Лабух
Шрифт:
Я бываў у Серпухаве, гэта недалёка ад Масквы, там ёсць тэлефоны. За савецкім часам увесь Серпухаў быў завалены тэлефонамі, не маглі ж іх зліквідаваць з надыходам дэмакратыі. Тады чаму тэлеграма?.. І такая?..
Яна перад клічнікам — Лідзія Паўлаўна. І, калі пасля Лідзіі Паўлаўны клічнік, значыць, гэта яна! Яна, Лідзія Паўлаўна, забіла, значыць, Ігара Львовіча. У чым і прызналася Зоі, якая яе западозрыла. Пра што і сказала мне яшчэ перад ад’ездам — вось тут, на гэтым месцы: “Яна і забіла...” Маці, значыць, забіла сына і цяпер прызналася ў тым малазнаёмай жанчыне, якую пакінула ў кватэры даглядаць сабаку...
Дурдом. Пошта. Яна клічнік
І ўсё ж Дартаньян выскачыў аднекуль, калі я выязджаў з фікусам?.. І аднаго яго Лідзія Паўлаўна не пакінула б, Дартаньян — не фікус. Тады выходзіць, што ні ў якую жылкантору яна не пайшла, хавалася недзе ў двары, прычапіўшы запіску да фікуса. “Свае праблемы я вырашу сама...” Ці пайшла і вярнулася?.. Тут нават пагроза нейкая: вырашу сама... Не жылканторская пагроза... Хоць што я, дальбог? — як з усімі ў дурдоме... Не магла, канечне, забіць, якія б запіскі сама ні пісала і якія б тэлеграмы Зоя ні дасылала, але павінна была некага бачыць... Хто ўваходзіў, выходзіў, супраць каго яна ці баіцца так, што ў пабег кінулася, ці не хоча, не можа сведчыць. І дурыць Зою, беручы ўсё на сябе, калі ўжо Зоі гэтак хочацца...
Мусіць, Зою распірала ў нецярпенні давесці мне сваю правату, па якую і паехала ў Маскву, і яна, вынаходлівая, пабегла на тэлеграф, па тэлефоне мяне не знайшоўшы. Не туды званіла. Ёй трэба было Максіму Аркадзьевічу, былому мужу званіць. Нельга пра блізкіх, хоць і былых, гэтак хутка забываць, Зоя...
Ад Стэфы я паехаў да Крабіча, той спаў п’яны, хата наросхрыст, я расштурхаў яго: “Што ж ты пра дачку сваю прыдумаў?..” Ён паглядзеў свінцова: “Што хацеў, тое прыдумаў...” — і зноў мёртва заснуў. Парыўшыся ў шафе і на кніжных паліцах, я знайшоў сямейны фотаальбом, у якім былі і дзяды, і бацькі, і брат Крабіча, і братавая з дзецьмі, двума сынамі, але ніводнага фотаздымка Зіначкі, ніводнага... Як насампраўдзе яна для Крабіча памерла.
Але нашто яна памерла?.. Каб не жыць са Стэфай, з сям’ёй, можна і не хаваць жывую дачку. Няхай Крабіч які-заўгодна прыдурак, але ж не вар’ят.
Ён і не сказаў мне сам, што дзіця пахаваў, мы тады амаль не бачыліся — спачатку без прычын, я ўсё недзе на гастролях быў, а пасля з-за Марты, якая яго не трывала. Ён убачыў яе цяжарнай — і ёй сказаў. Нібы ў апраўданне, што п’е і шалее: дзіця страціў. Быццам да таго не піў і не шалеў... Знайшоў, калі і каму сказаць... Марта хоць і немка, але цяжарная — і да мяне ў слязах, да істэрыкі блізкая: “Якія ж вы сябры?!.” Я не паверыў: столькі часу, тры гады маўчаць пра такое, калі нават сябры мы абы-якія... А Крабіч, калі я запознена паспачуваў яму, адвярнуўся. І прагаварыў не мне, а некаму і некуды: “Нічога. Паэту, каб мець, трэба страчваць. І быць адзінокім у страце”.
Ён і раней мне не раз даводзіў: вялікі паэт — гэта вялікія страты. Дык што: выкапаў сам у сабе магілу і пахаваў дачку, каб мець вялікую страту?..
Божа, мы нічога адзін пра аднаго не ведаем! Ніхто, ні пра каго. А Бог ведае пра нас?..
У мяне лёгкія адносіны з Богам. Ён недзе там, а я тут сам. І тут, дзе быў я сам, дзе прыкрыў Крабіча коўдрай і паставіў слоік вады да канапы, раптам мне здалося, што мы глыбінна падобныя. Не з Богам, а з Крабічам. Бо я прыдумаў сабе, быццам страціў Лі-Лі, як Крабіч выдумаў, нібы страціў дзіця.
Толькі для чаго я гэта прыдумаў?.. Не жадаючы страт ні малых, ні вялікіх, а прагнучы, каб усё маё было са мной?..
Мне здавалася, што сканаю, калі не разбяруся ў гэтай кітайскай філасофіі, і я кінуўся ў дом, дзе адзіноціўся
філосаф, які сам сабе прыдумаў, нібы ўжо згубіў, ці яшчэ губляе дачку. І мы ўсю ноч прасядзелі на кухні, выпівалі і слухалі, час ад часу ўключаючы магнітафон, як спявае Лі-Лі.— Вы дарма прыехалі да мяне, Раман. Больш я гэтага не хачу, — першае, што сказаў Максім Аркадзьевіч.
Я ператрываў. Мне без яго было не абыйсціся — з кім яшчэ разбірацца?..
Лі-Лі спявала то адна, то з Полем — і Максім не выў. Як ні спяшаўся я да Максіма Аркадзьевіча, але заскочыў выгуляць Дартаньяна, які заўпіраўся вяртацца з двара ў пустую кватэру — і я ўзяў яго з сабой. Каб не адзіноціўся і не думаў, нібы ўсіх згубіў, ці яго ўсе згубілі. Перад дзвярыма, пазваніўшы і ўчуўшы рык Максіма, я падняў Дартаньяна на рукі: падумаў апасліва, што дог парве таксу, як тузік шапку. А яны абнюхаліся і пачалі вылізвацца. Улавіўшы, мусібыць, адзін на адным знаёмые пахі знаёмых жанчын... Ці хто іх ведае, чаму... І Максіма Аркадзьевіча не здзівіла тое, што я, баючыся сабак, з’явіўся з сабакам. Асцерагаючыся дога, прыехаў з таксай. Кітайская філасофія не вучыць здзіўляцца.
— Калі так, больш не прыеду...
— Дзе вы Зою падзелі?
Усе пра нешта дапытваюцца і дапытваюцца... Дзе тое схаваў, дзе тую падзеў?..
Мяне б пашукалі.
— Яна ў Маскве.
— Для вас?
— Для мяне.
— Дык мы памяняліся?
— Не, наадварот...
— Як наадварот?
— Давайце зноў памяняемся. Дзе Лі-Лі?..
Я не на ўсё, па што да Максіма Аркадзьевіча ехаў, паспеў. На большую палову спазніўся. З-за Дартаньяна. Каб не заехаў выгуляць — паспеў бы.
На большую палову заўсёды спазняешся праз некага. У каго найчасцей і клопату ўсяго да цябе — нагу задраць...
Лі-Лі забягала за гадзіну перада мной. Няўлоўная, як страчаная... Пакінула запрашэнні на шоу. Фірмовыя запрашэнні: у канвертах, на глянцавай паперы... І скуль яна грошы ўзяла, такая хуткая?
Калі я шукаў Лі-Лі ў тэатры моды, дырэктарка сказала, што прэм’ера шоу будзе ў іх, але зараз сцэна ўвесь час занятая — і для рэпітыцый далі Лі-Лі нейкую асобную пляцоўку. Недзе ў самым цэнтры. Я спытаў: “Хто даў?..” — і дырэктарка бровы ўскінула: “А то вы, Раман Канстанцінавіч, не ведаеце...”
— У рэальнасці круціцца, — ткнуў пальцам уверх Максім Аркадзьевіч. — А вы ўяўляеце яе, як сон... І правільна.
— Чаму, як сон?.. І чаму правільна?..
— Бо алмаз, які ў сне бачыш, і сам нікому, каб і хацеў, не аддасі — і ніхто ў цябе забраць яго не можа.
Я ўспомніў Атоса, які ў косці гуляў на алмаз д’Артаньяна. Толькі ўбачыў, што ў д’Артаньяна ёсць алмаз — і стаў на яго, без ведама гаспадара, гуляць. З англічанінам, які таксама той алмаз толькі бачыў у д’Артаньяна. І калі назаўтра, дазнаўшыся, як алмаз ягоны пераходзіў з рук у рукі ад Атоса да англічаніна, д’Артаньян самлеў: “Атос, клянуся, вы звар’яцелі!..” — мушкецёр заўважыў: “Вам, д’Артаньян, трэба было сказаць мне пра гэта ўчора...”
Максіму Аркадзьевічу пра сны алмазныя трэба было б расказаць мне да таго, як я ўбачыў Лі-Лі... І падумаў, што паставіць магу на алмаз, яго толькі ўбачыўшы... У гульні, як кажа Крабіч, жаданняў.
Я спытаў:
— А як жа страсці?.. Жаданні?..
— А што жаданні?.. Мы хочам не старэць — і старэем, не хочам паміраць — і паміраем. Жыццё ідзе насуперак нашым жаданням.
Кітайская філасофія не вучыць жадаць.
— А чаму мы самі ідзем насуперак жаданням?
— Бо жаданні — жыццё без нас.