Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лабух

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

Вось і ўсплыла паперчына са дна кардонкі з лекамі...

І ўсё з яе высыпалася, раскацілася... з мяне ўсе пытанні выпалі... не ведаў, пра што далей пытацца — мусіць, трэба пра гэтую зброю...

— А гэтая зброя сейсмічная... яна што такое?

— Як сказаць, каб расказаць... — На твар Фелікса выплыла намаганне, такое ж, якое выплывала на твар Максіма Аркадзьевіча, калі ён пра дао мне расталкаваць намагаўся, але хіба я вінаваты, што вы такія вучоныя, а я лабух... — Яна ўмоўна так называецца. Можна рэзананснай назваць. Прыклад рэзанансу са школы помніш? Як салдаты па мосце маршыруюць — і мост абрушваецца? Бо частата біення марша выпадкова супадае і накладваецца на частату хістанняў

маста. Тут прыблізна тое самае, толькі не выпадковае... Параматычны рэзананс... Тое, што можа, скажам, Англію, як мост, на дно Атлантыкі абрушыць. Ці ўздыбіць дно акіяна — і змыць той жа мост, хваляй накрыць тую ж Англію... І яно гадамі ў сейфе пылілася нікому не патрэбнае! Краіна распадалася, не да таго ўсім было — у тым ліку і канторскім. Але гэтыя першымі пачалі ачомвацца, службу спраўляць... Перахапілі маё пісьмо і зацікавіліся: што ж там яшчэ? І сейф ачысцілі. Разабраліся — а далей што рабіць?.. Калі ні тэхналогій ніякіх, ні сродкаў на іх. Тут Савецкі Саюз ці пацягнуў бы, якая там Беларусь... Яны і вырашылі прадаць тым, у каго і сродкі, і тэхналогіі. Хто ўцяміць адразу, колькі яно каштуе.

— Табе?

Фелікс хмыкнуў.

— Мне... Мне тое, што я ў Рутнянскага папрасіў. Прычым, за так, як прэзент за астатняе... Калі я кваліфікавана звяду іх з пакупнікамі.

Пра Фелікса ў газетах, калі ён з’ехаў, як пра здрадніка пісалі... Якога дзяржава карміла, вучыла, а ён... І адчуваючы сябе ўсё болей няўтульна, я не прыдумаў нічога іншага, як сказаць:

— Гэта ж дзяржаўная здрада...

— Вер не вер, я тое самае ім сказаў. Тады адзін з іх, маладзейшы, нібы здзівіўся: маўляў, вам якая розніца?.. — а старэйшы спытаў, я слова ў слова запомніў: “Як вы лічыце, ці можа мець месца дзяржаўная здрада ў дзеяннях па даручэнні дзяржавы? Якой трэба адольваць эканамічны крызіс, у якой столькі праблем — ды яшчэ Чарнобыль? Вы ж ад Чарнобыля, ведаючы праблему, і з’ехалі?..” Чарнобыль ён мне ўжо як костку падкінуў. З намёкам, што яны да мяне без прэтэнзій, бо я не нейкі там палітычны эмігрант.

З дому выскачыў хлопчык год сямі, закрычаў у вокны: “Сервер, гад ты такі! Вайна!..” “Я табе дам вайну, ідзі работу дарабляй!” — пачуўся з дзвярэй жаночы голас... але не голас Лі-Лі, ды й не стане ж яе татарын, як наложніцу, трымаць... і следам за тым хлопчыкам, які вайну аб’явіў, выбег старэйшы хлапчук, год дзесяці, згроб меншага і заштурхаў зноў дамоў: “Вайна, куля ў цябе з гаўна!..”

Пяцёра — і ўсе розныя. Дружба народаў.

— Мне б дзяцей... — нечакана і неяк па-жаночаму ўздыхнуў Фелікс. — Ці хоць пляменніка якога. Твае як растуць?..

Фелікс апраменіўся ў Чарнобылі. Так што сапраўды ведаў праблему. Але пра яе тады, у эпоху галоснасці, трэба было ці маніць, ці маўчаць. Усе чакалі, што праўду скажа начальнік галоснасці Гарбачоў. Я таксама чакаў, нават заклаўся з Феліксам на скрыню каньяка, што скажа... Гарбачоў не сказаў, каньяк я прайграў, ды выйшла, што Фелікс, які не піў, нічога не выйграў. Ні маўчаць, ні маніць ён не мог. Праз тое і з’ехаў. Каб раптам прыехаць — і калі да сустрэчы з ім зразумелай была прычына (з настаўнікам развітацца, як Лі-Лі сказала), дык цяпер я ўцяміць не мог: чаму?

– - Ты чаго прыехаў, Фелікс?

— З настаўнікам развітацца. Ты б не прыехаў?

— Я б не паехаў.

— Праўда?

— Праўда. У нас з бацькамі не ўсе развітваюцца.

— Пра каго ты?

— Ні пра каго канкрэтна. Пра нас і пра час.

— А... Паедзеш, калі даслухаеш.

Ён зноў паглядзеў, чакаючы... Я без паўзаў пачаў дагаворваць сваё — Фелікс слухаў і ківаў... Яго нібы нічога не здзіўляла. Спытаў, маючы на ўвазе Панка з Шыгуцкім:

— Ты як ад іх адкруцішся, калі я выберуся?

— А калі не

выберышся?..

Фелікс згадзіўся:

— Праўда што... — І падняўся. — Пачакай.

Пакуль ён хадзіў на мансарду, я паспрабаваў знайсці фікус Лідзіі Паўлаўны. Загадаў: калі пазнаю яго сярод іншых, дык і тэлеграма Зоі, і тое, што мне самому пра Лідзію Паўлаўну ў галаву ўзбрыло — лухта. Ва ўсёй гэтай гісторыі яна зусім не пры чым — і толькі па п’янай дурноце Ігар Львовіч бегаў за ёй з сякерай.

За мной водзіцца такі бзік: абы што на нешта загадваць... Мужчыну ці жанчыну за вуглом сустрэну?.. Цот ці лішка дрэў у скверы?.. Калі жанчыну, калі лішка, тады...

Яны ўсе былі падобныя — фікус на фікус. Большы, меншы, радзейшы, гусцейшы?.. — я не пазнаваў. Зрокавая памяць мая наогул ніякая, запамінаю слыхам. Таму для мяне не існуе жывапісу. Я не чую карціну — і ў самых знакамітых музеях губляюся, не дапінаючы, чаго тоўпіцца народ перад намаляванаю нематой?..

Жывапіс — немата, музыка — пустата... Што ш тады не нямое і не пустое?..

Мне абавязкова трэба было, каб загаданае спраўдзілася, і, не пазнаючы фікус на выгляд, я папоўз на карачках, вынюхваючы, з якой кадкі пахне Дартаньянам — ад сабак доўга пахне... Нічога не ўнюхаўшы, падняў галаву: у дзвярах дома, пакручваючы “аэрадром” на патыліцы, стаяў Амед і глядзеў на мяне з уважлівай цікаўнасцю.

— Вы прапаўзлі, трэці за вамі, я зямлю яму памяняў, — сказаў Амед, праходзячы да флігеля. — Гэй, дармаеды, хто мангал будзе распальваць?..

Фікусалюб з асіметрычным, выскачыўшы з флігеля, мной не зацікавіліся: для іх чалавек на карачках — з’ява звычайная. Згаладаным подбегам кінуліся яны за дом да мангалу — следам за Амедам.

Я пазнаў фікус — трэці ад мяне, самы худы з усіх. Але пазнаў, калі Амед падказаў, так што загаданае падвісала...

Зачарпнуўшы вады з басейна, я вымыў рукі... Ненармальны кожны з нас, калі ўдумацца з уважлівай цікаўнасцю. Няма зусім нармальных. І дзве мае жонкі ненармальныя, і дзеці, і Лі-Лі, і Зоя, і Лідзія Паўлаўна, і Фелікс, які спусціўся з мансарды:

— Купацца будзеш, дык распраніся.

Ага. Зараз у адзежы нырну.

У некага з вучоных, ці не ў Энштэйна, былі ў доме кот і сабака. Энштэйн для іх у дзвярах, каб самі на вуліцу гуляць бегалі, дзве дзіркі прарэзаў. Адну, большую, для сабакі — і другую, меншую, для ката.

А замарочыў свет тэорыяй адносці... Адносна — нармальны, адносна — не.

Фелікс мяне ўжо ледзь не раздражняў — так непакоіў. З ім праблема ставала большай, чым была. Калі без яго наогул была б праблема...

— Ты ў Амерыцы сваёй жывёлін трымаеш?

— Якіх жывёлін?

— Ну ката, сабаку...

— Рыбак акварыумных. А што?..

— Ды нічога. Нечакана, што рыбак...

Пытацца пра тое, як ён не сабаку з катом, а рыбак акварыумных выгульвае, не выпадала. Я прайшоў у альтанку, Фелікс падаў мне ўчацвёра складзеныя паперыны.

— Тут напісана ўсё... І копіі двух дакументаў — не буду казаць, адкуль. Разам з аналітычнай запіскай Рутнянскага — гэта матэрыял.

— З запіскі — толькі апошняя старонка.

— Дастаткова. Скандал такі, што пабаяцца, адчэпяцца.

Я ўзяў паперы, разгарнуў. “Беларусь спрабуе прадаць апошнія савецкія распрацоўкі зброі масавага знішчэння...”

Фелікс даваў мне зброю для абароны. Маёй і ягонай, калі раптам не выберацца.

— Не надта спадзявайся, што нехта надрукуе. Дзе вялікія грошы, там хуткія трупы. У такое не лезуць.

— Яны самой магчымасці скандалу пабаяцца. На Беларусі і так нелегальны гандаль зброяй вісіць. А тут не гранаты, не танкі з самалётамі. Адвязаныя ў вас хлопцы ва ўладзе... Нібы не разумеюць, што за гэта з імі разбяруцца хутчэй, чым з тэрарыстамі.

Поделиться с друзьями: