Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Крыніцы

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Я думаю, прастата не ў тым, каб напіцца.

— А хто тут хоча напіцца? Міхась Кірылавіч! — неяк па-жаночаму выгукнуў i развёў рукамі Раўнаполец, азіраючыся навокал, нібы шукаючы таго, хто сапраўды хоча напіцца.

— Але, — падхапіў Полаз, — ніхто цябе не хоча напаіць! Выпіць па шклянцы віна… Малдаўскага… Натуральнага… Яно ў нас рэдка бывае… У нас усё райпрамкамбінатаўскае. Пойла нейкае, воцат…

Лемяшэвіч зразумеў, што адмовіцца ад выпіўкі немагчыма. Полаз або не адчэпіцца, або пакрыўдзіцца і, калі хочаш, можа нават вылаяць — характару ў яго хопіць i на гэта.

Ён згадзіўся, узяў шклянку.

— Ну, добра, за добрае знаёмства! — i зірнуў на Махнача, але той не глядзеў ні на кога — разглядаў тканіны на паліцах. Так, не гледзячы, ён i чокнуўся.

Полаз, наадварот, разглядваў дырэктара з дзіцячай цікаўнасцю i

шчырасцю. Выпіўшы, ён сеў на вагі, разламаў пячэнне, укінуў кавалачак у рот.

— Ты аб прастаце загаварыў…

— Не я — вы, — усміхнуўся Лемяшэвіч.

— Слухай, Лемяшэвіч, давай на «ты»… Мы з табой людзі роўныя, камуністы, i выкінем да ліха ўсе цырамоніі. Гэта таксама да прастаты адносідца… Згодзен? Давай лапу! — i ён надзіва модна, да болю, сціснуў Лемяшэвічу руку. — Дык вось аб прастаце. У цябе настаўнік ёсць, Кавальчук Павел Паўлавіч… Наш мясцовы хлопец, мы разам свінні пасвілі, на начлег ездзілі… вучыліся разам… Ваяваў хлопец… Адным словам, быў чалавек як чалавек. І вось пасля вайны павучыўся ён у Гомелі, ажаніўся там з нейкай страказой… Прыехаў працаваць… I, уяві, змянілі чалавека, не інакш… Белікаў, i нават горш… Акрамя Уласнай асобы i дарагой палавіны — нічога для яго больш не існуе. Людзей баіцца… Але справа не ў гэтым… Хлопцы прыехалі з настаўніцкай канферэнцыі — смяюцца, як ён дваццаць пяць грамаў заказваў у чайной! Ліха на цябе!

Раўнаполец весела засмяяўся i тут жа міргнуў крамніку.

Лемяшэвіч прыгадаў сваю размову ў чайной. Кавальчука ён ведаў, настаўнік гэты зрабіў на яго даволі прыемнае ўражанне сваёй акуратнасцю i дакладнасцю, але ён не ведаў, што афіцыянтка гаварыла пра яго, i таму зараз здзівіўся.

— Але i гэта нічога, — прадаўжаў Полаз. — Ну, можа, нельга чалавеку… Ліха з табой… Не пi. Але потым мне бацька яго расказваў,— старому сёмы дзесятак, а ён яшчэ плыты ганяе… ногі замочыць, паўлітэрку перакуліць — i не лысы. Дык вось стары расказваў… Калі ў нябогі Паўліка няма апетыту, а здараецца гэта часта цяпер, яго клапатлівая палавіна падносіць яму сталовую лыжку… партвейну!.. А каб ты згарэў!.— Бухгалтар зрабіў такі энергічны жэст рукой i так зарагатаў, што i ўсе не маглі стрымацца. — Ну, брат, i няма ў мяне павагі да гэтага чалавека! Hi на грош… Глядзець не магу, брыдка робіцца…

Хоць забі мяне. — І ён раптам узлаваўся, сціснуў кулак. — Бо няшчыра ўсё гэта… Мяшчанства гэта самае найгоршае… Перараджэнне! Не, брат, выбачай, калі ласка, не гэтым інтэлігентнасць вымяраецца! Можаш i выпіць, але жыві з народам… Праўда, Лемяшэвіч?

На прылаўку ўжо стаялі дзве новыя бутэлькі віна.

— A па-мойму, i выпіваць трэба з народам, — сказаў Лемяшэвіч і, магчыма, зусім незнарок глянуў на зачыненыя дзверы.

Яго зразумелі. Старшыня сельсавета расчаравана кракнуў:

— Эх, Міхась Кірылавіч!

Махнач моўчкі адышоў да сваёй скрыні i сеў там, а Полаз надзіва хутка падняўся, стаў тварам у твар, узяў Лемяшэвіча за адварот пінжака.

— Чакай, ты што пра нас падумаў? Што мы ад народа схаваліся i, магчыма, за крадзенае п'ем? Так?

— Не.

— Хлусіш… Падумаў… Дык вось што — выкінь з галавы!.. Я восем год працую бухгалтарам, перажылі гады — ведаеш якія? — у доме хлеба не было, але ні адзін калгаснік, ні адзін рэвізор не папракнуў мяне, што я залез у калгасную кішэню. Патап, канешне, старшыня дрэнь, лаюць яго ў кожнай хаце. Але хто чуў, каб хто сказаў, што старшыня яйка з фермы ўзяў? Я такому брахуну першы заткнуў бы зяпу! Вось так, таварыш дырэктар, можаш лаяць нас, крытыкаваць, i правільна крытыкуеш за клуб, напрыклад, за культуру, але не крыўдзі…

— Ды я нічога не думаў. Чаго ты прычапіўся да мяне? — па-сяброўску, мірна адказаў Лемяшэвіч. — Каб я так падумаў, то, можаш быць упэўнены, шклянкі не ўзяў бы!

Полаз даверліва ўсміхнуўся.

— Калі так — вып'ем яшчэ гэтага квасу. За давер'е i дружбу!

Выпілі

— Ты не думай, Лемяшэвіч, што мы часта сюды заглядваем. Не. Гэта я запрасіў ix. — Бухгалтар кіўнуў на старшынь. — Я сёння расхваляваўся, ведаеш, да слёз. Прыйшла да мяне сёння дэлегацыя калгаснікаў з чацвёртай брыгады, з Задуб'я… Барадачы ўсе. І чаго, ты думает, прыйшлі? Параіцца… Прынеслі калектыўнае пісьмо ў ЦК… Дзякуюць за новы закон аб сельгаспадатку. Ведаеш, прачытаў я гэтае простае пісьмо i зразумеў па-сапраўднаму, што такое — гэты новы закон… Чытаў яго раней, тлумачыў калгаснікам, радаваўся зніжэнню падаткаў,

але галоўнага не разумеў, што справа не ў простым зніжэнні… На месца етавіць закон адносіны паміж людзьмі на сяле. Вось што… Развівае ініцыятыву… Заяўляе, што клопаты аб дабрабыце — не словы, а канкрэтная справа. А то што ў нас было? Там, брат, дзядзькі пішуць у пісьме, як у ix у Задуб'і сады высякалі, пасекі знішчалі, як у нашым, параўнальна не слабым, калгасе дзесяткі калгаснікаў засталіся без кароў… Чытаў я — i мне балюча было i сорамна… Сорамна, Патап — пагрозліва павярнуўся Полаз да старшыні калгаса. — Я ж бачыў усё гэта раней i маўчаў… Чаму я маўчаў, чаму не пісаў, не інфармаваў ЦК, як патрабуе ад мяне статус маёй партыі? А я помню, як плакаў стары Шаблюк, калі кульгавы Пракоп свой сад сек… Забывалі мы на свой галоўны абавязак… Вось што…

Полаз выліў у сваю шклянку рэшткі віна, перакуліў яе з размаху ў рот. Лемяшэвіч з цікавасцю назіраў за ім i ўсё яшчэ не разумеў, ці то ён п'яны (выпіў, магчыма, недзе раней — ад дзвюх шклянак кіслага віна ён не мог ап'янець), ці то ён сапраўды гэтак узбуджаны i расхваляваны.

— У чым, у чым, a ў бескароўнасці нашых калгаснікаў мы, Патап, з табой моцна вінаваты. Гаспадарылі, ліха на яго! Трава заставалася зімаваць, а на ферме жывёла дохла, i калгаснік не меў чым карову пракарміць. Я ведаю, як табе Лемяшэвіч не дазволіў адабраць у калгасніц сена, якое яны нажалі ў лесе… Дарэмна ты яму, Міхась, па мордзе не даў, я абараняў бы цябе перад усімі інстанцыямі.

Полаз гаварыў гэта з горкай іроніяй. Махнач толькі глянуў на свайго крытыка. Полаз знешне намагаўся быць спакойным, але нельга было не бачыць, што ў душы яго кіпела. Толькі цяпер Лемяшэвіч зразумеў, што ён не п'яны, a сапраўды ўсхваляваны.

— Наогул даўно хацеў у цябе, Патап, спытаць: для каго ты працуеш?

Старшыня не адказаў — лічыў масніцы. Полаз цярпліва пачакаў яго адказу пры цікаўнай насцярожанасці Раўнапольца i паўтарыў сваё пытанне:

— Для каго?

Махнач прыўзняў нарэшце галаву i непрыязна спытаў:

— Як гэта, для каго працую?

— Ды вось так… Ты нават не ведаеш, што ўсе мы працуем для народа… Але ж ты народа не бачыш, ты ўвесь час у зямлю глядзіш i, акрамя свайго пуза, нічога не бачыш… А зямля без людзей мёртвая… Ты кіруеш калгасам i не ведаеш, як калгаснікі жывуць, у каго хлеба няма, a ў каго сала поўны кублы… І хопь ты не п'еш, не крадзеш, а народ не любіць цябе… Гэта ты хоць бачыш? Мабыць, таксама не, бо сказаць табе ў вочы ў людзей не хапае рашучасці… Дык ведай, што не любіць… Ты не любіш людзей, не бачыш ix, дык завошта ж яны павінны любіць цябе? Але адкуль у цябе ўзялося гэта, камуніст Махнач? Не разумею… Быў бы ты кар'ерыст які-небудзь, які рвецца ўгару i плюе ўніз! Дык які ж ты да ліха кар'ерыст! І куды ты можаш падняцца? Ты ж i сам сябе не любіш. Ты ж газету раз у, месяц чытаеш, i то адны аб'явы… Што. ты ведаеш, што цябе цікавіць? Старшыня буйнога калгаса!

— Так-так-так, — хутка, на высокай ноце, праспяваў Махнач І, як бы ў падмацаванне, выбіў гэта «так» пальцам! па прылаўку. — Я гляджу, што гэта мой аўтарытэт расце, ажно вось яно што — парторг падымае яго. Тактак-так…

— Твой аўтарытэт? — Полаз зняважліва кіўнуў галавой. — Нельга ні падняць, ні апусціць таго, чаго не існуе… пўстаты. Які ў цябе можа быць аўтарытэт? Для аўтарытэту трэба жыць з народам так, як Груздовіч вунь жыве. А ты?.. Што ты зрабіў для людзей, я пытаюся?

Махнач падняўся, кінуў крамніку:

— Запішы мне за дзве шклянкі віна, — i падышоў да бухгалтера так энергічна i з такім выглядам, нібы хацеў ударыць. Утаропіўшыся злосным позіркам у яго твар, уедліва сказаў, ашчэрыўшы жоўтыя зубы:

— Дай жа я хоць на цябе пагляджу. А то я за тры гады так i не глянуў ні разу, хто ў мяне за бухгалтера сядзіць. — І раптам крыкнуў на ўсіх: — Чаго вылупілі вочы? Інтэлігенты! — i, закруціўшы доўгі, напластаваны мацюк, хутка выйшаў, ляпнуўшы дзвярамі.

Усе на момант адчулі сябе неяк няёмка i змоўклі. Лемяшэвіч, у якога пачала была нараджацца прыхільная думка аб Махначу, пакуль той моўчкі слухаў гэтую бязлітасную крытыку, цяпер адразу зразумеў сутнасць гэтага чалавека, з якім яму ўжо не раз давялося сутыкацца, i быў удзячны Полазу. Ён быў прыхільнікам вось такіх шчырых размоў, якія адразу раскрываюць усё нутро чалавека. І хоць яго таксама крыху збянтэжыў нечаканы фінал размовы, але ў душы ён радаваўся, што скончылася іменна так: Махнач як бы сам даканаў сябе.

Поделиться с друзьями: