Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Літоўскі воўк

Наварыч Алесь

Шрифт:

4. Забараніць пад самай суровай адказнасцю ўплату заборчаму ўраду ранейшых падаткаў, на якія адгэтуль толькі Нацыянальны ўрад мае выключнае права.

5. Даручыць і прасачыць, каб адпаведныя святары прынялі ад усіх жыхароў прысягу на вернасць і падпарадкоўванне Нацыянальнаму ўраду, а таксама заклікаць у паўстанцкія шэрагі ўсіх, здольных насіць зброю.

6. Перарываць, дзе прызнае патрэбным, камунікацыі, тэлеграфныя лініі, перахопліваць дэпешы, затрымліваць кур'ераў і эстафеты, захопліваць і адбіраць сродкі, што знаходзяцца ў руках заборчага ўрада, і, узяўшы з іх тыднёвае жалаванне свайму атраду, лічачы па 2 злотыя ў дзень на чалавека, рэшту, калі будзе мець надзейную сувязь

з народнымі ўладамі, павінен апячатаць і неадкладна адаслаць ім.

7. Маскоўскую паліцыю нішчыць усімі спосабамі.

8. Найбольш вядомых прыгнятальнікаў сялян, сабраўшы людзей, судзіць ваенным судом і караць смерцю, не дапускаючы самавольнай расправы…»

— Не, я не прыгнятальнік, — прашаптаў збялелымі губамі аканом. — Я люблю сялян, сваіх работнікаў. Ніхто не паскардзіцца.

Урбановіч выграб з кішэняў паперы, засунуў іх у шуфляду стала.

«Выклікаць спраўніка, жандараў… — мільганула думка. — Прызнацца чэсна, што да чаго…» Але вочы затрымаліся на верхняй паперы, міжволі прачытаў:

«Цыркуляр супраць дэзінфарматараў — 19 лютага 1863 года.

Часовы Правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі даручае ваенным начальнікам і членам Народнай арганізацыі:

1. Сачыць за пашыральнікамі падманных чутак, паколькі моц захопнікаў, пахіснутая ў многіх пунктах моцай паўстання і не здольная ставіць яму перашкоды сілаю, звяртаецца да падману, сеючы фальшывыя звесткі пра паражэнне паўстанцаў, народнай рэакцыі, а прыхільнікі, паспешліва перадаючы гэтыя весткі ўраду, хочуць пагасіць высакародны запал і ўстрывожыць менш свядомых.

2. Людзей, якія сцвярджаюць, што Часовы ўрад устрымлівае паўстанцкія рухі ў нашых правінцыях, называюць імёны мяркуемых дзеячаў і пускаюць іх у ход, а таму шкодных нароўні са шпіёнамі захопнікаў, патрабуе адразу караць з усёй строгасцю ваенных законаў або неадкладна перасылаць іх імёны адпаведным народным уладам, каб належная кара магла спасцігнуць іх усюды».

— Не, ніякіх спраўнікаў… — прамармытаў аканом. — Пагляджу, на чыім баку будзе сіла. Тут круціцца трэба, як таму ўюну на патэльні. Ой падсмажаць яны мяне, ой падсмажаць.

4. «Казакі ідуць!»

У мястэчка найшло мноства пагарэльцаў. Яны сцвярджалі, што іхнія хаты спалілі расейскія жаўнеры. Сярод пагарэльцаў былі і пакалечаныя. Наколькі разбіраўся аканом, пакалечаныя не падчас пажару. Раны выглядалі на шабельныя, багнетныя і нават кулявыя. Пагарэльцы і калекі прасілі хоць кавалак хлеба, хоць бульбінку на насенне ці які рызман прыкрыцца. Расказвалі жахі пра зверствы расейцаў. Ці лгалі, ці праўду казалі — хто праверыць. Гаворка іхняя была мілагучнай, як гавораць сяляне Наваградчыны, Лідчыны, Слонімшчыны.

Хадзілі па вёсках і калі чулі: «Так вам, польскім сабакам, і трэба», пачыналі пад наступнымі вокнамі прасіцца іначай:

— Падайце пацярпелым ад польскіх бандытаў. Аб'елі да ніткі, у свет пусцілі, жабракамі зрабілі.

Як потым расказваў Бароўскі, пагарэльцы адразу, на пачатку вёскі, выпытвалі, хто каталік, а хто праваслаўнай веры, і тады адпаведна прасіліся ў весніках. Калі Ўрбановіч бачыў гэтых пагарэльцаў, яму здавалася, што ў паветры смярдзіць дымам.

Жонцы пра тое, што ён знайшоў у яе кніжках мноства папер, і не проста паперак, але дакументаў, за якія можна не тое што ў Сібір, але на шыбеніцу патрапіць, нічога не сказаў. Як быццам і не бачыў. Усяляк пазбягаў гаворкі на тэму паўстання, хоць у краі даўно пахла не толькі дымам, але і порахам, крывёю.

Аднойчы праз мястэчка прайшло падраздзяленне расейкіх жаўнераў. Роты тры. Моўчкі,

прыспехам, са свежымі сіламі. Шынелі звіты ў скаткі, на галовах баранчыкавыя шапкі, рулі вайсковых ружжаў уніз. Афіцэры ехалі конна, са здзіўленнем пазіралі на жыдоўскія крамкі, на сялян, якія прыязна, але няшчыра пасміхаліся. Жаўнеры пратупалі, не спыніўшыся, нікога не закрануўшы. Падаліся на захад, на Пінск, на Берасце — хто іх ведае.

З'явіўся і прыстаў Вусаціха. Не адзін — з дзесяткам-другім казакаў. Казакі зухвала праскакалі па вуліцы некалькі разоў узад-уперад, спешыліся, з аголенымі шаблямі заходзілі ў жыдоўскія крамкі, бралі ў кішэні разынкі, нюхалі каву і гарбату. Потым гэтак жа нечакана зніклі, як і наляцелі. Нехта бачыў, што Вусаціха павёў іх на балота. Чаго, да каго?

Потым высветлілася — да Палюховічаў. Як расказвалі потым дваровыя, казакі наскочылі на сядзібу нядаўняга «генерала» з усіх бакоў, каб стварыць уражанне шматлікасці, з дзікім гіканнем уварваліся на двор, сагналі мужчын у адрыну, Палюховічу падставілі пад нос рэвальвер і аб'явілі, што будуць праводзіць рэвізію-вобыск. Шукалі зброю. Перакапалі гной у хлявах, паднімалі падлогі і ў чаляднях, і ў панскіх пакоях. Грабліся ва ўсіх шуфлядах, пабілі ў буфетах посуд, расшкуматалі кнігі ў бібліятэцы. Нічога не знайшлі, ад злосці адлупцавалі нагайкамі Едруся, які рыпаўся ці то бараніцца, ці то проста рот раскрыў. Пад канец налавілі курэй, набралі гарэлкі, згвалцілі ў пуні касавокую дваровую дзеўку, паселі на свае маленькія коні і падаліся прэч.

Людзі бачылі, што недалёка ад сядзібы хаваўся ў карчах прыстаў Вусаціха. Пэўна, спадзяваўся, што казакі знойдуць зброю. Калі б у Палюховічаў знайшлі хоць адзін вайсковы карабін, ён, пэўна б, вылез з карчоў, каб без страху, з доказам на руках — зброя! — абвінаваціць Палюховічаў.

У тыя ж дні сядзіба Палюховічаў апусцела. Палюховічы выкапалі зброю, распусцілі людзей, паселі на коні і падаліся на захад. Старая пані Палюховіч не змагла стрымаць свайго Лявона, адной было страшна заставацца, і яна ў вазку з невялікім скарбам падалася на Гарадзеншчыну да замужняй дачкі.

Ці ведала яна, што едзе ў сапраўднае пекла?

5. Апошні шанец каханню

А неўзабаве ваколіцу абляцела першая ашаламляльная вестка — сын Бароўскага Людовік, гімназісты яшчэ, узяты пад арышт. Арыштавалі яго нейкія наезджыя жандары. Наляцелі на сядзібу, ператрэслі пакоі — усё шукалі зброю. Шляхта пагаворвала, што без падказкі капітана Фогеля, які гойсаў недзе па Піншчыне, не абышлося.

Малога Бароўскага правялі па мястэчку са звязанымі спераду рукамі, у парваным пад пашкамі студэнцкім кіцелі з абарванымі «з мясам» гузікамі. Правялі наўмысна, каб усе бачылі, што чакае кожнага, хто адважыцца выступіць супраць уладаў. Жандары нешта мелі ў галаве сваё. Немінучасць пакарання, на іхнюю думку, мусіла застрашыць абываталяў, прымусіць іх сядзець ціха. Надзіва, здзек, больш маральны, чым фізічны, зрабіў адваротнае.

Імгненна ўзніклі купкі людзей, якія пазірквалі на жандараў не сказаць, каб варожа, але смела. Запужаць можна селяніна, знуджанага работай, які сядзіць у пазыках, часам галодны, галодны сам і яшчэ горай — з галоднымі дзецьмі. А местачкоўцаў, ды яшчэ — шляхту, ды яшчэ шарачковую шляхту, застрашыць немагчыма. Небагаты шляхцюк-местачковец і не галодны, і губляць няма чаго, як магнату якому. Сёння ўхапілі Людовіка — ні за што, паводле даносу, заўтра брэхне які Дзяркач (памяталі, не забылі) — і цябе ж гэтак павядуць, як злачынцу. Не, тут нешта не так. Тут падсушвай порах ды гастры шаблі і сякеры.

Поделиться с друзьями: