Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Літоўскі воўк

Наварыч Алесь

Шрифт:

— Гэта застанецца выключна маёй тайнай… — гучаў мужчынскі голас.

— Я буду вернай спадарожніцай вашай тайны, — адказваў яму жаночы. — Але, як да патрыёта, да рыцара свабоды, дазвольце мне мець свае ўласныя пачуцці.

— Адношуся да пачуццяў паненкі з шанаваннем…

— Толькі і ўсяго?

Пані Цэцыля разумела, што галасы, якія яна чула, — гэта праява сну, але чаму яны напоўнены такімі выразнымі інтанацыямі, якіх у сне не бывае? Мала таго, галасы, асабліва голас жанчыны, жыва напаміналі пра людзей, з якімі пані Цэцыля пазнаёмілася толькі сёння, а гэта рэдка бывае, калі толькі пазнаёмішся з чалавекам і тут яго

і сасніш.

— Я ў шаленстве, калі вы не хочаце ўбачыць ува мне жанчыну!

Пані Цэцыля расплюшчыла вочы. Гэта ж голас пыхлівай варшавянкі Валеўскай!

— Маё сэрца належыць… другой.

«А мужчына — ці не ангелец? Чаму ён па-польску гаворыць… За вячэрай ані слова не сказаў», — падумала пані Цэцыля. Яе сон як рукой зняло.

— Другой жанчыне? Вы нічога не расказвалі мне пра яе. Раскажыце…

Нельга не пазнаць поўны і чысты голас Валеўскай. Пані Цэцыля зразумела, што трапіла ў нявыкрутку: флігель раздзелены на палавіны, і ў другой палавіне начавалі іншыя людзі. Тое, што рабілася між імі, цалкам іхняя справа, але быць сведкай, няхай сабе і міжвольнай, гэтай справы пані Цэцыля не хацела. Яна намерылася ўстаць, каб ціхенька апрануцца і пайсці. Сена гучна затрашчала пад ёю, галасы за драўлянай сцяной сціхлі. Заціхла, перастала варушыцца і пані Цэцыля.

— Ці можна ўведаць імя гэтай шчаслівіцы? — зноў пачуўся голас Валеўскай.

— Вы хутка пра гэта даведаецеся… — адказаў мужчына.

— О, мой каханы… Вы малады, здаровы, чысты, светлы. Ідэёвы, у рэшце рэшт…

Гэта быў не голас, але стогн. Пані Цэцыля пачырванела. Падслухоўваць чужыя размовы ой як нягжэчна! Гэта — па-першае, па-другое — яна баялася, што ў суседнім пакойчыку вось-вось што-небудзь пачнецца, які-небудзь такі ўраган пачуццяў, якога яна не вытрымае і тут, за сцяной. Яна можа, напрыклад, страціць прытомнасць… Адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі лічыла найвялікшай святыняй, таму быць сведкай гэтых адносін, няхай сабе і выпадковай, — грэх, найвялікшы грэх. Але як пайсці адсюль, калі сена гэтак трашчыць.

— Выбачайце, пані Валеўска. Яшчэ ў Польшчы я зразумеў, што вы ніякая не патрыётка, не вандроўніца…

— А хто ж я?

— Вы — звычайная расейская шпіёнка.

— Што?!

Пані Цэцыля накрыла галаву адразу дзвюма падушкамі, але і пад падушкамі яна чула галасы мужчыны і жанчыны.

— Выбачайце, вы — прайдзісветка. Яны могуць быць сярод полек, расеек, беларусак…

— Не, я люблю цябе, мой любы, харошы. Як жа зваць вашу абранніцу, пане Каліноўскі?

— Беларусь, а як жа яшчэ…

— Каханы, яшчэ не нарадзіўся мужчына, які мог бы ўстаяць супраць мяне… Давай забудзем пра ўсё…

Пані Цэцыля заткнула вушы пальчыкамі. Няхай лепш гэта быў бы сон, а не ява, рэчаіснасць. Як яна зможа жыць пасля таго, што яна пачула тут, у гэтым флігелі? Тайна разбурыць яе! Хутчэй падзяліцца з кім, вызваліцца ад непасільнага цяжару.

2. Сустрэча аканома з Артурам

Пан Ежы прасачыў, каб з-пад «гарэха» ўсё прыбралі, аддаў распараджэнні па гаспадарцы і намысліў ісці паспаць, але адпачыць у тую раніцу Ўрбановічу не ўдалося. Перахапіў яго Буевіч Артур.

Ён так і сказаў:

— Нельга спаць у адказны для радзімы час.

— А што рабіць? — развёў рукамі пан аканом.

— Што рабіць? Прапаную

скласці спіс асобаў нашай мясцовасці, якія дапамогуць нам.

— Дапамогуць? — яшчэ больш здзівіўся пан аканом. — У чым яны нам дапамогуць?

— Дапамогуць у заваяванні нашаму краю вольнасці.

Пан Урбановіч зразумеў, што бяседныя словы не проста словы. Няўжо яна, гэтая моладзь, усур'ёз успрымае застольныя шчырасці? Ну пагаварылі, памарылі, паразважалі… і разышліся.

— Вы маеце на ўвазе тых з тутэйшай шляхты, якія могуць зычліва паставіцца да паўстання? — каб не строіць з сябе дурня, спытаўся аканом.

— Так, пане Ўрбановічу. Шмат у чым маем патрэбу: амуніцыя, рыштунак… Аднаго пораху дзе ўзяць? А яшчэ правіянту… З кавалкам хлеба на адзін дзень у інсургенцыю не пойдзеш, згадзіцеся.

— Вядома, з голымі рукамі Расею ваяваць няможна, — згадзіўся пан аканом.

Ён успомніў, што дзень назад, учора вечарам, таксама перабіраў у памяці тутэйшых паноў, зрэшты, і не паноў. Толькі — зусім па іншых прычынах. Яму зрабілася сорамна.

— Ідземце ў мой кабінет, — прапанаваў ён.

У кабінеце пан Ежы стаў падсмыкаць да зачыненых дзвярэй камодзік. Артур вырачыў вочы.

— Што вы робіце, пан Ежы?

— Вы давяраеце жандарскаму афіцэру, няхай ён і свой, магілеўскі?

— Але ж яны — з намі.

— З намі? Пад чаркай хто не патрыёт? А заўтра, гэта значыць, сёння, яны, — аканом паказаў на акно, разумеючы пад гэтым жэстам спраўніка, прыстава і капітана Фогеля, — пашлюць дэпешу губернатару, а праз тыдзень тут будзе стаяць дзве роты маскалёў.

— Згодзен, — уздыхнуў Артур.

— Адзін неабачлівы крок — і вы, і я, і ўсе… — Пан Урбановіч абвёў рукой вакол сябе. — Будуць высланы ў Сібір. Ці не вам ведаць, што такое канспірацыя, пан Арыстокаль?!

Артур гмыкнуў.

— Гаварыць толькі шэптам, — загадным тонам вымавіў аканом. — Цяпер раскажы ўсё па парадку: што, хто, як і дзе… Ты, Арцю, шмат паспеў зрабіць, калі выдаваў сябе Дастоеўскім. Бачыў, як ты хадзіў і па мястэчку, і па вёсках, і па тутэйшых маёнтках. Раскажы, якія сілы ёсць, якая арганізацыя, хто ўдзельнічае? Словам, расказвай усё чыста.

Артур пачаў гаварыць. Гаварыў парывіста, горача. Стомлены быў, таму і збіваўся, блытаўся. Ён увесь час прапаноўваў пераходзіць хутчэй да канкрэтнай справы — да складання спісу шляхты, якая можа падтрымаць інсурэкцыю матэрыяльна, але пан аканом перабіваў яго, выпытваў, удакладняў… Урэшце ягоная цікавасць была задаволена і падышлі да складання спісу. Пісаў Артур. Ён выпытваў, колькі можа ахвяраваць грошай той ці іншы дваранін, а калі грошай няма, колькі коней можа даць, якая зброя можа быць, ці шмат у тутэйшай шляхты пораху, шроту, дранкулек, свінцу. Гаварылі доўга, спіс рос на вачах. І тут раптам пан Урбановіч заўважыў, што Артур неяк дзіўна піша.

— Як ты пішаш? — спытаўся аканом у Артура. — Ты не па-польску пішаш?

— А чаму гэта я павінен пісаць па-польску? Я па-нашаму пішу.

— Як гэта — «па-нашаму»?

— Як мы гаворым… Па-роднаму.

— Па-роднаму? Гэ… — Пан Урбановіч узяў аркушык паперы, паднёс да свечкі, прымружыў вока. — Тут, браце, ты не па-польску цалкавіта пішаш… Літары польскія, а вось словы… Словы мужычыя. Што гэта за мова?

— Беларуская…

— Якая такая беларуская? — здзівіўся пан аканом.

— Такая, тутэйшая… — патлумачыў Артур. — Наша. Літоўская, ліцвінская…

Поделиться с друзьями: