Літоўскі воўк
Шрифт:
Грымнуў рогат. Але не да рогату зрабілася Артуру. Ён стаў падазраваць, што на гэтай радзе яго наўмысна цягнуць у нейкае балота.
3. Зразумець маштаб Расеі
— Дамброўскі меў нават артылерыю — 20 гармат. Нічога лепшага не прыдумаў, як рассяродзіць сілы: пакінуў батальёны ў Магілеве, Глуску, Свіслачы. Эртэль разагнаў гэтыя батальёны. Сотні забітых, палонныя… Потым Эртэль паслаў генерал-маёра Запольскага ў Пінск. І выгналі аўстрыякаў з горада… Вось што рабілася. Напалеон сядзеў у Маскве, галоўныя сілы
Наступіла хвіліна маўчання.
— Хм, дык што вы прапануеце? — спытаўся Артур. — Сядзець і чакаць, калі прыйдуць казачыя сотні?
— А які ў нас стратэгічны рэсурс! — працягваў сваю думку Бароўскі. — Наша задача зразумець, якімі рэсурсамі мы валодаем, каб змагацца супраць ворага, які нечакана з'явіўся перад намі.
— Якога ворага вы маеце на ўвазе? — спытаўся пан аканом.
— Якога? Расею! — выгукнуў Артур.
Пан Урбановіч пабялеў. «Расею мець ворагам? Барані Божа… — падумаў ён. — Што яны гавораць… Чаму, чаго я тут сяджу?»
— Панове, — спалохана прагаварыў ён, — вы хоць уяўляеце, што такое Расея?
— Уяўляем, — смела адазваўся Артур. — Гэта нязмераны па тэрыторыі край з дзікім, азіяцкім урадам, які нясе нам абрусенне, забыццё мінуўшчыны, знявагу нашай мовы, культуры, рэлігіі. Улада Масквы апіраецца на багнетах і рамёнах жаўнераў, учарашніх цёмных і затурканых барадатых мужыкоў.
— Во-во, — сказаў Бароўскі, — правільная думка. І багнетаў гэтых будзе не сто, як, скажам, у нас, і не тысячы, а дзесяткі тысяч, а можа, як прыпячэ, і ўсе сто тысяч.
— Ну, ужо сто тысяч? Адкуль яны возьмуць гэтулькі зброі…
— Нельга лічыць, што Расея прадстаўлена злосным, але па сутнасці даволі бяскрыўдным прыставам ці спраўнікам… Паслухайце, я мушу скончыць маю гістарычную лекцыйку. — Бароўскі падняў палец. — Восенню 1912 года маларасейскія губернатары набралі, узброілі, экіпавалі і забяспечылі правіянтам 15 конных палкоў колькасцю 18 тысяч шабель! Гэта ж новая армія!
— І ў нас па Менскай ды Гарадзенскай вобласці набярэцца не меней, — перабіў старэйшага Артур.
— А тут яшчэ з Малдавіі падаспела 35-тысячная Дунайская армія адмірала Чычагава. — Бароўскі падняў руку, даючы знак памаўчаць. — Мелі 200 гармат. Вы ўяўляеце, якая гэта сіла? Каб не звычайная расейская бесталкоўшчына…
— Якую бесталкоўшчыну вы маеце на ўвазе? — спыталася пані Аксана.
— А хоць бы такую: раптам Аляксандар I назначыў Тармасава галоўнакамандуючым 2-й Заходняй арміяй пасля смерці Баграціёна на Барадзінскім полі. Сумятня, адным словам. Тым не меней расейцы наступалі з поўдня. Аўстрыйцы і саксонцы ўцякалі так, што расейская пяхота не паспявала за імі. Тут, у краі, які называюць Беларуссю, Літвой, як хочаце, і быў пачатак канца Наполеона, а не пад Масквой! Тут, пад Берасцем, саюзнікі мелі 40 тысяч штыкоў, расейцы — 50. Аўстрыякі і саксонцы не адважыліся даць бой, уцяклі ў глыбіню Польшчы, пад польскі Драгічын. Ведаеце, што нарабілася… Рэквізіцыі, напад расейцаў на Слонім, дзе сядзеў наш генерал Канопка.
— Так, Канопка, — пагадзіўся Магнусь Палюховіч. — Было, панове, было. Палонныя, сорам…
— Саксонцы і аўстрыякі паспрабавалі адцягнуць сілы Чычагава, але… — няўмольна працягваў Бароўскі. — Але жаўнеры расейскага генерал-лейтэнанта князя Сакена атакавалі Ваўкавыск, дзе нанеслі страшэнную паразу саюзнікам. Рэнье ўцёк праз акно, а саксонцы згубілі палкавы сцяг. Сорам і
ганьба, панове.Стары Магнусь моўчкі толькі ківаў галавой.
Артур не вытрываў. Падняўся, хадзіў. Ён, здаецца, здагадаўся, куды хіліць стары Бароўскі і што ён зараз прапануе. Хітры стары.
— Слухайце далей, — сказаў Бароўскі. — Аўстрыякі і саксонцы, нягледзячы на заклікі з штаба Напалеона, не змаглі ні дагнаць армію Чычагава, ні знішчыць корпус Сакена. — Бароўскі зрабіў перапынак, уздыхнуў і з неўласцівай яму патэтыкай вымавіў: — А прычына, панове, простая — яны не хацелі пакідаць Палессе! Куды ісці? Адчуць на ўласнай скуры ўсе радасці адступлення напалеонаўскай арміі ад Масквы?
— Расказвайце! — нецярплівілася пані Аксана. — Я і не ведала, як гэта ўсё цікава.
Артур незадаволена зіркнуў на Аксану, што не прамінуў заўважыць аканом.
4. Палескі авёс як чыннік выгнання карсіканца
— Далей усё даволі празаічна, — сурова, глухім голасам прамовіў Бароўскі. — Чычагаў выступіў пад Менск, дзе яго сустрэў 3-тысячны атрад генерала Касецкага.
— Правільна, Касецкага, — уставіў Магнусь.
— Ну і што тыя тры тысячы? Расейцы акружылі і вынудзілі Касецкага здацца ў палон. Напалі на Мір, на Койданава, на Нясвіж. Тактыка простая — акружалі пераважальнай колькасцю войска і прапаноўвалі здацца. Не, пане Палюховічу? Вы ж непасрэдны ўдзельнік тых баталій.
— Так, панове, быў. Чыхвосцілі нашага брата, як кажуць мужыкі, у хвост і ў грыву. Пад адным Мірам 500 чалавек забілі, а больш 700 у палон узялі. Пад Койданавам — 2 тысячы палонных, пад Радашкавічамі — 2 тысячы палонных. Калі расейцы падышлі да Барысава, дзе стаяў Дамброўскі, пастка зашчоўкнулася. Кажуць, што менавіта ў гэты дзень карсіканец бегаў узад-уперад, зазіраў на мапу і ў разгубленасці шаптаў: «Палтава! Палтава!»
Некалькі хвілін невясёлай цішыні далі магчымасць прысутным абдумаць, што расказаў Бароўскі і дапоўніў стары Магнусь Палюховіч.
— Дык што, — парушыў цішыню гаспадар кабінета, — палескі авёс спрычыніўся да перамогі расейскай зброі?
— І палескі таксама, — стомлена вымавіў пан Бароўскі. — Ёсць звесткі, што дзесяцідзённы запас правіянту для арміі Чычагава сабралі ў раёне Пружан, а гэта, заўважце, 160 тон сухароў і 160 тон круп.
Зноў наступіла гнятлівая цішыня.
— Нас падтрымае Эўропа, — раптам сказаў Артур. — Мы развіваемся ў эўрапейскім рэчышчы.
— Ну-ну, — адказаў Бароўскі. — Думаю, нас у хуткім часе чакае сустрэча з капітанам Фогелем, а не з Эўропай. Менавіта ён прывядзе сюды, у наш край, роты тры рэгулярнага расейскага войска. Пра гэта дбаць, а не пра Эўропу мроіць. Нам тут жыць, і жыць не з Эўропай, а з Расеяй, калі нават мы і пераможам. Трэба навучыцца дамаўляцца.
— Тры роты? — не зважаючы на апошнія словы, выгукнуў аканом. — Мы не зможам супрацьстаяць тром ротам! У нас усяго некалькі дзесяткаў надзейных людзей, якія не баяцца стрэлаў. Я маю на ўвазе нармальных, рэшта, гэта, выбачайце, нейкі зброд. Яны кожны вечар упіваюцца.
— Нічога, мы навядзём дысцыпліну, — сказаў Артур. — Праўда, пане Палюховіч?!
Стары Палюховіч хітнуў галавой. Ён крыху дзюбнуў — пачаставаўся ў чалядні.
— Заўважце, процістаяць добра абучаным, узброеным па апошнім слове вайсковай навукі жаўнерам, — дадаў Бароўскі. — Майце на ўвазе, экіпіроўку паўстанца і салдата расейскай арміі не параўнаць.