Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Кветкi самотнай князёўны
Шрифт:

— Ого, ды ты болей за мяне ведаеш! — здзiвiлася Iрэна. — А я неяк ехала ля гэтага касцёла ў аўтобусе, везла памiдоры, пачаставала адну бабульку, дык яна мне iконку Маткi Боскай падарыла, польскую…

За металiчнай сеткай бегала туды-сюды аўчарка, але на дзяўчат не брахала. З хаты выйшаў ксёндз. Ён быў не такi ўжо малады, як казала Тамарка, i не такi ўжо прыгожы, як падалося Iрэне, але прыветная ўсмешка асвятлiла твар.

— Як добра! Сёння ў мяне госцi! — зазначыў ён.

— Пахвалён бэндзе Езус Хрыстус! — выпалiла Тамарка.

— На векi вякоў! — адказаў ксёндз. — З чым прыйшлi, паненкi? пацiкавiўся.

— Проста

так, — усмiхнулася Тамарка. — Гэта наша нявестка, дык я яе вырашыла пазнаёмiць з вамi.

— Ты ж на мяне сярдзiтая, — засмяяўся ксёндз, — да такога дрэннага ксяндза прывяла…

— Вядома, я на вас тады раззлавалася, — надзьмула вусны Тамарка, — вы насварылiся, што мне шаснаццаць год, а я нават на першай споведзi не была. Мяне мацi не вучыла. Я што ведала, тое i сказала вам, а вы мяне давучваць адправiлi! Тады я да бацюшкi пайшла, бо ўсё роўна, што каталiцкая вера, што праваслаўная, адно i тое ж, вы ж самi гэта казалi. А бацюшка спытаў iмя — i ўсё! I я паспавядалася i прычасцiлася там!..

Тамарка пакалупала пальцамi нагi жоўты пясок i дадала:

— Але я вас усё роўна больш люблю, хоць i праваслаўная…

Iрэна ўзняла вочы ўверх — што яшчэ выдасць Тамарка? I тузанула яе за касу.

— З вамi цiкава, — лагодна сказала Тамарка, — вы пра ўсё пытаецеся, што, як… Як мне жывецца, што турбуе… Вы — як мацi… Не, вы — як брат старэйшы, разумны… У мяне няма нiкога такога, нi мацi, якая б пытала ўсё, цiкавiлася мною, нi брата, якi б нешта раiў… Хоць i нельга гаварыць дрэнна пра другiх, але мае браты п'юць гарэлку, iм са мною нецiкава…

— Прыходзь у касцёл, — усмiхнуўся ксёндз. — У нядзелю ў нас злёт веруючай моладзi, пад агульным дэвiзам "мы спяваем да Бога". Прыходзьце, дзяўчаткi, паненкi… Калi ласка!

— Абавязкова! — падскочыла ад радасцi Тамарка.

— Дзякую, — ветлiва адказала Iрэна.

Яны развiталiся.

— Ён мне той раз кнiжку падарыў, каб да споведзi рыхтавалася, — шапнула Тамарка. — Я яе заўсёды пад падушку кладу. Ведаеш, мне яго так шкада. Ксяндзам жа нельга жанiцца. З iм жыла мацi, памерла. I бабулька яго памерла. Цяпер ён адзiн жыве, сабе гатуе… Таму ён так любiць, калi да яго прыходзяць госцi. Вось таму ён такi iнiцыятыўны — сходы, конкурсы, злёты розныя ўстрайвае, моладзь арганiзоўвае. Я яго так люблю, — прыцiснула рукi да грудзей Тамарка, як брата, як самага роднага чалавека, усёй душою люблю, як Бога. Толькi ты не думай, гэта не каханне, каханне — гэта брыдота, секс, каханне прыносiць пакуты. А гэта любоў боская, яна мне прыносiць радасць!

— Мы абавязкова прыйдзем яшчэ сюды! — абняла яе Iрэна. — А цяпер пайшлi да дзеда з бабай, паглядзiм на iх дачку-законнiцу. Ты казала, што яна ў Польшчы, у манастыры? Праходзiць там iспыт, пэўны тэрмiн…

— Божа! Дазволь мне таксама стаць законнiцай! — слёзы з'явiлiся на вачах Тамаркi.
– Iрэначка! — абхапiла яна дзяўчыну. — Давай з'ездзiм у Полацак, у Ефрасiннеўскi манастыр, там жа твая сяброўка, Аленка, можа, i мяне туды возьмуць, я так не хачу вяртацца да мацi! Цi, можа, у Жыровiчы возьмуць?

— Цяпер ужо там мужчынскi манастыр i семiнарыя…

— Iрэначка! — заплакала Тамарка. — Каб ты ведала, як мне не хочацца iсцi дадому!

— А мне?!.

Дзяўчаты селi ў траву, абнялiся i пачалi плакаць.

Мiкола ўзяў аркуш i пачаў пiсаць:

— Незнаёмка!
Я вылеплю цябе з белага мармуру,
Пастаўлю на сонечнае месца,Каб на золку вiтаць цябе,Як вiтаю ўсмешкаю сонца…

Ён не паспеў дапiсаць верш, як дзверы ў пакойчык рэзка расчынiлiся i нахабна ўварваўся невысокi мажны мужчына з лысiнай. Схапiў Мiколу загрудкi.

— Дык што гэта, га? — у твар прашыпеў ён. — Дачку маю ганьбiць надумаў?

I шпульнуў разгубленага хлопца на ложак. Калi той крыху аклямаўся, заўважыў Наташку ў сваёй дутай блакiтнай куртцы. Яна здзеклiва смяялася, гледзячы на яго.

— Ану ўставай! — зароў мужчына на Мiколу.

— Не чапай г…, смярдзець будзе! — працягнула з лянотай Наташка i плюхнулася ў крэсла. — Я табе, гад, месца ў iнтэрнаце выбiла i на працу ўладкавала! Кватэру, як аўтобуснiк-iльготнiк, хутка атрымаеш. Ды ты малiцца на мяне павiнен, смурод такi!

— Зараз жа збiрайся з Наташай у загс! — крыкнуў мужчына.

— Тата, навошта ён мне? — засмяялася Наташа. — З яго муж, як з г… куля! Мацi-адзiночцы больш iльготаў…

— Дык у вёсцы ж будуць смяяцца! — запярэчыў бацька.

— Колькi вам трэба? — спахапiўся Мiкола. — Я ўсё заплачу! Мiльён магу даць, у пазыкi залезу, толькi адчапiцеся ад мяне! Наташа, я не хачу на табе жанiцца, я не кахаю цябе! I на алiменты не падавай, прашу!

— Ай, круцiцца, як голы ў крапiве! — зарагатала яна. — Вось добрую iдэю падаў, малайчына! Значыць, у загс не пойдзем! Затое алiменты плацiць будзеш!

— Наташа! — узмалiўся ён, затым перадумаў i закрычаў: — Ану адсюль прэч, аферысты! Гэта не маё дзiця, не ад мяне!

Наташа адчынiла дзверы i паклiкала:

— Марыя Пятроўна, Алачка! Зайдзiце, калi ласка!

Калi тыя зайшлi, Мiкола пазнаў вахцёршу з Наташынага iнтэрната i яе суседку па пакоi.

— Гэта мае сведкi, — заключыла Наташа. — Але яшчэ не ўсё… Шмат хто пацвердзiць, што мы вялi сумесную гаспадарку, а ты асабiста купляў для дзiцяцi каляску!

— Шкура! — закрычаў на яе Мiкола.

— Дык ты хочаш плацiць алiменты? — Наташа падышла да яго ложка, на якiм Мiкола сядзеў, закрыўшы рукамi твар. — Калi не хочаш, то скажы… I мы табе прыдумаем нешта другое ўзамен… Муж з цябе дрэнны. Не плач, трэба ты мне, як бочка без абручоў! А вось раб з цябе б атрымаўся добры…

— Што? — не зразумеў Мiкола.

— Раб! — засмяялася Наташа. — Будзеш кожную зiму маiм бацькам дровы загатаўлiваць. А кожнае лета — сена касiць. Калi згодзен — пiшы распiску. Тады на алiменты падаваць не буду!

Мiкола задумаўся.

— Давай паперу, — махнуў рукою. — I каб духу твайго тут не было!

Напiсаў усё, што прадыктавала Наташа. Падаў ёй.

— Парадак у танкавых вайсках! — засмяялася Наташа. — Пайшлi, татка! Пайшлi, мае дарагiя сведкi! Перагаворы прайшлi на вышэйшым узроўнi.

Калi яны зачынiлi за сабою дзверы, Мiкола кiнуўся да аркуша i лiхаманкава пачаў запiсваць:

— О, незнаёмка! Анёл мой нябесны!Маё адзiнае каханне!Цябе чакаю ў сваiх песнях,Прыйдзi, анёл мой, на свiтаннi!..
Поделиться с друзьями: