Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Крыніцы

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Вы, Касцянок, малады чалавек… У вас галава закружылася.

— Сапраўды, — падхапіў Шапавалаў.— Што ж гэта вы, таварыш Касцянок! Мы вас падтрымлівалі, выцягвалі… А вы нас падводзіце! Ды ведаеце вы, што ад вашага прастою дзяржава ў дзесяць разоў больш страціць, чым там, у саломцы?

Аляксею стала смешна, як угаворваюць яго гэтыя два сталыя дзядзькі. Шапавалаў зразумеў яго ўсмешку пасвойму i па-сяброўску стукнуў хлопца па плячы.

— Садзіся, Аляксей Сцяпанавіч, i ціскані… здзіві свет… Каб ворагам млосна стала… А сябрам радасна! Падпісвай пісьмо! Заклікай!

— Нічога я не буду падпісваць i не сяду, пакуль не адрамантуюць, — панура адказаў хлопец i адышоў на другі бок камбайна.

Шапавалаў гэтак жа моўчкі, як Махнач, накіраваўся да свайго матацыкла. На ўсё поле затрашчаў матор. Інструктар імчаўся ў напрамку МТС.

— Што ж, паглядзім яшчэ раз, — затаіўшы крыўду i злосць на гэтага хлапчука, прымірэнча прапанаваў Баранаў. Яны пачалі шукаць няспраўнасць.

A Шапавалаў у гэты час шукаў па тэлефоне Бародку. Яму пашанцавала знайсці сакратара ў канторы «Заготзярно». Ён падрабязна па-ведаміў пра ўсё, што здарылася, i ў заключэнне зрабіў недарэчны вывад:

— Баюся, Арцём Захаравіч, каб тут не папрацаваў вораг.

У адказ Бародка вылаяўся: ён не любіў дурняў i вельмі добра ведаў сям'ю Сцяпана Касцянка. Але замест таго каб проста сказаць пра гэта інструктару, сурова спытаў:

— А вы навошта там? — i гэтак жа сурова загадаў: — Неадкладна забяспечце бесперабойную працу камбайна! І каб праз дзве гадзіны пісьмо ляжала ў мяне на стале. Зразумела? — i кінуў трубку.

З ваяўнічым настроем Шапавалаў памчаўся назад у поле.

Камбайн стаяў.

Пасля яшчэ адной спробы галоўны механік i сам пераканаўся, што машына сапраўды-такі сапсавана. Але ён не мог знайсці пашкоджання І, пасаромлены, узлаваны не менш, чым Шапавалаў, думаў, як, не зганьбіўшы свайго аўтарытэту, збегчы яму ад гэтай справы, вярнуцца ў кантору i па нейкай зусім іншай, выдуманай прычыне выклікаць Касцянка-старэйшага. Няхай разбіраюцца самі! Недарма ён, Баранаў, быў супроць таго, каб гэтаму хлапчуку давяралі камбайн. «Як нахабна ён глядзіць на мяне… Смяецца ў душы, блазнюк, што я нічога не магу зрабіць…»

Аляксей не смяяўся: здольнасці галоўнага механіка ён ведаў даўно. Яму проста было прыкра i крыўдна.

Баранаў узрадаваўся з'яўленню Шапавалава i змаўчаў, калі інструктар загадаў Аляксею неадкладна пачаць працу.

— На камбайне працаваць нельга, — спакойна заўважыў Аляксей. Шапавалаў закіпеў:

— Ты адкуль узяўся, гэткі прафесар? Механік кажа, што можна, а табе — нельга! Ведаем мы гэта «нельга»! Старыя штучкі антымеханізатараў! — але, мабыць, успомніўшы, што яму давядзецца яшчэ мець гутарКу з гэтым упартым юнаком наконт пісьма, знізіў тон, стаў больш ветлівым i лагодным: — Вы малады чалавек, Касцянок, i вам невядома, чым такія рэчы пахнуць…

— Чым? — зацікаўлена спытаў Аляксей.

— Чым? За зрыў уборкі ў такі час гарачы — размова кароткая: пад суд!

— Мяне — пад суд? — Аляксею стала смешна.

— А ты што думаў? Цябе дык па галоўцы будуць гладзіць! Герой знайшоўся!

Усмешка знікла з Аляксеевага твару. Ён глянуў на Баранава, але той адвярнуўся, быддам не чуў, пра што ідзе размова. У хлопца ў вачах заскакалі шалёныя агеньчыкі i сціснуліся мурзатыя кулакі.

— Не будзьце дурнем, Касцянок, — мяняў тон Шапавалаў.

Аляксей зрабіў да яго крок i ўдарыў сябе кулаком у грудзі.

— Няхай я буду дурнем… А вы разумнікі… І пайшлі вы… — Ён вылаяўся груба, па-мужчынску і, павярнуўшыся, шпарка закрочыў па ржышчы, куды глядзяць вочы.

* * *

Ён не помніў, колькі часу ляжаў тут, на сухім пясчаным беразе рэчкі. Яго прывяла сюды выпадковая думка: выкупацца, змыць з сябе ўвесь бруд i пайсці дадому. Але жаданне гэтае знікла, калі ён падышоў да рэчкі. Аляксей адчуў стомленасць, нейкую абыякавасць да ўсяго навакольнага, лёг на траву і, закінуўшы рукі за галаву, глядзеў у бяздонны

блакіт неба. На душы было вельмі пагана, так пагана, што хацелася плакаць. Асабліва цяжка рабілася, калі ўспамінаў, як ён вылаяўся. Праваліцца скрозь зямлю ад сораму i ганьбы! Лепшы вучань, спакойны, ураўнаважаны, ад якога дрэннага слова ніхто не чуў, i раптам — такая непавага да старэйшых. Няхай Баранаў бяздарны механік, тупы i абмежаваны чалавек, але ў яго сівыя скроні i дзеці ў інстытутах вучацца. А гэты другі? Хоць ён i маладзейшы за Баранава, але ж — прадстаўнік райкома… А ён, блазнюк, адважыўся паслаць ix… Брыдка ўепамінаць словы, якія вырваліся ў яго. А яшчэ цяжэй было ад думкі, што цяпер яго i блізка не падпусцяць да камбайна. Ён заплюшчыў вочы i ўбачыў i свой прыгажункамбайн, i бязмежнае поле пшаніцы — высокай, каласістай, — куды лепшай за тую, якую ён убіраў дагэтуль. А Пятро, маўчун, i слова не вымавіў, быццам i не было яго. Што ён раскажа Каці, сябрам? Прыедуць бястаркі, а камбайн стаіць. Дзе Алёша? Выгналі. Выгналі за грубасць, самаўпэўненасць. Заганарыўся, зазнаўся. Па ўсёй вёсцы размова пойдзе.

Невядома, колькі б ён яшчэ ляжаў гэтак, каб не пачуў раптам знаёмы смех i голас. Аляксей прыўзняў галаву. Паўз рэчку па сцежцы ішлі Раіса, Арэшка (вучні скарачалі прозвішча завуча) i незнаемая дзяўчына, мабыць, новая настаўніца. Яна нешта весела расказвала.

У хлопца моцна забілася сэрца. Яму даўно ўжо хацелася пагутарыць з Раісай, але ён ніяк не мог сусгрэць яе, хоць апошнія дні ўвечары i прыходзіў у вёску, хадзіў пад вокнамі яе хаты, свістаў, каб Рая пачула. Звычайна ён палічыў бы за лепшае схавацца, каб не трапляць на вочы Арэшку. Але сёння ў яго быў незвычайны дзень, i сам ён стаў незвычайны, нейкі новы, рашучы, нястрыманы.

Калі яны прайшлі міма, ён устаў i назнарок голасна паклікаў:

— Рая! Можна цябе? Два словы.

Яны ўсе азірнуліся, але Арэшкін i настаўніца пайшлі далей. Paica спынілася, пачырванела i разгублена пазірала то на яго, то ўслед настаўнікам, не могучы вырашыць, што больш прыстойна — размаўляць з ім ці даганяць ix.

— Гуляем? — дзёрзка i насмешліва спытаў Аляксей, наблізіўшыся.

Раіса не адказала. Але ён не мог адарваць ад яе позірку, не мог не любавацца ёй. Здаецца, ніколі яшчэ не выглядала яна такой прыгожай. Як пасавалі да яе i вышываная сукенка, i кветка вяргіні ў нагруднай кішэні, i нават простыя жоўтыя тапачкі!

— Я хацеў пагутарыць з табой, Рая, — цвёрда сказаў ён, — Я даўно хацеў спаткаць цябе, але ж ты… занятая, табе няма часу…

Яна ўзняла вочы, i позіркі ix сустрэліся. Яна зразумела яго па-свойму.

— Ты папракаеш, што я не працую… Але ж я не ўмею на камбайне… І не хачу! У кожнага свой талент…

— Ды я не пра гэта. Я сам кінуў камбайн…

— Кінуў?

— Я… Ведаеш, Рая… Мне страшэнна не падабаецца, што гэты прылізаны смоўж, — кіўнуў ён у бок Арэшкіна, — гэты Хлестакоў жыве ў вас…

— Ой! — жахнулася яна.

— Навошта ты пусціла яго? — пагрозліва спытаў Алёша.

— Я пускала! Чаго ты прычапіўся да мяне? Не я ў хаце гаспадыня. Маці…

— Няпраўда! Каб ты не захацела, маці ніколі не пусціла б. Ты ж камандуеш маці.

— А што табе да мяне i маёй маці?

— Рая! Ты ведаеш. — Ён памкнуўся да яе, працягнуў рукі, каб узяць яе руку. Але яна грэбліва адхінулася, паморшчылася.

— Адчапіся. Хаця б памыўся. На цябе брыдка глядзець.

Гэтыя яе словы так балюча ўразілі Алёшу, што ён анямеў ад крыўды, у горле захрас салены камяк, а вочы напоўніліся слязамі. Раіса пачакала, што ён скажа яшчэ, І, не дачакаўшыся i нічога не ўбачыўшы, пайшла даганяць сяброў. Але не зрабіла яна i трох крокаў, як Алёша ў роспачы выгукнуў «эх!» i з усяго разгону кінуўся з крутога абрыву ў вір.

Поделиться с друзьями: