Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Крыніцы

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Бародка з непакоем пераконваўся, што Валатовіч не такі слабы чалавек, як ён дагэтуль думаў аб ім, i што яго нялёгка збянтэжыць робленым спакоем i абыякавасцю. Спакой гэты дорага кашгаваў Бародку: ён ледзь стрымліваў сябе, то бляднеючы, то чырванеючы. Таму ён простатакі ўзрадаваўся, калі сакратарша паведаміла, што на прыём просіцца дырэктар Крыніцкай школы.

— Калі ласка. Няхай заходзіць.

Ён падняўся з-за стала i ветліва сустрэў Лемяшэвіча пасярод кабінета, паціснуў руку.

— Вось добра, што i вы тут, — узрадаваўся Лемяшэвіч, убачыўшы Валатовіча. — Адразу вырашым. — Ён стаў прасіць грошы на абсталяванне фізічнага i хімічнага кабінетаў,

якіх дагэтуль у школе не існавала.

Даволі-такі складаную справу гэтую Бародка вырашыў, на здзіўлепне i радасць Лемяшэвіча, хутка i проста: тут жа падказаў Валатовічу, адкуль можна ўзяць гэтыя сродкі. Старшыня райвыканкома не пярэчыў, але ўсумніўся — ці можна так зрабіць? Сакратар райкома ўзяў адказнасць на сябе.

— Жывая справа, Павел Іванавіч, патрабуе не фармальнага, а жывога i аператыўнага кіраўніцтва. — І ён павярнуўся да Лемяшэвіча. — Вось так. Грошы мы вам дамо… Дамо… Рабіце школу ўзорнай… Хутка пераходзім да ўсеагульнага сярэдняга навучання… Але, — ён зноў налёг грудзьмі на стол, наблізіўшыся да Лемяшэвіча, які сядзеў з другога боку стала, насупраць Валатовіча, — але мушу вас папярэдзіць… па-бацькоўску, па праву старэйшага… Непрыгожая рэч, таварыш Лемяшэвіч. Мне сказалі — я верыць не хацеў… Малады педагог, вучоны, дырэктар буйнейшай школы — i раптам п'янства. — Бародка павярнуўся да Валатовіча, растлумачыў яму: — Разумееш, зачыніліся ў краме: Полаз, Раўнаполец i паважаны таварыш дырэктар… словам, актыў сельскай інтэлігенцыі… i набрался так, што на карачках дадому паўзлі… Усе Крыніцы зараз смяюцца.

«Няпраўда! — хацелася крыкнуць Лемяшэвічу. — Ніхто не поўз, i ніхто зараз не смяецца — усё гэта выдумка».

Але ж была доля праўды. І дагэтуль у душы Лемяшэвіча застаўся вельмі непрыемны, брыдкі асадак, а таму ён не мог рашуча запратэставаць супраць слоў сакратара. Першую хвіліну ён сядзеў ашаломлены. Ён адчуў сябе хлапчуком, вучнем перад суровым настаўнікам, а для яго крыху самалюбівага i незалежнага характару гэта было самае абразлівае i балючае адчуванне.

«Хто ж гэта мог данесці? Няўжо Наталля Пятроўна? Не можа быць!.. Прыходчанка… — i ў душы яго пачала расці злосць. — На сябе паглядзіце! Што пра вас гавораць!»

Валатовіч сядзеў моўчкі, апусціўшы вочы.

— …Званне настаўніка — святое званне… І калі запляміць яго, скампраметаваць — не будзе вам павагі ні ад вучняў, ні ад бацькоў. А ваш абавязак — выхоўваць у падрастаючага пакалення новую, камуністычную мараль… У дадатак вы — дырэктар, камуніст, прадстаўнік партыі… Вы павінны выхоўваць не толькі вучняў…— Бародка ўмеў сказаць. Нават самыя збітыя, газетныя выразы з яго вуснаў гучалі са сваёй першароднай сілай — пранікнёна, свежа i моцна, словы білі, як камяні.

Але Лемяшэвіч ужо не слухаў, бо злосць запоўніла ўсю яго гордую істоту. Ідучы сюды, ён меў намер пагутарыць з Бародкам наконт кватэры Прыходчанкі. Пагутарыць ветліва, папрасіць, каб ён зрабіў уплыў на яе. Ён ведаў, што Бародка, напэўйа, пакрыўдзіцца, зазлуе… Ну, i няхай!.. На гэта дырэктар i разлічваў. Пазлуе, але пасля мусіць задумацца над сваімі паводзінамі, а. гэта ўжо — немалы вынік.

Але цяпер, калі ўеё павярнулася так нечакана, калі ўзвялі паклёп на яго, Лемяшэвіч, запальчывы па характеру, не мог гаварыць ветліва, стрымана. Ён загаварыў таксама, як абвінаваўца:

— Вы кажаце праўду: званне настаўніка — высокае званне. Але яшчэ больш высокае званне партыйнага работніка… сакратара райкома. І я мушу сказаць вам: не аднаго мяне, a ўвесь наш калектыў абураюць вашы начныя візіты да Прыходчанкі. Вось гэта сапраўды повад для жартаў i

кпін усіх Крыніц!..

Бародка павольна прыўзняўся і, абапіраючыся на стол, скамячыў пачак папярос; твар яго зноў як бы асунуўся ўніз, абвіслі шчокі. Лемяшэвіч таксама ўстаў.

Нейкі момант яны стаялі, раздзеленыя сталом, i з непрыязню i злосцю глядзелі адзін аднаму ў вочы: Бародка зверху (ён быў значна вышэйшы), Лемяшэвіч — знізу.

— Гэта не ваша справа. Не суйце нос куды не трэба. — Бародка не вытрымаў позірку, апусціў вочы i вялікім намаганнем стрымаў сябе, каб не закрычаць, не выгнаць вон гэтага блазнюка, які адважыўся так гаваоыць з ім.

— Я — камуніст i дырэктар школы, — знешне спакойна адказаў Лемяшэвіч, i гэтая спакойнасць яго абяззброіла сакратара, які звычайна ўмеў знайсці выхад з любога, самага цяжкага, становішча. Але тут… Каб яны былі адзін на адзін, каб не блішчалі з-пад акуляраў насмешлівыя вочы Валатовіча ці хаця б не было перад гэтым такой размовы з ім.

«Перш за ўсё спакой перад гэтым «крытыкам», каб ён не падумаў, што я спалохаўся». — Арцём Захаравіч сеў i ўзяў трубку тэлефона. Папрасіў, каб выклікалі абком, даючы гэтым зразумець, што размова скончана, нічога іншага ў такім стане ён прыдумаць не мог.

Лемяшэвіч спыніўся на двары ўзрушаны, з гарачым тварам, але з пачуццём задаволенасці. Яго спыніла адчуванне, што ён нешта згубіў ці забыў. Ён памацаў у кішэні партбілет… Усё на месцы, а адчуванне не знікла. І раптам ён засмяяўся: з ганка райкома сыходзіў Валатовіч з яго саламяным капелюшом у руках.

— Што ж вы «галаву» забылі? — пажартаваў Валатовіч.

Аддаючы капялюш, ён ласкава сціснуў Лемяшэвічу кісць рукі. Міхась Кірылавіч зразумеў: старшыня райвыканкома ўхваляе яго ўчынак.

— Хадзем, будзем думаць, як аформіць вам грошы, — сказаў Валатовіч.

* * *

Бародка даў волю сваім пачуццям пасля таго, як з кабінета, не спяшаючыся, з заклапочаным выглядам выйшаў Валатовіч. Ён падхапіўся, як толькі ссутуленая спіна старшыні знікла за дзвярамі, шпарка закрочыў па прасторным пакоі. Ірвануў каўнер кашулі.

— Блазнюкі!.. Крытыкі саплівыя! — злосва шаптаў ён, мабыць, забыўшыся, што адзін з гэтых «блазнюкоў» гадоў на дзесяць старэйшы за яго. — Змовіліся? Месца хочацца заняць, таварыш Валатовіч? Не з вашым спрытам! Не з вашым талентам! Толькі дзякуючы мне ты трымаўся на месцы, стары мяшок! Я працаваў i за сябе i за цябе! Я цягнуў раён! Наватар знайшоўся! Кіраўнікі!.. «Не так кіравалі»? Вырашыў сыграць на перабудове? Перабудуемся без цябе!

Крыху супакоіўшыся, ён спыніўся каля стала, каб закурыць, але ўсе папиросы былі скамечаны, i ад гэтага зноў выбухнула злосць. Ён махнуў кулаком з заціснутымі ў ім папяросамі.

— Ды я захачу — след ваш прастыне ў маім раёне! — І зусім скамечаны пачак паляцеў у куток. А наогул — напляваць мне на вас!

Ён быў упэўнены ў сваей сіле, у сваім аўтарытэце перад масамі i перад вышэйшымі кіруючымі органам!. Ён ведаў: яго цэняць у абкоме — вопытны, настойлівы, аператыўны работнік. A загадчыкі аддзелаў абкома і аблвыканкома нават крыху баяліся яго. «Бародка? З ім лепш не звязвайся, а то ён цябе на чарговай канферэнцыі так разнясе, што млосна стане».

I ён «разносіў» каго трэба, нават часам дабіраўся да сакратароў абкома (толькі не да паршага, безумоўна), да міністраў, i за ім усталявалася слава прынцыповага чалавека. Сакратары райкома, нездаволеныя кім-небудзь з абласных работнікаў, звычайна прасілі Бародку: «Арцём Захаравіч, аднаму табе па сіле зваліць гэтага дуба. Рубані!»

Поделиться с друзьями: