім, цераз увесь двор, цягнулася густой градой чаромха, якая звешвала сваё галлё цераз невысокі паркан у суседні двор. Бліжэй да цэнтра двара, у кветніку, каля агароджы з штыкецін, раслі розныя кветкі i травы, але пераважалі мята i рэзеда. Каля пабеленага хлеўчука ўзвышалася над усёй вёскай старая ліпа, пакрываючы сваім ценем палавіну прасторнага двара. Магчыма, што прастор двару надавала незвычайная чысціня навокал: нідзе не валялася ні парушынкі, усюды падмецена, пасыпана чыстым пяском. Пад паветкай стаялі канапка, варштат, ляжалі акуратна складзеныя габляваныя дошкі i на сцяне віселі розныя сталярскія інструменты: пілкі, гэблі, цыркулі, стамескі. І пахла ў гэтым двары не хлявом, не жывёлай, — хоць недзе ў катуху i рохкала стомлена свіння, — а мятай, свежай сасной i ліпавай квеценню.

Яны не зайшлі ў дом, бо ўбачылі гаспадара ў садзе. Сад пачынаўся адразу ж за хлеўчуком i парканам зараснікамі малінніку, густога i высокага, на якім пераспявалі буйныя прывабныя ягады — так i карцела сарваць ix i пакаштаваць. Кусты малінніку i агрэсту цягпуліся i ўздоўж бакавой агароджы, але там ix заглушалі вішняк i жоўтая акацыя — дрэва, рэдкае ў гэтым раёне Веларусі. Пладовыя дрэвы раслі пасярэдзіне — старыя разгалістыя яблыні i высокія грушы. Празрысты наліў, васковы шафран, зялёная пуцінка, рабрыстая буйная антонаўка, цёмначырвоная

«цыганка» i іншыя гатункі яблык, якім Лемяшэвіч не ведаў i назвы, так густа ўсыпалі галіны, што амаль кожную з ix падтрымлівала падпора. Пад яблынямі быў спакуслівы цень: так i хацелася легчы на зялёную, свежую, як ранняй вясной, траву. У канцы саду віднеўся дашчаны буданчык, вакол яго ў строгім парадку размяшчаліся рамачныя вуллі. Там i стаяў Даніла Гілатонавіч, уважліва разглядаючы рамку. Каля яго ног падымаўся лёгкі белы дымок курэў дымар. І здалёк было чуваць, як гудзяць патрывожаныя пчолы. Пчолы звінелі i ў паветры над галовамі гасцей.

— Пачакайце, няхай закрые вуллі, а то пакусаюць, чэрці,— папярэдзіў Арэшкін, спыняючыся пасярод саду. Убачыўшы, з якой увагай Лемяшэвіч аглядвае ўладанні старога настаўніка, ён іранічна заўважыў: — Маёнтак. А?

— Не, проста добры сад, якіх у нас, на жаль, мала яшчэ, — адказаў Лемяшэвіч.

Арэшкін змаўчаў. Прагледзеўшы яшчэ дзве-тры рамкі, Даніла Платонавіч закрыў вулей, узяў у рукі дымар i накіраваўся да буданчыка. Яны пайшлі яму насустрач. Стары прывітаўся ветліва — зняў капялюш. Ён здагадаўся, што прыйшоў новы дырэктар. Такая ўвага да яго, «адстаўнога настаўніка», як ён называў сябе, не магла б не крануць, калі б дырэктар прыйшоў адзін. Але Даніла Платонавіч быў упэўнены, што ініцыятыва наведвання належыць Арэшкіну i прывёў ён дырэктара не для таго, каб пазнаёміць, а каб паказаць яму «куркульскую гаспадарку». Шаблюк ведаў, як Арэшкін часам адзываўся аб ім.

A Лемяшэвіч, глянуўшы на старога настаўніка зблізку, на міг сумеўся: яму здалося, што ён сустракаўся з гэтым чалавекам раней. Толькі недавер да сваёй памяці — такі недавер заўсёды жыве ў чалавеку — памог яму стрымацда i не выдаць сваё здзіўленне. Але як толькі Шаблюк загаварыў, ён цвёрда пераканаўся, што гэта сапраўды так — яны сустракаліся. І хоць гэта адбылося дзесяць год назад, Лемяшэвіч добра ўспомніў i месца сустрэчы i абставіны. Стары з таго часу амаль не змяніўся, толькі вопратка іншая. Тады ён быў у лапцях, у штанах з даматканага грубага палатна, пафарбаванага ў нейкі недарэчны цёмна-зялёны колер, — мабыць, іншай фарбы не было, — i ў палінянай, з латкамі на плячах i локцях, гімнасцёрцы…

Арэшкін пазнаёміў ix.

— Добра, — сказаў стары, паціскаючы руку, i незразумела было, што ўхваляе ён — ці новага дырэктара, ці нешта зусім іншае, магчыма, сваю нейкую пагаемную думку. Потым глянуў з большай цікавасцю, больш ветліва i спытаў:

— Як вам спадабалася наша школа?

— Школа добрая, але адрамантавана дрэнна, — адказаў Лемяшэвіч.

Арэшкін крыва ўсміхнуўся.

— Міхась Кірылавіч усё мерае на гарадскі аршын. А ў нас — Крыніцы. — Ён сказаў гэта так, быццам Крыніцы нешта вельмі нікчэмнае, мізэрнае, не вартае, каб тут рабіць па-людску.

Шаблюк нахмурыўся.

— Так, у нас — Крыніцы! — зусім інакш, з павагай, з гонарам паўтарыў ён. — І сорамна вам, малады чалавек, што ў нас такая школа. Давялі! А я сам, вось гэтымі рукамі! — ён паказаў свае шырокія маршчыністыя i шурпатыя далоні,— будаваў яе да вайны. І якая была школа! Каб вы бачылі.— Цяпер ён звяртаўся да Лемяшэвіча, i вочы яго пад акулярамі пацяплелі, зрабіліся ласкавымі. Лемяшэвіч з радасцю ўбачыў, што шчырыя словы аб школе, якія ён сказаў, нарадзілі ў старога настаўніка прыязнасць да яго, свайго маладога калегі.

— Сорамна настаўніку не любіць сваю школу! А вы, Віктар Паўлавіч, не малады ўжо настаўнік, здольны чалавек, a любіць школу не навучыліся.

Арэшкін ненатуральна засмяяўся.

— Даніла Платонавіч няспынна крытыкуе мяне… З павагай да вашай старасці я маўчу. А я мог бы кінуць каменьчык i ў ваш гародзік… А?

— Не каменне трэба кідаць, а смела казаць праўду ў вочы. A ў вас толькі i хапае смеласці з-за вугла камень шыбануць.

Арэшкін сумеўся, ён, мабыць, праклінаў тую хвіліну, калі ў яго з'явілася фантазія весці сюды Лемяшэвіча.

Поделиться с друзьями: