Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Літоўскі воўк

Наварыч Алесь

Шрифт:

— Ціха, дайце паслухаць, — сыкнуў на яго Кавалец.

— Не, што гэта ён гаворыць?! — не сунімаўся селянін у новых лапцях. — Яго павесяць, ей-бо, павесяць. Сколецца…

— Сколецца, — згадзіўся чорнабароды, якога Ясь ужо бачыў каля карчмы. — Жандараў панаехала. Заезджы дом атачылі, у кожную дзірку зазіраюць. А гэты, бачыш, не баіцца, брэша, што той сабака, на вецер.

— …урад трэба самім выбраць… Згодны?

Сяляне загулі, закрычалі, заспрачаліся. Спрачаліся зацята, аж за грудкі хапаліся. Кожны меў сваю праўду і сваю ж крыўду. Кожны адстойваў сваё.

— А зямля будзе? Зямлі дасцё? — разнесліся крыкі.

— Дзела не ў зямлі, а дзела ў вольнасці, роўнасці, — закрычаў

агітатар. — Той самай вольнасці, якой вашыя дзеды ды бацькі здаўна ждалі…

— Нашто нам твая вольнасць! — зароў селянін у новых лапцях. — Ты нам зямлі адмерай.

— Кожнаму будзе адмерана так, як ён сам сабе намерыць, — крыкнуў у адказ агітатар.

— А пана куды дзець? Што з панам рабіць?

— З панамі разбярэмся. Калі пан ліхі — пана павесім, як сабаку! Мужык будзе кепскі — то і мужыка павесім…

— Во дае, — паківаў галавой селянін. — Сапраўдны падбухторшчык. Вісельня па ім плача, ой плача.

Шмат хто з сялян, пачуўшы словы «пана павесім», хрысціліся, пляваліся і ішлі прэч. Іх месца займалі новыя. Натоўп то менеў, радзеў, то гусцеў ад прыбылых сялян.

Кавальцу зрабілася нецікава — як гэта, падбухторваць вешаць паноў? Ды яшчэ як сабак. Паны — людзі. І ў паноў душа. Што дзяліць панскую зямлю, калі зямля не ім належыць — Богу. Не, пайду.

Паглядзеў на Манкевіцкі парк, на сонца. Час падавацца да мілай пані Аксаны. Хутчэй да яе, расказаць, што тут вось чуў. Ёй будзе цікава. Што яна думае пра вольнасць? Што скажа, як ацэніць тое, што казаў плявузгала-падбухторшчык. Напраўду, дзе паліцыя, дзе ўлада!

Праз мястэчка ў эканомію ісці не хацелася. Падумаў — ці не спраставаць дарогу чаўном па затоцы? Каля парку прывяжа човен да вярбіны, паднімецца на гару. Па вадзе бліжэй і зручней. Праўда, панскі парк вартуюць сабакі — даўганогія харты. Ат, не пакусаюць, ведаюць… Яго, Кавальца, яшчэ не пакусаў ніводны сабака. І не пакусае… Хіба што шалёны…

Напаследак азірнуўся і ўбачыў праз урадзелы натоўп не надта высокага, плячыстага прамоўцу — чалавека з шыракаватым валявым тварам, кароткай бародкай. Ясю падалося, што ён недзе бачыў гэтага бессаромніка, які так лёгка распараджаецца, моў сам Гасподзь, чужымі жыццямі. Ад такіх спадароў належыць трымацца як мага далей.

Ясь махнуў рукой, плюнуў, уцёрся рукавом і пайшоў да чоўна.

2. Пагоня

Як адвеславаў ад берага, далей ад людзей, надумаў уважліва разглядзець цыдулку. Толькі намерыўся зрабіць гэта, як пачуў немачны крык, потым нешта гучна ляснула. Звонкі зык адбіўся гучным рэхам ад люстранай паверхні вады. Ясь зірнуў і паспеў заўважыць над галовамі людзей на лодачным кірмашы воблачка сіняватага дыму.

«Страляюць!» — мільганула ў галаве. Схаваў цыдулку, паставіў човен проці цечы і стаў глядзець на гурму людзей. Бегаюць па беразе, мітусяцца, крычаць. Вось некага ўхапілі, валакуць, вось вырваўся, пабег. Тут яму напярэймы бягуць. Няўжо зловяць? Але каго гэта ловяць? Што за камедыя?! Пэўна, таго брахуна па беразе ганяюць. Даілгаўся!

Вось ён ускочыў у лодку, перабраўся ў другую. За ім, пералазячы з лодкі ў лодку гоніцца другі чалавек. У картузе. Ці не прыстаў? А на беразе мітусня, воклічы, гам, рогат. Як цікава! Што ж здарылася?

Вось зноў гучна бабахнула, толькі пошчак пайшоў. І дымок узвіўся. Дык гэта ж напраўдачкі страляюць! Валяць у чалавека! А божачкі!

Кавалец падняўся ў лодцы, угледзеўся. Раптам чалавек у картузе (пэўна ж, сам спраўнік), які даганяў па лодках уцекача, спатыкнуўся, узмахнуў рукамі і боўтнуўся паміж лодак. Пакуль ён выпялёхкваўся з вады, ад

берега адскочыла новая вастраносая лодка. Двое людзей з усяе сілы граблі вёсламі. Адзін адмахваў сваім вяслом спрытна, з толкам, а другі хутчэй перашкаджаў рухацца, чым памагаў, бо то пляскаў лапаткай па вадзе, то занырваў ёю так, што лодка заварочвала на адзін бок.

«Ці трымаў калі ў руках гэты чалавек вясло? — падумаў Ясь. — Але што яны за такія?»

Да лодкі было сажняў трыста, яна ўбілася ў струмень ракі, і грабцы нейкі момант натужна вывяслоўвалі супраць цечы. Вось пакалываліся наўкасы па цечы да процілеглага берага. А вунь на беразе крычаць, равуць чагосьці людзі, вунь адчальвае яшчэ лодка, вялікі — у тры пары вёслаў — дубок. Няўжо пагоня? Людзі ў дубку ў шэсць рук лодку на пару вёсел дагоняць умэнт. Ды яшчэ з такім неважнецкім весляром.

З чыстае цікаўнасці Ясь пагнаў свой човен услед за вастраносай лодкай. Праз колькі часу Кавалец пазнаў у адным з уцекачоў Буевічавага Арціка.

Артур!.. І тут ён! З ім незнаёмец, з вусамі, барадой. Ясь паўзіраўся, каб пазнаць барадатага. Авохці! Дык гэта акурат пазаўчарашні ангелец. Але гэты — у простай кашулі і чорнай камізэльцы. Як цыган які.

Тым часам даганятары пагналі дубок на высцігі. Яны так размахаліся вёсламі, што дубок ляцеў, як птушка. Аж баранчыкі пены перад носам разляхотваліся. Неўзабаве Ясеў човен апынуўся паміж дубком і ўцекачамі. Вунь у дубку відаць тутэйшага прыстава ў мундуры з пурпуровым каўнерам, па мянушцы Вусаціха. Нежанаты і ходзіць да адной пакідухі, у якой пад носам вусікі. Таму і Вусаціха. І ён, прыстаў, Вусаціха, і яна — жанчына, таксама Вусаціха. Прыстаў як цвярозы — злосны, быццам цівун. Крычыць, лаецца. І на гэты раз злосны, пэўна ж — цвярозы. Адзежа цёмная — мокрая. Пэўна, гэта ён паміж лодак шуснуў.

— Бунтаўшчыкі! Дзяржаўныя злачынцы! — крычаў, ледзь не роў прыстаў. — Убок, прэч!

Гэта ён яму, Ясю, крычыць. Дубок падплывае бліжэй.

— Збоч, каму кажу!

«Гэта ён мне! — падумаў Кавалец. — Каму ж яшчэ?»

Хлопец стаў адвяслоўваць убок, але дубок чамусьці імчыць проста на Яся. І справа, і злева — мора вады, але грабцы ў лодцы ці не наўмысна прастуюць на яго.

— Гэй, ты! — равянуў прыстаў. — Збочвай!

Ясь паціснуў плячамі.

— Ты заадно з падбухторшчыкамі! — закрычаў прадстаўнік улады. — Я цябе заарыштую! У салдаты аддам… Вы — куды! — крычаў на сваіх весляроў. — І вас у кайданы закую! У Сібір адпраўлю!

Дубок налятаў на Ясеў човен. За вёсламі сядзелі сяляне, якіх прыстаў ухапіў, хто пад руку трапіў. Яны сядзяць і ўхмыляюцца. Ясеў човен рака зносіць якраз на ход дубка. Сяляне падымаюць вёслы, перастаюць грабці.

— Вы чаго прысталі?! — закрычаў Вусаціха, але і сам убачыў, што дубок вось-вось сутыкнецца з чоўнам. — Я табе зараз пыку начышчу!

«Гэта так?!» — мільганула ў галаве Яся, і ён так грабянуў, што човен яшчэ больш наблізіўся на ход дубка.

— Куды! — зароў прыстаў, але было позна.

Ясеў човен апынуўся папярок ходу дубка. Сяляне забілі вёсламі па вадзе, каб не ўрэзацца…

— Хам! Арыштую! — роў прыстаў.

— Пане прыстаў! — заявіў Кавалец. — У мяне маці — шляхцянка.

— Я на спіне выцырую тваё шляхецтва! Дубцамі! — роў прыстаў.

«Раві, раві, — думаў Ясь. — Пакуль размінёмся — не адна хвіліна пройдзе…»

І напраўду, уцекачам можа якраз хвіліны не хапіць, каб схавацца ў прыбярэжнай лазе, выпхацца дзе да берага… Па сушыні ўцякаць — не па вадзе.

Дубок аб'ехаў човен і, трэба ж, зачапіўся за вяроўчыну, за якую быў навязаны пусты рыбны саж. Зачапіўся, бо прытоплены саж падперла пад бок дубка. Човен і дубок счапіліся ў адно цэлае, закруціліся па цечы.

Поделиться с друзьями: