Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лабух

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

Мне не хочацца, каб Лі-Лі ад мяне адварочвалася... Ні плаўна, ні як-небудзь яшчэ...

Вобла — во што рыба без вады. Бо вобла — рыба, але без вады...

Усе вы прагнеце ад мужчыны праўды, а член — адзіная мужчынская праўда і ёсць. Дык вы яго і любіце, я не сустракаў ніводнай, каб не любіла.

У мяне не вялікі і не маленькі, не худы і не грубы, так, сярэдні. Але стойкі, гэта я сам разумею. Таму, калі мужыкі пачынаюць пахваляцца, як і колькі разоў маглі, заліваюць, як і колькі разоў могуць, я звычайна маўчу. Пра што гаварыць, калі стаіць?.. Дык скажам дзякуй яму, памыем яго ўсяго да кораня, галоўку ягоную і шыйку, і спінку, і бачкі, пагушкаем нырца-малайца ды пагладзім — і душам на яго, душыкам, ух ты, ухценькі, стомлены, змораны, знясілены мой... Давай-давай, весяліся ў вадзіцы,

дзе нам, рыбам, яшчэ весяліцца?.. А тое, што за ноч гэту Лі-Лі цябе пагрызла ды пакусала трохі, дык нічога, пройдзе, на гэта не зважай і не звісай праз гэта... Яна Дзева крылатая — і там, дзе яна лятае, нам лятаць не дадзена, так што невядома, у чым яе вінаваціць, ды й ці можна... Каб дадзена было, дык мы яе, можа быць, не толькі б пагрызлі ды пакусалі, а ўзялі б ды зжэрлі. Цалкам, а не па кавалачках, каб сок з яе цадзіўся!..

Толькі не дадзена. Альбо так: дадзена, ды не ўсё... Не да рэшты. Трошкі той, хто даваў, сабе пакінуў... Лятаю, але не вышэй за неба, недзе блізка каля яго, з Лі-Лі асабліва блізка. А Лі-Лі ў тыя імгненні так высока нада мной, у такім далёкім космасе, што паміж намі — светлавыя гады...

Я лётчык, які не прайшоў адбор у касманаўты. Але не страчваю надзеі. Бо ў мяне ўсё ж бывалі такія палёты, такія палёты — да бязважкасці...

Зямных гадоў паміж намі дваццаць два — і ўсе з майго боку, бо Лі-Лі толькі дваццаць. І пазнаёміла мяне з ёй мая дачка, і звяла нас яна якраз для таго, чым мы зараз з Лі-Лі і займаемся. У разуменні маёй дачкі, якой чорт ведае што наплялі і мая першая жонка, і мая жонка другая, і іншыя, мне малавядомыя, жанчыны, я секс-трэнер, секс-гуру — вось так. Пра гэта яна і распавяла Лі-Лі, якой хацелася лятаць. Сказала, што ёсць у яе на прыкмеце лётны інструктар.

Як вам?..

— Давайце паспрабуем, што вам з таго станецца? — здзівілася Лі-Лі, калі я, з нечаканкі разгубіўшыся, прамаўчаў на яе прапанову пайсці і неадкладна заняцца палётным сексам. — Калі ў мяне з вамі, у вас са мной так не выйдзе, як з іншымі ў вас выходзіць, я нікому не скажу.

— Чаго ты не скажаш?.. — прыгледзеўся я да яе, бо было да чаго. Гонкая, светла-каштанавая, з вялікімі, глыбокімі і таксама каштанавымі, але смугла, прымглёна-каштанавымі і крыху затуманенымі ў глыбіні вачыма, яна за стойкай бара, дзе мы пілі каву, сядзела не сутулена, як мая дачка ды й амаль усе яны, цяперашнія, а роўненька, стройна, спінку проста і попку кругла, і нічым не сціснутыя грудзі яе тырчэлі ў бакі, страляючы па ўсім бары, і з-пад міні-спаднічкі, нават з высачэзнага, спічастага крэсла дастаючы да падлогі, закідваліся адна на адну такія лёжкі-ляжкі, раслі ў чорных калготках такія ногі, такія ногі... — Што ў нас не выйдзе?

— Ну палёт, зоры, сонцы, космас, занябесны свет... А то я проста ці ляжу, ці стаю на карачках, соўгаюся, торгаюся — і ўсё.

— Дык занятак такі... і соўгацца... і торгацца...

— Вы, як з дурніцай якой, трындзець са мной будзеце? — паплыў туманок у яе смугла-каштанавых вачах. — Трахаемся, ці не?..

І як бы вам такое, калі б насупраць сядзела ваша дачка — і ўгаворвала б вас на тое ж, старалася для сяброўкі?.. Паспрабуйце пры дачцы ўзяць ды сяброўцы яе сказаць: добра, давай трахнемся.

Для дачкі я ні ў якім разе не зацяганы блядун, як для былых маіх жонак, а неўтаймаваны асілак, Дон-Жуан, Жыль дэ Рэц, Казанова, секс-бацька. Нейкага секс-бацьку гэта, можа, і цешыла б, але мяне цешыць не надта. Па праўдзе сказаць, зусім не цешыць. Калі я гляджу на дачку, я думаю, што я, яна і яе маці маглі б жыць нармальнай сям’ёй, але не жывём, бо я зацяганы блядун. Зрэшты, тое самае я думаю, калі гляджу на сына. Дачцы маёй, як і Лі-Лі, дваццаць, сыну шаснаццаць, і ён прызнаўся мне, што мастурбіруе, але дапамогу сябровак сястры не прымае. Гэта ён дарэмна, толькі я пакуль не прыдумаў, як яму пра тое сказаць. Сын мой для мяне заразумны, паліглот і хакер.

— Тук-тук-тук, ты вымыў струк?.. — пытаецца з-за дзвярэй ванны Лі-Лі. Я ўпускаю яе, каб разам раскашавацца пад душам. Плаўная і струменістая, як цалавальніца-вада, Лі-Лі сцякае па мне і апускаецца на калені, але гэта ўжо толькі гульня.

— Ах! — артыстычна, з непадробным жалем ускліквае Лі-Лі і ўздрыгвае спінай з трыма радзімкамі на правым і дзвюма на левым

плячы, пяцізоркавая. — Я не толькі падрапала, я цябе ледзь не з’ела... Бедненькі... — І кладзе бедненькага на белыя зубы, і хоць і асцярожна, але ўсё ж балюча прыкусвае...

З усіх жывых істот на свеце няма істоты больш бязлітаснай, чым жанчына. Нават калі ў яе смугла-каштанавыя вочы і туманок у вачах.

Божа, як я люблю нараніцы паспаць! Тымі кароткімі, летуценнымі снамі, якія нібыта сны, а нібыта і не сны. Найлепшае, што можна адчуваць, апрача вады і жанчыны, гэта якраз дрыготкую, пульсуючую прысутнасць і непрысутнасць у свеце, стан паміж сном і явай, на іх мяжы, дзе сплятаюцца фантазіі і рэальнасць — і ты можаш доўжыць і доўжыць адно ў другім. Усё, што я ў жыцці сыграў, прыдумаў і зрабіў, ці пра мяне кажуць, што я гэта сыграў, прыдумаў і зрабіў, я ўзяў з ранішніх сноў. Але толькі не пасля жанчыны. Нехта з вялікіх мудрацоў накшталт Мао казаў: тое, што аддаеш жанчыне, забіраеш у Бога. Для мяне гэта нейкая незразумелая праўда.

Але ж у Бога ўсяго многа — і мне не шкада...

Раскашаваўшыся пад душам і памяняўшы скамечаныя і потныя прасціны на свежыя і хрумсткія, мы зарываемся ў ложак. Тыркаючыся да Лі-Лі пад паху, якая таму і паха, што пахне, і ўвесь пах жанчыны ў яе пад пахай, хай нават дэзадарантамі прытручаны, я кручуся, выбіраючы самае ўтульнае месца, а Лі-Лі ўсё яшчэ нечага не хапае, чагосьці ёй не стае...

— Ну-у, раскажы, як ты нявіннасць страціў... Раскажы, не сонься... Ну-у, не спі, я не буду фейнічаць...

Гэта яна пра фею, з якой я нявіннасць страціў...

І што ў Лі-Лі за бзік — я ўжо колькі разоў расказваў! Першы раз расказваць не трэба было.

Пры беразе каля піянерскага лагера стаяла ў рацэ выгарадка з металічнай сеткі, каб піянеры з піянеркамі, купаючыся, не павыплывалі на рачную быстрыню і не патапіліся. Лагернае начальства больш за ўсё баялася страціць пагалоўе, бо ў тым залатым піянерскім часе за страту піянера, хай сабе нават самага засранага, любому начальству галовы адрывалі і сабакам кідалі. Гэта ўжо зараз, цяпер, у постпіянерскай прасторы так павялося, што піянеры знікаюць масава, а начальству хоць бы хрэн.

Па беразе кульгаў прыгорблены Максім Герасімавіч Блонак, папросту Блонька, старшы лагерны важаты і баяніст, які злосна зыркаў на кожнага, хто набліжаўся да сеткі, і адразу кідаўся ў пагрозлівы крык:

— Я табе падплыву! Я табе паднырну! Я табе яйцы адарву, байструк!

Яйцы ён гразіў адарваць і піянерам, і піянеркам — хто іх там у вадзе разбярэ.

У адрозненне ад усяго астатняга лагернага начальства, якое сярдавала на піянерак з піянеркамі праз магчымую і зусім верагодную бяду, злавала з-за страху застацца без галавы, кінутай сабакам, Блонька злаваў з-за нянавісці. Ён зусім не хацеў захаваць піянерскае пагалоўе, ненавідзеў нас і насампраўдзе жадаў толькі таго, каб мы ўсе паднырнулі пад сетку, павыплывалі на быстрыню, патапіліся, і каб рака знесла нас у далёкае Балтыйскае мора. І тады б ён сказаў начальству: “Глядзі, як ціха і як чыста!..”

Глядзі, як ціха і як чыста, — пачатак песні, якую Блонька сам прыдумаў, сам, як ён казаў, трохі падзаікаючыся, са-склаў — і штодня змушаў нас спяваць:

Чуваць маскоўскі бой курантаў,

І горны ўскінулі гарністы,

Дванаццаць юных музыкантаў!

З якім жа слыхам нарадзіцца трэба было, каб праз восемсот восемдзесят пяць кіламетраў — мы па карце вылічылі — бой курантаў маскоўскіх пачуць...

Праз гэту песню, у якой дванаццаць юных музыкантаў перайначваліся намі роўна ў столькі ж юных мастурбантаў, праз баян ды музыку, а не з-за таго, што быў ён кульгавы, прыгорблены ды падзаікасты, Блоньку і кахалі студэнткі-піянерважатыя. З адной з іх, Святланай Мікалаеўнай, мы Блоньку высычылі, падлавілі і сфатаграфавалі са спушчанымі штанамі ў лесе за мурашнікамі. Святлана Мікалаеўна, ухапіўшыся за пахіленую сасонку, стаяла нагнуўшыся, і на фотакартцы ўсю яе было не распазнаць, але Блонька, які прыстроіўся да яе голага, з задранай спадніцай, азадку, праз горб свой і сухотную нагу разпазнаваўся ўвесь. Мы падкінулі фотакартку ў футарал баяна — і назаўтра з вачэй Блонькі ляцелі маланкі, а з роту рваліся, падзаікаючыся, грамы.

Поделиться с друзьями: