Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Літоўскі воўк

Наварыч Алесь

Шрифт:

— Думаю, гэтага маладзёна варта напужаць так, каб дзесятаму заказаў, — ці то параіў, ці то проста паразважаў спраўнік.

— Згодзен, — адказаў Фогель. — Хваробу прасцей папярэдзіць… Але, выбачайце, ці не справакуем мы дваран да, скажам, непрыязнасці ў наш бок? Тады горай будзе.

Спраўнік спаслаўся на занятасць, сказаў, што ў яго пільная справа ў Менску, губернскім горадзе. Фогель зразумеў — вельмі не хацелася спраўніку звязвацца з сям'ёй Буевічаў.

Назаўтра, пад абед, капітан Фогель ехаў да маёнтка памешчыка Буевіча.

Стаяла сярэдзіна жніўня, было яшчэ горача, і нават надта горача. У вершалінах бярэзін пракідаліся жоўтыя галінкі — першыя вястункі блізкай восені. Ад гарачыні, ад золкіх раніц трава на лужках сохла, рыжэла, але ў ёй яшчэ па-ранейшаму

раз'ятрана стракаталі разнамаітыя кузуркі. У лясах і хмызняках пераклікаліся сытыя дразды, а пад вечар у полі можна яшчэ было пачуць перапёлку.

Капітан Фогель пусціў жарабца па дарозе з мэтай завярнуць да бліжэйшага жытла — ад гарачыні, а болей ад смачнага снядання, якім начаставала гаспадыня дома, дзе ён стаяў, яго мучыла смага. Наступаць, наскокваць і арыштоўваць некага ў сонечны, шчаслівы, такі мірны дзень, ды яшчэ на поўны страўнік, жандару не хацелася. Зрэшты, усё роўна лепей абдумаць любыя дзеянні. Хваробу, у тым ліку і грамадскую, палітычную, прасцей папярэдзіць, чым лячыць.

6. Жандар просіць квасу

Праз вярсты дзве дарогі капітан убачыў пад старымі вузлаватымі яблынямі вялізную хату з павапнаванымі аканіцамі. На вільчыку вецер ледзь варушыць забітую сароку. Пад вокнамі хаты зацвітаюць вяргіні. Недалёка ад хаты воз, высока накіданы гноем, а босы шыракаплечы вусач скідае гной на граду.

«Багатая сядзіба, добры квас будзе», — падумаў жандар і гучна праказаў:

— Мужык, ці не будзе квасу?

Селянін не звярнуў на жандара аніякае ўвагі.

«Глухаваты, ці што?» — падумаў Фогель і гукнуў:

— Гаспадар, ці ёсць квас?

Вусаты і вухам не паводзіў — працаваў сабе. Фогель папрыглядаўся і надумаў пад'ехаць бліжэй. Для гэтага належала аб'ехаць равок, на дне якога блішчэла вада. Жандар паехаў уздоўж раўка, завярнуў за купу алешын і выехаў да мастка. На мастку яго чакала неспадзяванка. Зрэшты, сам масток быў дзіўнай пабудовай — у выглядзе аркі, са свежымі, а галоўнае — пафарбаванымі парэнчамі. Акрамя гэтага, на мастку, карцінна абапёршыся на парэнчы, стаяла самая сапраўдная паненка. Светлая прыталеная сукенка, жакецік, чаравікі, кніжка ў руцэ, задумёная міна на твары. А твар які прыгожы: чысты, ясны. Жандар нават вочы працёр, ці не мярэсціцца яму ад спёкі. Не, паненка існавала наяве. Яна стаяла і глядзела ў равок, як плыве раска. Вакол дзяўчыны гулялі стракозы. Каб не спужаць яе, Фогель скочыў з каня і, пакуль выводзіў яго да мастка, не ўбачыў, прыкрыты канём, куды паненка знікла. Адвёў вочы ўбок — а яе няма. Фогель хмыкнуў, прывязаў каня да парэнчы мастка, пайшоў да селяніна.

— Мужык, квас ёсць напіцца?

Нуль увагі. Толькі працаваў селянін ужо неяк шалёна. Замахваўся скапачом з-за вуха і з усяе сілы ўбіваў прыладу ў гной, рыўком сцягваў пласт, зноў узмахваў і апускаў скапач.

Раззлаваны, Фогель вярнуўся да каня, сеў на яго і пад'ехаў на кані. Жарабец пад жандарам, сціснуты каленямі, нервова заперабіраў нагамі.

Ані знаку. Гэта была яўная дэманстрацыя няўвагі.

— Ці ёсць напіцца? — крыкнуў раз'юшаны жандар.

Калі б селянін быў нават глухі, то не заўважыць чужынца проста не мог. Тады капітан Фогель дастаў з саквы рэвальвер, дэманстратыўна падзьмухаў на яго, узвёў курок, падцягнуў повад, каб ад стрэлу не апудзіўся конь, і стрэльнуў у паветра.

Селянін уздрыгнуў. Кабылка ў возе, нагружаным гноем, аж прысела ад гуку стрэлу. Селянін павярнуў галаву, абгладзіў павіслыя вусы. Вочы ягоныя свіціліся нядобра. Здавалася, толькі стрэл змусіў яго зірнуць на жандара.

— Прынясі, кажу табе, напіцца! — цяпер спакойна, з цяжкасцю стрымліваючыся, каб не аблаяць хлопа, сказаў Фогель.

Чалавек кінуў скапач, не зірнуўшы на жандара, пашыбаваў у хату. Фогель ужо не спадзяваўся, што нап'ецца квасу, хапіла б і вады, але ён памыліўся. З хаты выйшаў… той самы селянін, але ў… блакітным кунтушы, аперазаны рамянём, на якім блыталася шабля. На галаве высілася баранчыкавая шапка з чырвонай, праўда, зашмальцаванай, атласнай

лентай.

«Хм, — падумаў Фогель, — што за маскарад?!»

Тым часам гэтак дзіўна ўвабраны чалавек падышоў пад жандара, выкаціў грудзі бочкай і гучна, басам, прамовіў:

— Панцырны баярын роду Налётак, шляхціц Рыгор Налётка-Чарняўскі. Маю гонар, васпане афіцэру, прапанаваць зайсці ў мае сціплыя апартаменты!

І наваяўлены шляхціц галантна схіліў галаву. Ад уражання Фогель аж прысвіснуў.

«Адкуль з'явіўся? — падумаў ён. — Гэта ж той самы чалавек, што раскідаў гной, вунь яшчэ і босы?!»

Жандар скочыў з сядла, угледзеўся. Сумненняў не было, перад ім стаяў той самы селянін, які толькі што скапачваў гной з воза. Але цяпер ягоная рука трымалася за эфес шаблі, вочы глядзелі напружана, недаверліва, шалёныя і злосныя.

— Капітан Фогель, — адрэкамендаваўся жандар і слаба прышчоўкнуў абцасамі.

Некалькі секундаў яны стаялі адзін супраць другога, не ведаючы, што рабіць. Адзін — царскі жандар, у прапацелых кіцелі і фуражцы, запыленых ботах; другі — босы, у старадаўніх трантах, пры халоднай зброі. Сонца грала на дробненькіх смарагдавых пацерках на похве шаблі.

Шляхціц чакаў, пэўна, хоць якой сатысфакцыі за тое, што яго абразілі «мужыком». Жандар не ведаў: ці прасіць прабачэння, ці проста нічога не гаварыць, абысці гэтае тонкае пытанне. Рыгор Налётка выглядаў цалкам аперэтачна. Нават на кунтушы моль патраціла куніцавую апушку. Але шляхціц быў босы, і гэта ніяк не падыходзіла да аперэтачнасці. Гэта было праўдай, рэальнасцю. Акрамя таго, рука шляхціца Налёткі ўсё яшчэ моцна сціскала рукаяць шаблі, і гэта, адзначыў сабе жандарскі афіцэр, было даволі небяспечна. Ён ужо добра начуты пра пыху тутэйшага дваранства, якое ледзь што кідалася бараніць свой гонар. Фогель ведаў, што такое абражаны гонар беднякоў. Такі секане па галаве, а потым даказвай, што ты яго не называў мужыком.

— Горача сёння, — сказаў жандар, здымаючы фуражку. — Сонца галаву напякло. Аж млосна. А пот, перапрашаю, вочы выеў… Так што прабачце, калі што…

Прамова жандара была не простым прабачэннем, але з загагулінай. Маўляў, абазнаўся, не ўбачыў. І з галавою ад гарачыні не тое.

— Зрабіце гонар зайсці ў дом, родавое, так сказаць, гняздо. Бэндон бясконца шчаслівы! — прагучэла прапанова. У вачах шляхціца Налёткі свіцілася ўжо ліслівасць, якая бывае ў ганарыстых, але бедных дваран.

Жандар надумаў нікуды не йсці, папіць вады ці чаго дадуць на надворку і адразу ехаць далей. Але тут убачыў, як па надворку, падымаючы край сукенкі, хутка прайшла… тая самая паненка, якую нядаўна бачыў на арачным мосціку. Што за галюцынацыі! Дзяўчына, апусціўшы галаву, шмыгнула ў хату. Жандарскі афіцэр аддаў вуздэчку гаспадару і пакіраваўся да дома.

Раздзел XI. Інсургент

1. Родавае гняздо Налётак-Чарняўскіх

Дом, а хутчэй звычайная сялянская хата, толькі вялікая, раздзеленая на некалькі частак, меў у большым пакоі бліжэй да абразоў непакрыты абрусам стол з тоўстых дубовых дошак і з такімі тоўстымі нагамі, быццам майстар браў за ўзор ногі, прынамсі, мядзведзя. Да сцен прытуляліся звычайныя драўляныя лавы са спінкамі, у прасценках стаялі зэдлікі з накінутымі даматканымі дзяружкамі. Па кутах туліліся старасвецкія куфры. Моцна пахла свежым аерам, які быў параскіданы не толькі на падлозе, але і на лавах і нават ложках. Сцены дома атынкованы і ўвешаны карцінкамі, партрэтамі і дагератыпамі ў не вельмі выштукаваных рамах. На адным са здымкаў Фогель пазнаў тую самую паненку, дзеля якой і зайшоў у хату. Каля абразоў віселі намаляваныя на дзвюх дошках партрэты, мусіць, продкаў, стылізаваныя пад абразы: выява мужчыны з ліловай бародаўкай на павеку і выява жанчыны з такімі вялікімі вачыма, рыхтык мастаку пазіраваў алень, а не чалавек. Шчокі жанчыны былі густа ўмазаны бурачковым колерам, бо, мусіць, мастак не меў ружовай ці, на крайні выпадак, малінавай фарбы. Затое вусікі ў жанчыны мастаку ўдаліся.

Поделиться с друзьями: