Літоўскі воўк
Шрифт:
У кабінет, дзе і прызначылі раду, зайшлі абое Бароўскіх: сын і бацька, стары Магнусь Палюховіч, неўміруха пад дзевяноста гадоў, бацька Лявона Палюховіча, які ўжо недзе ваяваў супраць маскалёў, а таксама чалавек пяць-шэсць смялейшай і дысцыплінаванейшай шляхты. Прысутнічалі на гэтай радзе і аканом з жонкай, уласна, і як гаспадары, і як чынныя ўдзельнікі інсурэкцыі.
Сталі абмяркоўваць, што робіцца ў краі. Абстаноўка мянялася кожны тыдзень, а пошта даходзіла са спазненнем, бо шмат дзе паўстанцы паразбівалі паштовыя станцыі. Праезджыя гандляры прывозілі навіны процілеглага зместу. Арганізаваная некалькі дзён назад выведка
Артур даказваў, што трэба ісці на злучэнне з асноўнымі сіламі паўстанцаў, гэта значыць падавацца на Пінск, на Кобрын, на Слонім. Калі злучыцца з якім буйным атрадам, тады пра каардынацыю дзеянняў падумаюць вышэйшыя начальнікі. Стары Бароўскі сцвярджаў, што паход — рэч неабдуманая. Паход сам па сабе вымушае страту сілаў, сродкаў. Калі ж заставацца ў мястэчку, то ніякіх стратаў ні сілы, ні сродкаў не будзе.
— Што дасць гэтае сядзенне? — гарачыўся Артур. — Мы толькі губляем час і энергію. Калі мы пасядзім яшчэ тыдзень, людзі стануць разбягацца.
— Прашу пачакаць новых паведамленняў, — гаварыў Бароўскі. — Цаню такую думку: чорт абарону любіць.
— Якая абарона! — абурыўся Артур. — Наша сіла — у яднанні. Вы, я бачу, абсалютна невайсковы чалавек.
— Дайце сабе ўпыну зневажаць старэйшых, — казаў Бароўскі. — Я пацярпеў — мой сын ледзь не апынуўся ў Сібіры. А з-за чаго? З-за глупства!
Пасля арышту і вызвалення сына старога Бароўскага быццам падмянілі. З рахманага, ціхага чалавека ён пераўтварыўся ў ваяўнічага паўстанца. Каб быў тут спраўнік ці жандарскі афіцэр Фогель, яны здзівіліся б такой перамене. Праўда, ранейшыя рысы характару — асцярожнасць, абдуманасць кожнага кроку, абумоўлівалі паводзіны Бароўскага і цяпер.
— Ды вы, прашу прабачыць, не чыталі, пэўна, ніводнай працы па стратэгіі. Ваша спецыяльнасць, не крыўдзіцеся — арніталогія, гітара, ксёнжачкі, — не адказваў на канкрэтнае пытанне Буевіч.
Бароўскага кінула ў барву. Ён шумна дыхаў, але трываў, аж сціснуў рукі ў кулачкі.
— Вы, Артур, кажаце, што я не чытаў ваенных работ? Чытаў… Вывучаў… Не думайце, — спакойна гаварыў Бароўскі. — Акрамя таго, я маю ўяўленне пра вайсковыя дзеянні з нядаўняй гісторыі.
— Вы маеце на ўвазе вайну дванаццатага года? — з ухмылкай прамовіў Артур.
— Так. Тады абсэрвацыйная армія расейскага генерала ад кавалерыі Аляксандра Пятровіча Тармасава супрацьстаяла войску, у якім лёс сабраў многа нашых землякоў, а ў прыватнасці — быў там і мой дзед.
— Так, згодны, — кіўнуў галавой стары Магнусь Палюховіч. — Помню. І я там быў… І скажу вам, харошыя людзі пранцузы, ліха іх матары, але слімакі, жабіны ногі і іншая дрэнь бон апетыт не прыбаўляе, халера на іх…
Прысутныя засмяяліся.
— Дык вось, — прадоўжыў, абрадаваны нечаканай падтрымкай, Бароўскі. — З дзядулевых расказаў я шмат чаго даведаўся пра тыя вайсковыя падзеі.
— Армія Тармасава стаяла на Ўкраіне, яна не вырашала падзей… — надумаў паспрачацца і па гэтым пункце Артур.
— Не скажыце. Тармасаў яшчэ ў ліпені 1812 года атрымаў ад Аляксандра I загад рухацца на поўнач, гэта значыць праз балоты Палесся на злучэнне з 12-тысячным корпусам генерал-лейтэнанта Эртэля, што стаяў у Мазыры, а таксама з 5-тысячным гарнізонам Бабруйскай крэпасці
генерал-маёра Ігнацьева.— Адкуль, проша пана, такая рыхтычнасць? — спытаўся Буевіч, строга насупіўшыся.
— Як, як?
— Дакладнасць у лічбах? — паправіўся Артур.
— Гэта па-новаму, па-ліцвінску, — заўважыў аканом Урбановіч. Не без з'едлівасці.
— Я ж кажу, што я займаўся гісторыяй вайны дванаццатага года, — прадоўжыў Бароўскі. — Дык вось, саюзных войскаў налічвалася 46 тысяч. Гэта ў першую чаргу саксонцы генерала графа Рэнье, аўстрыйцы генерала Шварцэнберга…
— Ге, ге, — паківаў галавой стары Магнусь Палюховіч. — Саксонцы і аўстрыякі…
— Рускіх было ажно 63 тысячы, — прадоўжыў Бароўскі свой гістарычны экскурс. — Вы ж ведаеце, што расейцы ў тую кампанію ў канцы ліпеня нечакана захапілі Берасце і Кобрынь. І гэта ў той час, калі войска Барклая пакінула Віцебск.
— Што вы хочаце гэтым сказаць? — насупіўся Артур.
— Маштаб Расеі не дае правільнага разумення тых ці іншых вайсковых дыспазіцый. Мы не можам весці правільных вайсковых аперацый, вось што. Толькі партызанская вайна… У той час, калі рыхтавалася Барадзінская бітва, армія генерала Тармасава пераследавала саксонцаў і аўстрыякаў, гнала іх на захад. Вы гэта разумееце? Татарскія і казачыя сотні зрабілі інвазію ў Польшчу, польскае апалчэнне кідала зброю і ўцякала хто куды…
— Так, пацвярджаю, было, — згодна кіўнуў стары Магнусь Палюховіч. — Магнаты абівалі парогі французскіх казармаў: ратуйце! Нават генерал Луазон, які стаяў у Круляўцы, быў змушаны выступіць у паход да Варшавы, бо баяліся, што Тармасаў захопіць сталіцу.
— Чулі? — пераможна абвясціў Бароўскі. — Расейцы трымалі край у сваіх руках нават тады, калі сэрца Расеі, Масква, было ўхоплена рукой карсіканца-падманшчыка.
— Часова. Шварцэнберг і Рэнье сваімі 40 тысячамі войска адкінулі Тармасава, — сказаў Артур, ківаючы пальцам. — Не думайце, што мы не чыталі гістарычных прац. Гэта — па-першае, па-другое, вельмі тыя аўстрыякі і саксонцы хацелі ваяваць. У нас іншая сітуацыя, у нас народ падымецца магутнай хваляй і змяце царскі трон.
— Змяце… Аж пыл пойдзе, — уставіў свой грош аканом. — Спачатку ён змяце нас. Зрабуе эканомію дашчэнту, пане Буевіч. Вы гэта разумееце?
— Таму важна як след накіроўваць энергію бунту, — дакляраваў Артур. — Давайце гаварыць пра надзённае, а не пра колішнюю вайну.
— Э-э не, пачакайце, — падняўся Бароўскі. Дагэтуль ён сядзеў. — Дайце дагаварыць да канца. Войска Тармасава не адкінулі, яно адышло ў палескія балоты, спынілася ў Ратна, тут непадалёку.
— Можа, хопіць? — Гаспадыня дома, пані Аксана, асцярожна пакратала старога Бароўскага за плячо.
— Тармасаў меў пад ружжом 28 тысяч жаўнераў, — не здаваўся Бароўскі. — Аўстрыякі сядзелі ў Кобрыне, саксонцы занялі Берасце. Вось і ўсё, на што яны маглі разлічваць: сядзець і не рыпацца.
— Але ж генерал Дамброўскі з дывізіяй па загаду Напалеона вярнуўся ў край з-пад Смаленска і… — урачыста абвясціў Артур.
— Адкіньце ваш пафас, — скрывіўся Бароўскі, перабіваючы Буевіча. — Вярнуўся?! Так, вярнуўся, каб сачыць за дзеяннямі корпуса Эртэля, які сядзеў у Мазыры, і Ігнацьева ў Бабруйскім гарнізоне. Расейцаў было 17 тысяч супраць 8 тысяч нашых.
— Рыхтык ге! — усклікнуў стары Палюховіч. — Нас было мала, але мы былі маладыя… Эх, колькі дзяўчат нам усміхалася, панове.