Лабух
Шрифт:
— Сын на маці з сякерай... з дому выкідвае... а вы...
— Дык іх справы. Няхай разбіраюцца.
— Я ёй фікус знесці дапамог, а то б... Ён фікус хацеў пад корань... — кіўнуў на Ігара Львовіча другі мужык, трохі болей сіметрычны. — Фікус тут пры чым?..
Ігара Львовіча, які замахнуўся на фікус, яны не ўхвалялі, але недзе трэба было піць. Я спытаў:
— У вас ёсць дзе жыць?
Абодва глянулі на мяне крыўдліва.
— Мы не бамжы, — сказаў абаронца фікусаў. — У нас ёсць дзе жыць. Не дома, але ёсць.
— Дык жывіце там. Чаго вы тут?..
Пытанне падалося ім вартым таго, каб над ім падумаць.
— А праўда што... — перасмыкнуўшы тварам, сказаў асіметрычны. — Чаго мы тут?.. Дапіваем і пайшлі.
Яны дапілі гарэлку, і асіметрычны падняўся.
— Хай ён дасць нам што-небудзь
— Хто?
Фікусалюб торкнуў у мяне пальцам. У плячо, балюча.
— Ён! Прыпёрся! Яму трэба, каб мы пайшлі, дык хай што-небудзь дасць! — І ўдакладніў, што мае на ўвазе. — На пляшку!
Гэта было ўжо нахабствам, якога не спускаюць. Я падсеў да Ігара Львовіча і пацягнуў паціху з-пад яго сякеру...
Зазваніў тэлефон на халадзільніку, і фікусалюб, як дома, зняў трубку.
Я махануў сякерай:
— Вушы з галавой адсяку!
— Гудкі адны... — не адхіснуўшыся, не міргнуўшы нават, паклаў трубку фікусалюб.
— Не палохай, не забаімся, — сказаў асіметрычны. — Ты пісталет у нас купі, пісталета мы забаімся.
З такім жыццём ім не было чаго баяцца... Не было за што.
— Які пісталет?..
Фікусалюб зірнуў на напарніка і паціснуў плячыма: ну, як хочаш, так дык так... Ён нахіліўся пад стол, расшпіліў заляпаную, зялёную ў лепшыя яе часы брызентавую сумку, пагрымкаў у ёй пустымі бутэлькамі і дастаў з-пад іх пісталет.
— Адкуль ён у вас?
— Знайшлі. Каля могілкаў Кальварыйскіх страляніна ўчора была, пасля яе і знайшлі. Купіш?
Я паглядзеў на аднаго, на другога — мужыкам на дваіх гадоў сто, а то і болей. Дзеці недзе, унукі... Неяк жа яны пражылі гэтыя гады, нешта рабілі, пра нешта думалі, штосьці зразумелі, павінны былі зразумець... Што ж сталася, што скрэнцілася ў часе?.. Да злому, да ідыятызму...
— Пайшлі на хрэн. Здайце ў міліцыю, адмарозкі. З яго, можа, забілі некага. Знойдуць у вас — пасадзяць.
— Забілі, дык забілі, пасадзяць, дык пасадзяць, — без эмоцый сказаў фікусалюб, зноў грымкаючы бутэлькамі і запіхваючы пад іх пісталет. — Пасядзім, адпачнем.
Я пасунуў сякеру па стале.
— Вазьмі, набор будзе. Болей дадуць, даўжэй адпачнеш.
Фікусалюб узяў сякеру, паклаў у сумку. Пустыя бутэлькі, пісталет і сякера — гэта сапраўды набор. Калі іх раптам возьме міліцыя, дык доўга будзе думаць. Ці доўга будзе біць.
— Эй, прафесар!.. — гукнуў асіметрычны. — Мы ў акадэмію, чуеш?.. Падграбай, як праспішся, прафесаршу табе пакідаем.
Ігар Львовіч пакачаў галаву з боку ўбок і слаба прамычаў.
— Не чуе, — сказаў фікасалюб. — Адсек ты яму вушы з галавой... — Ён узяў дапітую бутэльку, высмактаў з яе апошнія кроплі — і яны падаліся ў прыхожую. Там патаўкліся, пабубнелі паміж сабой, асіметрычны раздражнёна кінуў: “Дык засунь куды-небудзь, калі баішся!..” — і, яшчэ пару хвілін патаптаўшыся і пазвінеўшы бутэлькамі, бамжы нарэшце пайшлі.
Ігара Львовіча, які мычаў і слінявіўся, я пацягнуў, ухапіўшы пад пахі, у ягоны пакой, штурхнуўся спінай і тым, чым спіна канчаецца, у дзверы, але яны не адчыніліся. Я штурхнуў яшчэ, ударыў нагой, раз і другі...
— Пайшоў ты!.. — п’янавата віскнуў з-за дзвярэй жаночы голас. — Сякерай размахаўся, трэба мне!
Як зацяганы блядун, я ўсё адразу зразумеў, ды й што тут было разумець: “прафесарша”. Размяклага Ігара Львовіча трымаць было цяжкавата, я апусціў яго на падлогу.
— Адчыніце, яго спаць трэба пакласці!
Пачуўшы незнаёмага, за дзвярыма трохі памаўчалі.
— Каго яго?
Тэмбр голасу на маё здзіўленне раптам скінуўся з візготкі да зусім нармальнага.
— Ігара Львовіча, каго яшчэ...
— А, Ігара... А ты хто?..
— Сусед.
— Які сусед? Што прынёс мінет?
На гэта я не знайшоў адпаведнага адказу.
— Суседні сусед, вам хіба не ўсё адно?..
Грузна прашлёпалі па падлозе босыя ногі, павярнуўся ключ у замку — мой голас заўсёды выклікае давер у жанчын.
— Мне ўсё адно...
Яна падала на сябе дзверы, я нахіліўся над Ігарам Львовічам, азірнуўся, куды і як яго лепей цягнуць, і кінуў гаспадара на падлозе...
У жывапісе я невялікі знаўца, але Рубенс...
О, Рубенс!
Ва ўвесь дзвярны праём перада мной паўстала жыватастая,
з выкачанымі на жывот і плазам кінутымі на яго жорнамі грудзей, ва ўсе бакі абвіслая мясам, неабдымная, бела-блакітная ў сеціве ружовых прожылкаў, грандыёзная, з галавы да ног голая і з ног да галавы страшлівая баба. Я ўбачыў менавіта бабу, а не жанчыну, бо толькі з грудзей яе можна было б зляпіць дзвюх зусім не хударлявых кабецін, і страшлівую не таму, што непрыгожую, я наогул не ведаю, што такое непрыгожая жанчана, а страшлівую праз адкрытую, бессаромную дэманстрацыю прыроднай сілы і жывёльных інстынктаў, якія, шукаючы выйсця, блукаюць у кожным з нас, але ўсе мы хто больш, хто менш навучыліся іх прыхоўваць, як вымагаюць гэтага прыдуманыя намі самімі ўмоўнасці, выхаванне, правілы цывілізаванай гульні самцоў і самак, якія надумалі, нібы ўзвысіліся над інстынктамі і прыродай — дзікай, першабытнай. Тут жа нават не тое, што наўмысна, насуперак умоўнасцям і правілам нічога не хавалася, тут натуральна, як таго не ведаюць звяры, не ведалася, што нешта трэба хаваць, і з гэтай гары жывога, бела-блакітнага мяса выпірала, напірала на мяне ўсё, чым гара гэтая была і чаго яна прагла. Выпіралі і напіралі яе грудзі, плечы, жывот, ногі, на якіх магла б трымацца імперыя, выпірала і напірала ўся яе сутнасць — і зусім не праз тое, што баба гэтая, цыклапічная мацерка ўсіх жанчын, была п’яная, не, яна была п’янаватая, але не п’яная, і амаль бясколерныя, ледзьве пацягнутыя шэрым адценнем вочы яе на прадаўгавата-круглым, трохі з рабіннем твары ацэньвалі мяне, маё здзіўленне і ашаломленасць, як мае быць. Яна ўбачыла раней, чым гэта сам я зразумеў, ужо ўзбуджанага ёю і гатовага да злучкі самца, і ўлавіла раней, чым я сам яго адчуў, пах жадання. Магчыма, нічога б гэтага і не сталася, не здзівіўся б я так і не ўразіўся да ашаломленасці, бо ў памяці меў не толькі музейныя палотны Рубенса, меў карціны жывыя, пачынаючы з Бычыхі каля вярбы, якую і згадаў адразу, але да Бычыхі тут шмат чаго дадавалася... З вяршыні бела-блакітнай гары зрывалася па яе навіслых схілах, калмацілася і пенілася ў шчылінах яе і далінах, падала да самага падножжа насычана рыжая, бліскучая, бясконцая плынь валасоў, таўсценна сплеценая ў касу. Да ўзвышша Жывата па даліне Грудзей яна сцякала рыжай ракой, упадала ў гэткае ж рыжае, як і яна, прыхаванае ўзвышшам Жывата возера Лона, адкуль — паміж мармуровымі апорамі імперыі — звужалася ў стромую ручаіну і пырскалася рыжыною ў падножжы... Кабыла!“І-го-го!.. “ — заіржала яна... Не, мне не падалося... Павярнуўшыся і перакінуўшы за спіну рыжую плынь касы, што хвастом заматлялася паміж яе неабсяжнымі клубамі і вежамі ног, яна, прамінуўшы ложак, пратупала да стала каля вакна, упёрлася ў край стала рукамі, нахілілася, расстаўляючыся і выгінаючыся так, што жывот яе амаль крануўся падлогі, зірнула на мяне з-пад пахі — і па чарзе пачала адводзіць у бакі і назад, падымаць і апускаць ногі: “І-го-го!.. І-га-га!.. І-го-го!..”
У маім дзяцінстве быў сіратліва адзінокі, вечна слінявы і смярдзючы, загаўнючаны Жорка Дыдзік, які займаўся гэтым і з козамі, і з цялушкамі, і з кабыламі. З ім, прыдуркаватым, а да таго ж эпілептыкам, ніхто і нічога не мог зрабіць, ды й у галаву па тых часах нікому не прыходзіла, што ён скоталожнік і на яго ёсць закон. Ён быў натуральна ўладкаваны ў няхітры побыт людзей на ўскрайку цывілізацыі, яго адусюль гналі, кідалі ў спіну палкі з камянямі, збівалі ў кроў, калі лавілі пры скаціне. Аднойчы я знайшоў яго за хлявамі амаль нежывога, адвалок да рэчкі, абмыў... Сам я ніколі не бачыў, як ён гэта вырабляе, мне карцела паглядзець, і я папрасіўся: “Жорка, возьмеш мяне як-небудзь з сабой, пакажаш, як яно з кабылай?.. Я табе ліхтарык за гэта дам, амаль цэлы...” Прыдуркаватая ўхмылка расплылася на ягоным твары, і ён згодна, па-змоўніцку кіўнуўшы галавой, сказаў: “ З казой пакажу...”
Назаўтра ён сам знайшоў мяне: “Давай ліхтарык!..”
Белая каза, наважаная на ўзлеску, падпусціла да сябе Жорку без аніякага спуду. Жорка скарміў ёй трохі капусніку, ухапіў за рогі, ушчыміў казу перадам, задраўшы ёй галаву, між двух бярэзін і прыладкаваўся ззаду... Паскакаў з хвіліну, паторгаўся — і ўсё... Мог і не ўшчымляць казу між бярэзін, бо яна, як стаяла абыякава, пакуль Жорка тузаўся, так спакойна азірнулася на яго, калі ён зашпіліў порткі, бэкнула і пайшла сабе паскубваць траву...