Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Літоўскі воўк

Наварыч Алесь

Шрифт:

— Яшчэ ад больш дзікай малпы… — сказаў Артур, задаволены, што гутарка ўдаецца.

— А тая больш дзікая малпа ад каго?

— А тую, можа, і Бог стварыў.

— Што ты мне хочаш сказаць, не разумею? Лепш лічыць, што чалавек пайшоў ад Адама і Евы. А іх стварыў Пан Бог. Ці не прасцей, а галоўнае — прыгажэй, — зморшчыўся бацька. Не падабаліся яму такія гутаркі.

— А тое, што калі чалавек паходзіць ад малпы, то значыць, ад малпы паходзіць і расейскі цар.

— Аляксандар II паходзіць ад малпы? — весела ўскрыкнуў стары Буевіч. — Што ты вярзеш, сыне?

Выгляд у старога Буевіча зрабіўся камічна-спалоханы.

Са

змоўніцкім выразам твару ён прашаптаў:

— Ці ведаў ты тую мартышку, якая жыла ў Вярэнічаў… Залезла на дуб і не злазіла. Палезлі па яе, дык яна кусаецца. Мусілі страляць. Дык, значыцца, Аляксандар II паходзіць ад сваякоў гэтай мартышкі? Ты што, у Сібір захацеў?

— Не. Прапрадзеды першых Раманавых паходзілі ад людзей, продкі-дзікуны якіх пайшлі ад першалюдзей, а ўжо іх продкі былі сапраўднымі малпамі. Даказана ж, што паміж малпамі і людзьмі ёсць сваяцтва.

— Выходзіць, што і насамрэч Раманавы паходзяць ад… малпаў? — прашаптаў здзіўлены такім ходам думкі Буевіч-бацька. Праўда, у вачах ягоных свіцілася хітрынка. — Але ж… чалавек, душа ягоная — Боскае стварэнне. Не разумею, куды ты хіліш?

— Куды хілю? — ажывіўся Артур, не хаваючы, што яго радуе тое, што ягоная задума ідзе да паспяховага канца. — Слухай, тата. Раз вучонымі даведзена, што чалавек пайшоў ад малпы, то цар не Божы памазанік.

Выраз паблажлівасці паволі сышоў з твару старога Буевіча. Знікла і хітрынка, замест яе загарэўся злы агеньчык.

— Ну-ну, гавары, гавары… — зацікаўлена праказаў ён.

— Бог выбраў некага на цараванне абсалютна выпадкова… Царом мог вырабіцца і нехта з нашых продкаў… Урэшце, тут і Бог ні пры чым.

— Што ты кажаш?! — ужо зусім спалохаўся стары Буевіч. — Не разумею…

— Дынастыя Раманавых, менавіта цар Аляксандар II не прызначаны Богам цараваць ні над расейскім мужыком, ні ў прыватнасці над намі, ліцвінамі, беларусамі, палешукамі — называй як хочаш. Бог стварыў усіх абсалютна роўнымі… Разумееш?

— Хм. Чыста пратэстанцкая думка.

— Мы — роўныя сярод роўных, бацька. Як роўныя сярод роўных палякі, германцы, фіны, туркі… А таксама — бакасы, куры, качкі, зайцы, цецерукі… Людзі самі прыдумалі цараванне… І з пункту гледжання сучаснага ўзроўню развіцця грамадства гэтая лухта — богаабранасць цара-бацюхны — павінна быць здадзена ў архіў.

Стары Буевіч задумаўся.

— Гм… Бог стварыў… малпу… Малпа вырабілася на чалавека… — мармытаў ён. — Потым… людзі прыдумалі цараванне…

— Так, тата.

— А Адам, а Ева? Яны што, таксама пайшлі ад малпаў?

— То прыдумкі старажытных людзей, тата, легенда, літаратурны твор.

— Хто даказаў, што не Бог удыхнуў душу ў чалавека, а прырода вырабіла яго з малпы?

— Чарльз Дарвін і даказаў, тата. Ангелец. Вялікі вучоны… Раней людзі думалі, што Зямля — цэнтр сусвету. Капернік давёў адваротнае. Зямля — усяго толькі звычайная планета, якая разам з прыкладна такімі ж планетамі круціцца вакол Сонца. Гэта перавярнула свядомасць мільёнаў людзей… Усяго чалавецтва. Ангельскі вучоны Дарвін зрабіў не меншае адкрыццё, чым паляк Капернік. Ён з навуковых пазіцый абгрунтаваў, што чалавек ёсць вынік эвалюцыі жыцця, а таму ні расейскі імператар, ні які румынскі спадар, турэцкі паша ці абісінскі кароль не маюць аніякіх правоў цараваць над людзьмі: расейцамі, румынамі, туркамі ці абісінцамі… Ні над намі, ліцвінамі, ні над якім

другім народам — башкірамі, грузінамі, калмыкамі там ці адыгамі — расейскі цар панаваць не мае аніякага права…

— Хм… — яшчэ больш задумаўся стары пан. Ход думак сына азадачыў яго. Увесь ягоны добразычлівы настрой прапаў.

Артур радаваўся, што змог задаць бацьку падобную ламаніну галавы. Лацвей дасць угаварыць сябе на інсурэкцыю.

— Дарвін, кажаш? Пачакай, — сказаў стары Буевіч. — Ангелец? Усе людзі пайшлі ад малпаў, так?! Дапусцім. І таму мы роўныя перад Богам, так?!

Артур уздыхнуў.

— Ангельская каралева чытала Дарвіна? — спытаўся стары Буевіч.

— У тым-то і справа, што пэўна чытала. І разумее, што яе статус — архаіка. Раней ці пазней адмовіцца ад гэтых недарэчных устанаўленняў.

— І Брытанія ператворыцца ў рэспубліку?

— Мяркую, яшчэ пры нашым жыцці. Да канца XIX стагоддзя несумненна. Галоўнае — самахоць, без рэвалюцыі. А вось дзікім расейскім царам варта дапамагчы зразумець, што гэта пыха, гардыня — лічыць сябе богаабранымі…

Стары Буевіч схапіўся за галаву.

— Ой, што гэта са мной, — пан ускочыў на ногі. — Я вар'яцею… Чалавек пайшоў ад мартышкі… Цар — не Божы памазанік, але малпаў… Малпы памазалі Раманавых на імператарства… Ангельская каралева здае карону ў музеюм! Ха-ха-ха! Эй, дзеўка, — закрычаў Буевіч, — нясі хутчэй гарэлку, іначай згублю апошнія глузды…

2. Разуменне роўнасці

Стары Буевіч усхадзіўся. Ён падскочыў з крэсла і шырокім сягам стаў кружляць па пакоі. Як толькі сын спрабаваў яму нешта тлумачыць ці пярэчыць, Буевіч-бацька ўскідваў руку, даючы знак сыну маўчаць.

— Ты думаеш, я — адсталы чалавек? І не ведаю, што значыць роўнасць? — пагрозліва гаварыў ён. — Ты яшчэ не нарадзіўся, а я меў у бібліятэцы кнігі, якія былі забаронены, ведаеш дзе? — Бацька насунуўся на сына. — У Парыжы! У гэтым расадніку так званых ідэй вольнасці і брацтва. А ў мяне — былі, а я — чытаў.

— Тата, мы павінны адабраць у расейскага імператара права распараджацца намі, ліцвінамі, — Артур праводзіў сваю лінію, нягледзячы на бацькавы жэсты.

— Ліцвінамі! — усклікнуў бацька. — Гэта — анахранізм.

— Ну я ж не анахранізм! Я жывы чалавек. Я веру…

— Пачакай, пачакай… У што ты верыш? Ці не ў тое, што, скажам, мой новы распарадчык Цімох, у якога ў барадзе, выбачай, вошы вядуцца, калі ад гарэлкі не падохлі, мне роўня?

— Роўня, — няўпэўнена сказаў Артур. Памаўчаў і ўжо болей жвава дадаў: — Прыйдзе час, у расейскага імператара возьмуць права на свабоду, роўнасць і самі расейцы, і ўсе народы, якія насяляюць Расею. Самыя, выбачай, брудныя і вашывыя… Годзе нам маліцца на цара, як на абраз…

Стары Буевіч спыніўся пасярод пакоя, зірнуў на сына, перавёў позірк на алеадрук выявы імператара, узяты ў багетную раму, прашаптаў:

— Але ж — імператар! Якая малпа? Які Цімох?

— Імператар, імператар… — прабурчэў Артур. — Мы самі сабе імператары… Паўстаць, як вось-вось паўстануць палякі, і адваяваць сваю волю. Захочам, паставім сабе караля… Выберам з шляхты каго талковага… Не захочам караля, выберам прэзідэнта, канцлера.

Бацька маўчаў. Відаць, ён нешта думаў, бо не слухаў прапаганду Артура.

Поделиться с друзьями: