Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Літоўскі воўк

Наварыч Алесь

Шрифт:

— Праўда, праўда, — толькі і адказаў Урбановіч.

— Але ж Польшча кіпіць, там вайна! Мы павінны выступіць!

— Усё ў свой час. Сябе паважайце. Генерала мы яшчэ вам дамо, — больш спакойна сказала Аксана. — Пакуль сядзіце на сваім балоце і чакайце загаду. Зброю мусова прыхаваць у надзейным месцы. Галоўнае, паўтараю, сябе паважайце, а не на Варшаву азірайцеся.

3. Ператрус

— Я… сыграла ролю… — толькі і сказала Аксана, калі яны засталіся сам-насам з мужам. — Ніякай арганізацыі няма. Я толькі чула, што ёсць

паўстанцкі камітэт па Менскай губерні.

— Ад каго, душачка, чула? — Аканом ледзь-ледзь прыходзіў да свайго звычайнага, спакойнага і разважлівага, стану.

— Ад… — Аксана адвяла позірк. — Ад Бароўскіх.

— Ад Бароўскіх? Ад бацькі ці сына?

— Ад сына, — больш упэўнена адказала жонка. — Людовік мне неяк расказаў.

«Ілжэ! — адчуваў аканом. — Калі яна таго Людовіка бачыла?! Людовік у Пінску, заканчвае гімназію. Калі ён прыязджаў дахаты? Цяпер, па раскіслых дарогах, не наездзішся…»

Вечарам таго ж дня аканом Манкевіцкай узорнай гаспадаркі пан Ежы Ўрбановіч, скарыстаўшыся тым, што жонка паехала за Гарынь да пані Цэцылі, зрабіў найпільнейшы вобыск у пакоі ўласнай жонкі. Тое, што жонка схлусіла, калі гаварыла пра Людовіка, ён не сумняваўся. Гэта надавала імпэту ў пошуках крыміналу.

«А што магло быць крыміналам? — задаваўся думкай аканом, перамацваючы пярыны, зазіраючы пад ложак і сталы. — Ну, няхай будуць дакументы паўстанцкай арганізацыі, рознага роду падбухторніцкія ўлёткі, лісты з тайнапісам, але ж толькі не… не лісты жанчыны, закаханай у невядомага…»

Калі б аканом знайшоў такі ліст, ён тады б… Не, Урбановіч не ведаў нават, што з ім зрабілася б, каб такі ліст трапіў яму ў рукі. Перад вачамі паўставаў Артур Буевіч у паўстанцкай адзежы, з шабляй, прыгожы, плячысты, самаўпэўнены… Няўжо яна нешта мае да гэтага няўдакі, які так захапіўся паўстаннем, што прагарэў на самым пачатку?

Чым болей аканом шнарыў у паперах жонкі, тым болей яму рабілася зразумелым, што ён нічога не знойдзе. Уся пошта праходзіла праз ягоныя рукі. Калі хто і мог прыносіць жонцы лісты ці цыдулкі — гэта была Ганна. Стары хаўрус. А то яшчэ і Мондрык з імі, жанчынамі, у змове. Як злавіць, як праверыць?

«Але ж я нічога не знайшоў! — дакараў сябе аканом. — Дзеля чаго я падазраю ўласную кабету? Чым яна ўгнявіла мяне? Увярэдзіла змыслы той першай дурнотнай цыдулкай…»

З гэтымі думкамі аканом ашалела перагортваў Аксаніны кніжкі, мерачыся сярод старонак знайсці хоць які след ці то сужэнскай здрады, ці то матэрыяльнага доказу патаемнай, у абход мужа, сувязі жонкі з паўстанцамі.

У той вечар ён так і не знайшоў нічога. Нічагуткі. Але на тое, што жонка нейкім чынам звязана з паўстаннем, якое бушавала ў Польшчы, доказ знайшоўся. Страшны, неверагодны доказ.

Спачатку Ўрбановічу патрапілася невялічкая блакітнаватая паперка, на якой друкарскім чынам былі адціснуты словы на польскай мове:

«Прад'явіцель гэтага (далей ішоў прабел пад прозвішча), ёсць упаўнаважаны збіраць складкі і прымаць усялякія фундушы і прадметы. Выдадзена ў Варшаве, дня 7-га, месяца лютага 1863 года. Нацыянальны ўрад, камендант места Варшавы».

І пячатка была: белы арол і Пагоня. І подпіс каменданта Варшавы. Праўда, уласна прозвішча гаспадара мандата не ўпісана. Відаць, Аксана яшчэ не адважвалася зрабіць гэтага.

Аканому ўспомніліся пэўныя дзіўныя паводзіны і ўчынкі жонкі: часта ездзіла да Цэцыліных дачок, пасябравала, чаго раней не заўважалася, з Мондрыкам. А самае галоўнае — перастала ў адкрытую гаварыць пра палітыку. Маўчала, часам загадкава пасміхаючыся. Толькі ідыёт не зразумее, што яна ў тайнай

арганізацыі. Увесь час аканом не мог пазбавіцца адчування, што Буевічаў Артур, які гэтак загадкава знік, недзе блізка і рыхтуе паўстанне. З другога боку, куды ён знік? Няўжо і насамрэч пакіраваўся на Каўказ, да месца сваёй работы, службы?

Урбановіч запомніў нумар старонкі кнігі, у якой закладзена небяспечная паперка, там яе і пакінуў. Пакуль што рана тлумачыцца, трэба пачакаць.

Зірнуў на кнігі, якія яшчэ не перагортваў. Узяў адну, трасянуў. З кнігі выпала паперка. Разгарнуў — і адразу зрабілася горача. Гэта была інструкцыя Літоўскага правінцыйнага камітэта павятовым начальнікам, датаваная 28 кастрычніка 1862 года. Узяў яшчэ адну кнігу. У ёй спачывала інструкцыя акруговым начальнікам. Датаваная таксама 28 кастрычніка 1862 года. Стаў разгортваць і вытрэсваць іншыя кнігі. З іх пасыпаліся абвесткі ЛПК аб аднаразовым падатку і пячатках, датаваныя снежнем 1862 года, адозва-абвестка пад гучным тытулам «Каралеўства паўстала» з датай 15 студзеня 1863 года. Меўся тут і маніфест Часовага ўрада Літвы і Беларусі ад 1 лютага 1863 года. («Беларусі? — хмыкнуў аканом. — Усё ж дапялі свайго…») Выдабыў нават цыркуляр супраць дэзінфарматараў, датаваны лютым 1863 года.

Ад боязі, што можа раптам вярнуцца жонка, Урбановіч стаў закладваць паперкі назад у кнігі. Рукі трэсліся, паперыны рассыпаліся, і аканом пераблытаў, куды якую ўкладваць. Вось стукнулі на ўваходзе дзверы. Ад перапуду, што гэта можа быць Аксана, Урбановіч загроб паперы ў кішэню сурдута, выскачыў з пакоя, замкнуў яго, прайшоў у свой кабінет. Высмыкнуў адну паперыну. Ага, паўстанцкая інструкцыя, датаваная пачаткам сакавіка. Ага: «Кожны камандзір асобнага паўстанцкага атрада, пакуль не звяжацца з ваенным начальнікам ваяводства, з'яўляецца неабмежаваным уладаром мясцовасці, якую ён займае, панам жыцця і смерці ўсіх сваіх падуладных…»

Мароз пайшоў па скуры. Гэта хто? Артур Буевіч стане такім «неабмежаваным уладаром мясцовасці»? А можа, ён ужо камандзір і ўжо стаў «панам жыцця і смерці ўсіх сваіх падуладных»?

Далей што? «У кожным пільным выпадку камандзір сам цалкам вырашае ўсе пытанні, маючы на ўвазе толькі галоўныя прынцыпы, устаноўленыя Нацыянальным урадам…»

Валасы ў аканома заварушыліся на галаве, ён прашаптаў: «Нацыянальны ўрад…» У вочы лезлі радкі інструкцыі, пункты яе як цвікамі ўбіваліся ў свядомасць:

«Камандзір атрада мае наступныя правы:

1. Забіраць з выдачай адпаведных квіткоў агнястрэльную зброю, якую знойдзе ў прыватных асоб, а таксама косы, коней, прадукты, адзенне і падводы для перавозак.

2. Выносіць неадкладныя прысуды выяўленым здраднікам, шпіёнам, а таксама асобам, што супраціўляюцца яго распараджэнням».

«Божачка! — перахрысціўся Ўрбановіч. — Уратуй! Хоць ты не чытай…» Але вочы ўпарта працягвалі бегаць па радках:

«Камандзір атрада мае наступныя абавязкі:

1. Пакуль не збярэцца дастатковай сілы, павінен пазбягаць рашучых сутыкненняў з войскам, аднак гартаваць сваіх падначаленых пастаяннымі нападамі на меншыя непрыяцельскія атрады, рассыпаныя па краі, і раззбройваць іх.

2. У месцах, занятых паўстанцамі або якія зноў займаюцца, абвясціць і неадкладна прывесці ў выкананне дэкрэт Часовага ўрада пра надзяленне зямлёй сялян.

(«Вось ён! — адзначыў аканом. — Мой канец!»)

3. Знішчаць усе ранейшыя ўлады, а на іх месца ўстанаўліваць улады народныя ва ўсіх мясцовасцях, якімі завалодае, прычым ніхто пад самай суровай адказнасцю не можа ўхіліцца ад ускладзеных на яго часовых абавязкаў.

Поделиться с друзьями: