Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Літоўскі воўк

Наварыч Алесь

Шрифт:

— Тое самае, што разумелі пад ім і дзед, і бацька… — сціпла прамовіў жандар.

— То значыць — любоў да радзімы і нянавісць да ўзурпатара? — падказала пані Валеўская.

— Зрэшты, так…

— Брава пану! — крыкнула полька.

Цэцыліны дзяўчаты запляскалі ў ладкі.

— Я разумею, што мы далучаныя да расейскай кароны… Што мы — забраны край… Але — то мінуўшчына, — Фогель расчуліўся. Голас яго перарываўся. — Вы не зусім мяне правільна зразумелі… — Капітан пазіркваў то на прыстава, то на спраўніка. — Панове… хвіліначку, гэта было жыццё, гэтак тварылася гісторыя. Цяпер іншы час, іншыя абставіны… — Голас

жандара асекся, ён пракаўтнуў набеглыя слёзы. — Ці варта, ці варта… Выбачайце, панове, пачуцці…

Ён яшчэ хацеў нешта сказаць, патлумачыць, але яму не далі гаварыць. Жандар сеў, дастаў насоўку, прамакнуў вочы. Сціхлі і дзяўчаты, якія больш ад усіх падымалі гвалт. Фогель высмаркаўся, пракашляўся, супакоіўся.

Цяпер яму ніхто не перашкаджаў і ён з месца гучна праказаў:

— Думаю толькі адно — мы не палякі.

Слабенькія апладысменты былі ўзнагародай Фогелю. І то пляскалі толькі спраўнік і прыстаў.

— Не палякі, так! — крыкнула адна з Цэцыліных дзяўчат. — Але і не рускія.

— Ціха, нягжэчна перабіваць… — цыкнула на дзяўчат маці. — І што за «не палякі»? А хто мы тады?

— Прашу прабачыць, — даволі цвёрда праказаў капітан жандармерыі Фогель. — Уся гісторыя краю сведчыць пра тое, што мы — не зусім рускія, не расейцы.

— Гэтую дурату з галавы належна вычысціць, — абвясціў прыстаў. — Што яшчэ за «нярускія»?

— Ну цішэй вы, — змусіла яго маўчаць Аксана, якая дагэтуль трымалася ў цяні.

Нечакана загаварыў стары Бароўскі. Ён відавочна хацеў згладзіць усе рэзкасці і непрыемнасці, якія маглі ўзнікнуць ад прызнання Фогеля.

— Ці варта варушыць старое? Якая розніца, пад якой каронай жыць: аднагаловай ці двухгаловай? Прыйдуць новыя, нашыя дзеці. Што забудзецца, а што — не. Шмат новай бяды наробіцца, але ж застануцца ў сваіх рэчышчах наша родная Прыпяць і ваш родны Дняпро, адкуль вы, наколькі мне вядома, родам. Застануцца бары і лясы, застануцца хацінкі, фальваркі, маёнткі, і ў кожным — род, люд… Якога не перакруціць ні на польскі лад, ні на расейскі, маю на ўвазе, маскоўскі манер… Чалавечую натуру як ні круці… Бо прырода… Як гэтыя во… вожыкі…

І ў старога Бароўскага пайшла ў ход насоўка.

— Дык мы мусім быць незалежнымі і вольнымі. Нам не хочацца расейскага цара… — узяў раптам і сказаў сваё слова Артур. — Чым хутчэй, тым лепей…

— Крамола, панове, крамола! — толькі і змог сказаць спраўнік.

— Любоў да радзімы — не крамола! — выгукнула Аксана.

— Ціха, любачка, не гарачыся… — стрымаў жонку пан Урбановіч.

Добра, што гэтыя словы прамоўлены пад шум, плясканне ў ладкі.

— Згодзен — не крамола! — згадзіўся спраўнік, і ўсе закрычалі «віват», быццам святкуючы перамогу над апошнім апазіцыянерам за сталом.

— Мы — ліцвіны! — праказаў спраўнік. — Мы ліцвіны і занадта шчырыя людзі. Усё шчыра робім. Гасцей сустракаем — шчыра, у Бога верым — шчыра. Цару служым — таксама шчыра. Усё шчыра робім. Колісь палякаў палюбілі — вось ужо шчырасць была. Усяго свайго адракліся. Вось узяць маіх…

Спраўнік узяўся гучна расказваць жандару пра сваіх продкаў, выводзячы іх з праваслаўнай шляхты, якая жыла на Гарадзеншчыне, недзе пад Сувалкамі. Пабылі і вуніятамі, і каталікамі парабіліся.

З'явілася гітара. Ігралі па чарзе пан Бароўскі, Аксана. Узяла гітару і пані Валеўская. Гітара слаба слухалася яе пальцаў, але спявала

яна выдатна і, вядома, нешта патрыятычнае. Праўда, словаў яе песні з моладзі ніхто не ведаў.

— Харошы інструмент — гітара, — сказаў Бароўскі. — Замяняе беднай шляхце арфу, лютню, мандаліну. Нават здольна імітаваць віяланчэль.

Цэцыліны дзяўчаты паспявалі дуэтам.

Было ўжо позна. Час разводзіць гасцей па пакоях, думаць, дзе пакласці ангельца, пані Валеўскую, змясціць капітана Фогеля і спраўніка, а таксама прыткнуць прыстава, бо на нагах апошні трымаўся не надта моцна.

5. Каленнае прабачэнне

Пан Ежы і пані Цэцыля распараджаліся, ганялі дваровых.

Калі засталіся сам-насам, пані Цэцыля сказала:

— Пан Ежы дарэмна ўспомніў пра бацьку. Цяпер жандары будуць ведаць, што ваш продак пайшоў супраць цара, удзельнічаў у паходзе на Маскву.

— А то яны не ведалі?

— Усё ж лішні раз напамінаць не варта. Гэта небяспечна…

— Выбачайце… — толькі і сказаў аканом.

Ну, любіла цётка вучыць людзей жыць.

— Абачлівасць не лішняя ў любым выпадку… І яшчэ: пані з Варшавы падазроная асоба. Занадта патрыятычная…

— Вы паўсюль бачыце шпіёнаў… — уздыхнуў Урбановіч. — Думаю, што Польшча здабудзе волю і незалежнасць, праўда, пані Аксана?

Аксана падыходзіла да іх і пачула апошнія словы.

— Так, Ежы.

Слова «пан» у зваротку адсутнічала. Урбановіч адчуў, як соладка заказытала ўсярэдзіне. Ці гэта не першая ластаўка таго пачуцця, якое намагаўся выклікаць цэлы год?

На развітанне дочкі Цэцылі гукнулі:

— Каго любіш?

— Люблю Беларусь! — весела адказала Аксана.

Пан Урбановіч збянтэжыўся. Што яшчэ за «Беларусь»? Не, трэба распытацца.

— Ежы, — сказала Аксана, — я не хачу спаць. Пайду з Цэцыліхамі сустракаць сонца. Яно вось-вось паднімецца за ракой.

— Ідзі, любачка.

Зрэшты, гэта было не так і важна, што такім сустраканнем будзе парушаны спакойны, размераны лад жыцця. Пан аканом падумаў, што спазнаў самую шчаслівую ноч, якую можа спазнаць жанаты і яшчэ закаханы ў жонку мужчына.

І тут пан Урбановіч успомніў пра Ганну, Зосіну сяброўку. Пакуль ён прымаў гасцей, піў з імі рознае смачнае віно, мянціў языком пра вольнасць Польшчы, словам — сядзелі дружнай, шчаслівай, вясёлай кампаніяй «пад гарэхам», бедная дзяўчына плакала ў вязніцы… Гэта было вычварна. Што ж ён вытварыў, ён, сучасны, адукаваны чалавек?! Учыніў расправу, як дзікі які, старасвецкі, нялюдскі феадал.

Ці ж не хрысціянін ён, ці не мае ў жыцці маральных правілаў? Не, хутчэй бегчы да лазні, выслабаняць Ганну, прасіць прабачэння, пакуль не позна… На каленях поўзаць, каб даравала, не расказала жонцы.

Насамрэч пакуль Аксана і Цэцыліны дзяўчаты сустракаюць сонца, самы час разабрацца з Ганнай. Клікнуў Мондрыка, пайшлі ў лазню.

Пабудавалі яе каля вады ў куточку, атуленым вербамі. Палілі лазню не так каб часта. Можна сказаць, нават зусім не палілі. Панства звычайна мылася ў пакоях, а дворня не была прывучаная да лазняў… Палешуку лазня як пекла, а мыцца ён летам і на вадзе памыецца. Не было лазняў на Палессі. Калі і пыталіся ў людзей, ці мыюцца яны зімой, чуўся звычайны адказ: а колькі той зімы?

Поделиться с друзьями: