Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Літоўскі воўк

Наварыч Алесь

Шрифт:

Лазню Ўрбановіч загадаў пабудаваць не так даўно, але палілі яе толькі на святы, а большай часткай выкарыстоўвалі пад вязніцу.

Калі адамкнулі дзверы, Ганна паспела прахапіцца, убачыла аканома, перапалохана прыціснула рукі да грудзей і зняможана прысела на лаўку, на якой ляжала. Пэўна, чакала далейшай расправы.

«Біў Мондрык. Можа, няхай ён… Таго… Падлагоджваецца…» — падумаў аканом.

— Ідзі да яе, — шапнуў ён прыслугачу, адступіўшыся за дзверы.

Мондрык хмыкнуў:

— Васпане, выбачайце, але… Яна вочы мне выдрапае…

Пан Урбановіч уздыхнуў, падышоў, нахіліўся над дзяўчынай.

— Ганно, выбач мне. Выйшла памылка.

Дзяўчына

заплакала.

— Любачка, злітуйся… Я памыліўся… Ручкі-ножкі буду цалаваць, толькі прабач, не расказвай пані…

Ганна заплакала яшчэ больш, гарчэй, безвыходней, з надрывам.

— Бачыш, Ганначка, і я плачу. Гэта я, такі смехалюднік, вось што вырабіў… Роднай жоначцы не паверыў….

Плач Ганны ўзмацніўся.

— Табе падзякую грашыма…

— Грашыма? — усхліпнула дзяўчына.

— Не пашкадую… — горача шаптаў аканом. — Толькі не расказвай пані Аксане… Богам прашу цябе. Хочаш, на калені ўпаду…

Дзяўчына стала падвываць, пераходзячы на высокія, амаль пранізлівыя ноты. Яна проста выла ад абразы, ад няшчасця, якое з ёю здарылася.

Пан Урбановіч гэпнуўся на калені — у яго не было выйсця.

— Выбач, злітуйся… Больш ніколі, ні з кім такога не будзе… Слова гонару… Ты ж ведаеш, які з мяне пан… Я нікога не караў, я заўсёды ласкай, словам ушчуваў…

Ганна голасна загаласіла. З ёю такое вырабілі, умаралі ў такую няславу, а вось зараз просяць прабачэння, і мала таго, яна будзе змушана дараваць пану аканому, бо ёй проста няма куды падзецца. Праўда, галасіла яна хутчэй больш механічна, ужо без таго пачуцця безвыходнасці. Пэўна, сэнс аканомавых словаў даходзіў да яе, таму яна плакала, а сама кеміла, што ёй рабіць, як больш выгадна выкарыстаць становішча.

— Цішэй, любачка, ну перастань.

Урбановіч нахіліўся над дзяўчынай, паспрабаваў абняць яе, прытуліць, але яна рэзка адхілілася ад пана, плечы яе затрэсліся… Яна плакала нястрымным плачам.

«Істэрыка, — падумаў пан Урбановіч. — Гэта — істэрыка. Што рабіць?!»

Выйшаў з лазні, прычыніў дзверы — крый Божа, пачуюць дзяўчаты, Аксана. Ужо развіднела, але сонца яшчэ не ўзышло.

Мондрык стаяў недалёка, жаваў травіну, крыва пасміхаўся.

— Чаго яна?! — спытаўся Ўрбановіч.

— А таго… — Мондрык перакінуў травіну з аднаго кутка вуснаў у другі.

— Схадзі ты да яе…

— Я?! — Мондрык меў спуджаны выгляд.

— Ты. Цяпер — ты.

Мондрык патаптаўся пад дзвярыма, насмеліўся, наважыўся, пайшоў. Пан Урбановіч шчыльна зачыніў дзверы, стаў прыслухоўвацца. Усё можа быць. Раўці нема пачне… Крычаць «ратуйце»… Не спрычынілася б якая хвароба… Што ёй звар'яцець?! Гэта не халопка, не з сялян. Даліктуся. Пару разоў бізуном палучыла і… Не, халера, шляхта ёсць шляхта. Ад крыўды можа і памерці, усё-ткі кроў паказвае сваё.

Тое, што чакаў пан аканом, і адбылося. Ганна, калі ўбачыла крыўдзіцеля, нема раўнула. Ды так дзіка, што пан Урбановіч кінуўся да дзвярэй, быццам хацеў прыкрыць іх уласным целам, каб не было чуваць знадворку. Але енк нечакана сціх. І так стала ціха, што пан Ежы таксама спалохаўся. Прыклаў вуха да дзвярэй. Нічога не чуваць. Прыслухаўся, ледзь расчуў, як Ганна выдыхнула:

— Ты… Ты ж казаў, што любіш мяне…

Тут пачуўся гучны пляск. Такі гук можа быць, калі чалавека пляскаюць у твар наводліў. Мондрык біць дзяўчыну не мог. Выходзіць, Ганна ўдарыла Мондрыка. З усяе сілы. Урбановіч пацёр лоб. Ясна, што біць павінна была яго, аканома. Яму прызначаны гэты ўдар. Калі па справядлівасці.

Тым часам фурман грукнуўся

каленкамі на падлогу.

— Ганначко!

Пачуўся гучны пляск. З адцяжкай.

— Ты ведаеш, хаме, што я… штаны ўмачыла. Як ты бізуном ударыў… — праказала Ганна.

— Выбач, Ганулько! Я ж не вінаваты, што ў шляхцянак заведзена ў штанах летам хадзіць… — не адчуваючы за сабой віны, балбатаў Мондрык. У ягоным голасе чулася нават іронія, лёгкі прыхаваны здзек.

— На табе… Хам!

Аканом аж уздрыгнуў ад гуку ўдару.

— Мілая… — прастагнаў Мондрык.

«Мілая» яшчэ раз ляснула Мондрыка. Але не наводліў, лягчэй.

— Хочаш, прынясу бізун… Вернеш спаўна, што я табе даў…

«Умачылася, але не прызналася… Вось што значыць парода! — думаў пан Ежы з пачуццём невымернай віны. Каленкі ў яго трэсліся. — Гэта шляхта! Недарэмна стары Вабішчэвіч дамагаецца свайго… Эх, не даможацца… З торбамі пойдуць… Не надумала б яна і мяне таго… Пару разоў свіснуць…»

Аканом прыслухаўся. Нічога не чуваць. Яму карцела паглядзець, што ж там адбываецца за дзвярыма. Пачуў толькі цмоканне, усхліпванне, лёгкую валтузню.

«Мірацца… Слава табе, Усявышні», — аблегчана ўздыхнуў аканом, павярнуўся і пайшоў прэч.

«Пойдуць з торбамі, але гонару не страцяць… Гэта як у Дастаеўскага… Во адкуль ногі растуць у гэтага маскоўскага гардзякі… Ад тутэйшай шляхты…»

У тую раніцу, калі ў лазні аканомаў прыслугач Мондрык абдымаў і цалаваў знявечаную і абражаную дзяўчыну, на беразе Гарыні млявелі ад шчасця чыстай і незаплямленай маладосці маладыя людзі. Далёка адсюль, недзе ў марослівым Пецярбургу цар Аляксандар II ламаў галаву, як быць з чарговай палюбоўніцай. У другім жа баку свету, далёка на поўдзень і на ўсход, пад Каўказ, на чэчэнскіх пагорках пільна сачылі маладыя, з цёмнымі-цёмнымі няскоранымі вачамі чэчэны за сівавусымі расейскімі жаўнерамі… Там, над тымі чэчэнскімі пагоркамі, сонца даўно ўстала, а тут, над Гарынню, толькі-толькі паднімалася. Але святло ягонае бачылі ўсе: і цар-бацюхна ў Пецярбургу, і маладыя чэчэны, і сівавусыя расейскія жаўнеры, і нашы маладыя героі над ракой. І свет, і святло былі, жылі…

Зрэшты, ці мала што дзе па свеце рабілася, а дзяўчына Ганна шляхотнага стану з Заходняга Палесся была адзінай жанчынай на свеце, перад якой у адну раніцу поўзалі ракам і прасілі прабачэння ажно двое мужчын.

Напраўду, ліцвіны — шчырыя людзі.

Раздзел IX. Піва Гінеса

1. Ураган за тонкай сцяной

Пані Цэцыля прывыкла ў сваім маёнтку класціся рана, амаль з курамі. Застолле так стаміла яе, што яна ледзь дачакалася моманту, калі можна застацца адной, з задавальненнем выцягнуцца ва ўвесь рост і паволі патануць у сне.

Начаваць ёй прызначана ў невялікім флігелі ў глыбіні парку. У тым флігелі яна і раней адпачывала і ведала, як там лёгка, прыемна спіцца. Туды звычайна прыносілі сяннік, прасціны, падушкі.

Пані незаўважна адстала ад маладой кампаніі і стомлена патэпала да флігеля. Цяжкавата без пакаёўкі раздзецца. Пані доўга валтузілася з кручочкамі, аплікамі, матузкамі, гузічкамі. Нарэшце легла і паволі, як усе пажылыя людзі, пачала правальвацца ў сон. Трэск неабмятага свежага сена, якое аблягала пад цяжарам цела, не перашкаджаў. Вось перад вачамі ўзнікла карціна яснага сонечнага дня, пачуліся сялянскія песні, далёкія галасы.

Поделиться с друзьями: