Легенда аб бедным д'ябле і адвакатах Сатаны
Шрифт:
— Трэба паказаць, — Рогач любуецца пярсцёнкамі.
– Іначай яны адбяруць у нас усё. Але з вайною трэба пачакаць. У нас ані рэсурсаў, ані камандзіраў.
— Тады — за справу, — кажа П'янда, — галоўнакамандуючыя — гаспадар Падкова і Рогач.
— Чаму я? — ажывіўся Рогач.
— А калі аб гэтым папрашу цябе я? — усміхаецца яму Агата.
Рогач глядзіць на яе. На секунду ён бачыць на яе вуснах другую ўсмешку, чуе шум і ўдары сякеры. І адказвае на яе лісліва-абыякавы поціск. Усмешка знікла з вуснаў Агаты.
— Устань, магнат Андронік Рагінскі… Пасвячаю цябе ў рыцары.
Рогач
Усмешка на вуснах П'янды.
Уначы Іван і Андронік праводзяць каралеву праз замкавы двор. Цемра. Толькі ў адным акне турэмнай вежы мільгае за кратамі агеньчык.
Агата азірнулася на будынак Рады раззбраення.
— Не супакоюся, пакуль не разнясу іх у пыл… Скора.
Андронік пазбягае яе вачэй. І тады яна набліжае да яго аблічча.
— Недзе сказана, — з вонкавай абыякавасцю кажа яна. — І я дам яму шчасце, якога не было на зямлі, а ён дасць мне за гэта бяссмерце.
Грудзі Рогача пашырыліся ў перарывістым уздыху.
…Развітаўшыся, ён адзін стаіць ля турэмнай вежы. І раптам у цішыні загучала простая, дурненькая песенька. З асветленага акна:
— Бегма, ратуемся, ружа, Вясна мая, радасць мая! - Вішню мне шкода, ясень мне шкода. Бяжы, застануся я.Рогач зморшчыў на хвіліну лоб. Але нічога не ўспомніў. Роўна нічога.
Пасяджэнне Рады па раззбраенню. Выступае П’янда.
— Зрабіўшы роўнымі сілы, мы давеку будзем у міры. Клянёмся.
— Так, — падхапіў дэйновец, — і леў ляжа поруч з агнцам.
Твары ва ўсіх урачыстыя. І раптам страшэнны выбух скалануў палац.
— Гэта вы! — крычыць П’янда.
Ён кідаецца да акон, што выходзяць на дэйноўскі бок будынка, адшморгвае штору…
…Крыла як не было. Струмені дыму цякуць з каменных нагрувашчванняў.
— Хавалі порах, — кажа П’янда. — Вось, палюбуйцеся.
Дэйноўскі дэлегат адшморгвае штору на акне з другога боку.
— Не, гэта вы палюбуйцеся.
Другое крыло таксама цалкавітая руіна, якая дыміцца.
Апачывальня каралевы. У ёй Агата, Рогач, П’янда і Іван.
— А я яшчэ сумняваўся, — кажа Рогач. — Я больш не веру ім. Калі яны так, дык я іх стакротна горш.
— Брава, — кажа П’янда. — Дзе возьмеш салдат?
— Я думаю, сялян пакуль браць не трэба. Няхай аруць. Салдат знойдзем.
— Як? — пытае Агата.
— Для такой вайны патрэбны мярзотнікі, — кажа П’янда.
— Мярзотнікаў, ды не знайсці, — кажа Рогач. — Шукайце ў цэрквах, сярод тых, хто моліцца. Хто шырэй за ўсіх хрысціцца, той, напэўна, і ёсць мярзотнік.
Каралева падсоўвае П’яндзе запіску.
— Не пярэч, а сялян усё ж вазьмі.
П’янда хітнуў галавой.
— Шукайце іх сярод заняпалых паноў, — кажа
Рогач, — сярод хлуслівых паэтаў, сярод бяздарных багамазаў. Шукайце.І вось вярбоўшчыкі ідуць па горадзе.
— Набор! Набор! За храбрасць — звонкае золата!
Выцягваюць з царквы на плошчу дзесяткі два мужчын.
— Перахрысціся! Годзен!
— Перахрысціся! Годзен!
– І гэты годзен. Бач, рот накшталт курынай дупкі.
— А ты куды?
— Годзен! Годзен!
На той самай плошчы паэт чытае са світка:
Слава це, каралева. Слава, шматмудрая! Слава, для шчасця падданых народжаная!— Годзен! — кідае вярбоўшчык.
На плошчы расстаўлены халсты і іконныя дошкі. Два вярбоўшчыкі і мастак спыняюцца ля карціны. На ёй — спляценне спіраляў і сетка, што нагадвае арматуру высотнага будынка. Там-сям — алыя і сінія плямы.
— Гэта недабудаваная царква ў Амбуазе. Праект Карбюзье, — кажа першы.
— Дурань. Гэта самагонны апарат, — кажа другі.
— Не можа быць, — здзіўляецца першы.
— А між тым гэта так. Годзен!
У шынку на плошчы, пад адкрытым небам, абедаюць людзі. Вярбоўшчыкі разглядаюць здалёк чалавека паскуднага выгляду. Чалавек яўна ведаў лепшыя часы.
— Глядзі, трымае нож у правай руцэ. Есць левай. Гэта аб нечым кажа.
— А можа, ён проста старызнік і ляўшун.
— Усё адно. Годзен!
І вось цэлы ланцуг завербаваных, ледзь прыкрыўшы сорам, рухаецца паўз прыёмную камісію, што сядзіць ва ўнутраным двары замка.
Морды такія, што ясна без слоў: рабаўніку пасля іх стагоддзя паўтара няма чаго будзе рабіць на дэйноўскай зямлі.
У камісіі Іван, П'янда, яшчэ некалькі чалавек і гаспадыня Аглая з Камянца.
— Цвет нацыі, - захапляецца П'янда, паглядаючы на рэкрутаў.
Іван ставіць вугалем на грудзі ў некаторых крыжы.
— Хрысталюбівае воінства, — замілаваўся П'янда.
Чутны словы:
— Нагнiся. Ай-я-яй! Пакажы пяткi. Добра будзе.
Чалавек з пяць, з адмечаных крыжам, адводзяць убок.
— Хлопцы, — звяртаецца да іх Іван, — вам пашанцавала. Гаспадыня Аглая з Камянца адабрала вас у свае целаахоўнікі.
Гаспадыня салодка ўсмiхаецца.
— Ваяваць вам не давядзецца, на перадавую пойдуць другія. Пенсія вялікая.
— Віват! — крычаць адмечаныя.
Крайні з іх паглядзеў на гаспадыню. Здрыгануўся.
— Ну не.
— Што ты, дурань? — кажа яму сусед.
— Лепей ужо на фронт. На вайне, кажуць, не ўсіх забіваюць.