Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Літоўскі воўк

Наварыч Алесь

Шрифт:

Будыніну цяжка было назваць хатай — яна распаўзлася па вуглах, толькі салома наверсе свежая. Ад вуліцы хата адгароджана свежаабчэсанай альховай, а таму аранжава-чырвонай крывой жардзінай. На падворку, за жардзінай, стаяла вялікае, неахайна абстрыжанае дзіця ў адной сарочцы, на прызбе грэлася на сонейку старая жанчына. Чорненькія куркі з вялікімі чырвонымі грабянямі клявалі старэчу ў руку. Пасярод двара стаяў, шырока расставіўшы ногі, карчаваты селянін і ладзіў касу. Калі ўбачыў вазок, няўцямна заўсміхаўся, стаў ківаць галавой у знак прывітання. Дзіця ад сораму, што без штаноў, прысела і нацягнула

сарочку на калені.

— Гэта і ёсць, Ясю, твой прадухт? — паказаў вачамі на селяніна Стасік. — Яму трэба пашпарт? У Вену з'ездзіць ці ў Парыж?

— А што ён там забыўся? — спытаўся Кавалец.

— Ён нам дзівіцца, а як ён рот разявіць на карэту з фрэндзлямі, га?

— Мо ён і ракам перад ёй стане, што з гэтага? — агрызнуўся Кавалец.

— Людовік! — усклікнуў Стасік. — Спыні ты гэтага хама. Праўду кажуць: калі з пана пан, то пан, а як з хама пан…

— Ды табе самому зараз у морду дам! — раптам ускіпеў Людовік. — Што ты ўсё папракаеш, што ён з мужыкоў? Вінаваты ён, што бацька мужык?

— А чаго ён…

— Маўчы! — крыкнуў Людовік. — А то зараз выкіну і клункі твае… Пойдзеш дадому пехам…

— Ён павінен быць прыстойным. У яго маці шляхцянка! — не здаваўся Стасік. — Кроў у яго наша, высакародная…

— Глупства гэта ўсё. Кроў у людзей аднаго колеру — чырвоная…

Незадаволены грубасцю, на гэты раз Бароўскага, Стасік адстаў. Праехалі ўсю вёску. Стрэчныя сяляне ў кучомках, насунутых на самыя вочы, і жанчыны, захінутыя бруднымі хусткамі, хоць было лета, сыходзілі з дарогі і згіналіся ў паклонах. У тварах у насельнікаў гэтай забытай цывілізацыяй вёскі адчувалася нейкая немарасць і зблажэнне. Усе хаты абраслі лебядой, лебяда расла нават на саламяных стрэхах. Толькі адна хата была новая, яшчэ мо і не абжытая, — на вільчыку вісела забітая сарока, — а каля хаты хадзілі чырванашчокія, з чорнымі як смоль бародамі мужчыны ў новых світках, без шапак, у вымазаных дзёгцем ботах з высокімі халявамі. Яны не звярталі ўвагі ні на вазок, ні на седакоў.

— Гэтым пашпарт трэба, — абрадаваўся Людовік. — Гэта — патэнцыйныя грамадзяне.

— Усё роўна ім далёка да пана, які ў ландары сядзіць, — адазваўся Стасік. — Па ўсім відаць, што варшавянін…

— І па чым гэта відаць? — засумняваўся Людовік. — Паненка — чыстая полька. Так сакатала ў Пінску, што ні слова не зразумець… Цікава, хто яна гэтаму пану?

— Хлопцы, а калі гэта… любоўная пара? Падарожнічае інкогніта? Га? — спытаў Стасік і наблізіўся да вазка. Вёрз ён лухту, бо хацеў паддобрыцца і залезці ў вазок.

— Я пашпарт ягоны бачыў, — адзначыў Кавалец. — Ён не расейскае кароны падданы — вось што.

— Ён на шведа падобны, — заявіў Стасік.

— А ты шведа жывога хоць бачыў? — кусліва спытаўся Кавалец.

— Вось маскоўская варона, — абразіўся Стасік. — Я так кажу. Адным словам — чужапанец. Але ж паненка, халера ясна, і прыгожая.

— А ты яе бачыў? — не змаўчаў, падпусціў шпільку і Людовік. — Яна ж вуалькай закрыта. Бровы толькі і відаць. Ды густыя, як прыклееныя…

— Дапусцім, броўкі ў яе загустыя, але ж гэта так пікантна…

Вёску праехалі, за вазком накульгваў кудлаты чорны сабака. Ён, відаць, нечым правініўся і цяпер шукаў новых гаспадароў. Ясь крыкнуў на сабаку, каб ішоў прэч. Сабака спыніўся, пакрыўджана апусціў

галаву.

— Ясь, — запытаўся Стасік, з відавочным жаданнем паддобрыцца, — ці то праўда, што пан аканом выпісаў з Галандыі індыка незвычайнай пароды?

— Праўда… — лагодна, прымаючы Стасікава прымірэнне, адказаў Кавалец. — Вунь у клетцы… Такі ж больбат, як і ты. Ну што глядзіш, як жаба з цэбра, сядай!

Стасік толькі і чакаў гэтага — гэпнуўся ў вазок. Абразу прапусціў міма вушэй.

Насамрэч, да ландары паверх дарожных куфраў была прывязана клетка, у якой сядзеў белы надзьмуты індык. Сярдзіты пан проста тросся над гэтым індыком. Калі карэта запынялася, ён вылазіў і карміў птушку нечым з мяшэчка.

Лес парадзеў, пачалося балота, выехалі на гаць. Колы застукалі па бярвенцах.

— Тут ландара і сядзе, — адзначыў Ясь, азіраючыся. — Тут, браткі, і я, як сюды ехаў, памучыўся…

Ландара ўгрузла адразу, як толькі коні сталі перабіраць нагамі, нібы па клавіятуры, па бярвенцах. Фурман свіснуў пугай. Коні рванулі. Крэк!

Мужчыны выйшлі з карэты, падцягнуліся да яе і хлопцы.

— Адвязвай рыштунак! — скамандаваў Артур Буевіч. — Бярыце скрынкі, валізы і куфэркі ў вазок, перавозьце на грудок, а мы паглядзім, што з ландарай.

Чужапанец панёс на сухое клетку з індыком. Потым разам з Буевічам-старэйшым вынеслі на руках і паставілі на ногі жанчыну, якая божкала і рассыпалася ў падзяках.

Хлопцы пацягнулі з ландары ў вазок дзве доўгія скрыні. Адна — нязвыкла цяжкая, другая — лягчэйшая.

— Ну і ценжар! — крактаў Стасік. — І што тут можа быць? Цвікі, вагі якія?

— Табе справа? — адказаў Людовік і, каб канчаткова замірыць юнакоў, прапанаваў: — Ты ў Кавальца спытай…

Кавалец, які нёс на плячы валізу, і сам сказаў:

— Гэта аканом прычындалле заморскае выпісвае… То плугі мудрыя, летась арху ракой прывезлі… Жыта веяць…

Аблегчаную ландару коні вырвалі з багны, яна пакацілася спраўней, толькі весела падрыгвалі фрэндзлі на заслонах акенец.

Калі ўрэшце перабраліся праз гаць, увязалі па-новаму куфэркі і валізы, сонца навісла над забалотным лесам.

Далей дарога была гразкаватая, колы ландары грузлі па самыя ступіцы, ад коней валіла пара. А вось вазок, у якім пакінулі скрынкі, засеў у першай лужыне. Давялося злезці, цягаць скрынкі. Карэта аб'ехала вазок, але недзе далёка паперадзе раптам дзіка загігатаў жарабец. Потым запялёхала гразь, бразнулі цуглі, пачуліся незнаёмыя галасы.

— Што робіцца? — Стасік падняўся ў вазку на ногі. — Хлопцы, верхавыя… А браткі мае — жандары!

Юнакі прыгледзеліся.

— На ўсіх святых! Гэтыя — новыя! — прашаптаў Стасік. — Не пазнаю, раней не бачыў…

4. Жандары

Некалькі чалавек жандараў конна напраўду перапынілі ландару. Стасік, ад прыроды да немагчымасці цікаўны, пакінуў Людовіка і Кавальца змагацца з вазком і патрусіў да ландары. Яшчэ здалёк убачыў, як жандарскі афіцэр у чыне капітана, у заляпаных балотам нагавіцах, саскочыў са свайго агера, казырнуў, пэўна, прадставіўся. Калі Стасік падбег да ландары, змрочны пан у кацялку паказваў жандарскаму афіцэру паперы.

Поделиться с друзьями: