Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Літоўскі воўк

Наварыч Алесь

Шрифт:

— Вельмі ты смелая.

— Гэта вужы, не гадзюкі, — патлумачыла Аксана. — Я дзеўчынай у рукі вужак брала, не баялася. Іх тут шмат. Кажу, ніхто не ходзіць, яны і развяліся. Увечары на паляванне выпаўзаюць. Бачыш, вунь яшчэ адзін, з-пад падлогі папоўз. Ды не бойся ты, стой. Інсургент, называецца. А там, глянь, каля грубкі кахлянай, яшчэ адзін… Маленькі…

— Гэта кіёчак проста…

— Чаго ж ён скручваецца?

Аксанін голас таксама прыглушаны, але яго Ўрбановіч пазнаваў без цяжкасці.

— Божухна, вунь з бэлькі хвост звісае… Такога зроду не бачыў… — прагугнявіў мужчына. — Пайшлі

адсюль…

«Дык чый гэта такі знаёмы голас? — тахкала кроў у скронях Урбановіча. — Дзе чуў яго?»

— Мы з Ганнай прыдумалі, што тут блукаюць прывіды… — сказала Аксана. — Яны сапраўды тут блукаюць… Прывід старога графа… Каб сюды ніхто не хадзіў. Хочаш грушу? Гэта сапяжанка… Па дарозе ўзяла некалькі… Яны яшчэ цвёрдыя.

Пачуліся лускат, чвяканне…

«Цалуюцца… Ці ўсё ж ядуць грушу?» Прыслухаўся. Супакоіўся — каханкі грызлі грушу. Як дзеці, зусім дзеці. Застрэліць шкада. Зрабіць як раней — аддаць у манастыр… Прынамсі — яе. Яго — у маскалі!»

Пан аканом, асцярожна ступаючы, абагнуў дом, пераступіў праз правалены ганак у адзін з прадпакояў, выйшаў да таго пакоя, у якім млелі адно каля аднаго каханкі. Ён ужо не баяўся, што яго заўважаць. Таіцца не было сэнсу. Пан аканом ішоў насустрач свайму лёсу.

— Паглядзі, што я прывёз… — пачуўся голас.

Зашамацела папера.

— Му-жыцкая праўда… Дзецюкі… — пачуўся голас Аксаны, якая, пэўна, чытала з паперы. — Што гэта? Супраць цара… Не відаць, цёмна ўжо…

— Уга, супраць цара. Мужыкоў падымаць, арганізаваць адукаваных хлопцаў… Ну, накшталт Людовіка Бароўскага. Каб чыталі газету простаму люду. Табе ўвогуле мужа ўгаварыць, падбіць…

Урбановіч пачуў слова «муж» і наструніўся. Голас незнаёмца гучаў гучней, выразней, а Ўрбановіч усё яшчэ не мог пазнаць, здагадацца, хто ж каханак ягонай жонкі.

— Не, дарагі. Пан Ежы чалавек старых правілаў. Ён строгі… — сказала Аксана.

У пана аканома сціснулася сэрца. Называе чужога чалавека «дарагі», а ён, муж, для яе — «чалавек старых правілаў»…

— Ведаеш, шмат на што спадзявацца не прыходзіцца. Простыя людзі цёмныя. Тут работы непачаты край… Інсурэкцыя ім пусты гук. Проста бунт — вось гэта можна…

Голас таго, хто гаварыў, быў настолькі знаёмы, што Ўрбановіч губляўся ў здагадках.

— Звернемся да ягонага сэрца… У любым сэрцы ёсць куточак, у якім жывуць самыя шчырыя, патаемныя пачуцці… — казаў мужчына. — Ды што я табе расказваю, я месяц прабыў настаўнікам…

4. Тайна раскрыта!

«Дык гэта ж настаўнік! Арыстокаль, як на яго дворня кажа! — урэшце здагадаўся аканом. — Ах ты, смаркач! Заўтра ж выгнаць подлую душу… А прыкінуўся, што ў Вільню паехаў…»

Рука сутаргава сціснула рукаяць пісталета.

— Артур, пан Ежы заняты чалавек… Ён добры… Але катэгарычна супраць палітыкавання. Я шмат магу расказаць пра яго…

«Авохці! Ён ніякі не Арыстокаль! — ашаламіла аканома навіна. — Гэта ж… Буевічаў старэйшы… Артур! Вось яно што. Настаўнік і Артур Буевіч — адна асоба. І яны, Артур і Аксана, знюхаліся… Не, гэтага і страляць не выпадае. З Буевічамі сілай лепш не мерацца. З імі, шалёнымі, лепей не звязвацца…»

Аканом

напружыў слых. Цяпер Аксана стане гаварыць пра яго. Гэтага проста нельга не паслухаць…

— Ён добры… Але… Што яму міласць да радзімы… Ён адданы зямлі ў яе… грубым сэнсе. Хоча вырошчваць тут, падумаць толькі, персікі, марэлю, вінагроны…

— Марэля? Вінагроны… Кажы па-нашаму… — буркнуў Артур.

— А як па-нашаму?

— А хоць бы абрыкосы, вінаград…

— Дык то ж па-расейску.

— Ну і па-нашаму так. Лепш па-расейску, чым па-польску…

— Чаму, Арця? Хіба па-польску не радней…

— Не кажы так. Я табе ніякі не Арця… — незадаволена перабіў Аксану Артур.

— Ты капрызны, як Цэцыліна Маня. Хто ж ты?

— Я табе — грамадзянін. А што да палякаў, то яны мне ў Пецярбургу гізунты дасталі…

— Я ведаю чаго. Ты ўсіх ловіш на словах. Табе мова хлопаў…

— Перастань! — абарваў Аксану Артур. — Любоў да радзімы пачынаецца з любові да бацькоў, да зямлі і да роднага слова…

Пан аканом змог здаля вызірнуць. Негустая, але цыбукаватая крапіва хавала яго… Ды і добра сцямнела. Ён заўважыў, што Аксана стаіць на лігары і круціць гузік на Артуравым сурдуце.

«Займаюцца любошчамі ўпотай, ды яшчэ пра радзіму думаюць… Я пакажу вам любоў да радзімы і да мовы хлопаў. Гэта толькі шырма! — мільганула ў галаве аканома. — Вось бы стрэльнуць зараз… Проста ў гэтую прыгожанькую галоўку. Або гэтаму хлапаману ў плечы ўваліць куляй…»

— Грамадзянка Аксана, — пачуўся голас Буевіча. Ён адхіліў Аксаніну руку ад сурдута. — Давядзецца табе самой ці з надзейнымі людзьмі хаваць тое, што я табе перадам. Не ведаю, дзе схаваеш… Тут, у склепе, побач, ці дзе ў лесе… Словам, у надзейным месцы… І яшчэ… Калі пан Ежы не схільны да інсурэкцыі, яго не варта ўводзіць у нашыя справы… Пакуль…

— Так, пакуль не. Я паважаю мужа, нават… крышачку люблю яго, — пачуўся голас Аксаны. — Але, але, грамадзянін Артур, да паўстання, мне здаецца, ён ніколі не далучыцца…

— Не далучыцца? Нават калі мы пераможам?

— Лепш за ўсё будзе, калі мы станем паводзіць сябе так, каб ён як мага даўжэй нічога не ведаў… Іначай ён стане перашкаджаць рыхтаваць паўстанне…

Артур гучна чмыхнуў.

Аксана прадоўжыла:

— Разумееш, я настолькі ўдзячна пану Ежы, што не хачу… Не хачу рызыкаваць ягоным дабрабытам… Ён мой дабрадзей. Я магу рызыкаваць хіба толькі ўласнай, выбачай, скурай. Артуру! Я жыццё сваё аддам дзеля Бацькаўшчыны, але чужымі ні гонарам, ні дабрабытам нам не вольна распараджацца… Зрэшты, я ягоная жонка, а ён мне муж. Веру, я здольна пакахаць яго яшчэ больш, як кахаю цяпер…

— Дык ты яго ўсё-ткі кахаеш? — прагучала пытанне.

У голасе Артура аканому пачулася расчараванне.

— Скажам, моцна захапляюся… Ён разумны. І раз так выйшла ў жыцці…

Пан Урбановіч нагнуўся, сціснуўшы пальцамі нос. Ён не верыў уласным вушам. Аксана — не здрадніца?!

— Я дала клятву перад Госпадам Богам, што буду яму вернай жонкай… — гучаў Аксанін голас. — І я застаюся пры гэтай сцяжыне, сцяжыне шлюбных абавязкаў, буду вернай уласнаму слову і клятве перад Богам. Але, павер, сэрца маё таксама цалкам аддана Айчыне, нашаму краю, нашаму люду.

Поделиться с друзьями: