Літоўскі воўк
Шрифт:
— Могуць, але… Але ўсяму свой час, — адказаў Бароўскі.
— І гэты час прыйшоў, — раптам гучна аб'явіў Артур, які таксама пераважна маўчаў дагэтуль.
«Зараз пачнецца…» — падумалася пану Ўрбановічу, бо Артуравы словы выклікалі замінку за сталом.
Жандарскі афіцэр пастукаў відэльцам па талерцы, падняўся з келіхам у руцэ.
3. Нашэсце вожыкаў
Напраўду пачалося. Але зусім не тое, пра што думаў пан аканом. Раптам сярод напружанай цішыні
— Божа! Што здарылася? — ускрыкнула пані Цэцыля. — Што за нявыхаванасць…
— Яны! Зноў!
Вочы ў іх гарэлі, блішчэлі. Падцягвалі сукенкі ледзь не вышэй калень.
— Яны, яны! — крычалі дзяўчаты і паказвалі пальцам на дарожку.
— Хто яны? — буркнуў прыстаў і стаў намацваць недзе збоку рэвальвер.
Глянулі на дарожку. Па ёй спрытна бег вожык. Невялікі, а за ім — невялічкія важаняты. Адзін, другі, трэці, чацвёрты, пяты…
— Восем штук! — у захапленні выкрыкнула меншая з Цэцыліных дачок. — А вунь яшчэ сямейка.
З другога кутка парку паказаўся яшчэ адзін вожыкавы цуг. Бегалі па пяску, па падстрыжанай траве, спрытна лавілі абпаленых у агні ліхтароў кузурак, хрумсталі аслепленымі жукамі.
— А вунь яшчэ, яшчэ…
Трэці вывадак пашыбаваў, чацвёрты, пяты… Увесь парк быў у вожыках. Малых, вялікіх, сярэдніх.
— Мондрык! — строга крыкнуў пан Урбановіч. — Колькі разоў табе было загадана ачысціць парк ад гэтых стварэнняў?
— То ж, васпане, выносілі! Палавілі ўсіх да аднаго! Вынеслі… Яны ж, халера, прыбягаюць назад.
— А вы запрасіце давыд-гарадоцкіх цыганоў… Жыва вычысцяць… — параіў прыстаў, хаваючы рэвальвер. — Я думаў, на агонь нячысцік прэцца. Як у «Шляхціца Завальні…».
— Пан чытаў «Шляхціца Завальню…»? — пацікавіўся Бароўскі.
— А вы думаеце, што паліцыянт толькі ўмее гарэлку, выбачайце, глушыць?
— За рэчку перавезці, — павысіў голас пан аканом. — Збіраць зараз жа!
Здавалася, пан Урбановіч хацеў перад гасцямі паказаць свой круты нораў.
— Выбачайце, паночку. — Мондрык пачаў збіраць на сярэбраны спод маленькіх вожыкаў, добра, што рукі ў пальчатках.
Маленькія вожыкі не баяліся, а хадзілі па споду, нават звальваліся і ўцякалі.
Пані Валеўская таксама стаяла на крэсле з падабранай сукенкай. Мужчыны стаялі і, як зачараваныя, глядзелі на дзіўнае відовішча: вожыкі, дзяўчаты, сукенкі…
— Прашу прабачыць маіх дачок, — сказала пані Цэцыля. — Адэлаіду ў дзяцінстве ўкусіла адно з гэтых стварэнняў. Вось яна і баіцца… Але, выбачайце, яна баіцца толькі вожыкаў… Увогуле яна любіць жывое. Не паверыце, у нас і цяпер жыве сапраўднае ваўчаня. Дык мая цурэчка з ім, выбачайце, спаць кладзецца.
— Мамо! — усклікнула тая, якую пані Цэцыля назвала Адэлаідай.
(Вось, чытач, дарэчы, і першы напамін пра нашага шэрага героя, з якім ты знаёмы з першых старонак. Менавіта ад Цэцыліных дачок пачынаецца ўласна гісторыя пра нашага вушастага героя.)
Пан Урбановіч, каб змікшыраваць побытавую, не для выкшталцонага густу падрабязнасць — спанне з ваўчуком, — патлумачыў:
— Тут да нядаўняга часу зараснікі былі, шмат рознай нечысці развялося: вужак, вожыкаў, барсукі нават прыйшлі… Зараснікі ў парку выцерабілі, а вожыкі
дагэтуль выводзяцца. Загадваю збіраць і выносіць чым далей ад парку. Усё роўна спаўзаюцца… — Пан аканом зіркнуў на белыя карункі, якія мільганулі з-пад сукенкі пані Валеўскай.— Вось што значыць — радзімы кут, — нягучна праказаў ангелец. І праказаў ён ні па-ангельску, ні па-польску. Каб нават і па-польску, пэўна, ніхто не звярнуў бы на ягоныя словы ўвагі. Але ўся бяда была ў тым, што сказаў ангелец гэтую фразу на той мове, якая адрознівалася і ад ангельскай, і ад польскай, і нават ад расейскай.
Усе як па камандзе зірнулі на чужапанца. Прамоўленыя ім словы на тутэйшай, мясцовай мове выклікалі эфект стрэлу. Цяпер і дурню было зразумела, што чалавек, які выдае сябе за замежніка, зусім гэткім не з'яўляецца. Але нечаканасць таго, што замежнік мог праказаць падобныя словы, была такой, што проста не верылася, быццам ён і казаў іх.
Ангелец, ці ва ўсякім разе чалавек, які выдаваў сябе за ангельца, парывіста схапіў келіх з віном і стаў піць, быццам гэты занятак мог згладзіць неспадзяванку. Момант быў востры, нечаканы. Шмат хто, лічы, амаль усе заўважылі, пачулі сказаныя словы, але як паводзіць сябе, як рэфлексаваць на гэтыя словы, не ведаў ніхто — усе былі збянтэжаныя.
— Вось што значыць — радзімы кут! — раптам гучна вымавіў Людовік з такім выглядам, нібы гэткую фразу толькі што казаў ён і цяпер паўтарае.
— Drink! — як бы каўтаючы склад, сказаў ангелец і зноў прыпаў да келіха.
— Пачакайце, — перапыніў чужапанца жандарскі афіцэр, зрабіўшы выгляд, што нічога не адбылося. — Пакуль дрынк, дык я скажу прамову.
4. Радавод жандара
Афіцэр падняў келіх, пастукаў нажом па шкле, хоць у гэтым не было патрэбы — усе і так маўчалі.
— Панове… Ведаеце, Прыпяць зліваецца з Дняпром. Я родам адтуль, з дняпроўскіх кручаў. Такім чынам, я — не масковец.
— А гэта адразу відаць, — сказаў Артур.
— Не перабівайце, хачу заявіць, што паколькі я не масковец…
Прыстаў зрабіў спробу запратэставаць, але жандар падняў на яго нож, маўляў, памаўчы.
— Заяўляю, што дзед майго дзеда, таксама Фогель, быў лепшым сябрам Рэйтана, наваградскага дэпутата на Варшаўскім сойме 1770 года.
— Рэйтан! — выклікнула пані Валеўская і запляскала ў ладкі. — То ж выбітны польскі патрыёт!
— Так, Рэйтан. Як і Рэйтан, мой прадзед належаў да патрыётаў краю. Укаранёны немец, не быў вуніятам ні з праваслаўных…
— Вера не вызначае патрыятызм! — крыкнуў Артур.
— Згодзен, патрыятызм да рэлігіі мае ўскосныя адносіны… Каб вы ведалі, — голас жандара дрыгнуў, — ён расказваў майму бацьку, як Рэйтан падаў у дзвярах падчас сумнавядомых падзей…
— Вы маеце на ўвазе Таргавіцкую канфедэрацыю? — удакладніў Бароўскі.
— Так. Калі Рэйтан патрыёт, мой дзед патрыёт, як вы дапускаеце, што я, іхні крэўны сваяк, не магу быць патрыётам?
— Але што вы разумееце пад патрыятызмам? — спыталася варшаўская красуня, якой, відаць, хацелася чуць і чуць пра патрыятызм тут, сярод палескай роўнядзі, далёка ад цывілізацыі…