Літоўскі воўк
Шрифт:
— Тут адназначна, тата, варта ўдзельнічаць у вайсковым рушанні… Разам з палякамі змагацца за волю, за нашу, краёвую волю…
— За волю… Так… — згадзіўся пачырванелы ад уражання нейкімі сваімі думкамі Буевіч-бацька.
Дзяўчына, іншая, не Хрысця, а каратканогая і крыху дуркаватая Волечка, прынесла ўжо вядомы чытачу спод.
— Яшчэ вось што, — з таямнічым выглядам прамовіў Артур. — Маю ідэю падтрымаў аканом. Манкевіцкі…
— Пан Урбановіч?
— Ён дасць грошы. На зброю…
— Пан Ежы і зброя? — здзіўлена прашаптаў Буевіч-бацька. — Гэты ціхун? Ён жа і курыцу баіцца зарэзаць. Ён на паляванне ніколі не хадзіў…
Буевіч-бацька
— Ад нашага павета мы мусім выставіць не меней як тысячу шабляў. Думаю, разам з простымі людзьмі набярэцца… — ціха, пранікнёна гаварыў Артур. — Для пачатку захопім уладу тут… Варшава, Вільня нам дапамогуць…
— А цар?! — ускрыкнуў бясконца ўражаны такой шчырасцю сына стары Буевіч і тут жа схамянуўся: — Так, так… Цар жа пайшоў ад малпы, ён — не Боскае стварэнне.
— Ён Боскае стварэнне, — уздыхнуў Артур. — Але нагэтулькі, наколькі Боскімі стварэннямі з'яўляемся і мы. У абсалютна роўнай ступені.
— А войскі, а жандары, а спраўнік?
— Эўропа за намі. А што да спраўніка, то і ён цалкам наш чалавек, — сказаў Артур. — Жандары?! Колькі тых жандараў? Пакуль цар, каб бараніць сваё малпавае права быць царом, прышле рэгулярныя войскі, мы павінны падрыхтавацца як след, згодзен, тата?
Бацька паглядзеў на сына, прашаптаў:
— Згодзен.
— Тады я падскочу да Бароўскіх, паедзем разам з ім па шляхце. А вы тут прыкіньце, тата, хто з вашых людзей, сур'ёзных, талковых, можа быць карысным у нашай святой справе.
Артур паехаў. Стары Буевіч задуменна сядзеў перад сподам. Каб праяснілася ў галаве нагаворанае сынам, ён наліваў і выпіваў чаркі — сваю і сынаву. Калі гарэлка скончылася, загадаў Цімоху склікаць людзей. Сабралася дворня. Буевіч выйшаў на ганак.
— Людзі, ці бачылі вы малпу? — спытаўся ён.
Людзі маўчалі.
— Ну тую мартышку, што колісь жыла ў Вярэніча?
— Помнім, пане, чаму ж не помнім, — адказаў за людзей Цімох. — Яе ў цыганоў Вярэніч купіў.
— Дык вось! Бог, аказваецца, не нас, людзей, стварыў, а спачатку гэтую мартышку, малпу. Малпа — брыдкая, гідкая, крыважэрная і памаўзлівая мартышка — перахітрыла ўсіх роўных і чэсных хрысціян і вырабілася расейскім імператарам!
— Зноў пан напіўся… — ціха прабурчэў Цімох.
— Цяпер адкажыце мне: ці можа мартышка быць імператарам?!
Сяляне паздымалі шапкі і перахрысціліся. Выдавала, што іхні пан звар'яцеў.
3. Стасік ідзе ў агітатары
Станіслаў Буевіч стаў нявольным сведкам размовы старшага брата з бацькам — слухаў з суседняга пакоя. Ідэя роўнасці, незалежнасці ад расейскай кароны цалкам натхніла і яго. Тым больш што скрынка зброі, якую разам з Людовікам і Ясем зацягнулі на стары млын, не выклікала ніякіх сумненняў у намерах Артура. Інсурэкцыя — сапраўдная мужчынская справа. Выдатная магчымасць праявіць сябе на справе. І, як казаў старэйшы брат, уся цяжкасць у падрыхтоўцы. Значыць — варта хутчэй ісці агітаваць. Чаго чакаць, калі ты намерыўся рабіць свой асабісты ўнёсак у паўстанне, у інсурэкцыю. Хутчэй падбухторваць народ! Трэба гаварыць з людзьмі, расказваць праўду, тлумачыць, што да чаго. За справу!
Ага, адзецца прасцей, каб не выклікаць недаверу. І гэта цалкам правільная думка.
Неўзабаве
Стасік, апрануты, як парабак, у партках і світцы, праўда, паясок падперазаў святочны, вышываны, папраставаў на вёску. Людзі, каго ні сустракаў, кланяліся яму, віталіся, а потым здзіўлена праводзілі позіркамі.«Браты, грамадзяне… — насілася ў галаве шчаслівая думка. — Мы — роўныя, блізкія…»
Праўда, загаварыць з вясковымі на тэму, дзеля якой і выбраўся, не хапала адвагі. Змрочнымі, недаверлівымі выглядалі сяляне з тых, каго сустракаў. Так і ўсю вёску прайшоў, спыніўся на выгане, пачухаў патыліцу.
«Пайду далей… Дзе мяне не так добра ведаюць, — намысліў юнак. — З малазнаёмымі прасцей будзе…»
Пайшоў па палявой дарозе і неўзабаве натрапіў на хату ў хмызняку. Хутар нейкі. Нават не падазраваў, што тут людзі жывуць. Адна хата і дзве-тры гаспадарчыя пабудовы. Хто ж тут жыве?
Прайшоў на неагароджаны падворак. Нізенькая хатка сляпілася акенцамі, на прызбе рос стары мухамор, дах упрыгожвалі мох і лішайнік, бо салома даўно згніла. Пуня паказвала рэбры латаў. Па надворку хадзіла курыца з перабінтаванай лапай, а ў малінніку паміж пуняй і свірнам лежма драмала сівая кабыла.
Стасік пахадзіў па надворку, пасвістаў, паглядзеў у акенцы з патрэсканымі, замазанымі глінай шыбкамі. Ён чакаў, што гаспадар выйдзе сам. Ніхто не выйшаў. Тады Стасік зірнуў праз цалейшае, з большай шыбкай акенца ў хату. Нікога. Пагрукаў у дзверы. У хаце пачуўся кашаль. Стасік загрукаў мацней. Урэшце з хаты на белы свет вылез старэча з кіем.
— Уставай, дзядуля, за волю змагацца, — сказаў Стасік.
— За што, за што? — спытаўся дзядок.
У яго ўсё было сівое, аж жоўтае: вусы, барада, валасы. Толькі бровы русявыя. З-пад іх на Стася глядзелі мокрыя, але ўсё яшчэ ясна-блакітныя вочы.
— За волю. За нашу і вашу. Ведаеце, што такое свабода?
— Свабода? — перапытаў дзед, вінавата міргнуў, ацэньваючы прыхадня: хто ён такі — гэты далікатны малады чалавек у світцы, падпаясаны каляровам паяском.
— Трэба паўставаць супраць цара! — натхнёна праказаў Стась, дзівуючыся ўласнай смеласці. Такіх словаў ён раней не гаварыў. Нават думаць пра такое было страшнавата.
— Га? — падставіў вуха старэча. — Вы чые будзеце? Не Буевічавага пана сын? Арцік?
— Буевіча… — нецярпліва прагаварыў Стасік. — Толькі не Артур, а Стасік.
— Во-во, я і кажу, што Артур, бо меншага, дурнаватага Стася, я добра ведаю. Гады два, мусіць, прайшло, як паварочаў людзям копы. Нашто яму былі тыя копы? Гарцаваў перад дзеўкамі на кані, боўдзіла.
Стасік пачырванеў. Ну, дурнем быў, ну, пашалеў на грамадскім лузе. Сяляне прыходзілі скардзіцца на свавольства. Але стары прымае яго за Артура. Ну і няхай прымае.
— А дзе ўсе? — Стасік прайшоўся па надворку. — Належыць хутчэй збірацца на паўстанне, разумееце?! Свабоду ваяваць, незалежнасць. Супраць маскалёў…
— Слухайце, панічок. — Стары збіў кіем з прызбы мухамор і з крэхтам сеў. — Куды нам тая свабода? Трое сыноў у мяне. А зямлі з жабіны прыгаршчы. За работай свету белага не бачаць. Нам бы зямелькі, а не свабоды той.
— Зямля ўся — у цара. У расейскай дзяржавы… Цяпер самы час зваліць імперыю…
— Так-так. Лесу казённага валокі тры-чатыры нам бы не пашкодзіла.
— Усе народы роўныя, і людзі ўсе роўныя, мы — грамадзяне… — натхнёна гаварыў Стасік.
Чырвань ад сораму ў яго прайшла.