Літоўскі воўк
Шрифт:
— Дурындала ты мой, — чухаў між вушэй ваўка Ясь, — падавай табе волю — і ўсё тут. Як тым палякам. Іх б'юць, таўкуць, у Сібір валакуць, а ім — не-под-лег-лосьць! Чаго не хапае?
З таго здарэння хлопец не разлучаўся з Інсургентам. Куды б ні ішоў, браў з сабой і ваўка. Знайшліся ахвотнікі, наказалі-перадалі — убачаць, як дзе воўк стане бадзяцца без нагляду, — застрэляць.
4. «Мордуй ляхів!»
З блізкай Валыні дайшла страшная вестка — украінскія сяляне парэзалі косамі студэнтаў Кіеўскага ўніверсітэта. Апошнія выправіліся на фурманках падбухторваць сялян да ўдзелу
Урбановічу прыпомніўся выпадак, як пару гадоў таму ў Кіеве на святкаванні ўніверсітэцкага юбілею купка расейскіх студэнтаў разам з украінцамі, самыя раздземакраты, усчынілі дзікую бойку з польскімі студыёзусамі, якія неасцярожна абразілі рэліквію — указ Кацярыны ІІ пра заснаванне Кіеўскага ўніверсітэта. На Ўкраіне зямля была порахам, палітым рэкамі польскай і ўкраінскай крыві. Прайшлі гады — порах падсох. Можа здарыцца і так, што натоўпы ўзбунтаваных украінскіх сялян абрынуцца сюды, на берагі Прыпяці. Куды тады ўцякаць ад іхных вілаў і косаў? У Пецярбург, Маскву, Варшаву?
Урбановіч падумаў, што, эўна, найбольш спакойна ў Вільні. Там замест лагоднага Назімава генерал-губернатарам прызначылі Мураўёва. Гэты ў крыўду не дасць. Толькі як давесці начальству, што ты супраць усялякага бунтарства?
5. Стасік купляе новыя боты
Тыдзень ішоў за тыднем, вось і месяц прайшоў, пачаўся чэрвень, а атрад паўстанцаў як у ваду булькнуў. Ніхто ўжо не атрымліваў ні лістоў, ні прывітанняў. Не было ніякіх канкрэтных звестак ні ад Артура, які ўзначальваў атрад, ні ад Людовіка Бароўскага, якога прызначылі цывільным начальнікам атрада, і ён адказваў за сувязь з павятовым камісарам — Аксанай.
Толькі больш чым праз месяц дайшло ў Манкевіцкую эканомію на імя Аксаны Ўрбановіч данясенне. То быў просты, звычайны ліст, у якім Артур паведамляў, што паездка ідзе цудоўна, без асаблівых прыгод, дзеці — здаровыя, але надвор'е не спрыяе — ідуць дажджы з навальніцамі. Ліст адмыслова пісаўся такой мовай, каб на выпадак, калі яго перахопяць, нельга было скампраметаваць пані аканомаву.
Аксана і цешылася вестачкай, але і насцярожылася. Што ж здарылася, што Артур не палічыў лішнімі такія меры перасцярогі? Можа, атрад напароўся на вайсковую групу рэгулярнага расейскага войска і быў бой — навальніца? Можа, здарылася нешта іншае? Хто мог паведаміць, расказаць?
Пайшоў другі месяц пасля таго, як інсургенты з песнямі і штандарамі пакінулі мястэчка, і другі тыдзень, як атрымалі ліст ад Артура. І тут раптам Ганна, якая хадзіла аднаго дня на кірмаш, натыкнулася там на… Стасіка. Хадзіў па кірмашы ў нейкім паношаным сінім сурдуце, аперазаны простай вяроўкай. На яго ніхто з мяшчан не звяртаў увагі, а маладзён як ні ў чым не бывала купляў сабе новыя боты: стаяў каля давыд-гарадоцкага шаўца і адчайна гандляваўся, просячы ўступіць яму хоць бы дзесяць капеек. І гэта брат таго Буевіча, які выправіўся на бітву з захопнікамі краю!
Ганна падышла да Стасіка збоку, каб упэўніцца, што гэта менавіта той самы Буевічаў малодшы сын. Яна штурханула яго ў плячо і сказала «дабрыдзень». Стасік хмура павітаўся, разлічыўся, ужо не гандлюючыся, перавесіў пакупку цераз плячо і цішком падаўся прэч.
— Ты
куды? — аклікнула яго Ганна.— Дахаты… — прабурчэў юнак, не паварочваючы галавы.
— Дахаты? А як там? — спыталася Ганна, ідучы следам.
Стась ваўкавата зірнуў на яе, прабурчэў:
— А ніяк.
— Як ніяк? Што здарылася? Ты… Ты ўцёк?
Стася перасмыкнула, як выцялі дрынам.
Ён зайграў сківіцамі, азірнуўся, убачыў, што падазроных і непажаданых асобаў быццам няма, і сказаў:
— Якое табе дзела да мужчынскіх спраў?
— Якое маё дзела? — аж задыхнулася ад гневу Ганна.
Яна стрымала першы парыў гневу. Пастаяла, паглядзела, як Стась пайшоў сабе, таўчэцца каля гандляроў. Потым рашуча папраставала да юнака, пацягнула яго за новыя боты.
— Табе чаго? — прашыпеў Стась. Чырванашчокі, з далікатнымі юначымі вусікамі, з вялікімі, як у дзеўкі, вачамі, выглядаў на прыгажуна.
— Пакажы боты.
Зняў. Ганна зрабіла выгляд, што ўважліва разглядае Стасеў набытак. І раптам дзеўчына размахнулася і як урэзала маладзёну тымі ботамі ў спіну.
— Я пакажу, якое наша дзела! Вырадак! — закрычала яна. — Мы вас шанавалі, адзелі, зброю далі, выправілі ў дарогу, а ты… Ты збег, кінуў таварышаў ды па кірмашах расхаджваеш?! Прызнавайся, уцёк?!
Аперазаны тымі ботамі, Стась на момант разгубіўся, потым раз'юшыўся, ухапіў боты, ірвануў да сябе.
— Аддай!
— Баязлівец! Мамчын сынок! Кінуў таварышаў і прыбег цыцку ссаць! — крычала Ганна. І крычала наўмысна гучна і пранізліва, каб усе чулі.
Яе разлік спраўдзіўся — імгненна сабраўся натоўп. Акрамя разявак таўкліся тут і сур'ёзныя людзі. Разявакам радасць: шляхта б'ецца! Лепшай пацехі быць не можа! Ну а сур'ёзныя няхай уведаюць — хто ўцякач, баязлівец.
А тут яшчэ з натоўпу выйшаў… прыстаў Вусаціха. У сваім звыклым мундуры.
— Панове, што робіцца, што за беспарадак, гармідар? — аўтарытэтным голасам спытаўся ён.
І быццам нічога не было: хавання па закутках, туляння, мар пра будучыню, быццам не было патрыятычнага ўздыму, песень, агульнага рушання. Быццам як была, так і ёсць Расейская імперыя; як была, так і ёсць шляхта, якая пабілася на кірмашы, і гэты во Вусаціха прыйшоў разбірацца. І ад адных хабару возьме, і ў другіх лізне гарэлкі. Зрэшты, прыстаў! Ён жа паехаў разам з паўстанцамі ў якасці вайсковага інструктара. Што здарылася?!
Ганна выпусціла аслабелымі рукамі боты, падабрала сукенку і бегма паляцела ў эканомію.
6. Вінаватыя хаваюць вочы
Ганна расказала Аксане, што здарылася на кірмашы. Тая пайшла раіцца з мужам: чаму малы Буевіч не з'явіўся ў эканомію на даклад. І чаму прыстаў як ні ў чым не бывала выконвае свае службовыя абавязкі?
— Чаго табе турбавацца, любачка?! Ты што, не бачыш, што творыцца ў краі?
— Бачу, ведаю, — адказала Аксана. — Шляхта падпісвае вернападданніцкі адрас на імя гасудара. Але гэта яшчэ не азначае крах паўстання.
— Вось так. Усё ідзе да свайго лагічнага завяршэння. Пакрычалі, памахалі штандарамі і назад… у ярмо. Не так належала дзейнічаць, не так…
— Няўжо Стасіку цяжка прыйсці і расказаць праўду? Няўжо ён не разумее, што мы тут як на іголках сядзім? — абуралася Аксана. — Можа, яшчэ хто вярнуўся? Можа, яны ўсе паварочаліся, пакінулі камандзіра аднаго?
Пана аканома перакрывіла. Зноў узнікае Артур. Куды ні кінь — паўсюль Буевічаў вырадак. Гэта ўжо надакучвала.
— А калі і вярнуліся, любачка? — казаў пан Ежы. — Дык што кепскага? Абставіны прымусілі… Яшчэ пасядзіць крыху так званае інсургенцкае войска ў лесе — і прыйдуць дахаты… З косамі супраць палявых гармат не пойдзеш… Прызнаюся, ясачка, што сёй-той з нашых людзей таксама вярнуўся…