Літоўскі воўк
Шрифт:
Ногі жандара ўпіліся ў бакі жарэбчыка, і ён кінуў яго з месца ў цяжкі галоп.
— Бывайце шчаслівымі… — толькі і данеслася да Артура пад тупат конскіх капытоў.
Некаторы час малады Буевіч стаяў як утрапянелы. Потым сарваў з сябе куртку і шлапануў яе вобзем. Хацеў патаптаць нагамі, але стрымаўся. Ну, не Цімох жа ён. Гэтак Цімох робіць, як возьме лішку.
Дзе зброя? Спачатку дазнацца, куды падзелася зброя, а там будзе відаць, што рабіць.
5. А вось урэшце і герой
Куды падзелася зброя са старога млына, Артур Буевіч так і не даведаўся. Увогуле пасля арышту і допыту Стасіка і Артура больш не бачылі. Хто пытаўся ў старога Буевіча пра сыноў, даведваўся,
Дзяўчаты кармілі ваўчука з ражка, клалі яго ў пасцелю, як коціка, разбэсцілі да нясхочу на сваіх пярынах. Пакуль яно, малое і слабое, ледзь цёпалася само, асаблівага клопату з ім не было. Але як толькі стала хадзіць, адразу паказала свой звярыны нораў.
Ваўчаня, яшчэ слаба трымаючыся на лапах, аднойчы ўбачыла коціка, якіх у доме цёткі Цэцылі было, як кажуць, воз і каляска. У ваўчука ў самога ногі запляталіся, але сын ляснога драпежніка цапнуў пашчай тое кацяня за шыю і не адпускаў, пакуль коцік і не задохся. Колькі слёз было праліта! Жаласлівыя Цэцыліхі надумалі пазбыцца ад ліхадзея. А тут акурат пана аканома Бог прыслаў. Паказалі яму ваўчука, сказалі, маўляў, пані Аксана сумуе без дзетак, няхай вось шчанючка гадуе. Абрадаваны адсутнасцю галоўнага інсургента — Артура Буевіча — аканом і сам шукаў якую-небудзь забаву жонцы, каб надта не забірала да галавы паўстанне. Выгляд смешнага галаватага шчанюка зацікавіў і здаволіў і самога пана Ўрбановіча. Аканому не прызналіся, што ваўчаня задушыла коціка. Баяліся, што строгі пан аканом не захоча браць. Шчаня і насамрэч не надта каб выдавала ў сабе нешта ваўчынае, толькі вопытны лесавік мог здагадацца, што з яго можа вырасці адзін з тых лясных шэрых бандзюкоў, які мог навесці жах на ваколіцы. Ды і маленькае яно нейкае было: вочы яшчэ слязіліся, позірк плаваў. І такі ласкавы: не паспеў пан Ежы ўзяць ваўчаня ў рукі, як яно стала шукаць цяпла, ціхенька паскавытвала, лезла ў рукаво.
— Бач ты, цяпла шукае… — сказаў пан Урбановіч. — Толькі вы мяне не падманвайце, што яно рахманае. Зрэшты, Аксане будзе цікавей… Вы далі яму мянушку?
— А як жа, пан Ежы, далі, — адказала адна з Цэцыліх.
Вочы ў яе гарэзліва заблішчалі. Яна зірнула на сястру, каб тая выдумала з лёту што арыгінальнае.
— Мы… Мы назвалі яго Інсургентам! — зразумела позірк сястры тая.
— Хм, — здзівіўся пан Урбановіч і пагладзіў ваўчаня па галоўцы. — Інсургент!
Пан запхнуў падарунак за пазуху, як робяць гэта з шчанюкамі і кацянятамі хлопы, і падаўся дахаты.
Урбановіч меркаваў, што калі ён прынясе ваўчаня Аксане, ды яшчэ за пазухай, яна абрадуецца, перастане сумаваць па маладому Буевічу, завадатару небяспечнай справы, якая азначала вайну і смерць. Здаралася, часам уночы Аксане здавалася, што яе клічуць, што яна патрэбна недзе на нейкім пабаявіску, недзе там, дзе яна мусіць спыняць кроў ад маскалёўскіх куль і багнетных удараў, разрываць сваю сарочку на кавалкі, каб гэтую кроў спыніць. Яна стагнала праз сон, а аканом будзіў яе, паіў валяр'янавымі кроплямі, ласкава
выгаворваў, што яна занадта ўзяла да галавы інсурэкцыю.Зрэшты, надта яна падазрона ўбілася ў гэтыя хваравітыя ідэі волі і незалежнасці. Ці не было тут іншага?! «Эх, пайшлі б дзеткі, — гаротна думаў пан аканом. — Нічога, гэтая істота, — рука аканома беражна прыціснула ваўчука, — на нейкі час паслужыць своеасаблівай заменай…»
Але выйшла па-іншаму. Аксана не абрадавалася падарунку. Нават зморшчылася, калі ўбачыла, што пастаўлены на ногі ваўчук напусціў лужынку.
— Гэта Інсургент, душачка, — сказаў Урбановіч.
— Інсургент?
— Так, Аксанка.
І толькі пасля гэтага слова ўбачыў, як загарэліся цікаўнасцю жончыны вочы, як яна беражна, як дзіцятка, узяла ваўчука на рукі, не гідзячыся, не грэбуючы ім.
«Няхай праяўляе клопат, — задаволена падумаў аканом. — Можа, не будзе гэтых заскокаў пра незалежнасць. Праўда, хто ведае, ці мог Буевіч гэтак нягжэчна знікнуць без развітання?..»
Ваўчаня і насамрэч аказалася чароўнай у сваёй пацешнасці істотай. Не адыходзіла ад чалавека ні на крок, блыталася ў нагах, спаць магло толькі тады, калі яго сагравалі ў руках, на грудзях, бо было нейкім мерзляком. Нават пачалі сумнявацца, ці ваўчаня гэта?!
Інсургент жыў у Аксаніным пакоі на старым кажусе, нанач зашываўся ў рукаў і выстаўляў толькі бліскучы чорны нос. Баязлівы, уздрыгваў ад кожнага новага гуку, баяўся пакінуць Аксанін пакой, палохаўся новых людзей… Але дзень ішоў за днём, ваўчаня спраўна ела, расло, дужэла, рабілася больш жвавым, абнюхвала пакой, стала гуляць з Аксанінымі пантофлямі, потым стала цягаць палавічкі; калі рабілася галодным, голасна паскугольвала. Кармілі яго малаком, давалі кавалачкі сырога мяса.
— Будзеце мяса даваць, — сказаў аднойчы Мондрык, — адгрызе, выбачайце, руку. Не карміце мясам…
Напраўду, калі Інсургент адчуваў пах мяса, пачынаў гырчэць і скаліў зубы. Мяса глытаў не перажоўваючы. Аксана не слухалася Мондрыка, карміла ўсім: і мясам, і яйкі сырыя давала. Няхай хутчэй расце. Хутка восень, а ён такі маленькі. Ягоныя суродзічы, народжаныя і выгадаваныя ў дзікай прыродзе, даўно бегаюць з маці, вучацца паляваць, а гэты з пакоя баіцца выйсці. Вядома — пабываў у сабачых зубах.
Раніцай ваўчук тросся ад холаду, паскавытваў, просячыся ў цяпло. Аксана брала яго да сябе. Потым навучыўся падскокваць, учэпвацца зубамі ў посцілку і залазіць на ложак. Тут, на ложку, ён пачуваўся гаспадаром, адлежваўся, адаграваўся, пачынаў дурэць і сваволіць, усё часцей і часцей хапаць у пашчу Аксаніну руку, ніколькі не шкадуючы, сціскаць зубамі. Даводзілася саштурхваць нягодніка на падлогу. Інсургент зноў ператвараўся ў жаласлівенькага шчанючка, які тоненька прасіўся на рукі. Але як толькі апынаўся на ложку, зноў рабіўся героем.
6. Ваўчаня расце
Дні ішлі за днямі, пра Артура Буевіча не было ніякіх звестак. Аксана цалкам аддалася выхаванню свайго пестунка — Інсургента. Ваўчаня з цельпукаватага цурбалка ператварылася ў даўгалапага свавольніка. Першым «подзвігам» ваўчаняці было тое, што ён разадраў, як кажуць, у пух і пер'е, падушку. Карціна выклікала і гнеў, і адначасова замілаванне: Аксана выйшла з пакоя, а як вярнулася, то ўбачыла, што Інсургент сцягнуў падушку на падлогу, разарваў зубамі наўлечку, занурыўся галавой у пер'е, зачмыхаў, засоп. Пэўна, пер'е здавалася яму здабычай. Ён гірчэў, забіваў пер'ем пашчу, кашляў, пырхаў і з раз'ятраным выглядам шукаў сярод пер'я ці то мыш, ці то птушку. Адабраць у яго разарваную наўлечку з парэшткамі пер'я было немагчыма — гірчэў і спрабаваў укусіць. Калі Аксана адпускала наўлечку, Інсургент клаўся на яе жыватом і выдаваў сваім выглядам найвялікшае задавальненне і шчасце.
Потым, як нацешыўся, падвалок наўлечку да ног сваёй гаспадыні, маўляў, на табе, вось я знайшоў здабычу, перамог яе, прынёс табе. Аксана ўзяла ваўчука за шкірку, доўга трэсла, выгаворваючы, што так рабіць нельга, потым шпурнула на кажух. Ваўчаня нічога не разумела, выглядала пакрыўджаным, схавалася пад крысо кажуха і баязліва адтуль пазірала.
Аксана клікнула Ганну, замянілі падраны напернік на новы, сталі збіраць пер'е. Ваўчаня падышло да Аксаны, прыткнулася да нагі, але Аксана адштурхнула яго.