Літоўскі воўк
Шрифт:
— Не выдумляйце, — пярэчылі сяляне. — Не хочам мы станавіцца шляхтай… Мы жывём з мазаля, а мазоль, браткі, скажу табе, гэта такая штука, што любога сцягне з неба… Не вольнасць нам патрэбна, не шляхецтва, але зямля.
— Ды не можа быць зямлі без вольнасці! — гарачыліся агітатары.
У атрад набралася чалавек за сотню. Карміў, апранаў, абуваў усіх, зразумела, пан Урбановіч. Ён ужо каяўся, што так, на скрут галавы, згадзіўся заняць пасаду інсургенцкага інтэнданта. Прасцей было б адкупіцца грашыма. Але Аксане падабаўся гэты штодзённы ваяўнічы, рэвалюцыйны вэрхал у эканоміі, натоўп узброеных людзей каля афіцыны. Яна пасылала ганцоў да Артура Буевіча ледзь не штогадзінна. Што б ні рабіў аканом, то рабіў
Інсургенты на выгане каля мястэчка, дзе звычайна спыняліся цыганы, саставілі пабраныя з вёсак падводы, выставілі ахову. Зрэшты, гэтае войска і выглядала, як табар цыган, але на гэтую акалічнасць ніхто не звяртаў увагі. Гэта было сваё войска.
Раздзел XIV. Збройнае рушанне
1. Святун у вязніцы
Пачалося новае, бурлівае жыццё. Чутка пра збройнае рушанне абляцела ваколіцы. Шляхта збіралася ў мястэчку ці прыязджала ў эканомію, каб даведацца пра апошнія навіны і прыняць рашэнне: ці далучацца да паўстання, ці заставацца дома. Некаторыя нават выказвалі рашучую нязгоду з дзеяннямі самаабвешчанага вайсковага начальніка — Артура Буевіча, і збіраліся яго скінуць.
Як там ні было, войска памалу ўзбройвалася, апраналася, забяспечвалася правіянтам. Выбіраліся камандзіры дробных падраздзяленняў, іх намеснікі. Дайшла справа і да вайсковых вучэнняў.
Жыццё ішло сваёй каляінаю. Адным днём злавілі прыстава Вусаціху. У першы дзень збройнага рушання ён схаваўся і, пэўна, адседжваўся ў некага на вышках, але не ўцярпеў, вылез і быў схоплены. Яго хацелі аддаць сялянам і мяшчанам з пакрыўджаных на расправу. Вусаціха кляўся і бажыўся, што ён чыстай вады ліцвін, але служыць цару яго вымусілі жыццёвыя абставіны. Мала таго, ён даказваў, што ён таксама са старой шляхты, а ніякі не расеец, не маскаль і нават партрэт ягоных продкаў знаходзіцца ў вядомай калекцыі карцін Радзівілаў у Нясвіжы. Нехта са студэнтаў, адукаваны, спытаў, канкрэтна які партрэт прыстаў мае на ўвазе.
— Партрэт невядомага, — не міргнуўшы вокам сказаў прыстаў. — Зроблены ў сярэдзіне мінулага, гэта значыць яшчэ XVIII стагоддзя.
Студэнт зморшчыўся, не прыпамінаючы такі партрэт. Летась падрабляў памочнікам бібліятэкара ў Радзівілаў, крыху азнаёміўся з калекцыяй. Пачалі шукаць са старэйшых, з шляхты, хто гасцяваў у магнацкіх палацах і бачыў той партрэт. Знайшоўся стары Шаламіцкі, які за колішнімі часамі насамрэч быў у Нясвіжы, бачыў і добра памятае тую калекцыю. Прадставілі прыстава перад Шаламіцкім. Той агледзеў высокі шышкаваты лоб, ледзь не ідыёцкай велічыні, чырвоныя губы прыстава.
— Нешта ёсць, — сказаў Шаламіцкі, — падобны. Не хапае толькі булавы ў руку ды сіняй ядвабнай ленты праз грудзі. А так рыхтык той самы шляхцюк з партрэта. Але ж і вырадак: хто б падумаў, што нашчадак слаўнага роду зробіцца царскім слугой?!
Прыстава хацелі судзіць судом гонару, раз ён шляхта. Прызначылі грамадзянскі суд, але нейкі няўрымслівы шляхцюк, якому Вусаціха ўпёкся ў пячонкі, навёў на бедачыну сялян, і тыя сталі частаваць спадара прыстава кухталямі. Каб не местачкоўцы, якія адабралі небараку, натаўклі б прыставу пысу да нясхочу.
— Га! Зух з калом на мух! — атурзвалі мяшчане шляхцюка. — Га! На пахілае дрэва і козы скачуць! У якой канаве ты, шляхецкая костка, спаў, калі Вусаціха на кані галёкаў?!
Каб прыстаў не ўцёк ці з ім
не нарабілі бяды пакрыўджаныя зламыснікі, прыстава схавалі ў салявы склеп. Нічога лепшага не прыдумалі.На другі дзень, памяты і пабіты, прыстаў стаў перад судом. На тым судзе прыстаў нечакана прызнаўся, што ведае, дзе шукаць зброю — скрынку са штуцэрамі.
— Гэнага Кавальца сын, Ясь, збаёдаў штуцэры.
— Як табе веры даць? — спыталіся ў прыстава.
— Чуў, як у пушчы страляў. Пістонаўка так не страляе.
Далажылі Артуру Буевічу. Той і сам нешта падазраваў няладнае. Паслалі людзей да Кавальцоў, прыцягнулі Яся. Хлопец упіраўся, бажыўся, што нічога не ведае. Зрабілі вочную стаўку з Вусаціхай. Ясь перастаў бажыцца, але па-ранейшаму адмаўляў, што чапаў тыя штуцэры.
— У склеп! — коратка загадаў Артур. — Думаеце, чыкацца з ім буду.
Вусаціху адпусцілі. Каб выслужыцца, прыстаў заявіў, што можа быць карысны паўстанцам як вайсковы чалавек. Навучыць, дзе ар'ергард, дзе авангард, што такое дазор, сакрэт. Яго слухалі і нават падпарадкоўваліся. Прыстаў разам са сваім атрадам паехалі на сядзібу Кавальцоў і зрабілі ператрус, каб знайсці штуцэры. Безвынікова.
Ясь сядзеў у склепе і ўпарта настойваў, што нічога не ведае. І безупынна маліўся.
З яго толькі пасмейваліся.
— Святун, — казалі, — моліцца. Дзірку ў небе прамоліць.
У мястэчку заўважылі маладога ваўка з нашыйнікам. Ён лазіў пазавуголлем, працяжна і пранізліва скавытаў. У гэтым скавытанні адчуваўся бясконцы сум па зніклым, увязненым гаспадару.
Каб Інсургент не скуголіў пад вокнамі, яго таксама запраторылі ў склеп. Адчынілі дзверы і разышліся. Воўк доўга не адважваўся падысці да ўвахода. Але як толькі Ясь ціхенька свіснуў, Інсургент на скрут галавы памчаўся да яго, ледзь з ног не збіў, стаў аблізваць, вішчэў ад радасці, а ў вачах свіціліся бясконцая мілата і адданасць.
— Акурат пбра, — казалі вартавыя. — Святун і воўк. Эй, Кавалец, аддай штуцэры!
— Не браў я вашыя штуцэры.
Вартавыя зазіралі ў шчыліну дзвярэй і кпілі:
— Святулька, аддай стрэльбы!
— Я чужога не бяру… Не жадай ні дабра брата твайго, ні авечкі, ні жаны…
— Як жа не браў, калі стрэлы ў пушчы людзі чулі? Молішся, а ілжэш, брахадла!
— Дзякуй вам і за такія словы, — адказваў Ясь, — бо я вас люблю і ўсё вам прабачаю…
— Во, манюка, лёстачкі падпускае… — абураліся вартавыя.
— Хто любіць брата сваяго, той у святле ходзіць, і спакусы ў ім няма… — неслася са склепа.
— Усыпаць добра бізуна — адразу прызнаешся, куды цэлую скрынку штуцэраў схаваў, нахаба. Праваслаўнік знайшоўся.
— А хто ненавідзіць брата сваяго, той у цемры ёсць і ў мораку ходзіць… — чулася з вязніцы.
— Цьху ты, святун і ёсць святун…
2. Вайсковая рада
Калі ўся ваколічная шляхта больш-менш вызначылася: падтрымаць або не падтрымаць паўстанне, склікалі сход — абмеркаваць, што рабіць, сабраўшы войска. Пакуль што непрыяцеля нідзе не назіралася. Сядзець і чакаць маскоўскія роты не з рукі. Таксама патрабавалі вырашэння некалькі арганізацыйных, як казаў Артур Буевіч, пытанняў.
Шляхты сабралася шмат, але ўсё драбнякі, яны нават не адважваліся заходзіць да Ўрбановіча ў дом, куды гаспадар запрашаў радцаў, — сядзелі на вуліцы ці жартавалі праз расчыненыя дзверы з людзьмі чалядні. З'явіўся Артур Буевіч у куртцы наапашкі. Яго як намеснікі ці ардынарцы суправаджалі маладыя шляхцюкі. Пачалася гаворка пра зброю, дысцыпліну, планы. Шляхта выкрыквала словы да месца і не да месца. Ледзь што, пачыналі высвятляць адносіны, узнімаўся гармідар. Таўкліся добрую гадзіну, а ні да якіх вынікаў не дагаварыліся. Надумалі тады сабрацца і параіцца вузейшым колам.