Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Кветкi самотнай князёўны
Шрифт:

— Слухай, кацiся ты, га? — насупiўся Мiкола. — Па-добраму прашу!

Наташа весела засмяялася:

— Не, ужо трапiлася мышка кошцы ў лапу, не адпусцiць!

— Пантэра ты, а не кошка! — агрызнуўся Мiкола.

— Паляванне на льва скончана! — Наташа паднялася i дала Мiколу ў лоб пстрычку. — Збiрайся ў загс!

— Дык я ўжо жанаты! — схлусiў той. — Пакуль ты народзiш…

— Паспееш з Аленкай распiсацца? — здагадалася Наташа. — Ага, бяжы хутчэй да гэтай дурнiцы, яна цябе з рукамi-нагамi адарве!

I, зарагатаўшы, пайшла з пакойчыка.

…Аленка мыла бацькаву бялiзну, калi з'явiўся Мiкола, узбуджаны, патлаты, як перапуджаны верабей.

— Аленачка! —

упаў перад ёю на каленi. — Прабач, я ўсё зразумеў — ты адзiная, хто па-сапраўднаму мяне кахае! Я праслаўлю цябе ў сваiх вершах! Я стану бардам i буду спяваць пра наша з табою каханне. Няхай усе зайздросцяць нам, якая ў нас дружная сям'я! Аленачка, мы будзем з табою падарожнiчаць, на экскурсii ездзiць, мы будзем жыць дружна i цiкава, я буду багатварыць цябе!

Аленка стаяла здзiўленая, з мокрымi, у мыльнай пене рукамi i не ведала, што адказаць хлопцу. Той, перадыхнуўшы, выпалiў:

— Будзь маёй жонкай, Аленка! Збiрайся ў загс!

…Пакуль Аленка апраналася, Мiкола размаўляў з яе бацькам. Худы, асунуты, небарака сядзеў у iнвалiднай калясцы.

— Татачка, сыграй Мiколу на гармонiку! — папрасiла Аленка i падала яму гармонiк. — Мы ў загс пойдзем! — паведамiла з зiхоткiмi ад радасцi вачыма.

I бацька паслухаўся, зайграў "Амурскiя хвалi". Мiкола ўважлiва слухаў i ўсмiхаўся.

— А мая Аленачка ў Цэнтральнай бiблiятэцы працуе, — усмiхнуўся бацька. Там яе вельмi паважаюць. А гаспадыня якая, усё сама: пячэ, варыць, шые… Не пашкадуеш, братка…

— Дзякую, — пацалаваў Мiкола яго ў шчаку, i яны з Аленкай заспяшалiся ў загс.

…Мiкола радасна падзякаваў работнiцам загса, што прынялi iх заяву, i весела прапанаваў Аленцы:

— А цяпер, каб адзначыць гэты дзень, паедзем на экскурсiю! На якi аўтобус паспеем ад экскурсбюро, на той i сядзем, пабеглi!

…Худая, танклявая, з востранькiм носам экскурсавод прапанавала Мiколу з Аленкай садзiцца ў iх аўтобус.

— Наша экскурсiя вельмi цiкавая! Вам спадабаецца! — запэўнiла яна.

— Калi ласка, для маёй жонкi — месца наперадзе! — папрасiў Мiкола.

Экскурсавод прыветна паказала рукою на месца побач з сабою. Мiкола сеў з Аленкай, абняў яе.

— Давайце знаёмiцца, Маргарыта Фёдараўна — ваш экскурсавод, — загучаў чысты, малады голас. — Сёння я раскажу вам гiсторыю Менска…

Ад акна дзьмуў халодны вецер, таму Мiкола закрыў фортачку. Ён увесь час трымаў руку Аленкi ў сваёй, нешта шаптаў, i Маргарыта, гаворачы тэкст, кiдала зайздросныя позiркi ў бок закаханых "галубкоў". Калi выйшлi ля парку, пачаў накрапваць дождж. Нi ў кога з экскурсантаў не аказалася парасона. Яны кiнулiся да дрэваў, а Мiкола зняў з сябе рубашку i расцягнуў яе, як парус, над Аленчынай галавою.

— Зiрнi, як на нас глядзяць усе! — радасна шапнуў ён дзяўчыне. — Вось няхай зайздросцяць! — i пацалаваў яе ў шчаку.

Селi ў аўтобус, але Мiкола папрасiў вадзiцеля затрымацца — трэба купiць ягонай «жонцы» марожанае. Затым ён надумаў праз некаторы час купiць кветкi… Усю экскурсiю людзi толькi i глядзелi што на iх. Нарэшце падсела Маргарыта i шапнула Мiколу:

— Я так зайздрошчу вашай жонцы! Ты такi цудоўны хлопец… Як завуць цябе?

— Мiкола Гайда. Я — бард, — адказаў той. — Чулi мае песнi?

— Прыходзьце да нас у бюро, паслухаем, — не зважаючы на Аленку, папрасiла Маргарыта, — я першы раз бачу такога цудоўнага чалавека…

Аленка, уздыхнуўшы, адвярнулася да акна.

— Я толькi з жонкай! — заявiў Мiкола. — З Аленачкай!

— Алена, пусцiце Мiколу,

прыйдзеце з iм? — зайздросныя зялёныя агеньчыкi ў вачах не маладой ужо Маргарыты блiснулi на Аленку.

"Напэўна, развадная нейкая альбо непуцёвая! — падумала яна пра Маргарыту. — Старая вешалка!"

Але гадлiвае, як гадзюка, пачуццё рэўнасцi запала ў душу. "Навошта мне гэты замуж? — падумала Аленка. — Вось так кожны раз раўнаваць, ад баб берагчы ды адваёўваць? Перажываць, як Iрэнчына мацi, калi мужык загуляе вось з такою Маргарытаю? Не, у манастыры я буду абаронена ад здрад, пакут, зняваг, ад кахання да мужчыны. Няхай яно гарыць, каханне гэтае! Каханне, якое прыносiць пакуты, гэта ўжо не ад Бога! Усё, што ад Бога, — прыносiць у душу спакой i радасць…"

Аленка павярнулася тварам да акна. Зрабiла ўдых, глыбокi, зацяжны, i, уяўляючы, што ўсё цёмнае i цягучае выходзiць з яе, зрабiла павольны выдых. Паўтарыла. За кожным выдыхам ёй станавiлася ўсё лягчэй i лягчэй. Яна глядзела на пацямнеўшае неба, заварожвалася наступаючым змрокам жнiвеньскага вечара, на агеньчыкi акон у высотных дамах i адчувала бясконцую любоў да ўсяго жывога. Пустая гамонка Мiколы з Маргарытай здавалася ёй смешным, непатрэбным эпiзодам з чужога жыцця. Аленка прыцiснула кончыкi пальцаў правай рукi да кончыкаў пальцаў левай рукi, утварыла так званую "лесвiцу нябеснага храма", калi пальцы правай рукi заўсёды знiзу. Гэтаму практыкаванню яе вучыла бабулька. Яна казала, што недарэмна часта старыя так складвалi рукi, можа, хто i не ведаў, чаму так рабiў, а мо хто i ведаў, што, счапiўшы так рукi, чалавек пазбаўляецца ад дрэннай энергii. А такой энергiяй было каханне, атрутнае, сляпое каханне да Мiколы…

— Аленачка, выходзiм! — Мiкола заспяшаўся, падаў ёй руку, дапамог выйсцi з аўтобуса.

Маргарыта нешта гаварыла iм, Аленка не прыслухоўвалася. Калi экскурсiйны аўтобус ад'ехаў i Мiкола давёў Аленку дахаты, дзяўчына сказала на развiтанне:

— Даруй мне, але я замуж iсцi перадумала. Для мяне самая правiльная дарога — манастыр. Там я знайду спакой i любоў — чаго мне ўсё жыццё не даставала…

II

Iрэна абiрала бульбу, калi свякруха плюхнула ў цэбар ранiшнiя макароны.

— Мама, навошта вы прадукты выкiдваеце? — занепакоiлася Iрэна. — Учора тры боханы хлеба свiнням скармiлi, сёння макароны, я б iх з таматам пасмажыла былi б да абеду…

— Свiннi няхай лепш ядуць, — махнула рукою тая. — А ты бульбу абiрай лепш, а то вунь якiя тоўстыя лушпайкi!

— Дык усё роўна ж свiнням будуць!

— Бульбу эканомiць трэба — яе ў краме, як гэты хлеб ды макароны, не купiш.

У хату ўвайшла Тамарка, нешта хаваючы ў руцэ.

— Зноў зялёны памiдор схапiла! — здагадалася мацi.

— Ай, не крычыце, мама! — скрывiлася Тамарка. — Ужо канец жнiўня, а памiдор у нас няма, лепш бы ў горадзе купiлi! У горадзе лепш жыць — у маi ўжо гароднiна ёсць, а ў нас толькi адзiн верасень памiдоры ды гуркi ядзiм!

— Гэта таму, што тут поўнач Беларусi, — сказала Iрэна, — а вось я была ў Берасцi, дык там у лiпенi памiдоры i гуркi ўжо ёсць. Так i ў Гомлi.

— Ой, Iрэначка! — загарэлiся вочы ў Тамары. — Раскажы, якiя гэтыя Берасце, Гомель! I пра ўсе гарады, дзе ты была!

— Тфу, паскудства! — плюнула мацi. — Я ўсё жыццё тут праседзела, на хутары гэтым, толькi i думала, як пракармiць сям'ю, i нiколi такiя глупствы, каб куды паехаць, у галаву не прыходзiлi! Пра ежу думаць трэба, а не пра паездкi!

Поделиться с друзьями: