Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Літоўскі воўк

Наварыч Алесь

Шрифт:

— Ідзі, раздуронец, ці можна ж падушкі рваць?!

Прыбралі ў пакоі, выйшлі, каб вынесці пер'е, і тут Аксана абярнулася і ўбачыла, як ваўчук сігануў да ложка. Няўжо навука прайшла дарэмна?!

— Ах ты, няўрымснік! — ускрыкнула Аксана і размахнулася венікам.

Ваўчаня схавалася пад ложак, з вінаватай мордай вызірала адтуль.

— Трэ дабрэй адперыць, — параіла Ганна.

— Не, — сказала Аксана. — Ён думае, што гэта падушка вінаватая, што я трэсла яго за шкірку. Вось і захацеў паквітацца з ёю… Эх ты, — звярнулася яна да ваўчаняці павучальным тонам, рыхтык звер мог яе разумець. — Падушка не вінаватая, пакінь яе ў спакоі.

Яна

накрыла пасцель цяжкай капай, і яны з Ганнай выйшлі. Да вечара ваўчаня касілася на Аксану, рабіла пакрыўджаны выгляд, сядзела то на кажусе, то абнюхвала куткі з такім выглядам, быццам ложак яго абсалютна не цікавіў. Інсургент расправіўся з падушкай на другі дзень, калі Аксана завінулася варыць варэнне. Не ўратавалі бедную падушку ні капа, ні коўдра. Паслала Ганну па рэцэпт, а тая раптам падняла крык. Прыбегла Аксана ў пакой, глянула, а ваўчук усё тым займаецца: раздзёр наўлечку, улез у пер'е і сядзіць, задаволены, рыхтык перамог звера. Тут ужо ў ход пайшоў венік. Лупцавала Інсургента Ганна, прычым так моцна, што Аксана адабрала няшчаснае шчанё, узяла на рукі. Ваўчука трэсла, ён так і не зразумеў, за што яго білі.

— Няможна біць, належыць толькі словам, ласкай… — сказала Ганне Аксана, ашчаперыла Інсургента за карак, пачала тыцкаць у пер'е.

— Во табе, во… Няможна чапаць падушкі, няможна…

Ваўчук упіраўся лапамі, гырчэў, урэшце паспрабаваў агрызнуцца. Як толькі Аксана выпусціла звера, ён з месца рвануў і не каб сігануць пад ложак, але напаследак даў нырца ў гурбу пер'я, якое так цудоўна пахла дзічынай. Выгляд меў ваўчук такі: маўляў, біце мяне, трасіце за шкірку, таўчыце, а я жыць не магу без гэтага пер'я.

— Звяруга, ён толькі дрын і разумее, — з уздыхам сказала Ганна, падступаючыся да ваўчаняці. — Зараз я адперу яго венікам, будзе ведаць. Дзесятаму закажа.

— Ты паглядзі, чаранок веніка таўсцейшы за ягоную шыйку, як можна яго біць?

— Усё роўна даць лупня трэ, — сказала Ганна і паспрабавала дастаць ваўчука венікам з-пад ложка.

Той люнуў з-пад ложка пад стол, ды так спрытна, што Ганна не паспела выцяць нягодніка.

На валтузню з'явіўся Ўрбановіч. Ён выслухаў, што да чаго, і важна, і ў той жа час ціха, нягучным голасам сказаў:

— Памыслім катэгорыямі гэтага стварэння. Ён бачыць у падушцы здабычу. Біць яго напраўду нельга. Катам, каб не дралі шпалераў, ставяць часалку для кіпцюроў, шчанюку ваўка, які вырас не ў лесе, а ў пакоі, варта даць мажлівіну выявіцца ягонай паляўнічай жарсці.

Пан аканом выйшаў і неўзабаве прынёс сваю старую паляўнічую кайстру, пашытую з барсуковых выпаўзкаў — хваста, адрэзкаў скуры на лапах. Першыя хвіліны Інсургент, нюхнуўшы кайстру, спалохаўся, настыбурчыўся, некаторы час хадзіў вакол яе, потым атакаваў тую кайстру, як жывую істоту, ухапіў у зубы, пачаў з заядлым гірчэннем трыбушыць.

— Бачыце, вось яму і занятак, — сказаў аканом.

Дзяўчаты запляскалі ў ладкі. Урбановіч толькі пасмейваўся, хоць у галаве важка і няхораша круцілася: «Былі б дзеткі…» Яму і сны нехарошыя сніліся: быццам ён падкрадваецца да жончынага пакоя, каб падгледзець, што яна робіць. Аксана сядзіць і прыкладае да грудзей гэтага ваўчука — корміць. Нехарошыя сніў сны, нядобрыя.

Раздзел XII. Звярынае і людскае

1. Абуджэнне паляўнічага азарту

Паляўнічай кайстры Інсургенту хапіла ненадоўга.

Ён шкалупаў яе зубамі, валачыў па падлозе, адкідваў, наскокваў на яе, як на жывую істоту. Стаміўшыся, клаў кайстру паміж пярэдніх лапаў, лізаў, заплюшчваў вочы і нюхаў, немаведама што ўяўляючы. Але кайстра ляжала нежывым шматам. Інстынкт патрабаваў жывой, рухомай здабычы.

Яшчэ на пачатку лета на падаконне да Аксаны прыляталі голуб і галубка. Яны грэліся пад промнямі ласкавага сонейка, буркаталі песні кахання. Потым на нейкі час зніклі, бо, пэўна, выводзілі дзетак. Аксана любіла чытаць, седзячы пры акне, пад паэтычнае буркатанне закаханых галубоў. Гэтулькі спадзяванняў будзілі шызыя птушкі, іхныя замілаваныя галасы. Пад восень, калі залатое сонейка рыхтык у апошні раз шчодра лашчыла зямлю цёплымі, пяшчотнымі промнямі, птушкі з'явіліся зноў. Гэтым днём, па-летняму гарачым, акно было расчынена. Ваўчук наструніў вушы на незнаёмы гук, зірнуў на акно, убачыў птушак і… Іншае на свеце для яго перастала існаваць, акрамя гэтых двух галубоў. Аксана ўзяла ваўчаня на рукі, але яно ўпарта глядзела на птушак. Вачэй не спускала. Як зачараванае.

Аксана выпусціла Інсургента на падлогу, стала сачыць, што будзе далей. Пэўна, ён і раней слухаў галубоў, але праз шыбы не праходзілі ясныя, выразныя гукі буркатання.

Інсургент замёр на тым месцы, на якое яго паставілі. Не варушыўся, здавалася, не дыхаў. Быццам ператварыўся ў нежывы прадмет. Аксана міжволі залюбавалася ім. Ваўчук падрос за апошні час, ведама, гэтак карміць. Вочкі яго пільна сачылі за падаконнем. Не бачыў галубоў, але чуў іхняе буркатанне. Ведаў, каму належала песня. Скеміў, што з падлогі галубоў не дастане — уцякуць.

Ваўчаня глянула на Аксану, і ў вачах яго прачыталася просьба, маўляў, ты толькі мне не перашкаджай. Вось ваўчук ціхенька павярнуўся, пайшоў прэч паўз сцяну, завярнуў пад ложак і стаў паўзці да акна, прыпадаючы да плінтуса. Галубы не бачылі небяспекі, не чулі — буркаталі сабе.

«Ну, драпежнік, — падумала Аксана. — Адкуль у яго гэта? Хто навучыў… На вуліцу не выпусціць, баіцца…»

Напраўду, ваўчук страшэнна баяўся вуліцы, дрыжэў, калі Мондрык выносіў на падворак. А калі чуў віскатлівы брэх хартоў, проста абміраў. Мондрык тады казаў, што з ваўчаняці нічога не будзе. Маўляў, запалоханы насмерць, бо пабываў у сабачых зубах.

Аканом тлумачыў паводзіны ваўчука інакш. Казаў, што звер ёсць звер і ўспрымае дом, пакой Аксаны як сховішча, нару. Усе ваўчукі з нары да пары да часу баяцца вылазіць.

Тым часам Інсургент падпоўз да падаконня. Аксану забрала цікавасць: што далей? Далей належала разганяцца, каб скочыць на акно. Але калі разганяцца, значыць, паказваць сябе птушкам. Ваўчук пасядзеў пад акном, пакруціў галавой і раптам папоўз назад, па-змоўніцку пазіркваючы на Аксану, абышоў ложак, занурыўся галавой пад звіслы край капы і стаў спрабаваць падлезці пад яе.

«Ах, які разумнік!» — здзівілася Аксана. Ваўчук не мог сам узлезці на ложак пад капу, таму вызірнуў, умольна глянуў на Аксану, маўляў, падсадзі, чаго стаіш, мы ж з табой у адным хаўрусе?! Аксана ціхенька, каб не спудзіць галубоў, падсадзіла Інсургента на ложак. Той падлез пад капу і стаў марудна падпаўзаць да падаконня пад капай. Вось і ўзгаловак. Тут ваўчук стаў кешкацца, каб заняць зручную для нападу пазіцыю. Паміж галубамі і ім заставалася толькі фіранка ў дзірачках, край якой час ад часу варушыў ветрык. Чакаць доўга не прыйшлося. Скокнуў! Галубы лапатнулі крыламі і зніклі. Ваўчаня не ўтрымалася і вывалілася з пакоя.

Поделиться с друзьями: