Літоўскі воўк
Шрифт:
— Ой, злякаўся! — рэкнуў Пратасавіцкі.
— А ты, Ясю? Што надумаў? — пан Дамінік звярнуўся да Кавальца. — Ідзі за мной…
З гэтымі словамі пан Дамінік узяў Яся за руку, як дзіця, як цацунка [4] якога.
— Яны мяне… абразілі… — усё яшчэ задыхаючыся ад гневу, вымавіў Ясь. — Мужыком, хлопам абазвалі… А я ж… Вы ж ведаеце…
— Entre nous, c'est un homme perdu [5] , — сказаў Бароўскі, не выпускаючы Ясеву руку, быццам хлопец папускаўся біцца.
4
Цацунок —
5
Паміж намі, гэта згублены чалавек (фр.).
— Паўтараю: entre nous, c'est un homme perdu, — зноў сказаў Бароўскі і моцна тузануў Яся за рукаў.
Ясь глядзеў на гладка паголены твар пана Дамініка, чмыхаў носам, варушыў пялёсткамі ноздраў, астываў.
— Зразумеў? — не адставаў Бароўскі. — Ты ж вучыў французскую мову…
Ясь кіўнуў, паддаўся, адышлі ўбок.
— Схамяніся, чалавеча, — сказаў пан Бароўскі. — З кім намерыўся біцца? Адно смеху было б. Я ж кажу — гэта не высакародныя людзі, гэта чэрнь. Горшыя за мужыкоў.
То была праўда — акрамя смеху, нічога не выйшла б. Натаўкла б шляхта яго за мілую душу. Ці заступіўся б хто з мужыкоў.
— Ганарысты, як правадыр чырванаскурых… А фанабэрыя, браце, загана. Слухай, Людовік прывёз новую кніжку… Пра амерыканскіх індзейцаў… Цікавая, братка, кніга, на пачытай…
Ясь утаперыўся ў кніжку.
— Ніколі не звязвайся з імі, — павучаў пан Дамінік. — У цябе свая дарога ў жыцці, у іх — свая. Ты ганарыся, што ў цябе бацька мужык. Увогуле, усё гэта глупства, саслоўныя забабоны. Злаві мне лепей…
— Не буду я вам нічога лавіць…
— Бачыш, які ты нявыхаваны… — Пан Дамінік павярнуў Яся тварам да сябе. — Ты павінен падзякаваць мне, што ад бяды адвёў, а ты колешся, як ёрш.
— Я… Я дзякую пану…
— Во, так весялей, — Бароўскі абрадаваўся. — Я з табой даўно шукаю сустрэчы. Ты як выдатны птушкалоў маніўся злавіць мне…
— Я вам, васпане, усё, што можна было, палавіў…
— Не перабівай старэйшых, Ясю. Я вось што прашу. Кажуць, недзе ў Графскай пушчы, на балотах, ёсць востраў, на якім зверына хаваецца… Вось што мяне цікавіць…
— А я гэтага не ведаю, васпане, дзе тая прошча.
— Гэтага быць не можа. — Бароўскі строга і адначасова ўмольна паглядзеў на Яся. — Знайдзі…
— Цімох, каторага з Манкевіцкага бровара прагналі, кажуць, ведае… А я — не.
— Калі ўбачыш у той прошчы невядомую, незвычайную птушку — злаві. Богам прашу… І табе, і Цімоху птушка даецца. Ад прыроды, ад натуры… Ну, слова? Добра?
Ясь даў слова, згадзіўся, але з чым, толкам не разумеў. Усе птушкі, якія насялялі навакольныя лясы, балоты і лугі, — ад самай малой да самай вялікай, — здаецца, ужо злоўлены і вызначаны. Хіба ў прошчы недзе на балотах за Графскай пушчай можна было што ўбачыць цікавага. Але дарогі туды Ясь не ведаў.
Раздзел VI. Няспраўджаны прынцып
1. Падбухторшчыкі
Калі
Дамінік і Кавалец пайшлі, пан Пратасавіцкі падсунуўся да пана Кудліцкага:— Што гэны пуляк па-французску праталалэхаў?
Кудліцкі пачухаў галаву і сказаў:
— Здэцца, абазваў цябе… Хіба васпан не чуў?
— Я пытаю ў васпана — як абазваў?
— Як? А так: падпускальнікам смердзюхоў… — з відавочным задавальненнем праказаў Кудліцкі.
— Бароўскі, жаба бязгубая… Пайду да спраўніка… — рашуча вымавіў Пратасавіцкі. — Я гэтага так не пакіну… Навучаць усялякую ахлямуздрыну французшчыне і выхваляюцца… Пшэкі фанабэрныя!
У той час калі на адным канцы кірмаша вялася такая гаворка, на другім, дзе ішоў гандаль лодкамі, нехта нешта гаварыў, і гаварыў так гучна, што на голас падцягваліся і падцягваліся людзі. Неўзабаве там сабралася цэлая гурма людзей. Гаварун даводзіў нешта сваё, яму супярэчылі ці выкрыквалі адабральнае. Часам натоўп узрываўся гучным рогатам.
— Што яны там сеймікуюць? — пацікавіўся пан Кудліцкі, становячыся на верхняе бервяно, каб угледзець, з-за чаго сабралася грамада.
— Мужыкі пра сваё лапочуць… — адказаў Пратасавіцкі. — Каб меней рабіць, каб болей на саломе спаць…
— І каб ніколі не ўмывацца! — падхапіў нехта з шляхцюкоў, і шляхта, задаволеная трапным, як ёй здавалася, жартам, зарагатала.
— Самыя… вы… па тры дні… не ўмываецеся, — прабурчэў загарынскі селянін. — Два паны — адны штаны!
— Што? — Падскочыла шляхта, але селянін пакрыўджана махнуў рукой і падаўся прэч.
Сталі разыходзіцца і іншыя, падаліся ў накірунку да купы людзей, што слухалі прамоўцу. Асобныя словы праз кірмашовы шум даляталі і сюды.
— Цар… Воля… Маніфест… Свабода…
— Цьфу ты, гэта ж прапаганду нехта рэжа… Супраць ураду, далібог, — вылупіў і без таго пукатыя вочы Пратасавіцкі. — Пайду паслухаю… Няўжо Варшава і нам спакою не дасць. Волі ёй захацелася, каб яе трасца.
Пан Пратасавіцкі разгірэчана падняўся з бервяна, каб таксама ісці туды, куды людзі ішлі. Пацягнуліся за ім і астатнія шляхцюкі.
Кавалец ніколі не чуў агітатараў. Развітаўся з Бароўскім і таксама пакіраваўся да натоўпу. Блізка не стаў падыходзіць, усё чуваць і здалёк. Прамоўцы, праўда, не відаць, стаяў, пэўне, у лодцы на вадзе.
— І цар, і паны — заадно, — разважаў гаварун. — Вольнасці нам ніхто не дасць, калі мы ўласнымі рукамі не возьмем яе. Што з тае вольнасці, якая абвешчана царом? Цар не пра селяніна дбае, ён мае клопат пра паноў…
— Не, цар пра мужыка дбае! — крыкнуў загарынскі чорнабароды селянін. Крыкнуў не дзеля праўды, а так, каб пазлаваць агітатара. А мо і дзеля смеху крыкнуў.
— Цар, можа, і думае пра мужыка, але да кожнага мужыка цар не дойдзе. На гэта ў яго ўрад ёсць. Урад з паноў, з чыноўнікаў, і гэтыя чыноўнікі і паны згавораныя з кім? Ну, не з мужыкамі, праўда!
— Праўда, праўда твая! — загулі сяляне. — Урэж ім, дай ім!
— Выходзіць, вы, рукі каторых у мазалях, — дзеля ўраду, а належыць наадварот, мужыкі. Урад дзеля нас каб быў, пра нас дбаў, мужыкі… Не Богам урад заведзены, але людзьмі…
— Вось рэжа праўду, дык рэжа… Яго павесіць мала, — сказаў селянін у новых лапцях, які стаяў побач з Ясем. — Узяць ды на першай асіне павесіць…