Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лабух

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

Мамка ўзрадвалася так, што не адразу ачомалася. Яна і ў маладосці была ўражлівай: канчаючы, амаль заўсёды плакала... Млява, безнадзейна...

Пакуль я вагаўся, пазнаваць мне яе пры Зіначцы, ці не, Стэфа, ачуняўшы, без ніякіх ваганняў сама мяне пазнала.

— Жартачкі ў цябе, Раман... Зіна расказвала, як ты ў бальніцы ляжаў... — І яна рассмяялася. Як і раней, калі, адплакаўшы, пачынала смяяцца. Пералівіста-віхляста...

Крабіч сцвярджаў, што ў Стэфы шаленства маткі, бо канчала яна ненасытна. Плакала і смяялася, плакала і смяялася.

Пра смешнае расказвала?..

— Пра відэлец! — з асалодай сказала Стэфа, і Зіначка ўспыхнула:

— Мамка!

Добра, што не пра шпрыц...

— А ты, значыць, Алік?.. — не звярнула ніякай увагі на рэакцыю дачкі Стэфа і пагладзіла па шчацэ Аліка, які стаяў, так учапіўшыся ў сваю сумку, нібы трымаўся за яе. — Бедненькі... Ты ў нас жыць будзеш?.. З лялькай?..

Толькі зараз я заўважыў, што Стэфа п’янаватая.

— Зіну бацька павіншаваць заходзіў... — сама сябе заўважыла ў тым, што падпіла, Стэфа, садзячы нас за стол, за якім трое ўжо, як відаць было, пасядзелі. — Выпіў і пайшоў.

Зіначка падціснула губкі і хуценька прыбрала са стала.

Кватэра была маленькая. Раскладны стол з шасцю крэсламі, пастаўлены пасярэдзіне, займаў амаль увесь пакой. Астатняе займалі тэлевізар, дыван і шафа. Злева ад шафы — дзверы ў яшчэ адзін пакойчык. Пенальчык — я такія кватэры ведаў. І дзе тут яны збіраліся Аліка з лялькай сяліць?..

Ляльку Зіначка, не знайшоўшы ёй іншага месца, пасадзіла з намі — на крэсла насупраць сябе. Цікавая выйшла кампанія.

— А хлеб вы ўзялі?.. — спытала Стэфа, калі Алік дастаў з сумкі каньяк з шампанскім і цукеркі — джэнтэльменскі набор, які прыкупіў я да лялькі. — Бацька ўвесь хлеб з’еў, я галодная...

— Давай збегаем, Алік, — неяк надта хутка падняла Зіначка Аліка — і Стэфа зноў сказала, як толькі яны выйшлі:

— Я галодная.

— Поўны стол яды, Стэфа...

— Трахні мяне, Раман... Мяне ніхто не трахае, я такая страшная стала?..

Што ж, так, дык так...

— Ты не страшная... Калі хочаш, трахну.

Стэфа вылузналася з сукенкі, скінула трусікі і станік, якому не было чаго трымаць. Дзве зморшчаныя дзічкі...

— Калі гэта я не хацела?..

— Не паспеем...

— Магазін далёка...

Раскінуўшыся, Стэфа ўжо ляжала на дыване — сіняватая, як магазінная курыца савецкіх часоў.

— Ты забыўся, я хуткая...

Яна была не хударлявая, худая — з адных касцей. Ад лабка ўверх па ўпалым жываце цягнуўся шнар...

— Кесаравым Зіну даставалі... Таз у мяне вузкі і піздзюлька, як у мышкі. Помніш?..

Для мяне няма непрыгожых жанчын, але раманчык мой не падымаўся. Не варушыўся нават. Я сядзеў каля Стэфы, гладзіў шнар на яе жываце і глядзеў на ляльку...

Я не магу бачыць шнары на жаночых жыватах.

— Давай...

— Не падымаецца...

— Памінеціць?.. — падхапілася Стэфа і ўгрызлася ў раманчыка... Яна ніколі не ўмела мінеціць, Крабіч называў яе шчупачыхай.

— Ды што ж гэта!.. — выплюнала мяне Стэфа і закачалася, скручваючы ногі, са спіны на жывот, з жывата на спіну. — Тады пальцам, хоць пальцам... —

злавіла яна маю руку і кончыла, як толькі я дакрануўся да клітара — гэта ў ёй засталося. Мне пырснула ў далонь — так яна кончыла і тут жа заплакала:

— Раман, блядзь я якая... Ты Зіну хочаш?.. Не чапай яе, яна цэлка... І пра мяне нічога не ведае...

— А што пра цябе ведаць?.. — выцер я руку аб густа, жорстка парослы лабок, успомніўшы валасатую кабылу “прафесаршу” — і раптам захацеў Стэфу, недашчыпаную курыцу... Яна тут жа гэта адчула і абедзьвюма рукамі ўхапіла раманчыка, які ледзьве праламіўся ў яе — такая яна сапраўды была маленькая...

Некалі, першы раз праламіўшыся ў яе, я падумаў, што яна цэлка — і здзіўляўся, не знайшоўшы крыві на прасціне. Таму самаму здзіўляўся Крабіч...

— Што я такая... што я такая... што я такая... — канчала і канчала, плакала і смяялася Стэфа, і мы ці не пачулі званка, ці Зіначка з Алікам і не званілі... На стале ляжаў хлеб — і ляснулі дзверы.

— Хрэн ты цяпер Зіну трахнеш, ляльку сваю трахай, — рассмяялася Стэфа, якая ведала, колькі часу трэба, каб схадзіць у магазін — не такі, аказалася, далёкі. — Дачка ў мяне з гонарам, не тое, што я... Ведаеш, чыя яна?

Заставалася пачуць, што мая...

— Чыя?

— Крабічава!

— У Крабіча дзіця памерла...

Стэфа, блядзь такая, лежачы пада мной, перахрысцілася.

— У брата памерла. Якраз у той час. А ён прыдумаў, што ў яго. Я так і не зразумела: для чаго? Я ж не навязвалася... Яны ўдвух з братам сёння і прыходзілі...

Лялька сядзела за сталом і, мне здалося, лыпала вачыма.

XV.

З пошты пазванілі:

— Вам тэлеграма. Даставіць ці прачытаць?

Я і забыўся, што ёсць такая сувязь — тэлеграф. Гэта з рэвалюцыі нешта: тэлеграф, конніца, бронецягнікі. Павінна было б скончыцца.

Дастаўце.

— Дык яна кароткая. Яна...

З пошты замаўчалі. Я ледзь не сказаў: кароткую лягчэй несці.

— Добра, чытайце.

— Я прачытала.

– - І што там?

— Тое, што напісана.

З пошты зноў замаўчалі, адклаўшы трубку — чуліся толькі шып і трэск. Я ўспомніў пра чарнавыя тэлеграмы, якія хоць парві, каб не чытаць — і пачаў палохацца.

— Алё...

— Алё... Дык можна не дастаўляць?

— Скажыце, што там напісана...

— Я сказала. Больш няма нічога. Подпіс Зоя.

Да мяне нарэшце дайшло. Ну і пошта...

— Адкуль тэлеграма?

— Серпухаў Маскоўскай вобласці. Яна клічнік Зоя кропка. Можна не дастаўляць?

Завялася, як кружэлка... Дастаўляць, не дастаўляць...

— Можна... Што ж вы клічнік і кропку не прачыталі?

— Бо знакі, а не словы... Тэлеграму заўтра ў паштовую скрыню кінем.

Сёння, значыць, маглі б даставіць, а заўтра ўжо кінуць... Істотная розніца паміж сёння і заўтра.

Як паміж клічнікам і кропкай.

Яна клічнік Зоя кропка. У Серпухаве тэлефонаў няма?..

Поделиться с друзьями: