Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лабух

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

— Дзяржсавет мог і накінуць...

— Там пабачым... Дык я збіраю банду?

— Збірай.

— Тады чаго ты: што за чалавек, які чалавек?

— Я выбаршчык. А выбаршчык павінен хоць прыблізна ўяўляць, каго выбірае.

— Які ты выбаршчык? Гэта я выбаршчык, бо жыд не можа быць не выбаршчыкам.

Расціслаў Якаўлевіч Смольнікаў сам сябе называе толькі жыдам, ніякім ні яўрэям, ні габрэям. Гэта Росцік тлумачыць тым, што ўсе рэчы ў жыцці павінны называцца сваімі імёнамі, а габрэям ён толькі ў савецкім пашпарце запісаны. Савецкі пашпарт — гэта не жыццё. Хоць бы таму, што савецкі пашпарт пабыў ды скончыўся, а жыццё, як доўжылася, так доўжыцца.

Я сказаў яму неяк,

што жыдоўскія штучкі свае ён мог бы і пакінуць, не ўсе наўкол антысеміты, ёсць прыстойныя людзі, і ён спытаўся ў адказ: “Ты, прыстойны, хіба думаеш пра мяне: у, габрэй пархаты?..”

Росцік дапытвае:

— Ты хоць раз за жыццё галасаваў?

— Не.

— А я кожнага разу. Таму і было заўсёды дзевяноста дзевяць цэлых і дзевяноста дзевяць сотых... Каб яшчэ ты галасаваў — былі б усе сто.

— Чаму ж цяпер меней?

— Жыды раз’ехаліся. Нельга дапускаць, каб жыды раз’язджаліся. Гэта можа сарваць любыя выбары і загубіць маладую дэмакратыю. А я маладую дэмакратыю люблю.

— Ты лепей дзевак маладых любі.

Зірнуўшы на гадзіннік, Росцік падымаецца.

— Самы час... Пайду па лазню.

— Чаго хадзіць? Пазвані.

— Не палягчай мне жыццё. Ты і так мне яго палягчаеш, за мяне на дзеўках скачучы. Ты глянь на сябе... — Росцік люстэрка падае: ён, у адрозненне ад дзецюкоў местачковых, якія некалі пры сабе кішэнныя люстэркі з расчоскамі насілі, толькі люстэрка носіць, расчоска яму ні для чаго... як, зрэшты, і люстэрка. — Праз тыя скокі ні крыві, ні сокаў, а мне заўтра аналізы здаваць.

У нас тэатр-студыя. Каб талкова расказаць, што гэта такое, дык і не раскажаш. Бо ўсё бесталкова, але неяк круціцца.

Па жыцці, перш за ўсё па жыцці, па лёсе, а пасля ўжо па прафесіі, я музыкант. Ніштавата граю на гітары, на трубе, на скрыпцы, ды, бадай, на ўсім, з чаго можна выдзьмуць, выціснуць, выбіць хоць нейкі гук. Але не так граю, каб аднаму на сцэне стаяць...

Мне трэба, каб побач былі. Каб пралічыць, пальцамі падшчоўкваючы: раз, два, тры, чатыры — і пайшло-паехала: “Глядзі, як светла і як чыста...”

Я Блонька, лабух. З лабухаў Росцік бабкі збіраецца страсаць за паказ самай доўгай валасіны.

Лабух сярод музыкантаў — слоўца знешне зняважлівае. Не музыкант — лабух. Не грае — лабае. За грошы там, яшчэ за што... Не ў імя самой музыкі, карацей. Пра якога-небудзь маладзёна, які яшчэ і лабаць не ўмее, скажаш лабух — крыўдуе. А я не. Як і ніхто з тых, хто прастаяў на сцэне гадоў па дваццаць. Для нас гэта — жыццё, што ж нам на жыццё крыўдаваць?..

За мной рэстараны, якія ў мой час рэстаранамі ніхто і не называў, а толькі кабакамі, п’яныя вяселлі і юбілеі, каля дзесятка папсовых ансамбляў і рок-груп. Таму для мяне ў нашым слоўцы — яшчэ і наша цэхавасць. Прыналежнасць усіх нас да музыкі — і нас адных да адных. Код, знак, па якім мы распазнаемся, бо нідзе і ні ў чым, апроч музыкі, лабуха не знойдзеш.

Музыкант, які хоць трохі не пажыў жыццём лабуха, не музыкант, а так... нешта такое... творца... кампазітар...

Лабухі прасякаюць, пра што я.

Я з часу “Beatles” і “Песняроў”. Хай трохі пазнейшы, хай байструк — але байструк таго часу. Каб вы ведалі: бітлы і песняры былі ў мой час на роўных. А калі нехта з вас казліную морду зморшчыў: якія там “Песняры”! — дык пайшлі вы!..

Бачыў я казлоў... Ледзь не скакалі ад радасці, калі “Песняры” распадаліся. А спытай: “Ты чаго скачаш? Табе самому з гэтага хоць качан капусты перападзе?..”

Не! — іх камбікормам не кармі, калі нешта сапраўднае сканчаецца. Ім здаецца тады, нібы гэта ўжо яны на спусцелым месцы сапраўднымі выглядаць пачынаюць, рожкі паказваюць — жмурыкі, чмо балотнае.

Час ад часу я

сустракаюся з песняроўскай легендай, з Мулям, і мы пытаемся адзін у аднаго, як хто жывы, ну і пра розныя дробязі. Пра большае пытацца неяк няма пра што, ён і старэйшы за мяне, і... Лабаць мяне ў “Песняры” Муля некалі не ўзяў — і правільна зрабіў. Я лабух, а ён Муля, — на што тут крыўдаваць?..

Вось гэта трохі рознае: лабух — і Муля. Разумееце?.. Тут, як сам Муля кажа, нюансы... А пра тое, што ўжо не трохі, а зусім рознае, Муля кажа: лабухня. Не лабухі, а лабухня — адчуваеце?..

Я з ім не раўняўся і не раўняюся. Падобнае ў нас хіба толькі тое, што мы паралельна разводзіліся... Як з Лідзіяй Паўлаўнай я паралельна разменьваўся... Ну, з Мулям не так паралельна, ён раней пачаў... Але нават гэта выходзіла ў нас па-рознаму: у яго — глабальна. Ён сыходзіў з чарговага сямейнага жыцця, як Талстой з Яснай Паляны. Куды і да чаго прыйшоў — гэта ягонае... Кожная хатка — свая апратка. І ўсё ж я мудрэйшым за Мулю сябе пачуваю, трэцім разам не ажаніўшыся...

Некалі Мулю помнік стаяць будзе, а пакуль што ў Мулі хрэн на блюдзе. Росцік для яго праект прыдумаў, з якога на ўсё жыццё і на помнік хапіла б — Муля адмовіўся. Праект быў на Расію, таму перад мафіяй маскоўскай прагнуцца трэба было: ледзь-ледзь, ні для каго незаўважна — але дзе там... У Мулі ў Маскве і свае былі, яшчэ б іх не было, Росцік з імі ўсё і замуціў, ды ў Мулю — як лом нехта ўвагнаў і вынуць забыўся. Ён не казаў: імя, гонар, але ўсё яно сказалася, калі Муля кінуў: “Лабухня”.

Росцік пакрыўдзіўся: “Неперабудаваны лабух — клініка”.

А Гарбачоў пад той час даўно перабудову прыдумаў і пагарэў праз яе. Народ савецкі, перш за ўсё рускі, перабудоўвацца не рушыў. Азірнуўся навокал: всё, блядь, то же, а водка, блядь, дороже. Гарбачоў, пагарэўшы, здзіўляўся: як яно так выйшла?.. З паскарэннем, сацыялізмам з чалавечым, як у членаў палітбюро, тварам — і з усім астатнім. Генсек КПСС і не падазраваў, што прыдумаў перабудову для лабухаў, ні для каго больш. Адны лабухі і перабудаваліся. Так што Муля і з гэтага боку — не надта лабух, і Росцік дарма на яго, як на лабуха нармальнага, разлічваў...

Да перабудовы, каб лабух зарабіў нешта пры сваёй стаўцы каля чырвонца за канцэрт — на дзве пляшкі гарэлкі з плаўненым сырком і ліверкай — трэба было пракручваць па два, па тры і чатыры канцэрты ў дзень, што называлася “чосам”. “Чос” строга забараняўся, лічыўся халтурай, купляючы білеты на якую, савецкія грамадзяне нібыта не дабіралі ў якасці музычнага мастацтва. Грамадзяне, магчыма, і не дабіралі, а лабухі дык здорава перабіралі, “чэшачы” ў сібірах і на далёкіх усходах, здаралася, і па пяць штодзённых канцэртаў, першы пачынаючы ў адзінаццаць раніцы і апошні — а поўначы. І ўсё гэта жыўцом, знемагаючым горлам, знясіленымі лёгкімі і знямелымі пальцамі! Лабухі ўсе да аднаго сканалі б, калі б з перабудовай не перабудаваліся. У змаганні за тое, каб якасць музычнага мастацтва заўсёды і для ўсіх савецкіх грамадзян была аднолькавай, яны пачалі “часаць” пад запіс, пад “фанеру”. Закруціўся на пульце гукарэжысёра магнітафон, заспявала і зайграла нястомнае жалеза, а вакалісты адно разяўлялі раты, і лабухі толькі выгляд рабілі, быццам лабаюць. Пра гэта ведалі і тыя, хто на паперы ў суровых загадах “чос”, тым больш “фанерны”, нібыта забараняў, а на справе дазваляў і нават пашыраў, бо меў з яго сваё, і ведалі тыя, хто плаціў за гэта — купляў і купляў білеты. Апошнія па даўняй савецкай звычцы абсалютна не зважалі на такую драбязу, як якасць таго, за што яны плацяць. Савецкія грамадзяне, былыя і цяперашнія, хоць яны ўжо нібыта не савецкія — гэта найлепшыя ў свеце купляльшчыкі любой хрэнацені.

Поделиться с друзьями: