Літоўскі воўк
Шрифт:
Ясь агледзеў боты, атрапаў сурдут, памацаў гузікі, цыдулку ў кішэні, якую дастаў з гаманца, каб было зручней перадаваць, і пагрукаў у дзверы.
Адчыніла пакаёўка, маладая дзяўчына з румянымі выпнутымі шчочкамі і маленькім ротам. Поўныя грудзі напіналі крам сукенкі.
— Здароў, Ганно! — сказаў Ясь дзяўчыне, падміргнуў ёй і плячом хацеў праціснуцца ў вітальню.
Ганна ўхапіла Яся за плячо, каб сілай спыніць, але Ясь не паддаўся, палез напралом.
— Пачэкай… — фанабэрна, але найграна сказала пакаёўка, быццам яна гаспадыня тут. — Куды пнешся, як мядзведзь… Я паклічу…
Ясь
— Пусці… — сказала яна. — Барсук няўклюдны. Не злавіў, а ўжо скубеш.
Ясь выпусціў дзяўчыну. Ну і дзеўчына. Маладзіца, як агонь. Не дзіва, што Ежы ўзяў Ганну ў пакаёўкі. Местачковыя распускаюць чуткі, быццам у манкевіцкага аканома дзве маладыя жонкі. Ну, гэта лухта: Ганна не з тых, хто згодзіцца быць палюбоўніцай. Ды і Аксана ні за што не сцерпіць мужа-юрліўца.
Ганна, Аксана… З гэтымі дзяўчатамі гэтулькі бавіў час, як былі меншымі. У ягады хадзілі ў пушчу, на вячорках сядзелі… А колькі работы разам перароблена! Эх, дзяўчаты, дзяўчаты… Мілыя, каханыя… У паненкі выбіліся, пазаможнелі, счужанелі да яго, мужычага сына… Не, трэба сціснуць пачуцці ў кулак, не расслабляцца, не даваць нават знаку, што ў яго на сэрцы… Прыйдзе час, і ён у людзі выб'ецца.
У вітальні Ясь нечакана (ну не хацелася яму яго бачыць!) угледзеў аканома. У роце адразу стала сохнуць. Без ламентацый не абыдзецца. Пан аканом такі правільны, што ажно аскоміна забірае. А тут яшчэ Артураву цыдулку ўхітрыцца перадаць Аксане. Ад адчування строгасці і віны перад братам Ясь нават падумаў, ці не аддаць брату тую цыдулку?!
Пан Ежы сядзеў у глыбокім фатэлі і чытаў «Кур'ер віленскі». Ага, свежы нумар прыйшоў. Аканом суха павітаўся не паварочваючыся. Што за навіна? Куды падзелася ягоная прыкрая гжэчнасць? Нешта здарылася? Не глянуў нат, быццам Ясь не тое што не брат, не чалавек нават. Зрэшты, чалавек, але — шэрая костка, можа і пры парозе пастаяць.
— Ясік! — пачуўся чысты, напоўнены радасцю голас.
Гэта Аксана, цяпер пані Аксана. Выйшла ў вітальню вяльможнай паненкай: у ранішняй сукенцы, на нагах не якія вышываныя лапцікі-коты, а чаравічкі. Прывыкла тут і да чаравікаў. Штодня ходзіць… І не ціснуць яны ёй.
Селі, пагаварылі пра прачытаныя кнігі. Ясь расказаў пра здарэнне на кірмашы. Расказваў і пазіраў на Ўрбановіча, які быццам не слухаў, а сядзеў, унураны ў газету. І навіна, што на кірмашы лавілі падбухторшчыка, агітатара, яго ані не ўзрушыла, не падняла з крэсла.
— Прыстаў страляў са сваёй пукаўкі! — гучна паўтарыў Ясь. — У агітатара. Ніколі такога не было…
— Падбухторшчыкі, канечне, шляхцічы? — спытала Аксана.
«Прызнавацца, хто яны?» — мільганула думка ў Кавальца.
— А як правільней казаць, — спытаўся Ясь, — шляхціч ці шляхціц?
Гэтым пытаннем паспрабаваў перабіць Аксаніну цікаўнасць. Не хацелася расказваць, што ўцекачамі, а значыць, падбухторшчыкамі былі, уласна, Артур і прыезджы ангелец. Калі расказаць гэта, тады належна расказваць і пра зброю. Ці не звязана з імі сама Аксана, раз Артур ёй цыдулку перадае?
— Дык
як правільна: шляхціч ці шляхціц?Ганна і Аксана перазірнуліся. Не ведаюць. Урбановіч шалясцеў газетай, не адзываўся.
— Вось бы з'ездзіць на возера Свіцязь… Сустрэцца з Верашчакамі… — сказаў Ясь.
— Якое наіўнае хлапчо, — скрывілася Ганна. — Верашчакі — магнацкі род, а мы — шарачковыя.
— Такі ўжо і магнацкі… — нечакана, амаль знянацку адгукнуўся пан Ежы. — Верашчакі проста моцна апалячаныя. Як і Міцкевічы. Зроду не былі палякамі… А правільней казаць — шляхціч. На «ц» толькі мазуры пшэкаюць… Шляхціч болей па-наску.
— Дык што? Верашчакі нас і блізка не падпусцяць? — насцярожыўся Ясь. Яму карцела распытаць пра радзіну Міцкевіча, творы якога нядаўна прачытаў.
— Гэта па-першае… — У сваю чаргу не звярнуў увагі на словы меншага брата пан аканом. — Па-другое, у краі неспакойна… Па дарогах жандары… А яны не чыкаюцца з рознага роду асобамі, якія туды-сюды швэндаюцца. Ганна, будзь ласкава, прынясі кавы.
Пакуль Ганна гатавала каву, маўчалі. Слова «швэндаюцца» было адрасавана Ясю, ён гэта адчуў, зразумеў, на што намякаў аканом, таму адразу насупіўся. Ясь не згаджаўся ісці працаваць у эканомію.
Пакаёўка ўрачыста ўнесла тацру, трымала яе высока, на ўзроўні грудзей, удыхала пару ад філіжанак і ўдавала, быццам зараз страціць прытомнасць ад водару кавы. Аксана прыняла з яе рук каву… Яны, Ганна і Аксана, роўныя ростам, вабныя з твару, як з карцінкі. Толькі Ганна ў хустцы, як просталюдзінка.
«Чаму я не закахаўся ў адну з іх, — падумаў Кавалец. — Гора не ведаў бы… А то гэтая Налётка… Фанабэрыстая, з мухамі ў носе. Прысох. І грэшна, і так соладка…»
— Што, братка, — сказаў пан аканом, звяртаючыся да Яся, — каву рэдка п'еш?
— Ну чаму? — паціснуў плячыма Ясь. — Бывае… Але дорага, халера.
— Давай без халераў… — зрабіў заўвагу аканом. — Гэта вядома, што дорага. Яна нам дарагая. А рэч у паўднёвых краінах звычайная. Слухай, Ганна, чаму толькі тры кавы? — сурова глянуў на Ганну. — Дзе чацвёртая?
— Каму, васпане?
— Табе! Што за плябейшчына? Колькі разоў казаць: ты не пакаёўкай сюды ўзята. Ты — Аксаніна каляжанка. Разумееш?
— Я… Я не хачу кавы, пан Ежы, — сказала Ганна. — Яна горкая…
— У семінарыі давялося папіць той кавы… Ды паесці «германцаў» — падсмажанага хлеба, — сказаў Ясь, каб перайначыць гутарку. — Толькі хале… гэта, яна нам рабілася з жалудоў. Тамтэйшыя жыды мелюць жалуды і падмешваюць у тую каву…
— Як падсвінакам… — пырснула Ганна.
Аканом сурова глянуў на Ганну, і дзяўчына закрыла рот ражком хусткі.
— Кава з жалудоў — выдатная рэч, — сказаў аканом. — Ачышчае печань. Па мне, я б піў каву толькі з цыкорыі ды жалудоў і не плаціў бы данцыгскім жыдам золатам.
«Як перадаць цыдулку? — падумаў Ясь. — З рукі ў руку? Каб не заўважыў Урбановіч. Муж усё-ткі…»
Пан аканом выпіў каву, далікатна прамакнуў вусны хустачкай, зноў заняўся газетай… Ну, шалясці, шалясці…
Ясь падняўся, каб узяць кнігі, і ў гэты момант, трымаючы палец на вуснах, перадаў і цыдулку.