Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Кветкi самотнай князёўны
Шрифт:

I выйшла ў сенцы.

— У сутоку ракi Мухавец i ракi Заходнi Буг знаходзiцца Берасце, — пачала Iрэна. — У мiнулым горад называўся Бярэсце, ён стаяў на скрыжаваннi двух старажытных гандлёвых шляхоў праз землi ўсходнiх славян у Польшчу, Прыбалтыку i Заходнюю Эўропу. Мясцовыя купцы вывозiлi футра, скуры, лес, збожжа, а прывозiлi соль, цукар, паперу, сукно, шоўк… Сучаснае Берасце вельмi прыгожы горад, там шмат заводаў, фабрык, на адной з якiх робяць дываны. Ёсць педагагiчны i iнжынерна-будаўнiчы iнстытуты, розныя вучылiшчы… Ёсць там вельмi прыгожая Брацкая царква, цiкава наведаць i Берасцейскую крэпасць. Яна была

пабудавана ў сярэдзiне дзевятнаццатага стагоддзя, мела ваенна-стратэгiчнае назначэнне. I, як ты ведаеш, дваццаць другога чэрвеня 1941 года гарнiзон крэпасцi першым прыняў удар нямецка-фашысцкай армii, больш месяца трымаў абарону…

Тамара задуменнымi вачыма пазiрала на Iрэну.

— Лепш бульбу абiрай! — выгукнула мацi, вярнуўшыся ў хату.

Тамарка сцiшана шапнула Iрэне:

— А што там яшчэ цiкавага?

— На вулiцы Герояў стаiць вельмi прыгожы дзiцячы садок — на ўсю сцяну мазаiчнае пано "Кветкi на акне", а на другой — "Сонечны дзень": дрэўцы, а ў небе два матылькi — жоўты i сiнi. Усё гэта выкладзена з каляровых каменьчыкаў i плiтак!..

— Як цiкава! — усклiкнула Тамарка. — А я нi разу ў садок не хадзiла. Напэўна, цiкава хадзiць у садок, там пiянiна, дзеткi скачуць… Iрэначка, давай купiм хоць дзiцячае пiянiна, i ты мне пайграеш! Я вось школу скончыла ў тым годзе, а так свету i не пабачыла, мацi нiкуды не пускае…

— Гультаi толькi па свеце катаюцца! — буркнула мацi. — А ведай справу сваю — замуж выйсцi ды глядзець, каб хата поўная была!

— Iрэначка, — шапнула Тамарка, — давай матку падманем, што мы за травою свiнням пойдзем, а самi на возера ўцяком! Тут недалёка возера Ельня, праўда, па балоце, дык, можа, як дабяромся? Там такая прыгажосць! Там ёсць недалёка хутар, дзе жывуць цётка Тэрэза i дзядзька Янэк. У iх дачка — законнiца!

— А што гэта значыць? — не зразумела Iрэна.

— Гэта па-польску манашка! — растлумачыла Тамарка. — Яна зараз дома. Раскажа нам шмат цiкавага! Уцячэм ад маткi? — таемна заблiшчалi чорныя вочкi дзяўчынкi.

— Ага! — кiўнула Iрэна. — Нешта прыдумаем!

…Тамарка ўзяла мех i серп, пачакала Iрэну, i яны пайшлi праз агароды да лесу. Дзяўчынка весела падрыгвала, смяялася, быццам лань, выпушчаная на волю.

— А Гомель прыгожы? — пытала Iрэну. — Што там ёсць? А якiя людзi там?

— Добрыя людзi, — з усмешкай адказвала Iрэна. — Прыветныя, ласкавыя, як i ў Берасцi. Там ёсць прыгожы парк, возера, а на iм — хатка для лебедзяў, прыгожая, з узорамi…

Яны схавалi мех з сярпом у канаве i рушылi праз мох да возера. На Ельнi ўжо былi турысты. Iрэна кiнулася да iх з такою радасцю, быццам яны былi прышэльцамi з другога свету, распытвала пра горад.

— Менск як Менск! — смяялася дзяўчына ў белай майцы. — Мы табе зайздросцiм — жывеш у такiм цудоўным краi! А нам так дакучае асфальт i даўка ў аўтобусах…

— А я сумую па асфальце, — адказала Iрэна, — i па перабранках у аўтобусах… Па касметычных салонах…

— Дурнiчка якая! — усмiхнулася другая дзяўчына, вастраносая, якая памешвала чарпаком у катле. — Ты тут босая ходзiш, макiкюр не трэба рабiць, фарбавацца, а я, як успомню, што ранкам прасыпацца трэба ды на сонны твар фарбы накладваць, бо сорамна ў горад выйсцi не фарбаванай, дык аж ванiтуе! А туфлi на абцасах, а гэтыя набойкi — раз абуешся — i ў рамонт нясi! Ды ты ж шчаслiвая, Iрэначка!

— А я мару жыць

з каханым на хутары! — задумлiва сказала дзяўчына з наiўна-задуменнымi вачыма, пухнаценькая i сарамлiвая.

— Шчасце зразумееш, калi яго страцiш, — заключыў адзiны ў групе хлопец, кiраўнiк паходу.

Ён настрайваў гiтару. Дзяўчаты падрыхтавалiся слухаць. Iрэна, каб не травiць душу, прапанавала Тамарцы пайсцi. Развiталiся.

— Ой, Iрэначка! — аж захлёбвалася Тамарка, бегучы ззаду. — Я так хачу ў горад! Так хачу стаць турысткай!

— Глядзi — станеш, — ухмыльнулася Iрэна, — з такой дурной мацi, што нават у пiянерскi лагер не пускае! I ў царкву…

— А давай да ксяндза сходзiм! — нечакана прапанавала Тамарка. — Ён тут недалёка жыве. А потым — да бацюшкi!

— Ты ж да бабы Тэрэзы i дзеда Янiка збiралася…

— Я рада, што нарэшце вырвалася з дому, хоць людзей пабачу!

…Бацюшка быў стары, сiвенькi, дакладней, наогул увесь белы, як дзед-мароз. Доўгая барада, вялiкiя вочы за акулярамi. Ён выйшаў з двара, у якiм пабрэхваў маленькi чорны сабачка. Хата ў яго была прыгожая, вялiкая, пабудаваная лiтарай «г», вялiкi зямельны надзел ля хаты, прыгожы металiчны плот.

— Што хочаце, дарагiя? — запытаў ён дзяўчат.

— Мы з хутара, — заiкнулася Тамарка, — вось хочам даведацца, калi служба будзе, а то мацi не пускае, дык, можа, мы ў нядзелю ўцяком. Хочацца на прычасце паспець. Мая мацi кажа, што праца галоўней, а я лiчу, што для душы трэба таксама нешта… А можа, у вас ёсць нядзельная школа, дык я б хадзiла?..

— Нельга асуджаць мацi, — павучальна адказаў бацюшка, — бацькоў трэба слухацца. Нельга гаварыць дрэнна пра другога, паглядзi лепей на свае грахi…

— А школа… — абмякла Тамарка, — можна мне ў школу да вас?

— Толькi з дазволу бацькоў…

— А кнiжкi купiць у вас можна? — уздыхнула Тамарка.

— Дарагiя дзяўчаткi, — лагодна сказаў бацюшка, — вядома, усё можна! Але сёння ў мяне госцi, не хачу iх кiдаць, адкрываць царкву, лепей прыйдзiце самi на службу, там i купiце, добра?

— Прабачце нас, — папрасiла Iрэна, развiталася i пацягнула за сабою Тамарку. — Пайшлi дадому, а то мацi сварыцца будзе!

— Ну i няхай! — заўпарцiлася Тамарка. — Пайшлi да ксяндза! Ён такi прыгожы!…

— Ды што ты надумала — па людзях хадзiць! — раззлавалася Iрэна. — Як з дзiкага лесу!

— А я адкуль?! Я i ёсць — з лесу! — засмяялася Тамарка i пабегла наўпрасткi да высокага катэджа ў канцы вёскi.

…Зямельны надзел быў такi маленькi, што, вiдаць, таму ксёндз i зрабiў гараж на першым паверсе, дакладней, пад хатай. Сама ж хата была невялiчкая, квадратная. Калi iсцi да яе, то з аднаго боку чапляешся нагою за кветнiк, а з другога да металiчнай сеткi, усярэдзiне якой гулялi качкi i куры.

— А дзе яны зiмою знаходзяцца? — кiўнула галавою Iрэна. — Можа, гэта ён хлеў будуе для iх?

Упрытык да хаты стаяў маленькi зруб.

— Не, гэта ён хатку для прыезджых будуе, — растлумачыла Тамарка, — неяк па-польску такая хатка называецца. Гэта калi хто прыедзе да iх у касцёл, паломнiкi якiя, дык каб пераначаваць было дзе. У кожным касцёле ёсць такая начлежка. Нават у Менску, мне бабы з касцёла расказвалi. Там, у касцёл Святога Роха, раз на месяц прыязджае моладзь каталiцкая, песнi пра Бога спяваюць, з розных гарадоў, вёсак, прыязджаюць, дык у касцёле i начуюць альбо ў вернiкаў…

Поделиться с друзьями: