Літоўскі воўк
Шрифт:
3. Прапажа
Артур прыехаў дахаты вечарам і быў здзіўлены вэрхалам, які тварыўся ў доме, — бацька паварочаў усю мэблю.
— Гэта ты вінаваты, антыхрыст! — закрычаў ён, як убачыў Артура. — Рэвалюцыю табе падавай, паўстанне. Супраць асноў! Ды вы не паспелі толькі падумаць, як вас за шкірку ўхапілі. Добра, ты мондры! А гэтага дурня малога навошта ўблытаў? У яго ж яшчэ кісель у галаве!
Аказалася — жандары арыштавалі і некуды павезлі Стасіка. Не дабіўшыся толку ад бацькі з роспытамі, Артур
— А чаго мэбля паварочана?
— Дык жа вобыск. Жандары кніжкі шукалі. Яны, таго, акуратна, а гэта ваш тата параскідаў усё…
У вачах Цімоха быў і страх, і шкадаванне сваіх гаспадароў. Нават ён разумеў, што над Буевічамі навісла пагроза.
Артур нахмурыўся. Ён ведаў свайго брата і не сумняваўся, што ў самы бліжэйшы час Стасік прызнаецца пра зброю. Хутчэй ехаць на стары млын і перахоўваць скрынку са штуцэрамі. І збіраўся ж гэта зрабіць, нават з'ездзіў туды, але толькі пераканаўся, што ўсё на месцы.
Ускочыў на яшчэ не рассядланага каня і пакіраваўся да гаці, на якой стаяў млын. Яшчэ здалёк заўважыў верхнікаў, якія ад'язджалі ад парэшткаў млына. На падводзе сядзеў унураны чалавек, і Артур без цяжкасцей пазнаў брата.
Першым жаданнем было завярнуць каня і падацца чым хутчэй прэч. Але стрымлівала шкадоба брата, якога вось гэтак недарэчна ўхапілі жандары і цяпер не тое што з гімназіі турнуць — маглі судзіць, як дзяржаўнага злачынцу.
Артур уздыхнуў. Вінаваты, ён адзін кругом вінаваты. Прыехаў сюды, на радзіму, спачатку інкогніта, пад выглядам хатняга настаўніка, скарыстаўшыся тым, што праз знаёмых даведаўся пра планы аканома Ўрбановіча завесці свойскага педагога; выведаў усё тут, настроіў адпаведных людзей. Потым гэты візіт аднадумца, скрынка зброі. І гэтак неасцярожна з хлопцамі.
І гэта ж яшчэ ўхопяць, — а Стасік абавязкова выдасць, — Людовіка Бароўскага і Яся Кавальца. Мо хоць іх папярэдзіць?! Не, яго ўжо заўважылі, вунь, здаецца, сам капітан Фогель прышпорвае свайго жарэбчыка насустрач яму…
І гэтак бяздарна праваліцца на самым пачатку?! Ну, на ўсё воля Божая. Хто ведаў, што па краі гойсаюць гэтыя жандары.
Фогель нацягнуў повад, чамусьці весела закрычаў:
— Ну, што гэта за фантазія ў вашага братачкі?
— А што здарылася, спадар капітан?
— Намерыўся выдаць цэлы арсенал, а насамрэч нічога не аказалася. Пуста, кукіш.
— Хворы ён на галаву, спадар капітан, — сказаў Артур. Слабое спадзяванне, што ўсё неяк абыдзецца, варухнулася ў душы.
— Я ў курсе, што ён натварыў, — працягнуў далей Артур. — Ведаеце, гэтая сучасная моладзь такая няўрымслівая. Начытаюцца рознай дрэні і, маральна нямоцныя, пачынаюць пражэкты будаваць…
— Спадзяюся, што вы, спадар Буевіч, не станеце адмаўляць, што самі і прывозілі ім гэтую дрэнь? З Пецярбурга?
— Аднаго Дарвіна, — адказаў Артур. — Прашу, спадар капітан, вярнуць мне яго.
«Дык дзе ж зброя? — круцілася думка. — Што здарылася…»
Пад'ехала падвода. Стась падняў галаву, крыва пасміхнуўся.
— Ну што, герой, дагуляўся? — спытаўся Артур. — Можа, і мяне генералам паўстанцкім зрабіў?
Фогель саскочыў з сядла, падышоў да Артура.
— Спешцеся, спадар Буевіч. Ёсць размова…
4. «Знік
у невядомым напрамку…»Падвода і з ёю кавалькада верхавых жандараў паехала. Капітан Фогель дачакаўся, калі Артур злезе з каня, дастаў папяроску.
— Будзем начыстату, ці як? — сказаў ён, пускаючы дым убок.
— Можна і начыстату, — згадзіўся Артур.
— Мне тут ворагі, у гэтым краі, не патрэбны, разумееце, пра што я?
— Выдатна, — зноў згадзіўся Буевіч.
— Калі зусім начыстату… — Жандарскі афіцэр зацягнуўся дымам, выпусціў яго і працягнуў: — Я не бачу ў вашай асобе, у вас саміх таго падрыўнога польскага элемента, які ёсць небяспечны вораг расейскага самадзяржаўя, разумееце?!
— Цалкам, — зноў-такі згадзіўся Артур, не падазраючы, куды гэта хіліць Фогель.
— Можна марыць пра ўсё. Можна нават агучваць гэтыя мары, нават і за бяседным сталом, нават і ў прысутнасці ўладных асобаў. З гэтым я згодзен, але…
— Кажыце, спадар афіцэр, прасцей, — перабіў жандара Артур. — Калі хочаце мяне арыштаваць — арыштоўвайце. Калі не хочаце, кажыце, чым абавязаны?
Вочы Фогеля холадна бліснулі.
— Абсалютна нічым! Хачу, каб усе тутэйшыя насельнікі: і вышэйшыя класы, і просты люд жылі ціха і мірна. Ніякіх рухаў, ніякіх варушэнняў… Зразумейце — тут не Польшча. Вы ж гэта самі даказвалі, так?!
— Даказваў, — згадзіўся Артур.
Ён ужо пачаў разумець, што мерыўся рабіць капітан Фогель. Ён проста заплюшчыць вочы. Ну, Стася выключаць з гімназіі. І то на год. Усё астатняе — будзе забыта. Маўляў — я вам прабачыў, паслухаўся на вашыя просьбы, а вы ў будучым мяне падтрымайце, паслухайце — сядзіце як мышы пад венікам, калі нават у Польшчы пачнуцца бунты. А яны там пачнуцца, Варшава ўзарвецца ад накіпелага болю гістарычнай знявагі.
— Арыштуйце мяне, спадар капітан, — ціха папрасіў Артур.
— А нашто мне вас арыштоўваць? Героя з вас рабіць?
— Я ва ўсім вінаваты.
— Як толькі я арыштую вас, гэта адразу зробіць дваццаць-трыццаць маладых людзей, сынкоў тутэйшай шляхты, патэнцыйнымі дзяржаўнымі злачынцамі. Гм, інсургентамі.
Артур заўважыў, што кабура ў жандара расшпілена. Гэта азначала, што, пэўна, Фогель гуляў у нейкую вызначаную, прадуманую, але Артуру да канца не зразумелую гульню.
— Прашу вас, арыштуйце мяне і не чапайце брата, — папрасіўся Артур.
— Ага. Гм… Так і арыштую. Ведаеце, малады чалавек, а я маю права да вас так звяртацца, — сказаў капітан. — Я, мусіць, на гады тры ці болей старэйшы ад вас. Калі вы не можаце жыць без вашых перакананняў, — усялякага там адраджэння славянскіх народаў, — адзіны выхад — знікнуць.
Капітан глядзеў проста, без хітрыкаў. У ягоную шчырасць нельга было не верыць.
«Вораг, гэта — вораг, — падумаў Артур. — І не дурны, з азіятчынай, а па-нямецку разумны…»
— Папярэджваю вас, калі будзеце затрыманы пры іншых абставінах, прыкладзецца ўсё ранейшае. Так што выбачайце. Будзем жыць, — сказаў Фогель, умацаваў нагу ў стрэмя, молада, бадзёра ўзвіўся на жарэбчыка. — Ведаеце, я сёння страляў з рэвальвера. Не думайце, што, скажам, вашага брата пужаў. Дарэчы, ён у вас не такі і дурны. Малады яшчэ. Ну і, адпаведна, неразумны, кажуць жа ў вас — як сабака да году. Дык вось, страляў я сёння. Але гэты стрэл быў, ведаеце… Як бы гэта сказаць? Ну, мілосны, ці што…