Літоўскі воўк
Шрифт:
У эканоміі пра арышт маладога Бароўскага даведаліся ад Мондрыка, які нечага хадзіў у мястэчка. Ён і расказаў пра ўбачанае. Жандары паехалі на Пінск, а Людовіка пакінулі пад вартай унутранай аховы, якая з'явілася нядаўна, з сярэдзіны красавіка, пасля нечаканага выступлення Палюховічаў і такога недарэчнага арышту Вусаціхай. Ахова складалася з дзесятка жаўнераў, якія большай часткай бязмэтна бадзяліся па мястэчку. Яны ўсе на жыццё не наракалі — у мястэчку цішыня, жывуць амаль адныя жыды, якія заняты сваімі справамі: у падбухторшчыкі не лезуць і да іх ніхто не прыстае з падбухторшчыкаў. Іншая справа памешчыкі, тутэйшая шляхта. Асабліва з бедных, з маладых,
Жаўнеры, каб меней мець клопату з арыштаваным, і запраторылі яго ў вязніцу — саляны склеп з вечна вільготнымі сценамі. Добра, што хоць ні пацукоў, ні мышэй у ім не вадзілася.
Аксана, як даведалася пра арышт, стала збірацца пагаварыць з жаўнерамі, урэшце — з прыставам. Яна не траціла спадзявання, што можа паўздзейнічаць на прадстаўнікоў улады, каб яны адпусцілі няшчаснага юнака хоць бы пад дамашні арышт.
Маладая жанчына апранула лепшае, што мела, нават прыпудрылася, што рабіла рэдка. Аканом хацеў ехаць з жонкай, але яна папрасіла яго застацца. Адной ёй будзе зручней угаворваць прыстава і жаўнераў унутранай аховы.
У свой час, каб жонка так клапацілася пра якога-небудзь арыштанта, Урбановіч абрадаваўся б. Нават і цяпер, калі глядзеў, як ягоная жонка Аксана перажывае за арыштаванага Людовіка, адчуў нешта падобнае на радасць. Бо гэтае перажыванне яскрава сведчыла — каханка ў жонкі няма, яна клапоціцца так, з любоўю, з мілатой, пра кожнага. Але прыйшоў час, калі гэткія і любоў, і мілата маглі саслужыць кепскую службу.
У той дзень, як Аксана паехала ў мястэчка, аканом стаў чытаць, але нічога ад узрушанасці не лезла ў галаву. Чакаў-чакаў жонку і, не дачакаўшыся, не ўцярпеў. Тое, чаго так баяўся манкевіцкі аканом, надышло. І ад гэтага нельга схавацца нідзе: ні ў Вільні, ні ў Маскве. Арыштаваць маглі ў любы дзень. І было ж за што! Ён муж жанчыны, якая трымала страшныя, забароненыя паперы!
Выйшаў на вуліцу, сеў у брычку і пакалываўся ў мястэчка. Першае, што ён убачыў на пад'ездзе да мястэчка, непрыемна яго ўразіла.
Шыльда з царскім двухгаловым арлом была збіта, а на яе месцы нейкія няўрымснікі пачапілі іншую, на якой харашыўся польскі белы арол і… старая літоўская Пагоня.
Мурашы забегалі па спіне ў аканома. Што за свавольствы? Добра, калі наедуць казакі і ўсыплюць катораму нягодніку бізуна. А калі румнуць у эканомію з вобыскам? Тут пабітым посудам, як у Палюховічаў, не абыдзешся.
Пад'ехаў да ўправы і… вачам не паверыў. Каля прысутнага месца стаяла некалькі аседланых коней, на лавачцы сядзеў зняможаны Людовік Бароўскі, а каля яго… Буевічаў Артур. Адкуль узяўся?! Побач з ім стаяла і ягоная жонка Аксана.
«Забяру з сабой. Скажу, каб ехала дахаты…» — мільганула ў галаве. Але ні забраць, ні загадаць жонцы ехаць дахаты Ўрбановіч не адважыўся. Ужо потым аканом даведаўся, што ні да якіх жаўнераў, ні да прыстава Аксана і не ездзіла. Ці сама выклікала, ці паслала ганца да Артура, а той прывёў недзе з лесу паўстанцаў. Па дарозе да іх далучыліся сяляне з віламі і косамі. Жаўнеры, якія вартавалі Бароўскага, не аказалі ніякага супраціву. Убачылі такую процьму людзей, узброеных дубальтоўкамі, косамі, віламі, а шляхта яшчэ пры шаблях — самі аддалі ружжы. З рук нават не вырывалі. Словам, абышлося без крыві. Іх нават не сталі арыштоўваць — разышліся па хатах, у каго жылі.
Аканом пад'ехаў да кампаніі. У галаве круцілася: «Мураўёў, Вільня…» Ён, манкевіцкі гаспадар, мусіў выбіраць: або застацца ў цяні — і тады назаўжды страціць Аксану, або падтрымаць паўстанцаў —
і тады ў яго застанецца нейкі шанец.6. Сваё войска!
— Во хто зоймецца матэрыяльным забеспячэннем войска! — бадзёра, весела праказаў заміж прывітання Артур Буевіч. Адзеты ў зялёную суконную куртку, шытую чорнымі шнурамі, і падшытыя скурай кавалерыйскія рэйтузы, якія аканом бачыў на конных жандарах, выгляд меў самы ваяўнічы. А з-за паса яшчэ тырчэлі і рэвальверы.
— Нашых людзей, грамадзянін Урбановіч, трэба як след апрануць, абуць, зразумела, забяспечыць правіянтам. Узбраенне я бяру на сябе.
— Гэта… загад? — спытаўся аканом.
— Успрымайце як хочаце, — ужо амаль сурова сказаў Артур. — Памочніцай вам будзе ваша жонка.
— Чыя… жонка? — ледзь выціснуў з сябе Ўрбановіч, міжволі строячы з сябе дурня.
— Ваша жонка, пані Аксана. Яна даказала сваю прыхільнасць справе паўстання. І мае паўнамоцтвы…
Буевіч, калі гаварыў гэтыя словы, глядзеў убок.
«Яны каханкі?! — пакутліва крутанулася ў галаве Ўрбановіча. — Ці не?!»
Урбановіч зіркнуў на Аксану. Жонка мела прамяністы позірк, вачэй не спускала з новааб'яўленага камандзіра паўстанцаў. Яна з захапленнем глядзела на Артура. У аканома сціснулася сэрца.
— Прыступайце да справы. Неадкладна, — ужо зусім суха прамовіў Буевіч. — Вечарам сустрэнемся. А мне яшчэ належыць знайсці зброю… Шмат зброі…
Аксана нечакана падышла да мужа і прылюдна, парывіста абняла яго і моцна пацалавала. Сэрца аканома забілася мацней.
— О, птушка мая! — толькі і выціснуў ён і палез за хустачкай выціраць слязіну. — З чаго… пачнём?
— У першую чаргу нашых ваякаў як след адзенем і абуем, — заклапочана прамовіла жонка.
Урбановічы селі ў брычку, і аканом настаяў, што спачатку варта разабрацца з той зброяй, якая мелася ў эканоміі. Сёе-тое можна было нашкрэбці. Бо кожны з навабранцаў патрабаваў паперш зброю. Вопратка і правіянт маглі пачакаць.
— Яшчэ, Ежы, нам трэба грошы, трэба шмат грошай, — гаварыла ў брычцы Аксана. — Я і не падазравала, што наша тутэйшая шляхта, нават патрыятычна настроеная, з заможных, такая сквапная. Трасуцца над кожным грошам.
— О, маё сэрцайка, хто ахвотнік выпускаць з рук грошы ці нават правіянт, — згаджаўся з жонкай бясконца шчаслівы аканом. Яму верылася, што шанец, які быў дадзены яму, шанец вярнуць, узмацніць каханне, ён не прапусціў, не прамінуў — выкарыстаў.
Неўзабаве ў эканомію, пад афіцыну, сабраліся сяляне з ваколіц. Сюды ж пад'ехалі і незнаёмцы, якія таўкліся каля Артура Буевіча. Гэтыя былі за агітатараў: словы і заклікі ліліся рэкамі. Мужчыны з сямейных, талковых на заклікі падбухторшчыкаў выказваліся, што толку з паўстання не будзе, бо паўстанцаў мала, а зброі зусім няма, што ў расейскага цара войска больш, што зброя ў царскіх жаўнераў вайсковая, сапраўдная, а пістонаўкамі ды сякерамі не паваюеш.
— Вільня дапаможа, Варшава зброю прышле, — чуліся пярэчанні. — Вось-вось выступіць супраць цара Францыя.
— Што нам тая Вільна? Што нам Варшава?! Мы самі сабе і Вільна, і Варшава, і Масква разам узятыя, — казалі сяляне. — Дайце нам заміж касы стрэльбачку. Хоць якую…
Калі агітавалі шляхту, то казалі пра заваяванне вольнасці, сцвярджалі, што адбудуем край, як было колісь.
— А галоўнае — усе будуць роўныя. Ніякай табе ні шляхты, ні мужыкоў… Кожнаму будзе дадзена зямлі, колькі хто захоча.